Рэаліі і твары 1914-га

№ 4 (373) 01.04.2014 - 01.01.2005 г

«Беларусь у Першай сусветнай вайне»
Парадоксы рознага кшталту распачалі фатаграфічную вясну, прычым там, дзе іх зусім не чакалі. Ідзеш на выставу — трапляеш у клуб, у навучальных праектах уражальная сталасць маладых, а майстар года аказваецца меланхолікам.

«Беларусь у Першай сусветнай вайне» магла стаць звычайнай архіўнай экспазіцыяй, дыхтоўнай па вызначэнні — яе паходжанне галоўным чынам з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея не дае падставы сумнявацца ў якасці фатаграфічнай калекцыі. Падчас падрыхтоўкі адкрыцці ішлі адно за адным, і выстава атрымалася не проста якаснай, а першакласнай. Адзначым адразу, што «Беларусь у вайне» і «вайна ў Беларусі», на тэрыторыі Беларусі — акцэнты прынцыпова розныя, але далікатныя, што не кідаюцца ў вочы. І ўся пабудова экспазіцыі таксама была зроблена з яснай логікай, але ў той жа час — з тонкім нюансаваннем і акуратнымі інтанацыямі.

Даследаванні фондаў не аднаго, а некалькіх музеяў дазволілі куратару выставы Аляксею Шынкарэнку знайсці матэрыял пра простых салдат і сялян, пра мястэчкі і хімічную зброю — гэта значыць, пра штодзённасць вайны, у адрозненне ад чаканага пафасу з палітыкамі, Стаўкай Галоўнакамандуючага і г.д. Бачу ў гэтым яшчэ адзін калі не парадокс, то спробу пераключыць гледача са свайго роду міфалогіі на рэальныя падзеі вайны. У пошуках героя гэтай штодзённасці куратар, а за ім і глядач прыходзяць да рэчаў простых і жудасных. Вайна нездарма была названа сусветнай, такі глабальны маштаб паўстаў упершыню: сотні тысяч людзей пакідалі свае хаты, руйнаваліся абшчыны і традыцыйны лад жыцця, перакройвалася карта Еўропы. Многае было ўпершыню: газавыя атакі, магутны рэвалюцыйны рух, баланс перамогі/паразы.

У адрозненне ад іншых выстаў музея, у гэтай экспазіцыі быў выразны падзел на раздзелы: «Мірны час» (1900—1914), «Ваенны час» (1915—1918, раздзел уключае часткі «Знакі вайны», «Бежанства», «Паміж жыццём і смерцю»), «Зямля Ober Ost» (1915—1918) і «Перамір’е» (1918). Падзел быў не толькі сэнсавым, але і дызайнерскім. Лічбавая апрацоўка, дакладна выбраныя фарматы, спалучэнне фатаграфій з паштоўкамі, падбор патрэбнага маштабу і магчымасць скарыстацца лупай — усё, уключаючы інтэрпрэтацыю народных арнаментаў, дапамагло зрабіць выставу асабліва ёмістай, з відавочным патэнцыялам. Нават паўтарэнне відарыса аднаго і таго ж пейзажу ў мірны і ваенны час, нягледзячы на банальнасць прыёму, выклікала пачуццё суперажывання. Пашпарты з фатаграфіямі ў поўны рост і надпісамі на беларускай і нямецкай мовах у лацінскай транскрыпцыі — унікальныя дакументы і выявы; такіх захавалася ўсяго 13 у Лідскім музеі.

Хіба гэта не парадокс: раскрыць глаба льную тэму ў невялікай планшэтнай выставе? З дапамогай такой формы ў нас, як правіла, выконваюць выключна ілюстрацыйныя задачы.

Але ў нашым выпадку ключ да зместу выставы — гэта значыць да асэнсавання беларускай трагедыі вайны — быў фатаграфічным. І гэта акалічнасць, то-бок правільнае візуальнае рашэнне, паслужыла вырашальным фактарам поспеху.

Нельга не згадаць фатографаў, якія зрабілі вялікую частку картак. У асноўным гэта палкоўнік Іосіф Стаброўскі і штабс-капітан Мікалай Гаген, некалькі невядомых аўтараў, нямецкія салдаты. Шчасце, што захаваліся іх альбомы з запісам дат, назваў населеных пунктаў і іншымі тлумачэннямі. Цяжка пераацаніць фотадакументы з подпісамі стагадовай даўнасці: Смаргонь, Бабруйск, Баранавічы, Слуцк, Вілейка, Орша, Дзвінск, вёска Белая Вілейскага павета Віленскай губерні, вёска Бянейкі ў Лідскім раёне (камендатура Дворышча).

У экспазіцыю ўвайшлі і фотадакументы з Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея, Лідскага гісторыка-мастацкага музея, Кобрынскага ваенна-гістарычнага музея імя Суворава, Слонімскага раённага краязнаўчага музея імя Стаброўскага, з калекцый Уладзіміра Багданава і Уладзіміра Ліхадзедава. Варта адзначыць даследчую працу і добра зробленую куратарскую. Тэхнічную рэалізацыю праекта ўзяў на сябе мінскі Цэнтр фатаграфіі, што сталася для Нацыянальнага гістарычнага музея надзвычай карысным, бо экспазіцыйны дызайн ніколі не быў яго моцным бокам.

Засталося выдаць каталог праекта: сёлета, калі адзначаецца 100 гадоў з пачатку вайны, гэта можна будзе зрабіць. 

Любоў ГАЎРЫЛЮК