Вынаходнікі скрадзеных веласіпедаў

№ 12 (297) 01.12.2007 - 31.12.2007 г

Мінула ўжо 58 гадоў з таго часу, калі «Выкрадальнікі веласіпедаў» рэжысёра Віторыа Дэ Сіка і сцэнарыста Чэзарэ Дзаваціні былі ўганараваны «Оскарам». Апалагеты неарэалізму, катэгарычна адмовіўшыся ад канонаў «моцнай фабулы», наблізілі ігравое кіно да рэчаіснасці, змадэляваўшы яе ў відовішча-роздум. Паэзія рэальнасці, гэткі мастацкі дакументалізм на доўгі час сталі зыходнай кропкай для стварэння кінематографа элітарнага, аўтарскага, фестывальнага.

 /i/content/pi/mast/5/132/MD-Ragin.jpg
Італьянскія «выкрадальнікі веласіпедаў» і іх самаахвярныя паслядоўнікі па ўсім свеце набылі бессмяротнасць. Пра гэта падчас нядаўніх Дзён культуры Арменіі ў Беларусі нагадаў мінскай публіцы Завен Саркісян, дырэктар Музея Сяргея Параджанава, прэзентуючы не толькі мастацкія калажы майстра, але і дакументальную стужку ягонага пляменніка Георгія Параджанава «Я памёр у дзяцінстве». Фільм распавядае пра трагічны лёс кінарэжысёра, які ўсё жыццё супрацьпастаўляў наўмысна бяздушнаму сацрэалізму нацыянальны экспрэсіўны рамантызм. Рабіў гэта ярка, шчыра, без аглядкі на догмы. Але ўсё мінае...
«Вынаходнікі» сучасных «кінавеласіпедаў» мараць пра іншае. Супрацьстаянне руціне, за рэдкім выключэннем, выйшла з моды. Сапраўды, пры чым тут архаічны неарэалізм і «Оскар» у недасягальных нябёсах, калі трэцяя частка «Піратаў Карыбскага мора», сабраўшы 961 мільён долараў, стала сусветным лідэрам сёлетняй «кінакасы»? Іншыя часіны -- іншыя прынцыпы. І справа не ў спрадвечных кіношных вынаходніцтвах, калі з дапамогай рэжысёрскай «васьмёркі» замест пэўных акцёраў, якія заняты на іншых серыялах, здымаюць дублёраў са спіны, і бывае, што героі на пляцоўцы не бачаць адзін аднаго ў твар... Аднясем гэта да славутай магіі кіно. Справа абсалютна ў іншым. Рэжысёр Станіслаў Гаварухін наракае на тое, што палітычная цэнзура на постсавецкай прасторы існуе, а вось маральнага кантролю грамадства над тэлебачаннем і кінематографам не было, няма і не прадбачыцца! У выніку мы ёсць тое, што нам паказваюць: гэткая
 /i/content/pi/mast/5/132/MD-Ragin1.jpg
                                                     Завен Саркісян.
недавараная морква пад псеўдагламурным соусам, якая па-беларуску з любоўю ніяк не рыфмуецца. Фантасмагорыі Луі Бунюэля і адкрыцці Інгмара Бергмана ў фармаце рэдкіх паказаў «кіно не для ўсіх» сітуацыі не ратуюць, як, зрэшты, і поўная адсутнасць сучаснага беларускага мастацкага кіно, пра неабходнасць якога гавораць усе, а зрабіць не можа пакуль ніхто... Мо сапраўды не варта выдумляць веласіпед, які даўно скралі?!
Чым адметная была кінавосень? Эксклюзівамі чарговага «Лістапада», пра якія распавядае ў гэтым нумары крытык Ала Бабкова... Тым, што рэсурсы «Беларусьфільма» па-ранейшаму актыўна выкарыстоўваюцца для забеспячэння расійскай фільмавытворчасці. Мінулі часіны, калі сахалінскія эпізоды «Белых рос» здымаліся менавіта на Сахаліне. Прыйшлі часіны, калі наша натурная пляцоўка пад Смалявічамі пераўтвараецца ці ў непраходную тайгу, ці ў ханты-мансійскую тундру -- тут цяпер здымаецца «аленегадоўчы» мастацкі фільм расійскага рэжысёра Алега Фісенкі... Ігравую стужку распачаў і беларускі творца Іван Паўлаў. Рабочая назва -- «На спіне ў чорнага ката». Пакуль адназначна казаць можна толькі пра адно: нечаканы для мінчукоў прыезд Філіпа Кіркорава, які здымаўся ў адным з эпізодаў карціны, крыху разнастаіў пейзаж Прывакзальнай плошчы...
Сваё сталае рэчышча ў нашых кінадакументалістаў. Фільм сябра Еўрапейскай кінаакадэміі Віктара Аслюка «Марыя» (пра вясковую жанчыну-трактарыстку) адабраны для ўдзелу ў міжнародным фестывалі дакументальнага і анімацыйнага кіно, што ладзіцца ў Лейпцыгу. А стужка Галіны Адамовіч «Завядзёнка», пра якую «Мастацтва» пісала летась, увайшла ў лік 12 фінальных на VII Міжнародным фестывалі дакументальных фільмаў Docupolis-2007 у Барселоне. Сцэнарыст, мастак і тэарэтык кіно Чэзарэ Дзаваціні, відаць, не памыляўся: на жыццёвай праўдзе асабліва не разжывешся, але шлях да глядацкай душы знойдзеш заўжды.