Паміж камедыяй і драмай

№ 3 (372) 01.03.2014 - 31.03.2014 г

Гродзенскія прэм'еры
Рабочы кабінет рэжысёра Генадзя Мушперта пазбаўлены знакаў амбіцыйнасці ягонага гаспадара. Толькі некалькі афіш: пастаноўкі Мушперта ў Мінску. Ніякіх дыпломаў і ганаровых грамат на сценах. Затое два аркушы з фотаздымкамі артыстаў гродзенскага тэатра. На адным — мужчынскі склад трупы. На другім — жаночы. Жанчын амаль у два разы больш, чым мужчын. Гэта абавязвае падбіраць такія п’есы, каб усе былі занятыя працай. Каштоўны напамін для галоўнага рэжысёра любога тэатра.

«Наш гарадок» — шматнаселены спектакль. Яго з’яўленне ў рэпертуары можна патлумачыць менавіта імкненнем заняць у спектаклі амаль усю трупу. Але высветлілася, што гэта не галоўнае. Рэжысёр улюбёны ў п’есу амерыканскага драматурга Торнтана Уайлдэра. Ён цудоўна адчувае атмасферу такіх маленькіх, практычна сямейных, гарадкоў. Суперажывае іх немудрагелістым, лагодным, зусім не ідэальным жыхарам. Спектакль жыве крыху больш, чым паўгода. Рэжысёр не страціў да яго цікавасць, любіць і абараняе яго, хоць і цвяроза ацэньвае асобныя не надта ўдалыя моманты.

На задніку — вуліца з маленькімі домікамі, каза на небе. Згадка пра Марка Шагала. Думаю, перад мастаком Аляксандрам Суравым была пастаўлена задача перадаць наіўную, амаль ідэалістычную, настальгічную любоў да таго цудоўнага, што бывае ў дзяцінстве кожнага чалавека. Зірнуць на мінулае з нашага даволі прагматычнага, нават цынічнага сённяшняга вельмі карысна. Успомніць пра тое, што страцілі. Ацаніць. Зрабіць высновы.

Гродна, Культурная сталіца Беларусі 2014 года, зусім не асацыюецца з маленькім гарадком. Усё будуецца, рэстаўруецца, разрастаецца, ахоплівае новыя плошчы. У горада шмат святаў, пастаянныя культурныя акцыі. Лаўлю сябе на думцы, што, у прынцыпе, для жыхароў, якія тут нарадзіліся, выраслі, жывуць, гэта — «наш гарадок». Магчыма, іх лёс цягам часу змяніўся не так кардынальна. Працэс, занатаваны ў п’есе, застаецца назаўжды: хтосьці нарадзіўся, хтосьці закахаўся. Вяселле. Сталенне. Пахаванне. І адвечнае пытанне: дзеля чаго было жыццё? Хто нам яго падарыў? Хто выбудаваў па невядомым сцэнарыі? Забраў туды, адкуль не вяртаюцца, і прымусіў думаць так, як гаворыцца ў спектаклі Генадзя Мушперта: «...У нас на зямлі ўсе нешта шукаюць, імкнуцца некуды, чагосьці дамагаюцца. І ад гэтага ўсе так стамляюцца, што кожныя шаснаццаць гадзін даводзіцца рабіць перапынак ды адпачываць». Адным словам, п’еса і спектакль вельмі простыя — са складанымі тэмамі.

Кожны з многіх мусіць быць добра бачны. Адсюль не надта зручны для акцёраў сцэнаграфічны станок са шматузроўневымі подыумамі. Прастора сцэны выбудавана па прынцыпе амфітэатра. Умоўна пазначана жыллё для дзвюх галоўных сем’яў — Гібсаў і Уэбаў. Ніякіх прадметаў побыту. Толькі крэслы са спінкамі ў выглядзе сцен двухпавярховых дамкоў. Побач з людзьмі жывуць кураня, конь, каза (не лялькі, а артысты). Яны настолькі свае, што ўсё чуюць, разумеюць, у думках удзельнічаюць у размовах.

Удалая знаходка пастановачнай групы і мастака па касцюмах Ірыны Коўш — уніформа густога сметанковага колеру. Ніводны каўнерык, ніводзін фасончык, ніводны капялюшык не паўтараецца — у кожнага свой стыль, свае дэталі, хоць усё аднолькавага колеру. Толькі цёмная камізэлька Вядучага — Аляксандра Калагрыва — вылучае яго сярод агульнага чалавечага масіву. Таму, што ён і там, і тут. Не можа не ўдзельнічаць у лёсе жыхароў «нашага гарадка», і часам пераўвасабляецца ў аднаго з іх. Пры гэтым распавядае ад імя аўтара. Вядучы. Не абыякавы апавядальнік — з уласнымі каментарыямі і проста тлумачэннямі. Апавядальнік, які выходзіць на авансцэну, звяртаецца да нас — сучаснікаў. Сваёй спакойнай энергетыкай і пачуццёвымі інтанацыямі ён спалучае эпохі. Учора і сёння ў гарадку ўсё тыя ж касцёлы, сінагога, аптэкі, банкі, газеты. Людзі любуюцца ўсходам сонца, гуляюць вяселлі. Толькі калісьці нідзе не зачыняліся дзверы. Цяпер жа з’явіліся моцныя замкі.

