Пазітыўны спектр

№ 3 (372) 01.03.2014 - 31.03.2014 г

«Крыніца святла»
Некалькі падзей мастацкага жыцця Мінска былі звязаны з тэмай святла. Што стала таму прычынай — кліматычныя ўмовы, адметныя недахопам сонечнай цеплыні, або бясконцыя прагнозы канца свету — невядома. Але ўдзельнікі арт-працэсу нібы настроіліся на адзіную пазітыўную хвалю, дзе самым пераканальным стаў Рыгор Іваноў — куратар праекта «Крыніца святла».

 

Праект вылучаецца выразна акрэсленай канцэпцыяй. У 2011 годзе ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва праходзіла персанальная выстава Іванова «Прасвет». На ёй мастак прадставіў уласную творчую філасофію «святызму», да якой ішоў дзясяткі гадоў. Тады ж у яго ўзнікла ідэя аб’яднаць пад сцягам «святызму» шэраг беларускіх аўтараў. Кампанія атрымалася даволі стракатая, як стылёва, так і паводле прыналежнасці да розных пакаленняў і мастацкіх суполак: Зоя Літвінава, Мікола Бушчык, Мацвей Басаў, Васіль Касцючэнка, Рыгор Несцераў, Віктар Васюкевіч, Лявон Грышук. У сваім адборы Іваноў кіраваўся досыць суб’ектыўным крытэрыем вызначальнай функцыі святла ў творчасці кожнага з іх.

Перад тым як даваць ацэнку праекту, варта высветліць, што мае на ўвазе куратар пад паняццем «святызм». Узгадваючы філасофію мовы (Людвіг Вітгенштэйн і іншыя), якая паўплывала на станаўленне сучаснага мастацтва, мы найбольш поўна раскрыем значэнне гэтага тэрміна, калі да слова «святло» падбяром шэраг роднасных слоў: свет, свята, святасць, прасвятленне, асвета. Гэта дапаможа зразумець, што ў цэнтры ўвагі «святызму» — святло, але не толькі як аптычная з’ява, а ў самым шырокім анталагічным сэнсе. «Святызм — гэта нават больш, чым накірунак у мастацтве, гэта накірунак жыцця, веры, рэлігіі», — сцвярджае Іваноў. А святыстамі ён называе мастакоў, якія «ідуць па шляху святла».

Лічыцца, што першым, хто ў мастацтве звярнуў увагу на нюансы асвятлення, быў Леанарда да Вінчы, а першым майстрам перадачы светлавых эфектаў быў Рэмбрант. Але паралельна з гэтым вялікая ўвага прыродзе святла была нададзена ў візантыйскім іканапісе. Так, святланоснасць лікаў святых, абрысы німбаў над іх галовамі сведчылі пра наяўнасць у рэальнасці асаблівай энергіі — Боскага спрадвечнага святла, пабачыць якое, згодна з вучэннем ісіхазму, можна толькі падчас малітвы, у рэлігійным экстазе. «Свет без Боскай энергіі святла — гэта цемра, і матэрыяльнае святло, бачнае смяротнымі вачыма, падобнае да спрадвечнай цемры», — казаў Сергій Раданежскі. Да спасціжэння Боскай, метафізічнай сутнасці святла і імкнуцца мастакі-святысты.

Любыя аб’яднаўчыя памкненні ў сучасным беларускім мастацтве заслугоўваюць увагі, бо яны актывізуюць мастацкі працэс. У сваім праекце Рыгор Іваноў аб’яднаў шэраг абсалютна розных аўтараў. Гэты сумесны жэст можна расцэньваць як своеасаблівы адказ мастакоў, што абапіраюцца на традыцыі жывапісу і класічны мадэрнізм ХХ стагоддзя, агрэсіўнай маніфестацыі актуальнага мастацтва. Зоя Літвінава і Рыгор Несцераў неаднойчы выказвалі сваё непрыманне некаторых рысаў постмадэрнізму, такіх як беспадстаўны эпатаж і нізкі прафесійны ўзровень. Арыентацыя на традыцыі станковага жывапісу, разуменне жыццесцвярджальнай ролі мастацтва, непахіснасць эстэтычных крытэрыяў гармоніі і прыгажосці, паглыбленасць ва ўнутраны свет і імкненне да раскрыцця творчай індывідуальнасці — гэта тыя прынцыпы, што праявіліся ў творчасці кожнага з удзельнікаў праекта.

Цікавай асаблівасцю выставы з’яўляецца спалучэнне фігуратыўнага жывапісу (Касцючэнка, Басаў, Несцераў, Грышук), каларыстычных кампазіцый, што характарызуюцца адыходам ад фігуратыўнасці (Літвінава, Бушчык), і цалкам беспрадметных работ (Васюкевіч, Іваноў). Гэта адпавядае канцэпцыі куратара, згодна з якой вылучаюцца некалькі ўзроўняў адлюстравання святла ў мастацтве — па меры ўзыходжання да Абсалюту, адштурхоўваючыся ад аб’ектыўнай рэальнасці.

