Фінансы, выставы, майстэрні ды іншае

№ 2 (371) 01.02.2014 - 28.02.2014 г

Чым жыве Саюз мастакоў?
Напрыканцы 2013 года старшынёй Беларускага саюза мастакоў быў абраны Рыгор Сітніца, які дагэтуль займаў пасаду намесніка. З’езд творчай арганізацыі праходзіў у няпростых варунках: былі нараканні на форму яго правядзення, прэтэнзіі да кіраўніцтва, таму раз ад разу падчас нашай размовы Рыгор Сітніца звяртаўся да гэтых унутраных спрэчак.

кі плён працы саюза, ці патрэбна яму рэфармаванне дзеля стварэння адэкватнай часу мадэлі, ці зменіцца фармат выстаў, ці ператворыцца 
Палац мастацтва ў месца артыстычнай падзейнасці? Вырашэнне такога кшталту пытанняў можа паспрыяць актывізацыі мастацкага жыцця і паляпшэнню якасці творчых праектаў.

Я буду весці гутарку выключна як старонні назіральнік, мяне найперш цікавяць мастацкія пытанні, а не ўнутраныя канфлікты творчай арганізацыі. Уявім сабе такую гіпатэтычную сітуацыю, што Саюз мастакоў разваліўся... Ці стане гэта катастрофай для нашага мастацтва? Так, безумоўна, для многіх акажацца немагчымым аплаціць майстэрню, не будзе заказаў, заслужаных персанальных выстаў і матэрыяльнай базы для стварэння прац. Але ў гісторыі і нашмат горшыя сітуацыі папярэднічалі ўзнікненню шэдэўраў. Такая крамольная думка закралася ў галаву падчас працы з’езда, калі я разглядала творы сяброў арганізацыі, развешаныя на сценах. Убачанае крыху прыгнятала: зашмат «прахадных» прац, зробленых без асаблівых высілкаў рукі, душы і інтэлекту. Ці можа ваша творчая арганізацыя рэальна ўплываць на мастацкі працэс? Такое ўражанне, што гэта аўтаномная і самадастатковая структура: самі сябе выстаўляеце, самі ходзіце на сябе глядзець, самі сябе хваліце...

— Па-першае. Саюз мастакоў не разваліўся. Прыкметы развалу, якія маглі выявіцца на з’ездзе, — трывожныя, але падманныя. Пераважная большасць людзей усё ж трымаецца тых правіл, згодна з якімі яны пагадзіліся быць сябрамі гэтай арганізацыі. Анархія, якая ўтварылася перад з’ездам і падчас яго правядзення, — вынік дзейнасці бясспрэчнай меншасці, пакрыўджанай тым, што ім нечага недадалі. Я рады, што сярод гэтай публікі няма творцаў першай велічыні, якія не могуць паводле сваёй прыроды займацца інтрыгамі, даносамі, чыніць гвалт, таму што яны мастакі і іх свядомасць працуе абсалютна іначай. Ці можна ўявіць Гаўрылу Вашчанку, Віктара Грамыку ці Георгія Паплаўскага ў гэтай кагорце?

Што датычыць выставы — яна рыхтавалася адмыслова да з’езда, і кожны сябра Саюза мастакоў меў права прадставіць твор, які, на ягоную думку, яго характарызуе. Мы не рабілі значнага адбору, бо сапраўды — кожны мае права паказаць сябе як сябра творчай супольнасці. Нават тэрмін працы экспазіцыі быў кароткі, бо яна рабілася хутчэй для ўнутранага карыстання. Там былі і звычайныя творы, але былі і выдатныя. Калі апошніх — працэнтаў пяць, то яны абсалютна апраўдваюць прысутнасць астатніх дзевяноста пяці. Калі на канцэрце пачуеш пяць працэнтаў па-сапраўднаму добрых твораў, то вынік ужо выдатны. Або ўявім зборнік апавяданняў: толькі адно з іх узрушыла і захапіла...

Зборнік апавяданняў — не такая цэласная рэч, як выстава.

