Павянчаны з Мельпаменай

№ 3 (372) 01.03.2014 - 31.03.2014 г

Выстава да 100-годдзя мастака Яўгена Чамадурава
Яго імя даўно і трывала ўвайшло не толькі ў гісторыю беларускай нацыянальнай сцэнаграфіі, але і ў гісторыю сусветнага тэатральнага мастацтва.

Чаму менавіта сцэнаграфія так зачаравала душу творцы, назаўсёды павянчала яго з музай Мельпаменай? І наогул, у чым своеасаблівасць яго мастакоўскага мыслення? Як здолеў ён у самых розных краінах свету быць зразумелым і зразуметым, незалежна ад ментальнасці публікі? Бо ганаровыя званні «Народны мастак Беларусі», «Заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі», «Заслужаны дзеяч мастацтваў Таджыкістана», «Заслужаны дзеяч мастацтваў Літвы», акадэмік Пятроўскай акадэміі навук і мастацтваў (Пецярбург), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР так проста не даваліся.

На мой погляд, разважаючы пра творчасць Яўгена Чамадурава, можна казаць аб прафесіяналізме як умове, а не проста як крытэрыі творчасці. Аб разуменні тэатра не як тэрыторыі, дзе служыш, працуеш, удзельнічаеш у пасяджэннях мастацкіх саветаў, а як месца, дзе вырашаеш духоўныя праблемы быцця, дзе прафесія шчыльна спалучана з маральнасцю і ўнутранай культурай. У той жа час Чамадураў неаддзельны ад вобраза тэатральнага рамантыка, неўтаймоўнага ў творчых памкненнях, бо ніколі не ішоў на кампрамісы, а заўсёды шукаў нейкі вышэйшы сэнс свайго прызвання. І менавіта гэтым якасцям ён шмат гадоў вучыў студэнтаў у Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце.

У апошняе дзесяцігоддзе жыцця Яўгена Чамадурава лёс падараваў мне сяброўства з ім, і гэтаму не перашкодзіла вялікая розніца ва ўзросце паміж намі. Нашы сустрэчы заўсёды былі для мяне святам, бо аповеды Чамадурава пра таямніцы тэатральнага жыцця, яго ўспаміны пра «далёкае і блізкае» праз глыбінныя экскурсы ў гісторыю краіны і сусветную гісторыю мастацтва, расказы пра знакамітых людзей — усё гэта па-сапраўднаму цікавіла мяне.

Высокая выяўленчая культура, свабоднае валоданне прасторай сцэны, уменне архітэктурай пашыраць гэтую тэрыторыю, паглыбляючы такім чынам сэнсавыя пласты, глыбокае разуменне драматургіі дзейства ўтвараюць пласт вялікіх дасягненняў сусветнай сцэнаграфіі. Гэтыя якасці былі ўласцівы Галавіну і Каровіну, Дабужынскаму і Баксту, Бенуа і Судзейкіну, Вірсаладзэ і Рындзіну. Чамадураў даказаў, што праўда на сцэне не можа быць перададзена толькі сродкамі ілюстрацыйнай дэкарацыі, падобнай, скажам, да станковай карціны. Усе гэтыя правілы ў яго творчасці, натуральна, эвалюцыянавалі: то абагульняліся да сімвала, то рабіліся больш канкрэтнымі, то ўзбагачаліся свежымі арыгінальнымі колерамузычнымі метафарамі, падпарадкоўваючыся законам стылістычнай цэласнасці таго або іншага спектакля. І ў той жа час у іх прысутнічаюць і дакладныя рысы эпохі, у якой разгортваецца дзеянне, і камфортная псіхалагічная атмасфера для артыстаў, і непаўторнае святло дабра і хараства. І ўсё гэта разам стварае той сутнасны, канцэптуальна ідэальны вобраз, дзеля якога і нараджаецца спектакль.

