Спакуса культурнай інтэрвенцыі

№ 3 (372) 01.03.2014 - 31.03.2014 г

«Сем прыгажунь» Кара Караева
«Няўжо вы знайшлі ў “Сямі прыгажунях” штосьці каштоўнае і мастацкае? — яхідна пацікавіўся пасля прагляду малады эстэт. — За такія пастаноўкі сорамна!» «Хіба вам не спадабаўся гэты прыгожы і маляўнічы спектакль?» — з непадробным здзіўленнем спытала пасля прэм’еры гукарэжысёр радыё, чалавек з вышэйшай музычнай адукацыяй.

Прэм’ера, як часта здараецца, выклікала розныя эмоцыі і ацэнкі. Шырокая публіка радасна адгукалася апладысментамі на сцэнічныя эфекты і віртуозныя танцавальныя трукі, у фінале з імпэтам узнялася і крычала «брава». Крытыкі і «прасунутыя» гледачы, якія маюць магчымасць параўноўваць, паглядалі на такую эйфарыю скептычна.

Заўважу, у тэатраў, крытыкаў і публікі розныя мэты. Тэатр хоча зрабіць спектакль (прадукт), які будзе карыстацца попытам і доўга трымацца ў рэпертуары. Крытыкі хочуць навізны, адкрыццяў, а таму палююць за эксперыментамі, нечаканымі здабыткамі, пошукам новых форм. Публіка імкнецца пераключыцца (ад распрацоўкі камп’ютарных праграм, ад бухгалтарскіх разлікаў, непаслухмяных вучняў, надакучлівых пацыентаў). І з паўсядзённасці трапіць у казку, дзе ўсё прыгожа і непадобна да аднастайных будняў. Публіка прагне рэлаксу і радасці. Тэатр дае гледачу тое, што той хоча, — і глядач удзячны! Ён галасуе кашальком і набытымі квіткамі. Факт яго маральнай згоды — апладысменты і поўная зала.

Цікава, як кажуць, post factum, супаставіць лёс і працягласць жыцця спектакля з тым, што пісала пра яго крытыка і якія прагнозы наконт яго будучыні акрэслівала. І тут шмат не надта зразумела і супярэчлівага. Гэта датычыць не толькі Опернага, але і Музычнага тэатра таксама. У свой час часопіс «Мастацтва» ў рэцэнзіі нічога не пакінуў ад пастаноўкі «Блакітная камея». Але... спектакль ідзе, карыстаецца вялікім глядацкім попытам, квіткі на яго самыя дарагія. Ад ацэнак не адмаўляемся, але атрымліваецца, што «Камея» калектыў «корміць»! У той жа час шэраг пастановак, якія крытыка падтрымлівала і ўхваляла, ціха сышоў з афішы. Тую ж сітуацыю можна назіраць і ў Оперным. Крытыкавалі мы «Анюту». І што?! Балет як ішоў, так і ідзе. З нагоды новага «Шчаўкунка» рэцэнзіі былі не крытычныя, а проста знішчальныя. Але паехаў тэатр на два месяцы на гастролі ў Еўропу. Павёз «Лебядзінае возера» і «Шчаўкунка». Гарантую, прывязе шмат прыязных рэцэнзій. Хіба не нагода сказаць: вы нас не цэніце, а вось у замежжы!..

Я не стаўлю за мэту абараняць «Сем прыгажунь». Але рынкавыя адносіны цяпер не толькі на рынку. Так, наўрад ці калектыў мае права даваць спектаклі пры напаўпустой зале. І опера, і балет — жанры па вызначэнні не проста дарагія, а вельмі дарагія. Выдаткі на вытворчасць такія, што нават аншлаг здатны іх кампенсаваць толькі часткова. Так што майстэрства стварэння «касавага» відовішча мае шмат складнікаў. Але ж і пошук ніхто не адмяняў.

«Сем прыгажунь» цікавыя для разгляду не толькі самі па сабе. А як адлюстраванне тэндэнцый, тыповых для фарміравання рэпертуару нашага тэатра. На прэм’еру выпраўлялася са скептычным настроем. «Сем прыгажунь» наша публіка пабачыла падчас гастроляў Азербайджанскага тэатра оперы і балета. Мо, аднаго разу дастаткова? Баялася ўбачыць тое ж, толькі ўвасобленае нашымі артыстамі. Да гонару тэатра заўважу: гэта іншы спектакль. З гастрольным яго яднае назва, часткова — музыка, некаторыя дзейныя асобы. І ўсё! Думаю, гэта правільны шлях.