— Цэласная, бо аднаго аўтара. Я гляджу на гэта спакойна: сёння мы, мастакі, такія, якія ёсць. Часам — скандальныя, часам — інтрыгоўныя, часам — хамскія, выбачайце. Сорамна робіцца за такіх людзей. Але хай Бог даруе нядобразычліўцам, а я ім ужо дараваў раней. І сам прабачаюся перад усімі за тыя рэчы, якія часам не ўпрыгожваюць нашу арганізацыю. У творчай супольнасці могуць быць апаненты, але паводзіць сябе варта цывілізавана і шляхетна, адпаведна статусу мастака.

Так, але пытанне было не пра гэта...

— Калі Саюз мастакоў раптам перастане існаваць, вельмі праблематычная сітуацыя ў мастацтве будзе некалькі першых гадоў — пакуль не ўтворыцца іншая суполка. У некаторых суседніх з намі краінах, якія ўвайшлі ў Еўрасаюз, творчыя арганізацыі паразвальваліся, але хуценька ўтварыліся новыя...

З гэткімі ж структурамі?

— Яны розныя, а вось у нас застаўся свой Палац мастацтва, мастацкія камбінаты, якія даюць працу, і толькі ў Мінску — трыста ўласных майстэрняў, дзе мастакі не плацяць арэнду. Такога нідзе больш няма. Думаць, што мы такі саўковы заказнік, рарытэт былой савецкай краіны, — вялікая памылка. Мы даўно не тыя, але захавалі лепшае — і гэта факт. Многія творчыя саюзы былых савецкіх рэспублік распрадалі сваю маёмасць ці не змаглі ўтрымаць па прычыне рынкавай эканомікі. А мы здолелі. У нас і метра квадратнага не згубілася. Ледзьве не трэцяя частка маладзёжнай секцыі мае майстэрні, хоць яны яшчэ і не зусім сябры саюза. Дарэчы, літаральна праз тыдзень мае адбыцца Прэзідыум, дзе мы будзем размяркоўваць майстэрні і некалькім чальцам маладзёжнай секцыі пастараемся прадставіць памяшканні для працы. Дадзім моладзі мажлівасць самавыяўляцца. На гэты год мы запланавалі чатыры выставы, дзе змогуць паказаць свае працы не толькі сябры саюза, але і студэнты (для ўступлення ў маладзёжную секцыю патрабуецца ўдзел у пяці выставах). Так можна зарабіць права ўступіць у арганізацыю і атрымаць пэўныя прэферэнцыі. Вось канкрэтны прыклад, для чаго патрэбна наша творчая супольнасць.

База ёсць, структура саюза захавалася, рамонт Палаца мастацтва робіцца, выставы фінансуюцца. Што тычыцца якасці гэтых выстаў... Ці заўсёды яны прэзентуюцца на сучасным узроўні і ўвогуле цікавыя гледачу? Была зладжана экспазіцыя секцыі жывапісу «Праект». Намеснік старшыні па выставачнай дзейнасці Леанід Хобатаў прапанаваў прыгожую канцэпцыю прэзентацыі, секцыя нібыта не пагадзілася, выстава прайшла традыцыйна. Хто ў Саюзе мастакоў рэальны арганізатар выстаў? Была ж пасада мастацтвазнаўцы ў Палацы мастацтва? Ды і сам Палац на сёння — проста выставачная плошча, а не галерэя з уласнай канцэпцыяй...

— Мастацтвазнаўцы, што працавалі ў Палацы мастацтва, калі мы былі яшчэ багатыя і маглі сабе такое дазволіць, не займаліся арганізацыяй выстаў, а праводзілі экскурсіі, лекцыі. Нашы экспазіцыі ладзіць Саюз мастакоў разам з секцыямі, якія ўносяць свае прапановы. Што да выставы «Праект», то яна была, скажам так, прыстойнай. Маю на ўвазе — звычайная, бесканфліктная. Было даволі шмат якасных твораў. Назва — «Праект», а самога праекта не адбылося па суб’ектыўных прычынах, бо людзі, якія прадумвалі ўсю канцэпцыю, не здолелі зрабіць таго, што запланавалі.

