Знітаваныя юбілеі

№ 3 (372) 01.03.2014 - 31.03.2014 г

«Мінскі джаз-2014»
Хоць джаз і называюць мастацтвам адносна маладым, гэта не замінае пачціва зважаць на яго ўжо больш як стагадовую, досыць багатую і складаную гісторыю.

Не ў календарах (ведаеце крылаты радок пра іх сумніўную праўдзівасць?), а менавіта ў гісторыі знайшоў маэстра Міхаіл Фінберг знітаваныя між сабою дзве знакавыя даты. І вырашана было справіць сёлета двайны юбілей: паяднаўшы дзве адметныя падзеі, прысвяціць ім традыцыйны зімовы праект «Мінскі джаз», які Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі ладзіць роўна чвэрць стагоддзя пры падтрымцы сталічнай мэрыі.

У той вечар на заўсёднай тэрыторыі «Мінскага джаза» (Клуб імя Дзяржынскага) гледачоў і музыкантаў лучыла агульная радасць: насуперак эканамічным цяжкасцям удалося захаваць у сталічнай фэст-прасторы штогадовае свята жывога гуку. 25 гадоў паспяховаму творчаму праекту — наконт гэтай даты зразумела. Адкуль жа другі сёлетні юбілей — 75-годдзе беларускага джаза?

Легенды радаводнага дрэва

Не здзіўляйцеся, але мне згадаўся легендарны айчынны класік Анатоль Багатыроў. Падчас адной з нашых размоў Анатоль Васільевіч расказваў пра ўласныя музычныя захапленні ў школьныя гады. І са шчаслівай усмешкай успамінаў модны ў той час джаз-аркестр «на бутэльках», які ён стварыў разам з таленавітым прыяцелем — Маркам Фрадкіным (потым папулярным на савецкай эстрадзе кампазітарам-песеннікам). Хлопцы рабілі адмысловы падбор пустых шкляных бутэлек так, што на лёгкі ўдар кожная адгукалася пэўнай нотай, і можна было сыграць паўнавартасную гаму, імправізаваць, выконваць арыгінальную музыку. Гэта быў Віцебск 1920-х...

Інакш кажучы, цікавасць нашых землякоў да джазавай музыкі сягае ў далёкае культурнае мінулае. У ім яшчэ столькі белых плям! Аднак дакладна вядома, што быў у Беларусі надзвычай папулярны свой першы прафесійны дзяржаўны джаз-аркестр, ды які!

75 гадоў таму Эдзі Рознер, лепшы джазавы трубач у Еўропе (да таго ж ён выдатна граў на скрыпцы, меў славу дырыжора, кампазітара, аранжыроўшчыка і надзвычай таварыскага чалавека, здатнага лёгка ладзіць кантакт з разнамоўнай публікай), апынуўся на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Яшчэ да пачатку Другой сусветнай вайны ён, ратуючыся ад правакацый гітлераўскіх нацыстаў, пераехаў з Германіі ў Польшчу, а потым мусіў шукаць прыстанішча па той бок мяжы. У Беластоку пазнаёміўся з Панцеляймонам Панамарэнкам. Першы сакратар ЦК КП(б)Б аказаўся гарачым прыхільнікам джаза і пачаў асабіста апекавацца дзейнасцю маэстра. З музыкантаў-бежанцаў Рознер згуртаваў аркестр, які, на думку гісторыкаў, стаў еўрапейскім узорам свінгавага джаза. Створаны ў 19З9 годзе беластоцкі калектыў неўзабаве атрымаў статус Дзяржаўнага джаз-аркестра БССР. Для яго гастроляў па распараджэнні Панамарэнкі быў абсталяваны спецыяльны цягнік. Канцэрты па Беларусі ды ў гарадах Савецкага Саюза выклікалі фантастычны розгалас; «на ўра» прымалі джазменаў падчас Дэкады беларускага мастацтва ў Маскве. Давялося зладзіць — і паспяхова! — персанальную імпрэзу для Сталіна, дзеля чаго аркестр тэрмінова выклікалі ў Сочы. А калі пачалася Айчынная вайна, музыканты пад кіраўніцтвам заслужанага артыста БССР, артыстычнага Эдзі Рознера часта выступалі ў тыле і перад франтавікамі.

