Зачыняюцца дзверы эпохі

№ 3 (372) 01.03.2014 - 31.03.2014 г

Памяці Гаўрылы Вашчанкі
Сыходзіць вялікая эпоха народных мастакоў Міхаіла Савіцкага, Арлена Кашкурэвіча, Гаўрылы Вашчанкі ды іншых мэтраў, з імёнамі якіх знітаваны «залаты век» мастацтва Беларусі апошняй чвэрці ХХ стагоддзя. З іх адыходам мы перагортваем ці не самую значную старонку ў гісторыі гэтага перыяду. Гаўрыла Харытонавіч Вашчанка з тае плеяды вылучаўся не толькі манументальнасцю свайго мастакоўскага бачання, але і чалавечым лёсам ды каласальным настаўніцкім даробкам.

Ён нарадзіўся ў глыбіні Палесся, на беларуска-ўкраінскім памежжы, пад Брагінам у вёсцы Чыкалавічы. Адтуль паходзіць увесь яго сялянскі род. Глыбока ўкаранёны ў тую зямлю, ён увесь, без рэшты, думкамі і сэрцам застаўся адданым роднаму краю, што даў яму неацэнны дар — уменне рупліва працаваць і цярпліва чакаць плёну сваёй працы. А што можа быць важнейшым для мастака і настаўніка?

Радзімы кут, ягоныя песні, краскі і вобразы для любога мастака — не толькі край дзіцячых гадоў, што праз усё жыццё зберажэцца ва ўспамінах. Але і старана, адкуль бярэцца невычэрпнае натхненне, нявыдуманыя вобразы, фарбы, каларыт, што можна спалучаць у бясконцых камбінацыях. Калі ты нарадзіўся тут, то і мысліць будзеш менавіта па-тутэйшаму, як Гаўрыла Вашчанка — па-паляшуцку, грунтоўна. Хоць за ягонымі плячыма, урэшце, паўстала вялікая жыццёвая і творчая біяграфія.

З апаленага полымем вайны краю ён падаўся ў шырокі бязмежны свет. Спачатку вучыўся на мастака ў недалёкім ад ягоных родных мясцін Кіеве, дзе скончыў вучылішча прыкладных мастацтваў. Затым ягоны лёс пралёг праз старасвецкі Львоў, дзе ён давяршыў сваю адукацыю ў Інстытуце дэкаратыўнага і прыкладнога мастацтва, вельмі прэстыжнай на той час вышэйшай навучальнай установе… Маладосць, праведзеная ў такіх старажытных местах — у золатагаловым Кіеве і сівым Львове, поўных хараства і самавітага духу, не прайшла марна, сфарміраваўшы ў Гаўрылы Вашчанкі разуменне манументальнага маштабу і натхніўшы яго на стварэнне адметнай, яркай, непаўторнай нацыянальнай школы. Менавіта ў гэтых велічных гарадах да яго прыйшло архітэктурнае бачанне, мысленне вялікімі прасторавымі катэгорыямі.

Далей ягоны шлях пралёг на поўдзень, у пешчаную шчодрым сонцам Малдову. У Кішынёве Гаўрыла Вашчанка пяць гадоў выкладаў жывапіс у Рэспубліканскім мастацкім вучылішчы. У яго жывапісе і дэкаратыўнай пластыцы з’явіліся сакавітасць, амаль антычнае бачанне формаў.

Ён вярнуўся на Бацькаўшчыну тонкім філосафам, магутным, імпэтным творцам, таксама — выдатным педагогам. Стаў заснавальнікам кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, куды сам асабіста арганізаваў набор у бясконца далёкім 1961 годзе. Дваццаць гадоў, да 1995-га, працаваў загадчыкам гэтай кафедры. Велізарны ўнёсак Вашчанкі ў стварэнне, развіццё і бліскучае сцвярджэнне беларускай школы манументальна-дэкаратыўнага мастацтва! Надзвычай дасведчаны і эрудзіраваны педагог, ён быў адначасна і паслядоўным удумлівым метадыстам, таленавітым арганізатарам самога навучальнага творчага працэсу.