Мы сёння заклікаем усіх — не толькі сяброў творчага саюза (я вяду перамовы і са сваімі колішнімі вучнямі, якія цяпер з’яўляюцца студэнтамі Акадэміі мастацтваў) — удзельнічаць у нашых праектах. Скажам, у нас запланавана выстава, прысвечаная Кастусю Каліноўскаму і паўстанню 1863—1864 гадоў. Яна павінна была адбыцца летась, але я настаяў на тым, каб выставу перанесці. Храналагічна гэта апраўдана: паўстанне закранула і 1864 год. Але галоўная прычына ў тым, што як чалавек, прыхільны да беларускай патрыятычнай тэматыкі, я б вельмі хацеў, каб тэма прагучала на зусім іншым якасным узроўні. Згадваю, з якой цяжкасцю мы правялі выставу да 130-гадовага юбілею Якуба Коласа і Янкі Купалы. Выстава, што адбылася трыццаць гадоў таму, была на парадак мацнейшай за леташнюю. Таму я і турбую сваіх вучняў, а таксама мастакоў, якія супрацоўнічаюць з галерэяй «Ў», просьбамі зрабіць для будучай экспазіцыі ў Палацы мастацтва творы на тэму «Каліноўскі і паўстанне» на актуальнай сёння пластычнай мове. Хочацца, каб гэтая тэма прагучала інакш, чым трыццаць гадоў таму. І каб не адбылося дэвальвацыі. Гэтую асобу і тыя падзеі трэба рэпрэзентаваць адпаведна нашаму часу. Не зусім упэўнены ў поспеху, але мне, як кіраўніку Саюза мастакоў, хочацца пашырыць дыяпазон і выстаў, і імпрэзаў. Не можам мы адштурхнуць і мастакоў традыцыйнай мастацкай арыентацыі. Я сам недалёкі ад традыцыяналізму, хоць ён у мяне даволі спецыфічны. Шаную людзей, якія прытрымліваюцца мастацкай традыцыі, аднак прафесійны ўзровень павінен быць у наяўнасці ў любым творы. Тады знойдзем месца ўсім! Іншая справа, што ў такога кшталту экспазіцыях, дзе спалучаюцца розныя кірункі, трэба выбудоўваць лініі напружання паміж асобнымі мастацкімі выказваннямі.

Я стаўлю перад сабой задачу рэабілітаваць Палац мастацтва. Мы павінны вярнуць яму статус цэнтральнай выставачнай пляцоўкі.

Так, сапраўды, калі вы збіраецеся ператварыць яго ў значны мастацкі цэнтр, як было сказана на з’ездзе Саюза мастакоў, трансфармацыі ў выставачнай палітыцы неабходны.

— Наконт мастацкага цэнтра... Падчас з’езда ў зале Палаца мастацтва быў выстаўлены макет будучага арт-цэнтра, і мяне моцна здзівіла выданне, якое паведаміла, што Сітніца паабяцаў збудаваць новы Палац мастацтва. Ні слова пра тое не было вымаўлена, я сказаў, што ёсць мара, мроя аб тым, як у еўрапейскай сталіцы паўстане еўрапейскі арт-цэнтр. І гэтая мроя ўзнікла не на голым месцы. Былі папярэднія стасункі з інвестарамі, але гэта пакуль што толькі размовы пра намеры. Яшчэ нават не самі намеры. Цяпер мы вернемся да гэтых размоў, паспрабуем, каб яны набылі канкрэтыку. Гэта справа не аднаго дня. Год-два спатрэбіцца на ўзгадненні, праекты. І калі праз нейкі час мы здолеем зрабіць на базе нашага Палаца мастацтва агульнанацыянальны сучасны арт-цэнтр, то чаго яшчэ і жадаць?! Іначай Беларусь не сцвердзіць сябе як нармальная еўрапейская краіна. Наш Музей сучаснага выяўленчага мастацтва для горада замалы. Такі музей павінен быць цалкам іншым у краіне, якая збудавала цудоўныя спартыўныя аб’екты і гатова прыняць сусветнае першынство па хакеі. Мы мусім быць гатовыя прыняць сусветнае першынство па мастацтве. Мець магчымасць прэзентаваць любы сучасны мастацкі праект. Сёння такога цэнтра няма, і я, як старшыня Саюза мастакоў, буду пра гэта казаць у самых розных месцах. Прэстыж краіны, яе імідж стварае не толькі спорт, не меншую ролю адыгрываюць мастацтва і культура. Калі я ўдзельнічаю ў выставах за мяжой, я —прадстаўнік краіны. Назва краіны часта пішацца большымі літарамі, чым маё прозвішча...