У 1946-м, калі ў СССР усчалася барацьба з «ідэалагічна шкоднай» музыкай, Эдзі Ігнатавіч ажыццявіў саматужную і няўдалую спробу з’ехаць разам з сям’ёй у Польшчу. Наступствы вядомыя... Пасля доўгіх лагерных гадоў працаваў у Маскве, стварыў там эстрадны аркестр з багатым рэпертуарам, які актыўна ўдзельнічаў у канцэртным жыцці, запісаў музыку да знакамітай камедыі «Карнавальная ноч» і паўдзельнічаў у яе здымках, заставаўся запатрабаваным і... «невыязным». Зрэшты, не будзем засяроджвацца на драматычных акалічнасцях, праз якія 61-гадовы кумір публікі Эдзі Рознер мусіў пайсці з «Росконцерта» на пенсію. Свой апошні аркестр ён здолеў арганізаваць пры Гомельскай абласной філармоніі. На пачатку 1973-га Эдзі Ігнатавіч з’ехаў у Заходні Берлін. Пражыў яшчэ тры з паловай гады, цяжка хварэў. Там і пахаваны.

Зорнае імя Рознера на доўгі час трапіла пад забарону савецкай цэнзуры, а многія з яго запісаў былі знішчаны. Аднак заставаліся шматлікія прыхільнікі, калегі, паслядоўнікі. У эпоху дэмакратычных змен яны згуртаваліся ў новы маскоўскі аркестр на чале з Анатолем Кролам, добра вядомым і ў Мінску. Ды і ў радаводным дрэве беларускага джаза ёсць магічны ўплыў легендарнага Эдзі. Знакавая асоба — Юрый Бяльзацкі (сёлета спаўняецца 105 гадоў з дня яго нараджэння). Дырыжор, піяніст, аранжыроўшчык, аўтар акадэмічных і эстрадных твораў, прыняты ў Саюз кампазітараў БССР, ён як музыкант аркестра прайшоў «школу Рознера» ў 1939—1946 гадах. Спавядаў яе традыцыі, працуючы ў розных творчых асяродках, у тым ліку мастацкім кіраўніком эстраднага калектыву радыё. Гэтыя традыцыі адмыслова падсілкоўвалі джазавы досвед Барыса Райскага, Яўгена Грышмана, Яўгена Глебава, Андрэя Шпянёва... І, вядома, Міхаіла Фінберга, колішняга маладога трамбаніста Эстрадна-сімфанічнага аркестра Беларускага радыё пад кіраўніцтвам Райскага.

На пачатку 1970-х Фінбергу давялося і асабіста пазнаёміцца з маэстра Рознерам, і наведаць незабыўны мінскі канцэрт грандыёзнага інструментальнага сузор’я Дзюка Элінгтана. Далей — гады барацьбы за ідэю стварэння новага беларускага аркестра. Малады лідар збіраў майстроў імправізацыі, лепшых эстрадных музыкантаў у літаральным сэнсе пад купалам цырка і знаходзіў магчымасць рыхтаваць з імі не толькі акампанемент да цыркавых нумароў, а і самастойныя канцэртныя праграмы, рабіць студыйныя запісы і выязджаць на гастролі.

Можна шмат распавядаць, як нараджаўся цяпер ужо Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр. Але яго стваральнік Міхаіл Фінберг сёння падкрэслівае галоўнае: заснаваны ў 1987-м калектыў не ўзнік сам па сабе, а з’явіўся як спадкаемца, пераемнік, прадаўжальнік традыцый першага беларускага дзяржаўнага джаз-аркестра, згуртаванага Эдзі Рознерам, і той далёкі 1939-ы трэба лічыць годам нараджэння беларускага джаза.

Майстры імправізацыі

Падкрэсліваючы інтэрнацыянальную прыроду, эмацыйную яркасць, адкрытасць і «таварыскасць» джаза, маэстра імкнецца захаваць міжнародны аспект свята, а кожнай праграме надаць зорны бляск і прэм’ерны акцэнт. Непахісная грунтоўная прафесійнасць тут спалучаецца са спантанным крэатывам, узорна-класічныя каноны — з духам пошуку і абнаўлення. Калісьці на фестывальнай тэрыторыі адзначалі 90-годдзе з дня нараджэння Алега Лундстрэма, узнаўлялі дэбютны рэпертуар аркестра Эдзі Рознера, прэзентавалі творчасць жывой легенды канадскага джаза Роба МакКонела. Поруч або ў партнёрстве з нашым Біг-бэндам (бывала, і са струннай групай аркестра) гралі, спявалі ды свінгавалі госці з Аўстрыі, Германіі, ЗША, Літвы, Расіі, Францыі... А сёлетні фэст упрыгожыла зіхоткім дыяментам свайго вакалу зорка расійскага джаза Карына Кажэўнікава — стыльная, класная, высокатэхнічная.