Істотная частка клопатаў дырыжора Вячаслава Воліча была звязана з тым, каб зрабіць новую версію партытуры. У выніку ў ёй спалучыліся фрагменты трох варыянтаў балета Кара Караева. Бо для шматлікіх увасабленняў «Сямі прыгажунь» у Баку і іншых гарадах існаваў балет і ў чатырох дзеях, і ў дзвюх. У музыцы новага спектакля захаваліся незвычайная эмацыйнасць, разнастайнасць мелодый, рытмаў, багацце аркестроўкі, уласцівае кампазітару. Хоць гэта ўсё-такі крыху іншы Кара Караеў.

Мантаж партытуры залежаў ад новага лібрэта і сюжэта, дзе іначай расстаўлены акцэнты. У бакінскай версіі пэўнае засмучэнне выклікала паўтаральнасць эпізодаў, калі красуні па чарзе прадстаўлялі культуру свайго народа. У мінскай версіі сола дзяўчат маюцца, але яны не займаюць столькі месца. Калі ў музыцы і лібрэта ўсё, як кажуць, «сышлося», дык гэта сведчыць пра глыбіню партытуры і пра магчымасць рознай інтэрпрэтацыі.

Чым яшчэ прываблівае спектакль? Візуальнай маляўнічасцю і эфектнасцю, уласцівымі экзатычнаму і загадкаваму Усходу, які не адно стагоддзе натхняе творцаў. Тэма Усходу прысутнічае і ў іншых спектаклях тэатра («Баядэрка», «Бахчысарайскі фантан», «Шахеразада», «Тамар»). Прыгожае, найперш па колерах, сцэнічнае адзенне персанажаў «Сямі прыгажунь». Тканіны эфектна выглядалі ў промнях сцэнічнага святла. Застаецца ў памяці і ўбранне галоўнай гераіні, Айшы (чырвоны строй у адных сцэнах і белы ў іншых).

Для харэографа Юрыя Пузакова «Сем прыгажунь» — трэці вопыт супрацоўніцтва з нашым балетам. Яго «Каханне пад вязамі» было крытычна сустрэтае грамадскасцю. Эфектнай атрымалася «Папялушка» — не пазбаўленая, зрэшты, моцнага ўплыву драмбалета: героі надта часта хадзілі па сцэне, а спектаклю не хапала ўласна танца. «Сем прыгажунь» — больш сталая работа. Тут няма «танца глуханямых», як называюць пантаміму. Мо і не стае пластычных вынаходак, але малюнак танца выразны, эмацыйны. Прыгожыя дуэты шаха Бахрама (Ягор Азаркевіч) і Айшы (Людміла Хітрова) у 2-й дзеі. Выканаўцы гэтых партый паступова вырастаюць у вядучых артыстаў.

Пластычны Такатошы Мачыяма ў партыі Мензера, брата Айшы. Запамінаецца яго жартоўны танец-спаборніцтва з шахам, у якім пастух перамагае. Экспрэсіўны Канстанцін Кузняцоў у партыі Візіра, дарадцы шаха. Яго зайздрасць і рэўнасць актыўна рухаюць сюжэт наперад. Герой, апрануты ў чорнае, здаецца, увасабляе ўсе заганы чалавечай натуры! Такі падзел на «белых» і «чорных» уласцівы казцы.

Разнастайнасцю прывабліваюць танцы прыгажунь, у іх класічная аснова аздоблена характарнай пластыкай (індыйскай, кітайскай ці рускай). Сярод выканаўцаў партый красунь шмат моладзі, якая нядаўна прыйшла ў тэатр. Яна Штангей, Ангеліна Згурская, Вікторыя Трэнкіна, Валерыя Грудзіна — новае пакаленне балерын...

Што выклікае ў «Сямі прыгажунях» сумненні? Фінал, дзе міжволі адлюстравалася (няхай даруе Пузакоў!) водгулле «савецкай ідэалогіі». Багацеі (у асобах спачатку Візіра, а потым шаха Бахрама) гінуць, а народ (Айша і яе брат Мензер) застаецца жывы і нязломны! Разумею, гісторыю кахання шаха і Айшы трэба было «развязаць». І пажадана, каб у фінале прысутнічалі ноты драматызму.

Бакінская версія ўражвала найперш мастацкім вынікам, дзе праз фізіку высвечвала метафізіка. Бахрам, так бы мовіць, азербайджанскі Гамлет, у пошуках сэнсу жыцця вяртаўся ў пячору, дзе ўпершыню бачыў прыгажунь, і заставаўся там, бо іх вобразы аказваліся мацней за рэальнасць. У мінскай пастаноўцы метафізікі няма. У гастрольным спектаклі сем прыгажунь былі рознымі абліччамі жаночай красы. Тут яны не толькі краса, але і ўвасабленне жарсцяў, цялеснай прагі і грахоўнасці. Магчыма, прадажнасці (бо спачатку з радасцю віюцца ля шаха, потым вакол Візіра, які стаў галоўным у палацы, потым зноў ля Бахрама). Урэшце паненкі ператвараюцца ў фурый. Гарэм з красунь — тая спакуса, якую не змог пераадолець Бахрам і якая разбурыла яго шчасце з Айшой. Таму на першы план выходзіць канфлікт кахання духоўнага і цялеснага, стасункаў палігамных і манагамных.