Старшыня па выставачнай дзейнасці застаецца той жа?

— Планую, што так — Леанід Хобатаў. Ён крэатыўны чалавек, мастак сучаснага мыслення.

Як канкрэтна вы збіраецеся рэабілітаваць Палац мастацтва?

— Для яго мадэрнізацыі патрэбны фінансы, якія мы зарабляем самі. Цяпер асноўныя грашовыя сродкі ідуць на гаспадарчыя патрэбы, на аплату цяпла, а на правядзенне выстаў застаецца няшмат. Калі нехта папракае нас за тое, што ў Палацы час ад часу арганізоўваецца продаж мёду ды іншыя неартыстычныя імпрэзы, дык ён мусіць зразумець: каб правесці выставу, трэба спачатку зарабіць грошы.

Калі наступная выстава, ужо мастацкая, моцна прагучыць, то і папрокі сціхнуць...

— Не, папрокі будуць ад тых людзей, якіх не дужа цікавяць ні мёд, ні выстава. У мінулыя гады былі праведзены шыкоўныя экспазіцыі —«Міленіум», «Грунвальд». Што, мы моцна рэабілітаваліся? Безумоўна, сёння трэба рабіць цікавыя праекты, якія б станавіліся падзеямі. На вялікі жаль, мы часта ладзім выставы самі для сябе. У бліжэйшы час будзем весці перамовы з Міністэрствам культуры і Міністэрствам інфармацыі, з Белтэлерадыёкампаніяй наконт таго, каб нашы значныя імпрэзы рэкламаваліся за два-тры тыдні. Таксама будзем шукаць крэатыўных людзей. Не магу сказаць, што я ў вялікім захапленні ад тых «Дахаў», якія мы праводзілі разам з берлінскім цэнтрам «Тахелес», але гэта было цікава. Трэба працягваць рабіць такога кшталту праекты. Іншая справа, што працаваць варта больш дыхтоўна. Напрыклад, Саюз дызайнераў праводзіў выставу «Пастулат», аб’ектамі якой былі крэслы, і я прапанаваў яго старшыні Дзмітрыю Сурскаму (які да таго ж з’яўляецца і сябрам Саюза мастакоў) прадоўжыць праект разам з мастакамі.

Кожны раз гэта нечыя прыватныя высілкі. А сістэмна, структурна ў выставачнай палітыцы саюза будзе нешта мяняцца? Мастака трэба заахвочваць, нават на нешта правакаваць...

— Так, мастака трэба нечым заахвоціць. Раней былі закупкі, дамовы. Зараз гэтага няма, засталіся толькі ідэі.

Вось мы разважаем пра творчыя праблемы. Сёння галоўны бухгалтар прынесла рахунак — аплата за цяпло, а за яго бяруць наперад і тройчы ў месяц. Куды грошы даць — на выставу ці на цяпло?

Добра, пяройдзем да фінансаў. У вас сем мастацкіх камбінатаў. Якія ў іх функцыі?

— Найбольш значныя з іх — тры: Мінскі камбінат, скульптурны і ДПМ імя Кішчанкі ў Барысаве. Гэта сур’ёзныя ўстановы, якія маюць заказы, часам — буйныя. Зараз рабілі афармленне Палаца Незалежнасці, гэта быў велізарны заказ, выкананы паспяхова — нараканняў няма, толькі захапленні. Камбінаты даюць мажлівасць выжываць і саюзу, і канкрэтным творцам.

Мастак можа прыватным чынам звярнуцца ў камбінат дзеля выканання сваёй работы?

— Яны так і робяць. Калі скульптар знайшоў свой прыватны заказ ці проста хоча выканаць мастацкі твор, то адлівае яго там. Пры Мінскім камбінаце мы маем графічную майстэрню, майстэрню ДПМ, керамічную. Вось таксама прэферэнцыі, якія можна атрымаць ад Саюза мастакоў.