А як Чамадураў цудоўна ўмеў падпарадкоўваць архітэктурныя формы сюжэту, мінулай эпосе ці сучасным рэаліям быцця, ствараць іманентную вобразную субстанцыю — умоўна арганізаваную прастору, дакладней, ігравое поле, якое потым «абжываў» рэжысёр. У гэтай сувязі можна ўспомніць яго маляўнічыя, дзівосна арганізаваныя дэкарацыі да спектакляў «Хаваншчына», «Арэстэя», «Пікавая дама», «Дон Кіхот», «Кармэн», «Альпійская балада», «Зорка Венера», «Дзяўчына з Палесся», «Папялушка» і іншых, дзе шчасліва спалучаліся глыбіня зместу і арыгінальныя сцэнічныя формы.

Вядома, цяпер цяжка разважаць наконт агульнага сцэнічнага вобраза тагачасных спектакляў Чамадурава — іх проста ўжо не існуе. Добра, што захаваліся дзясяткі яго эскізаў дэкарацый і касцюмаў, па якіх можна меркаваць аб тым, як быў «апрануты» спектакль. Што казаць, разрыў паміж эскізам і рэальным жыццём сцэнаграфіі вечны і абсалютны, і барацьба за яго скарачэнне ніколі не скончыцца. Але такі лёс гэтага чароўнага віду мастацтва...

Хіба можна, разглядаючы станковыя эскізы да «Барыса Гадунова», уявіць сабе сёння, якім манументальным і велічным відовішчам паўставала ў 1970-я гады опера перад ашаломленымі аргенцінцамі ў перапоўненай зале велізарнага тэатра «Калон» у Буэнас-Айрэсе? Хіба эскізы ў стане перадаць казачную атмасферу, якая панавала на сцэне бухарэсцкага тэатра дзякуючы гарманічнаму сінтэзу аб’ёмных, амаль рэальных скульптур багоў і сфінксаў з дэкарацыямі і касцюмамі герояў «Аіды» — і ўсё гэта ва ўзаемастасунках з геніяльным вердзіеўскім сімфанізмам і дзівоснымі галасамі салістаў і хору? А як сёння расказаць пра тое грандыёзнае ўражанне, якое зрабіла на публіку пастаноўка «Лебядзінага возера» ў афармленні Чамадурава на Саборнай плошчы Будапешта, пад адкрытым небам, на фоне гатычнага сабора?

...Творчы лёс Чамадурава мог бы скласціся іначай — і тады ў мастацтве ён застаўся б як гістарычны жывапісец. Бо Яўген Рыгоравіч пачынаў вучыцца ў ленінградскай Акадэміі мастацтваў на жывапісным факультэце, і яго курсавыя кампазіцыі пра Пугачова і Сцяпана Разіна яскрава сведчылі, што з маладога студэнта можа вырасці таленавіты баталіст. Але Яго Вялікасць Тэатр перамог! Чамадураў перайшоў у тэатральна-дэкарацыйную майстэрню Міхаіла Бобышава, нягледзячы на адгаворы ранейшых педагогаў Яўгена Лансэрэ і Ганны Астравумавай-Лебедзевай. Ён проста ўжо не ўяўляў сваю кар’еру без сцэнаграфіі. Падчас вучобы на новым аддзяленні адрэстаўраваў дэкарацыі Аляксандра Галавіна да лермантаўскага «Маскараду» і па эскізах Кузьмы Пятрова-Водкіна аформіў спектакль «Вар’яцкі дзень, або Жаніцьба Фігаро» Бамаршэ. Пасля паспяховай абароны дыплома (эскізы да спектакля «Зямля» па раману Мікалая Вірты) маладога выпускніка запрашалі некаторыя тэатры Ленінграда і кінастудыя «Ленфільм», але... Быў абраны таджыкскі горад Сталінабад (Душанбэ), дзе ў Тэатры драмы імя Лахуці мелася магчымасць не толькі пісаць эскізы, але і самому ставіць п’есы. Аднак жаданне працаваць менавіта над музычнымі спектаклямі прымусіла яго перайсці ў мясцовы Тэатр оперы і балета імя Айні. І першай работай стала опера «Тахір і Зухра». Гэта — 1944 год. Калі б не вайна, дык гэты «таджыкскі» перыяд можна было б лічыць цалкам шчаслівым: поспех спектакляў, шлюб з прыгажуняй Азай Штанковай, любімае паляванне і вандроўкі па сярэднеазіяцкіх прасторах і гарах... А потым лёс перакінуў мастака ў Маскву — у Маскоўскі тэатр драмы імя Маякоўскага да знакамітага рэжысёра і акцёра Мікалая Ахлопкава, затым — у Чэлябінск, дзе ён чатыры гады быў галоўным сцэнографам Тэатра оперы і балета.

