З’явілася альтэрнатыва

№ 2 (371) 01.02.2014 - 28.02.2014 г

«Спячая красуня» Пятра Чайкоўскага Балетная школа Вежнавец
Той факт, што ў Мінску існуе цяпер прыватная балетная школа, не можа не радаваць. Час для з’яўлення падобных структур даўно наспеў! Харэаграфічная вучэльня ў нас адна і не можа змясціць усіх здольных.

Хтосьці туды не трапляе ці аказваецца незаўважаным. Так, існуюць школы харэаграфічныя, але калі меркаваць па колькасці дзяцей, якія выйшлі на сцэну ў «Спячай красуні», інтарэс публікі (і гатоўнасць аддаваць дзяцей вучыцца танцу) не проста вялікі. Ён надзвычайны!

Марына Вежнавец — салістка Нацыянальнага тэатра оперы і балета, якая амаль два дзесяцігоддзі танцуе вядучыя партыі на яго сцэне. У яе шырокі пластычны дыяпазон, ролі эмацыйна і энергетычна насычаныя. У Марыны не бывае «пустых» партый і спектакляў. Яна знаходзіцца ў выдатнай фізічнай і творчай форме! Пра гэта сведчылі фрагменты з «Дон Кіхота» і «Легенды пра каханне», у якіх Вежнавец выступала на вечарыне. Мяркую, ідэя ўласнай школы нарадзілася ў яе і таму, што многія здольнасці салісткі засталіся незапатрабаванымі на вялікай сцэне.

З пункту гледжання менеджменту і «прасоўвання» ў шырокія масы назвы, ідэі, структуры вечарына была зроблена ідэальна! Зала была перапоўнена ўзрушанымі бацькамі, што прагнулі ўбачыць любімае дзіця, якое ўпершыню выйшла на сцэну. Ды яшчэ ў балеце Чайкоўскага, ды яшчэ на пуантах!

Сам спектакль пакінуў розныя ўражанні. Прыгожымі па лініях пластыкі, высакароднымі, хоць і крыху сарамлівымі, падаліся Анастасія Юркевіч (Аўрора) і Кірыл Сакалоўскі (Прынц). Выхаванцы школы, яны цяпер вучацца ў Акадэміі рускага балета ў Пецярбургу. Калі ўлічыць, які там конкурс — дзеці адбіраюцца з усіх куткоў неабдымнай Расіі! — дык можна прыйсці да высновы: у школе Вежнавец вучаць годна. Сярод фей аказалася шмат лаўрэатаў міжнародных конкурсаў. Упэўнена танцавала і фея Бэзу (Ніка Скрабкова). Непасрэднасцю вылучаліся персанажы казак: харэаграфія даступная, але ж і героі дзецям зразумелыя.

Што да кардэбалету і прыдворных... Балет — гэта перш за ўсё канон. Адпаведнасць ідэальным прапорцыям. Калі фігура дзіцяці яшчэ не сфарміравалася, ці можна разважаць аб прапорцыях?.. Магчыма, не варта пераконваць гледача масавасцю і выпускаць на падмосткі малых, што маюць невялікі вопыт знаходжання на сцэне? У Беларусі існуе шмат студый эстраднага і народнага танца, іх выхаванцы ўражваюць (часам неверагодна!) сінхроннасцю, засвоенасцю малюнка. Увогуле ступенню пластычнай свабоды. Таму «Спячую красуню» ёсць з чым параўноўваць.

Агромністы балет немагчыма «ўціснуць» у адну дзею. Таму тры карціны і эпілог часам нагадвалі сціслы пераказ, дайджэст рамана. У дадатак танцавальны малюнак Пеціпа — вяршыня складанасці. Таму пайшлі па шляху спрашчэння. Бо дзеці, якія займаюцца розны час, засвоілі далёка не ўсе балетныя «па». Рыхтуючы такую маштабную прэзентацыю, варта было, на маю думку, абраць усё-такі дзіцячы спектакль. Або ўзяць больш лёгкую, простую па харэаграфіі назву. Або выконваць асобныя фрагменты са «Спячай красуні».

Хтосьці з тэатральнага бамонду прыйшоў на вечарыну, каб пабачыць салістаў беларускага балета (Вольгу Гайко і Ігара Аношку, Людмілу Кудраўцаву і Антона Краўчанку, Юлію Дзятко і Канстанціна Кузняцова). Некаму надзвычай цікава было паглядзець нумары з удзелам дзвюх зорак Марыінкі. Юлія Махаліна, якая ў Мінску раней не выступала, танцуе амаль тры дзесяцігоддзі, але па-ранейшаму ў зайздроснай фізічнай форме. Артыстка з вельмі прыгожымі і выразнымі лініямі. Эмацыйны і сэнсавы кантраст яе нумароў (трапятліва-драматычны «Паміраючы лебедзь» і пачуццёва-гарачы дуэт з «Шахеразады») абмалёўвалі дыяпазон пластыкі і рэпертуару. Ігар Колб — беларус, родам з Пінска, некалі скончыў нашу вучэльню, ужо не адзін сезон з’яўляецца прэм’ерам зорнай трупы. Неверагодна пластычны, экспрэсіўны, ён цікавы ва ўсіх праявах сваёй творчасці. І нашы артысты, і госці ўвасаблялі той узровень майстэрства і пластычнай свабоды, да якога юным яшчэ доўга ісці. І прымушалі шкадаваць: праекты, дзе ўвасоблена арыгінальная харэаграфія, ладзяцца ў нас не часта.

Марыне Вежнавец можна толькі паапладзіраваць, бо ўзялася за няпростую справу. Вядома, школа мае на мэце не столькі выхаванне будучых артыстаў балета, колькі фарміраванне фігуры, паставы. Інакш кажучы, далучэнне да мастацтва танца. Бо заняткі харэаграфіяй развіваюць каардынацыю, музычны слых, адчуванне сцэны. Увогуле наяўнасць школы можна толькі вітаць. Складанасці на пачатку шляху непазбежныя. Таму паглядзім, якімі будуць наступныя выступленні юных артыстаў. 

Таццяна МІХАЙЛАВА