З навуковага пункту гледжання, святло як фізічная з’ява раскладаецца на ўсе колеры вясёлкавага спектра, а значыць — з’яўляецца іх крыніцай. Большасць з удзельнікаў выставы — каларысты, таму экспазіцыя зіхаціць стракатай вясёлкай, але не губляе праз гэта сваёй цэльнасці. Менш за ўсё ў прадстаўленых работах чорнага колеру і цёмных тонаў, што перагукваецца з біблейскім выказваннем: «Бог ёсць святло, і няма ў Ім ніякай цемры» (I Іаана, 1:5). Але, напрыклад, творы Леаніда Грышука, прысвечаныя якраз евангельскім сюжэтам, пабудаваны на кантрасце святла і цемры. Гэтым мастак застаецца блізкім класічнаму жывапісу, у якім святлацень забяспечваў грандыёзны эфект напружання, а разам з тым народнаму мастацтву з яго сімвалізмам і іканапісу, дзе ў некаторых сюжэтах («Сашэсце Хрыста ў пекла») такім чынам адлюстроўвалася барацьба сіл дабра і зла. Прысутнічае кантраст і ў «святычных» абстракцыях Рыгора Іванова, але значна менш выражана. Гэта датычыцца ахраматычнай рамкі вакол колеравага поля, якая можа быць светлай ці цёмнай, што надае творам Іванова эфект пульсацыі. Практычна пазбаўлены кантрасту святла і ценю работы Віктара Васюкевіча і Васіля Касцючэнкі. З усяго шэрагу ўдзельнікаў Рыгор Несцераў найбольш праявіў сябе як мастак-люмінарыст, для якога святло мае большае значэнне, чым колер: яго работы выкананы ў адной колеравай танальнасці, не губляюць сувязі з натурай, а асноўным сродкам выразнасці ў іх выступае тонкая мадэліроўка асвятлення.

Важнай акалічнасцю з’яўляецца той факт, што выстава прысвечана 111-й гадавіне з дня нараджэння Марка Роткі. Праз шматлікія праекты-прысвячэнні, праз дэманстрацыю і закупкі арыгінальных твораў у кантэкст беларускага мастацтва вернуты такія значныя постаці, як Шагал і Малевіч. Але ўраджэнца Даўгаўпілса, на фарміраванне якога як мастака безумоўна паўплывалі прыдзвінскія пейзажы і настальгія па родных мясцінах, нельга назваць чужым для беларускага мастацтва. Пра гэта сведчаць многія творы на выставе «Крыніца святла», найперш тыя, што належаць пэндзлю Рыгора Іванова і Мікалая Бушчыка.

Асабліва плённы зварот да жывапісу колеравага поля Роткі — у Іванова. Але творчыя філасофіі мінскага жывапісца і яго вялікага амерыканскага папярэдніка кардынальна адрозніваюцца: калі колеравыя палі Іванова робяць на гледача мяккае рэлаксацыйнае ўздзеянне, то кампазіцыі Роткі не паддаюцца гарманізацыі і пакліканы выражаць трагізм чалавечага існавання. Больш агрэсіўна (у параўнанні з Івановым) колер паводзіць сябе на палотнах Бушчыка, дзе ён размеркаваны не палямі, а палосамі і за кошт дамінавання ярка-чырвоных тонаў нясе пабуджальнае ўздзеянне. Але ўсё роўна, калі параўноўваць творчасць сучасных беларускіх мастакоў-святыстаў з Роткам і іншымі прадстаўнікамі амерыканскага абстрактнага экспрэсіянізму, то відавочна, што айчыннае мастацтва адрозніваецца рамантычна-ўзнёслай, напэўна, больш наіўнай і цнатлівай, трапяткой лірычнай афарбоўкай. Але гаворка ідзе пра зусім розныя эпохі ў гісторыі цывілізацыі, і «светлы», гарманізуючы напрамак, у ключы якога працуюць нашы мастакі, магчыма, больш запатрабаваны сённяшнім момантам.

Вяртаючыся зноў да мастацтва абстрактнага экспрэсіянізму, мусім заўважыць, што, акрамя жывапісу колеравага поля, некаторыя ўдзельнікі выставы «Крыніца святла» дэманструюць валоданне прыёмамі «жывапісу дзеяння». Гэта справядліва ў адносінах да Віктара Васюкевіча і Мацвея Басава. Работы мастакоў, выстаўленыя побач, арганічна перагукваюцца паміж сабой. Адбываецца гэта дзякуючы насычанай фактуры жывапісу, што дасягаецца разняволеным жэстам накладвання фарбы на палатно, і багатым каларытам іх твораў. Але адны і тыя ж колеравыя спалучэнні паводзяць сябе па-рознаму на палотнах абодвух мастакоў: калі Басаў не цураецца адкрытых кантрастаў — дадатковых колераў (напрыклад, ружовага і зялёнага), што надаюць яго выявам дынамізм і экспрэсію, то абстракцыяніст Васюкевіч, пры ўсім багацці палітры, пазбягае насычаных колераў і іх супрацьпастаўлення, таму што кіруецца прынцыпамі прыроднай гармоніі, засвоенымі ім у працы з натуры.

Агульнае адчуванне ад прагледжаных твораў — заспакаяльна-жыццярадаснае. Карацей, мы маем справу з добрай выставай жывапісу — феерыяй святла і фарбаў — цалкам традыцыйнай па форме, якіх былі тысячы ў гісторыі. Але ж кранае! Кранае пазітыўнае гучанне работ, іх высокі мастацкі ўзровень, канцэнтрацыя святла на адзінку плошчы...

Алесь СУХАДОЛАЎ