У гарадку прывыклі хадзіць у храм, на службу, спяваць у хоры. Хормайстар Марына Гаравая цудоўна папрацавала з акцёрамі — яны спяваюць на пачатку і напрыканцы спектакля, жанр якога вызначаны як «жыццё ў трох частках без антракту». Спяваюць усмешліва-спакойна, у зайздросным ансамблі, адпаведна нашым думкам пра тое, што насамрэч у жыцці няма антрактаў, дабрыня і добрапрыстойнасць пераліваюцца з мінулага ў сапраўднае. А зласлівасць, подласць? Мімікрыруюць? Зрэшты, усе роўныя на прыгожых гарадскіх могілках.

Спектакль Генадзя Мушперта пазбаўлены якой бы там ні было агрэсіі, навамодных слэнгаў, кліпавасці, ігнаравання чалавечай псіхалогіі. Яго нават можна назваць па-свойму архаічным, таму што ён пабудаваны на псіхалагічных нюансах. Варта нагадаць, насамрэч акцёр і глядач не існуюць па-за псіхалогіяй, інакш не знайсці кантакт з аўдыторыяй. Ды як зачапіцца за жыццёва важнае для людзей? Бо яны прыходзяць у тэатр не толькі дзеля таго, каб адпачыць і пасмяяцца.

І тут я незнарок мушу пераключыцца з жыцця правінцыйных гарадкоў, якіх шмат, на жыццё перыферыйных тэатраў, якіх практычна столькі ж. У тэатраў, маленькіх і не вельмі, той жа самы жыццёвы цыкл: пастаноўка спектакля, тэатральны сезон, гастролі, фестывалі — святы, захапленне гледачоў, знікненне спектакля. Толькі тут ролю Вядучага выконваюць гісторыкі і крытыкі. Усе работнікі тэатра — ад дырэктара да манціроўшчыка — аднолькава адказныя за імідж канкрэтнага калектыву. Аднак сёння традыцыйныя духоўныя каштоўнасці, маркетынг і новыя тэхналогіі зліліся да непадзельнасці. На першы план выйшла «Яе Вялікасць» камедыя — як полюс, як антытэза трагедыі, што патрабавала катарсісу і грамадзянскага выказвання, з якой гістарычна пачынаўся тэатр.

Без камедыі ніводны сцэнічны калектыў сёння выжыць не можа. Нічога новага ў гэтым няма. Справа толькі ў тым, якую камедыю выбраць і як паставіць, каб «не было пакутліва балюча» за сыход тэатра ў нішу пошлага гумару. Ім сёння запоўнены тэлеэфір і шоу-бізнес.

Гродзенскі тэатр узяў курс на чалавечы талент, на якасную драматургію. Яму як тэатру інтэлігентнаму неабходна ўтрымацца ад якой бы там ні было безгустоўнасці. Вялікі Фларэнскі сказаў калісьці: «Пошласць ёсць не што іншае як плоскасць, інакш кажучы, слізганне па паверхні, разгляд з’яў у адрыве ад іх метафізічных каранёў». Гродзенцы, на шчасце, глядзяць у корань. Таму, шукаючы годную камедыю, бяруць для пастаноўкі навелы Людмілы Петрушэўскай і Пятра Гладзіліна.

Цудоўны камедыйны акцёр Сяргей Курыленка цяпер працуе ў тэатры яшчэ і рэжысёрам-пастаноўшчыкам. Ён даўно пацвердзіў сваё права займацца рэжысурай і часта выручае тэатр якаснымі работамі. Гэтым разам паставіў перад сабой нялёгкую задачу: выціснуць камедыйныя моманты з не надта смешнага і нават па-свойму трагічнага матэрыялу. Жанр спектакля «3+2» — дзве навелы пра адзіноту. Ці варта нагадваць пра тое, што адзінота — адвечны рэфрэн жыцця, і самотнага ў гэтым стане чалавечай душы больш, чым смешнага.

Добрыя акцёры разам з годным рэжысёрам нідзе не дазволілі сур’ёзнай гаворцы скаціцца да пустой смяхотнасці. Яны захавалі генеральную лінію тэатра — павагу і спачуванне да любога, нават самага мізэрнага, чалавека. Невыпадкова наступная пастаноўка, якую будзе ажыццяўляць запрошаны з Польшчы рэжысёр, гэта «Шынель» Гогаля: па сутнасці, класічны помнік так званаму маленькаму чалавеку.

Але пакуль спектакль «3+2» далёкі ад дасканаласці, хоць і не грашыць супраць добрага густу. Відаць, абодва рэжысёры гродзенскага тэатра цудоўна разумеюць адзін аднаго, працуюць не ў побытавым, а ў быційным ключы і да таго ж з’яўляюцца непапраўнымі рамантыкамі. У наш час гэта такая ж рэдкасць, як сапраўдныя брусельскія карункі, хоць іх і спрабуюць імітаваць кітайскія штампоўкі. Ручную работу наўрад ці зблытаеш з канвеернай. Так і тут: упэўнены рамантызм не заменіш слязлівай меладрамай.

Сённяшні гродзенскі тэатр імкнецца размаўляць з людзьмі, якія напаўняюць глядзельную залу, пра адвечнае, агульначалавечае. Часам усё атрымліваецца. Часам — не. Ён існуе без шокавай тэрапіі і надзвычайных пастановачных эфектаў. Рэжысёры любяць сваіх акцёраў і вырошчваюць на сцэне тое, што можна назваць індывідуальнай свабодай і духоўным асветніцтвам.