Вялізны тэатр старога горад

№ 3 (372) 01.03.2014 - 31.03.2014 г

Гродзенскія прэм’еры
Гродзенскі абласны драматычны тэатр вынайшаў для сябе асаблівы статус. Спектаклі захапляюць акцёрскімі работамі, пастановачнымі вынаходствамі. Рэпертуарная афіша фарміруецца з асаблівай стараннасцю, у іншых тэатрах не дубліруецца. Нядаўнія прэм’еры «Наш гарадок» Торнтана Уайлдэра і «3+2» паводле Людмілы Петрушэўскай і Пятра Гладзіліна таксама атрымаліся рэзананснымі.

Будынак Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра — манументальны помнік савецкай гігантаманіі і пастаянны галаўны боль для творчага калектыву. Вялікая глядзельная зала на 720 месцаў ніяк не ўлічвае асаблівасці сучаснага тэатральнага працэсу. Планы-нормы па гледачах немагчыма выканаць. Дый для таго, каб проста запоўніць дэкарацыямі вялізную сцэну, пастановачных сродкаў патрэбна нашмат больш...

Зрэшты, усё гэта даўно зрабілася агульным месцам у размовах пра гродзенскі тэатр. Але з кабінета галоўнага рэжысёра Генадзя Мушперта адкрываецца цудоўны від на Нёман. Магчыма, якраз гэтая акалічнасць вырашае многае... Калі пастаянна думаць пра абставіны, што замінаюць творчасці, нічога не атрымаецца. Невыпадкова ўлюбёнае слова ў тэатры «мінімалізм». Ужываецца, дарэчы, без усякай іроніі. «На спектакль мне хапае 25 мільёнаў рублёў», — канстатуе Мушперт. «Спыніся», — так і хочацца сказаць яму. Але рэжысёр не жартуе, хоць насамрэч жартаваць вельмі любіць. Прынамсі, асаблівай усмешлівай інтанацыяй прасякнуты ўсе ягоныя пастаноўкі.

Якім чынам, насуперак самым неспрыяльным умовам, беспадстаўным і доўгатэрміновым прэтэнзіям мясцовага «культурнага кіраўніцтва», удалося захаваць галоўнае — тэатр, застаецца загадкай. Ды цягам часу змянілася многае: адміністрацыя, а разам з ёй — культурная палітыка і прыхільнасці. Увогуле, тэатр у Гродне цяпер на вышыні. Калі для рэжысёра ставіць спектаклі — спосаб існавання, галоўнае яму не перашкаджаць. Канешне ж, прысутнічае і пэўная гульня кампрамісаў. Тым не менш, сёння ў наяўнасці — працаздольная трупа з яркімі індывідуальнасцямі, выведзены за межы сцэнічнай пошласці рэпертуар, спектаклі, на якія не сорамна запрасіць крытыкаў, зацікаўлены дырэктар, прызнанне ў Санкт-Пецярбургу і… абыякавасць айчыннай тэатральнай грамадскасці.

Абыякавасць — гэта таму, што ў нас цяпер ці не кожны сцэнічны калектыў існуе сам-насам са сваімі праблемамі, удачамі і праваламі. Многія ў такім становішчы нават вынайшлі зручныя для сябе моманты, моцна не напружваюцца і не надта развіваюцца. Гродзенскі тэатр таксама існуе ў замкнёнай, пэўна акрэсленай прасторы. Але ў яго засяроджанасці на творчасці — дадатны бок. Асаблівы спосаб светасузірання. Магчыма, таму і апошняя пастаноўка Генадзя Мушперта — «Наш гарадок» Торнтана Уайлдэра — многіх гледачоў кранае да слёз. Павольная жыццёвая плынь у спектаклі агульная для ўсіх. Гарадскія могілкі — таксама. У існаванні паміж нараджэннем і смерцю — знак роўнасці. «З культурай у нас небагата, але любуемся ўсходам сонца» — гэта немудрагелістая фраза, вылучаная з агульнага кантэксту, выразна акрэслівае тэму спектакля і галоўную тэму рэжысёра, у якога кабінет з вокнамі на Нёман. Прынамсі, становіцца зразумела, як можна ўтрымацца на хвалях мастацтва з асобна ўзятым сцэнічным калектывам.

Нязмушана, з эцюднай лёгкасцю, раскочваюцца-рассыпаюцца па сцэне акцёры. Наш гарадок. Нітачкі і вузельчыкі лёсу працягваюцца і завязваюцца паміж персанажамі. Многія існуюць тут паралельна і аднамомантна. Своеасаблівы броўнаўскі рух. Ці варта шукаць у ім логіку і сэнс? Думаю, рэжысёру важна своечасова расставіць акцэнты. Ланцужок сэнсу выкладзецца потым. Сачыць згодна з акцэнтамі за рэжысёрскай логікай — асаблівая асалода. У патрэбны момант дакладна падкрэсліваецца фраза. Адбываецца зрух у бок іроніі, быццам погляд на падзеі — «праз смешна». У сцэне вяселля гэта шматкроць узмацняе інтанацыю. Узнікае адмысловая атмасфера, здаецца, што змест існуе насуперак тэксту: героі кажуць і робяць адно, але адбываецца, набывае значэнне зусім іншае. Гэта самыя цікавыя моманты ў спектаклі. Адзнакі ўнутранай свабоды рэжысуры — якасныя адзнакі.