На з’ездзе былі нараканні наконт дзяржаўных замоў... Як яны размяркоўваюцца?

— Саюз не атрымлівае замоў — мы не маем права займацца камерцыйнай дзейнасцю. Гэта робяць нашы ўнітарныя прадпрыемствы. Спачатку трэба выйграць тэндар. У краіне існуе антыманапольнае заканадаўства, таму аб’яўляецца тэндар на любы праект.

Канкурэнты маюцца?

— Канешне, на любую скульптуру прэтэндуюць некалькі прыватных фірм, яны часта і выйграюць. Такім чынам, парадак наступны: спачатку камбінат выйграе дзяржаўны заказ. Потым на конкурснай аснове ён размяркоўвае гэтыя замовы. Як было ў выпадку з Палацам Незалежнасці? Патрабаваліся: вітражы, мазаіка, тэкстыль і гэтак далей. Тэкстыль пайшоў у секцыю тэкстылю — іншыя ім не займаліся. Вітражы — да манументалістаў. Кераміка — пытанне да секцыі ДПМ. Жывапіс, графіка, скульптура — адпаведныя секцыі. Быў створаны Савет Міністэрства культуры пад гэты аб’ект, куды ўваходзілі ўсе старшыні секцый, архітэктары, прадстаўнікі Акадэміі мастацтваў, Міністэрства культуры і іншыя людзі. І гэты Савет на конкурснай аснове прымаў прапановы асобных творцаў ці груп. І хто прайшоў, той і працаваў. Хто не выйграў, той пакрыўдзіўся. Ніхто нічога не хаваў, ды і немагчыма было: усё падрабязна дакументавалася і потым правяралася. Таму наракаюць тыя, хто не выйграў. Гэтак сама спартсмен можа скардзіцца, што ён не прыйшоў першым.

Не, яго абагналі...

— Менавіта так, абагналі. Што тут зробіш? Я, напрыклад, не крыўдую, што ў мяне з 1987 года не было ніводнай дзяржаўнай замовы. На іх не прэтэндаваў, бо займаюся творчасцю. Калі б займаўся заказамі, відаць, быў бы іншым мастаком. Можа, не быў бы мастаком, а выконваў заказы. Для Палаца Незалежнасці разам з вялікай групай мастакоў я патрапіў на адзін заказ. Рэалізавалі яго, лічу, выдатна. На тую замову, што выконвала наша група, былі пададзены тры праекты. Выбралі наш. Потым мы яго тройчы змянялі па просьбе заказчыка.

Якія першасныя задачы на новай пасадзе?

— Я са старой каманды. Буду прытрымлівацца ранейшага курса на захаванне Саюза мастакоў і адначасова рабіць захады па яго мадэрнізацыі. Пры наяўнасці матэрыяльных магчымасцей, безумоўна, будзем старацца саюз асучасніць, каб да нас ішло больш моладзі. Трэба вярнуць добрую славу гэтай арганізацыі, бо яна існуе не проста для таго, каб у мастака было месца, дзе працаваць. Тут мусяць рэалізоўвацца цікавыя праекты. Усё залежыць ад канкрэтных спраў.

Як плануеце пашыраць міжнародныя кантакты?

— Зараз ёсць сумесныя праекты са Смаленскам, Львовам. Ёсць прапановы з Літвы, Чэхіі. Будзем працягваць працу з Канфедэрацыяй Саюзаў мастакоў у Маскве (Цэнтральны Дом мастака), паспрабуем пашыраць кантакты з Міністэрствам замежных спраў і са шматлікім амбасадамі.

А з рэгіёнамі?

— Таксама ёсць прапановы, што паступаюць з розных гарадоў — з Баранавіч, Ліды, Навагрудка, Светлагорска і іншых. Учора атрымаў ліст з Оршы — з Галерэі Віктара Грамыкі. Супрацоўніцтва будзе толькі пашырацца. 

Аўтар: Алеся БЕЛЯВЕЦ
рэдактар аддзела выяўленчага мастацтва