Рамантык страчанага часу

№ 3 (372) 01.03.2014 - 31.03.2014 г

«У пошуках раю» Выстава Роберта Геніна
З мастаком беларускага паходжання Робертам Геніным мінскі глядач упершыню змог пазнаёміцца на выставе «Мастакі Парыжскай школы з Беларусі», што адбывалася ў Нацыянальным мастацкім музеі ў 2012 годзе. Тым жа годам датуецца падрабязны аналітычны матэрыял пра гэтага творцу ў нашым часопісе. Аўтарам яго быў Аляксей Радзівонаў — калекцыянер з Санкт-Пецярбурга, які шмат год даследуе і збірае творы Роберта Геніна.

Разам з Марынай Радзівонавай ён перадаў у дар Нацыянальнаму мастацкаму музею цыкл аўталітаграфій «Кампазіцыі з постацямі» (1912), які стаў часткай музейнай выставы «У пошуках раю».

Мастак Роберт Генін нарадзіўся ў 1884 годзе ў вёсцы Высокае Клімавіцкага павета Магілёўскай губерні. Вучыўся ў Вільні і Адэсе, жыў у Германіі, Швейцарыі і Францыі. У 1936 годзе паехаў у Расію, дзе ўвосень 1941-га пакончыў з сабой.

Роберт Генін быў чалавекам няўрымслівым: не мог доўга заседжвацца на адным месцы, прага ўражанняў ахоплівала яго зноў і зноў, і ён накіроўваўся ў невядомасць — у пошуках раю. Упершыню гэта адбылося ў 1902 годзе, калі ён кінуў Адэскую мастацкую вучэльню і, пакліканы марай, паехаў у Мюнхен, далей — у Парыж. 1926-м годам датуецца яго паездка на востраў Балі. У 1936-м Генін зноў адправіўся на пошукі раю — у СССР.

У экспазіцыі Роберта Геніна былі супрацьпастаўлены творы яго двух цыклаў — «Кампазіцыі з постацямі» (1912) і працы, створаныя падчас вандроўкі на Балі (1926). У свой неакласічны перыяд Генін мроіў пра гармонію чалавека і прыроды, праз 12 гадоў ён убачыць такіх людзей і намалюе іх з натуры, але дзеля гэтага давядзецца з’ехаць на край свету.

Мастацтва Геніна ў перыяд 1911 — 1914 гадоў фарміравалася пад уплывам італьянскіх фрэсак і твораў Пюві дэ Шавана — яно набыло рысы манументальнасці. Ён выяўляў дасканалых аголеных людзей, якія працуюць і адпачываюць у ідэальных пейзажах. Рамантычная ўтопія, характэрная для карцін Геніна ранняга перыяду, знайшла сваё ўвасабленне ў цыкле аўталітаграфій «Кампазіцыі з постацямі» (1912). Творы задумваліся як эскізы фрэсак для будынка музея ў Шчэціне, але планам не наканавана было ажыццявіцца з-за вайны.

З пачаткам Першай сусветнай Роберт Генін разумее, што больш немагчыма ўвасабляць прыгожае аголенае цела, бо вайна ператварае яго ў гарматнае мяса. З 1915 года стыль мастака наблізіўся да пануючага тады нямецкага экспрэсіянізму. Аднак імкненне да ідэалу не пакідала яго, і ў 1926 годзе Генін паехаў на востраў Балі. Выспа Балі была папулярнай у Еўропе дзякуючы кнізе Грэгара Краўзэ, выдадзенай у 1920 годзе, у ёй было шмат фатаграфій з балійкамі і балійцамі ў іх натуральным асяроддзі. На многіх здымках яны аголеныя. Генін быў у захапленні ад кнігі, яна магла нагадаць яму атмасферу ўласных карцін з ідэальнымі постацямі, якія ён ствараў да Першай сусветнай. Перад творцам адкрывалася магчымасць не толькі перанесціся ў той шчаслівы мірны час, але і самому апынуцца ў сапраўдным райскім месцы.

З Інданезіі Генін прывёз вялікую колькасць замалёвак з натуры. Найбольш распаўсюджаныя сюжэты гэтых лірычных пастэлей — вытанчаныя партрэты баліек з кветкамі і іх грацыёзныя постаці з малпачкамі. Па вяртанні ў Еўропу Генін пісаў, што творы балійскага перыяду дапамаглі яму знайсці ўласны стыль, яны — лепшае з таго, што яму дагэтуль удалося зрабіць. У 1928 годзе тыражом 150 тысяч асобнікаў у Берліне была выдадзена кніга Геніна «Далёкая выспа», дзе ён з’яўляецца аўтарам і тэксту, і малюнкаў. Яго рукапісную кнігу «Балі» з падарожнымі ўражаннямі і зробленымі з натуры выявамі купіў дырэктар Музея прыкладнога мастацтва ў Кёльне Карл Віт. Сёння яна захоўваецца ў тым жа горадзе ў Музеі Людвіга. 

Аляксей РАДЗІВОНАЎ