Безумоўна і тое, што ён пакінуў важкі след у манументальным жывапісе не толькі як педагог. У 1970-х у Чырвоным касцёле размясціўся Дом кіно, для якога Вашчанка зрабіў новыя вітражы, што ўвасаблялі алегорыі пяці мастацтваў, а таксама салідныя медныя жырандолі. Мастак пасля згадваў: «Машэраў, Кісялёў, Кузьмін, іншае высокае начальства. Быў пахмурны і ветраны дзень. Сонца выблісне — вітражы як зайграюць! Захоплены гэтым відовішчам Машэраў і гаворыць сваім паплечнікам з ноткай пакаяння: “Ну, бачыце, што ў каменнай прасторы творыцца, а мы хацелі разбурыць і знесці такую каштоўнасць!”» Выглядае, праца Гаўрылы Вашчанкі не прапала марна, бо вітражы ягоныя і да сёння ўпрыгожваюць святыню. Калі ў 1990-я будынак быў вернуты каталіцкай царкве, пад кіраўніцтвам Гаўрылы Вашчанкі тут аднаўляліся ранейшыя роспісы.

Пано «Асветнікі» ў колішнім Доме настаўніка — найбуйнейшы ўзор энкаўстыкі, спецыфічнай мастацкай тэхналогіі, карані якой узыходзяць яшчэ да старажытнага Егіпта. Гэта канцэптуальная рэч, у якой паўстаюць самыя значныя дзеячы нашай культуры — ад Скарыны да Купалы, — што нясуць скрозь вякі плён сваіх дум і дораць яго нашчадкам. Менавіта — нясуць. Фаліянты, скруткі, кніжачкі... Як вешчуны-каралі, што пабачылі зорку над Бэтлеемам, нясуць дары да ног Дзіцяці. Пасярэдзіне кампазіцыі кола святла — адпаведнік мандорлы, у якім дзве постаці — жанчыны-настаўніцы і хлопца. Цяжка абстрагавацца, каб не ўбачыць у іх спрадвечны біблейскі сюжэт Маці і Сына... Гэта і ёсць алтар беларушчыны, зроблены згодна з канонамі. Цікава, як гэткая апалагетыка нацыянальнай ідэі «прайшла» ў тыя часы? А менавіта — у 1976 годзе.

Пасля Вашчанку давялося аздабляць кінатэатр «Масква». У пластыцы фасада было выкарыстана багата розных каштоўных матэрыялаў, натуральны камень розных гатункаў, адмысловыя свяцільнікі паводле арыгінальных праектаў, што давялося рабіць мастаку ў суаўтарстве. А фае ўпрыгожыў вялікі вітраж паводле эскіза самога Вашчанкі.

На сярэдзіну 1970-х прыпадае перыяд росквіту Вашчанкі як жывапісца. Галоўныя шэдэўры створаны мастаком менавіта ў станковым жывапісе. Я маю на ўвазе не толькі «Баладу пра мужнасць», за якую творца атрымаў прэмію ды срэбны медаль у Маскве. Гэтае палатно вывела партызанскую тэму з калідораў натуралізму і тэатралізацыі ў іншае вымярэнне. «Балада...» Вашчанкі — аповед не пра нейкую «мужнасць», а пра гармонію беларуса і беларускага лесу. Пра нязломнасць нашу, пакуль будзе нашай нашая зямля. У гэтым шэрагу і «Маё Палессе», і «Нафтавікі Палесся», і «Мацярынскія крылы», «Вераснёўскія туманы», «Першы снег» ды іншыя творы.

У эпоху манументалізму гэтыя работы ўпісаліся як нельга лепей. Не сваёй непазбежнай маштабнасцю, а ўзважанасцю думак. Манументалізм Вашчанкі — у ягонай цэласнасці, мастакоўскай і чалавечай. Можна нанава перагледзець гэту творчую спадчыну, і не знойдзецца тут ані беспадстаўнай радасці будаўнікоў камунізму, ані туманнага «эзатэрызму»... Вашчанка займаўся тым, што добра ведаў. Напрыклад, ён добра ведаў людское жыццё на родным Палессі. Пэўна, да гэткай дэідэалагізацыі (за выняткам нацыянальнага фундаменталізму пано ў Доме настаўніка) спрычынілася і львоўская школа. У першыя паваенныя гады ў тых краях улады не спяшаліся «дражніць гусей», і атмасфера, поўная трывогі і тугі па незваротна страчаным, была плённай для творцаў... Бадай, адтуль жа было вынесена пачуццё самакаштоўнасці ўсяго свайго, таго, чаго нікому не аддасі, але і крычаць пра што не будзеш.