Ішоў 1958 год. Тагачасны міністр культуры БССР Рыгор Кісялёў пабачыў у Маскве праграму харэаграфічнага балетнага шоу «Зімовая фантазія» ў афармленні Чамадурава і адразу ж, у Доме Саюзаў, пазнаёміўся з творцам. Угаварыў яго ехаць у Мінск і стаць галоўным мастаком Беларускага акадэмічнага тэатра оперы і балета. І неўзабаве, якраз 55 гадоў таму, у 1959-м, Яўген Рыгоравіч прыбыў у беларускую сталіцу, каб да канца свайго доўгага жыцця звязаць лёс з добрай і мужнай Беларуссю (мастак, былы сібірскі хлопчык, так называў новую радзіму). Колькі ён паставіў у гэтым тэатры спектакляў, у тым ліку на нацыянальным матэрыяле, — не пералічыць! Некаторыя з іх праз нейкі час аднаўляліся, зноў уводзіліся ў рэпертуар. Некаторыя спектаклі, якія ішлі на гэтай сцэне, мастак афармляў і ў іншых тэатрах. Але ніколі не паўтараў дэкарацый, заўсёды наноў прыдумваў увесь спектакль.

Усяго ў актыве мастака — звыш двухсот работ. Сярод іх ганаровае месца займае «Аіда». Спектакль са сцэнаграфіяй Чамадурава доўгі час ішоў у Казанскім тэатры оперы і балета, а таксама ў Бухарэсце. А вось славутую беларускую «Аіду», увасобленую ў 1953 годзе, рэжысёр Ларыса Александроўская рабіла разам з мастаком Сяргеем Нікалаевым. У маі 2011-га, калі Чамадурава ўжо пяць гадоў не было ў жывых, галоўны рэжысёр тэатра Міхаіл Панджавідзэ прыняў рашэнне стварыць новую пастаноўку «Аіды», выкарыстоўваючы эскізы, зробленыя Яўгенам Рыгоравічам для бухарэсцкай версіі оперы.

У студзені 2014-га, у гонар 100-гадовага юбілею сцэнографа, у тэатры была паказана гэтая дзівосная пастаноўка. І зноў — аншлаг... Што казаць, сапраўднае мастацтва ніколі не памірае! Праз некалькі дзён пасля спектакля, менавіта ў дзень нараджэння маэстра, у Музеі музычнай і тэатральнай культуры адбыўся вернісаж яго твораў, дзе былі прадстаўлены эскізы дэкарацый і касцюмаў, афішы, партрэт мастака, зроблены скульптарам Генадзем Мурамцавым, мемуарная кніга Чамадурава «Мой дваццаты век», якую ён напісаў незадоўга да смерці. На вернісаж прыйшлі і былыя студэнты выдатнага педагога.

Толькі на пачатку 1990-х скончылася плённая 30-гадовая дзейнасць Яўгена Чамадурава ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце. Сярод ягоных вучняў — такія вядомыя майстры, як Барыс Герлаван, Мікалай Апіёк, Яўген Ждан, Аляксандр Салаўёў, Уладзімір Гардзеенка, Юрый Тур, Барыс Казакоў.

Вядома, лёс Чамадурава — мастака, педагога, грамадзяніна — па-свойму ўнікальны. І гэтая ўнікальнасць была закладзена, відаць, у генах продкаў, якія, незалежна ад сферы іх дзейнасці, ніколі не адступалі ад сваіх прынцыпаў сумлення, гонару і чалавечай годнасці. І ў гэтым сэнсе Яўген Рыгоравіч, які быў звязаны прамымі і ўскоснымі сувязямі з выдатнымі дзеячамі XVIII—XIX стагоддзяў (дваранскія роды Раеўскіх і Трубяцкіх) і палову жыцця прысвяціў узнаўленню свайго радаводу, з’яўляецца ўзорам маральнага падзвіжніцтва і духоўнага адраджэння. Чым не прыклад для сённяшняга маладога пакалення творцаў? 

Барыс КРЭПАК