Калі разважаеш пра каштоўнасць спектакля, абавязковасць ці выпадковасць яго з’яўлення на афішы, міжволі прыйдзеш да высновы, што працэс культурнага ўзбагачэння і ўзаемных уплываў розных народаў складаны. І лепей, калі гэта вуліца з двухбаковым рухам. Так, Кара Караеў лічыцца класікам азербайджанскай культуры. Зразумелыя намаганні яго суайчыннікаў, прыкладзеныя, каб папулярызаваць у іншых дзяржавах творчасць кампазітара. Але давайце прапануем Азербайджанскаму тэатру оперы і балета «алаверды». Напрыклад, паставіць балет «Тыль Уленшпігель» ці «Маленькі прынц» на музыку Яўгена Глебава. Натуральна, за нашы грошы, бо гэта ж мы зацікаўлены «прасоўваць» лепшае з нацыянальнага мастацтва! Але ці згодзяцца яны? Не ўпэўнена. Як і тое, ці патрэбен ім герой фламандскага эпасу або герой французскага пісьменніка.

Атрымліваецца, што, так бы мовіць, «культурная інтэрвенцыя», як і ў выпадку са спектаклем нашага Музычнага тэатра «Аршын мал Алан» (цяпер называецца «Вясельны кірмаш»), выгадная калектывам. Бо эканоміць фінансавыя сродкі, якіх не хапае і якія тэатры павінны настойліва шукаць. У якой ступені яна выгадная самой нацыянальнай культуры, на такое пытанне не адкажу. Тым больш, што заўсёды існуюць не ўвасобленыя на сцэне партытуры і аўтары, якія чакаюць гадамі і могуць не дачакацца.

А пры канцы пра здабыткі, якіх прагне крытыка і дасведчаны глядач. «Зала чакання» — аднаактовы балет, паказаны нядаўна на эксперыментальнай сцэне Опернага. Музыка Алега Хадоскі, напісаная спецыяльна для праекта. Харэографы таксама нашы, Канстанцін Кузняцоў і Юлія Дзятко. «Метамарфозы» — балет, лібрэта і харэаграфія якога належаць Вользе Костэль. Абодва спектаклі, несумненна, больш арыгінальныя, чым «Сем прыгажунь», «Анюта», «Шчаўкунок» разам узятыя. Дзякуючы нечаканасці пластычнага ўвасаблення музыкі. Сучаснаму нерву. Сінтэзу танца і спеваў (у «Метамарфозах»). Абедзве пастаноўкі — айчынны «прадукт», раней нідзе не ўвасоблены. Шмат навізны і свежасці ў харэаграфічных рашэннях.

Публіка з радасцю паглядзела. Але ці займелі пастаноўкі рэзананс, якога заслугоўвалі? Не! Так, грамадства прагне навізны, эмацыйных узрушэнняў, але калі «прарывы» здараюцца, дык па розных прычынах аказваюцца амаль незаўважанымі. Застаюцца прыватнай удачай пастаноўшчыка. У дадатак далёка не ўсе артысты мараць у такіх пастаноўках удзельнічаць. Бо іх сцэнічны лёс мала прадказальны. У згаданых спектаклях галоўныя партыі выконваў Дзяніс Клімук. Танцоўшчык харызматычны, з ярка выяўленым акцёрскім пачаткам. Восенню 2013 года ён перабраўся (спадзяюся, часова) у трупу Барыса Эйфмана. Невядома, як складзецца лёс Клімука ў Піцеры, ці вернецца ён у наш тэатр. Цяпер «Залу чакання», прабачце за таўталогію, будзем чакаць доўга. Як і «Метамарфозы».

Эксперымент патрабуе смеласці, рызыкі, таленту. Дзе і калі атрымаецца «прарыў», ніхто загадзя не скажа. У той жа час салісты ведаюць: калі яны вывучылі партыю ў балетах класічных ці новых, але запатрабаваных гледачом, пэўны час спектакль будзе ісці на сцэне. Гэта мэтазгодна і выгадна.

Так, я абедзвюма рукамі за навізну і пошук. Але пляцовак у нас не хапае (у параўнанні з Піцерам і Масквой). Мала кадраў і фінансаў. Магчымасцей запрашаць дарагіх харэографаў (як наконт Нача Дуата, «слабо»?). А як запросім, дык побач з такой харэаграфіяй ці не будзе многае выглядаць маральна састарэлым? Так што кожнаму сваё. Харэографу і танцоўшчыку, тэатру і гледачу. Кожны выбірае. Каму — «каса» і воплескі залы. А каму — эксперымент і... цішыня.

Аўтар: Таццяна МУШЫНСКАЯ
рэдактар аддзела музыкі