У сваіх палескіх творах мастак унікнуў этнаграфізму, які штучна дадаваўся да калгасных сюжэтаў. Зямля і людзі для Гаўрылы Вашчанкі — не паказны эрзац для чужых, якім трэба яшчэ раз давесці сваю адметнасць. Будзь сабою, а ўжо выключным табе быць наканавана — прыблізна гэткім дэвізам можна вызначыць творчыя прынцыпы жывапісца. Там, дзе ён імкнуўся да абагульнення персанальнага досведу, адпаведна ўзнікала і яснасць. Яснасць думкі, кампазіцыі і каларыту...

Лепшым пацвярджэннем таму — палатно «Жнівень», напісанае ў пару найвышэйшага творчага ўздыму мастака, у 1975 годзе. У самым версе карціны, вышэй за ўсё — чырвоная падвода, у якую запрэжаны чырвоны конь, і абрыс чалавека, а на тле странцыянавага пісяга груды яблык. Ці гэта ўлагаднелы Ілля Прарок, ці Святы Юрый, што такі дабіў цмока? Гэтая загадкавая, напаўпрывідная постаць злучае сабою — нібы замковы камень выгін брамы — усю кампазіцыю. На персанажы з падводаю сыходзяцца простыя лініі ўсечанага трохкутніка, лініі Саду. Сам Сад, бязмежны і ўсёабдымны, нібы мадэль яблыка, убірае ў сябе сокі жыцця, а косткаю, стрыжнем яго ёсць чалавек... Трохкутнік паўтораны наўмысна яшчэ раз пірамідаю яблыкаў на другім плане. А на першым — Яна. Ці не Ева з плодам? Не. Тут няма ні граху, ні спакусы. Тут шчодры і шчыры дар. І толькі... Аднак ад Эдэму ўсё ж багата: адчыненая насцеж Брама (няхай сабе і адрыны), пры ёй дзве жанчыны ў светлым, нібы анёлы, і водар, гэткі незямны, загуслы і свежы, у бліскавіцах залатых, пунсовых і зеленаватых пісягоў.

А ў 1984 мастака ўганаравалі Дзяржаўнай прэміяй Беларускай ССР за цыкл работ «Дума пра Радзіму» («Прарыў», «Ліпеньскі мёд», «Мір зямлі маёй»).

Гаўрыла Вашчанка звяртаўся і да тэмы паўстання Кастуся Каліноўскага. У 1987-м ён прысвяціў паўстанню 1863 года свой трыпціх «За зямлю, за волю», дзе ў адной частцы выявіў вобраз Каліноўскага, які дае прысягу супольна са сваімі паплечнікамі. Шыза-фіялетавы каларыт карціны стварае эмацыянальны настрой трывогі і неспакою за лёс народа, за лёс паўстанцаў. А праз год, у 1988-м, Гаўрылу Харытонавічу Вашчанку прысвоілі ганаровае званне «Народны мастак БССР».

Яго самыя розныя творы бачылі гледачы многіх краін свету, яны ашчадна зберагаюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай Траццякоўскай галерэі, Нацыянальным музеі ўкраінскага мастацтва, Нацыянальным мастацкім музеі Малдовы, Нацыянальным мастацкім музеі Балгарыі. А ў 2002 годзе адчыніла дзверы Карцінная галерэя Гаўрылы Вашчанкі ў Гомелі, куды мастак перадаў у дар больш як семдзесят уласных жывапісных палотнаў, акварэляў ды эскізаў манументальных работ. Ён працаваў нястомна да апошніх дзён свайго зямнога жыцця, даваў прыклад сотням вучняў, дарыў жыццядайную энергію твораў удзячным гледачам. Так годна сыходзяць волаты духу, рыцары нашага мастацтва, зачыняючы за сабою дзверы вялікай эпохі…

Сяргей ХАРЭЎСКІ