Сярод акцёраў вылучаецца Аксана Плікус (Эмілі Уэб) — унутранай засяроджанасцю і гнуткасцю; Васіль Мініч (Чарльз Уэб) — надзвычайнай верай у тое, што робіць і транслюе гледачам; Марыя Бутрымовіч (Эмілі) — пяшчотнай кранальнасцю і шчырасцю; Аляксандр Шаўкаплясаў (Фрэнк Гібс) — спакойнай і ўзважанай прафесійнасцю, калі ў вобразе няма нічога залішняга. Увогуле, закруціць такі акцёрскі кругазварот, дзе ўсё трымаецца на амаль незаўважных і тонкіх чалавечых стасунках, здатны не кожны рэжысёр. Мушперт выхаваў трупу для сябе. Здаецца, што акцёры вераць яму безагаворачна. Вынікі — адпаведныя. У спектаклях гродзенскага тэатра хочацца вылучыць асобна гуманітарную каштоўнасць. Тым больш, што пра апошняе многія нават думаць перасталі.

Да выдаткаў «мінімалізму» ў спектаклі варта аднесці сцэнаграфію, асабліва пярэсты месяц, які навязліва лунае ў непатрэбным месцы; нейкім чынам акарыкатураныя і статычна пазнавальныя «шагалаўскія матывы»; пэўную неадпаведнасць маштабаў дэкарацыі і сцэнічнай прасторы; некаторыя напаказ пададзеныя характары. Зрэшты, не сакрэт, што спектаклі, якія шмат у чым трымаюцца на акцёрах, — накшталт жывога арганізму, і таму настрой маюць няўстойлівы. Уражанне ад іх таксама можа быць самае рознае: ад захаплення да расчаравання, у залежнасці ад кожнага паказу.

Бадай што, ёсць яшчэ адна цікавая акалічнасць, якую варта ўспрымаць як дадзенасць. Адзін з самых яркіх і адметных мушпертаўскіх артыстаў Сяргей Курыленка, здаецца, безаглядна пераключыўся на рэжысуру. Не магу сказаць, што шкада, але на сцэне яго хочацца бачыць і надалей. Няўлоўны флёр дзівоснасці, неразгаданасці прысутнічае ў створаных ім вобразах. Гэта надзвычай рэдкая акцёрская ўласцівасць з’яўляецца адзнакай нешараговай індывідуальнасці.

У рэжысуры Сяргей Курыленка таксама спрабуе трымацца ўпэўнена. Ягоныя спектаклі дарэчы ў агульнай гуманітарнай плыні гродзенскага тэатра. І хоць сярод лідараў пракату настойліва маячыць той самы «№ 13» Рэя Куні ў пастаноўцы Курыленкі, ягоны культурны ўнёсак — гэта «Танга» Славаміра Мрожака і «3+2» паводле твораў Людмілы Петрушэўскай і Пятра Гладзіліна.

У такім нечаканым спалучэнні — Петрушэўская + Гладзілін — прысутнічае свая логіка. Дакладней, яе спрабуе намацаць рэжысёр і аб’яднаць агульнай тэмай — чалавечага адзіноцтва. Адзінота чалавека ў сучасным свеце, нягледзячы на нашу татальную прысутнасць у сацыяльных сетках? Нягледзячы на тое, што свет цесны, і гэта зразумелі, здаецца, усе? Ды толькі «3+2» — гэта погляд на жыццё з пазіцыі пасталелага чалавека, які ўладкаваўся ў жыцці і не страціў цікавасці да паэзіі. Як ні дзіўна, маладыя акцёры, занятыя ў спектаклі, з гэтым лёгка пагаджаюцца. Хоць разумовыя канструкцыі і гіпатэтычныя сітуацыі ў абедзвюх навелах усё ж складана суаднесці з рэчаіснасцю навокал. Таму, думаю, дарэчы нагадаць, што Людміла Петрушэўская — адзін з самых яркіх прадстаўнікоў «новай хвалі» драматургіі, якая выплюхнулася на сцэнічныя падмосткі на пачатку 1980-х. Па ступені эмацыйнага напружання, паводле гушчыні драматычных фарбаў, вастрыні прыёму творы Петрушэўскай можна лёгка суаднесці з сённяшняй «новай драмай». Але ж у спектаклі гродзенскага тэатра героі нібыта апынуліся на памежжы дзвюх эпох, наводдаль ад сапраўдных страсцей, якія напрыканцы мінулага і на пачатку новага стагоддзя захліснулі людзей і адлюстраваліся ў драматургіі.

Безумоўна, хуткасць разумовага «метабалізму», кошт сцэнічнага часу могуць быць зусім іншымі. Матывацыі ўчынкаў — таксама. Уласна кажучы, спектакль — гэта штораз новая спроба адлюстраваць эпоху. Размова пра час і пра чалавека ў ім. Якраз тут, на мой погляд, не ўсё атрымалася.

З пункта гледжання звычайнай логікі, творы Петрушэўскай да твораў Гладзіліна ніяк не дастасоўваюцца. Курыленка насамрэч спалучыў іх даволі фармальна. Намацаў агульную інтанацыю, хоць самі сюжэты фактычна не разблытаны, як след не адрэфлексаваны. Навела Пятра Гладзіліна кідка сыграна Васілём Мінічам (Ён) і Аксанай Плікус (Яна). І ўсё ж застаецца проста прыватнай гісторыяй, дзіўным выпадкам з жыцця мужчыны і жанчыны, — прыемным спосабам баўлення часу для гледачоў.

Зрэшты, гэта толькі думкі з нагоды, якія насамрэч ніколькі не псуюць агульную карціну. Галоўнае, што ў Гродне ёсць тэатр, дзе рэжысёры ды артысты захоплена і зацікаўлена робяць сваю справу.