Два вечары «Мінскага джаза-2014» — і тысячы імгненняў шчырасці. Шчыравалі майстры імправізацыі, апалагеты жывога гуку, беларускія зоркі еўрапейскай велічыні — артысты Біг-бэнда. За магутным поліфанічным драйвам, сольнымі інструментальнымі выказваннямі, вакальным свінгам — свая складаная і непрадказальная драматургія, за якой, як за ўсялякім творчым працэсам, надзвычай цікава сачыць.

Вось да музычных перазоваў духавых і клавішніка (Уладзіслаў Пятроўскі) спакваля дадаюцца тэмпераментныя «рыфы»-пасажы гітары Сяргея Анцішына, і раптам пачынае дамінаваць тэнар-саксафон Андрэя Кляшчова. Ды неўпрыкмет вылучаецца на першы план гітарны бас Аляксандра Каліноўскага; хвіліна — і ён ужо свінгуе-перагукаецца з Уладам Пятроўскім (19-гадовы артыст, самы малады ў аркестры, падчас фэсту прадэманстраваў і здольнасць карыстацца выразным «інструментальным» тэмбрам уласнага голасу). Цягам праграмы здзяйсняе сакральны рытуал Уладзімір Ксёнц: мяняе свой альт-саксафон на сапрановы інструмент. І раптам бярэ кларнет (ён хоць і «блізкі родзіч» караля джаза, але мала хто з музыкантаў пагадзіўся б сумяшчаць ігру на саксафоне з сольнымі імправізацыямі на больш цяжкім для выканаўцы інструменце). Пранікнёнае «sotto voce» кларнета перахоплівае імправізацыя гітары Анцішына... І вось ужо, атулены подыхам аркестра, высноўваецца то выразны дыялог, то дуэт гэткіх розных інструментальных галасоў. У адной прыгожай мелодыі — усе адценні пачуццёвасці: ад пяшчоты да жарсці, ад замілаванасці да тугі. Няўжо тая самая «Mañana»?

Класіка Джорджа Гершвіна, Дзюка Элінгтана, Каўнта Бэйсі; пазітыў з рэпертуару «Бітлз»; сімфанізаваныя партытуры нашага сучасніка Куінсі Джонса, дыяпазон стасункаў якога — ад Фрэнка Сінатры да Майкла Джэксана; сонечная самба, у якой «з абедзвюх рук», чаргуючы класічную трубу і мініяцюрны інструмент, выдае залатыя снайперскія ноты легендарны Валерый Шчарыца.

У гэтым дасканалым ансамблі салістаў — самавіты і магічны, як ільвіны рык, тэмбр інструмента Паўла Бяляўскага (барытон-саксафон); галавакружныя «ўдарныя штучкі» чарадзеяў рытм-групы Вадзіма Чайкова, Паўла Галянкова ды Канстанціна Гардзея; пластычнае гучанне трамбона, «адухоўленага» Дзмітрыем Бударыным; вакал Наталлі Тамелы, адценены спевам трубы Дзмітрыя Ціхановіча...

У працяг сямігадовай традыцыі фэсту — цырымонія ўзнагароджвання новых уладальнікаў прэміі аркестра «Лепшы джазмен года». Гэтым разам у сузор’е самых-самых трапілі трубачы Сяргей Андрончык, Андрэй Перадзерый, Аляксандр Цулыгін ды трамбаністы Сяргей Фалевіч і Вячаслаў Чыслоў.

Перпетуум мобіле

Цяпер Міхаіл Фінберг сам вядзе і каменціруе праграмы Біг-бэнда, што дадае іх атмасферы імправізацыйнага шарму і шчырасці. У разгар самазабыўнага свінгу маэстра паварочваецца тварам да публікі, заахвочвае рытмічныя воплескі, дырыжорскім жэстам «раскручвае» авацыі, адрасаваныя салістам. У паўзах прадстаўляе сваіх унікальных артыстаў. Дзеліцца інфармацыяй пра дзейнасць аркестра, які стварыў 34 манаграфічныя праграмы песень на вершы беларускіх паэтаў, правёў імпрэзы на дваццаці пяці міжнародных фестывалях «Славянскі базар у Віцебску» і дваццаці Нацыянальных святах песні і паэзіі ў Маладзечне, ажыццявіў 189 фэстаў у рэгіёнах краіны... Няспынны рухавік скіроўвае музыкантаў да новых праектаў: у сакавіку — «Шлягеры на ўсе часы», да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад гітлераўскай навалы — прэм’ера тэатралізаванай імпрэзы «За Перамогу!». І, адпаведна штогадоваму раскладу, — усе традыцыйныя фестывалі... 

Святлана БЕРАСЦЕНЬ