Хімія і жыццё

№ 2 (371) 01.02.2014 - 28.02.2014 г

Праект «Н2О» Галерэя «Універсітэт культуры»
Выстава «Н2О» стала паспяховым працягам супрацоўніцтва галерэі і Прадстаўніцтва ААН у Рэспубліцы Беларусь. Раней былі ажыццёўлены такія праекты, як «Тэхна-арт. Альтэрнатыўная энергія», прысвечаны праблеме больш шырокага выкарыстання новых і ўзнаўляльных крыніц энергіі, «Біясфера 2010», звязаны з пытаннямі захавання біялагічнай разнастайнасці на Зямлі, і нават праект, засяроджаны на ролі папулярнага караняплода ў сусветнай культуры («Арт-бульба»).

«Н2О» прысвечаны праблеме водазабеспячэння планеты. Нам, беларусам, не цалкам зразумела ўся вастрыня пытання — у нас чыстыя рэкі і азёры. Але ў свеце звыш мільярда чалавек не маюць доступу да якаснай пітной вады, 2,6 мільярда пазбаўлены асноўных санітарных паслуг, а ад хвароб, звязаных з няякаснай вадой, памірае больш людзей, чым ад усіх форм гвалту, уключаючы войны. Па даных ААН, да 2025 года дзве трэці насельніцтва Зямлі будуць адчуваць недахоп водных рэсурсаў. Цывілізаваны свет усвядоміў неабходнасць выкарыстання ўсіх магчымых сродкаў для рашэння гэтай праблемы. У тым ліку — мастацкіх.

Візуалізацыі глабальных праблем чалавецтва ў выставах галерэі спрыяе іх канкрэтная, афарбаваная беларускай этнакультурнай ідэнтычнасцю трактоўка. Такія выставы па вызначэнні сінтэтычныя, яны аб’ядноўваюць розныя сацыякультурныя пласты, падыходы і ракурсы. Перад куратарамі падобных тэматычных праектаў заўсёды стаіць няпростая задача: як у адной прасторы не толькі сабраць разнапланавыя артэфакты, але і сумясціць процілеглыя ідэі?

У рамках праекта «Н2О», прысвечанага Году міжнароднага воднага супрацоўніцтва, удалося не толькі скіраваць увагу на сур’ёзную праблему захавання і выкарыстання водных рэсурсаў свету, але і амаль у лабараторных умовах узяць «пробу крыві» асноўных плыняў сучаснага мастацтва Беларусі.

Найперш уражвае смелая творчая гульня шасцідзесяці аўтараў з ідэямі і формамі, яна дапамагла не апусціцца да нагляднай агітацыі і сацыяльнай рэкламы, амаль непазбежных спадарожнікаў такой сур’ёзнай праблематыкі. Асэнсаванне тэмы вады як крыніцы натхнення ў кожнага з мастакоў было адметным. Лірыка, іронія, філасофія, сцёб — дыяпазон аўтарскіх трактовак шырокі.

Па маім назіранні, самую бурную рэакцыю ў наведнікаў выклікалі аб’екты і інсталяцыі. Хтосьці асуджальна ківаў галавой ці абураўся, хтосьці разважаў пра прафесіяналізм аўтараў, а нехта аналізаваў тэхналогіі стварэння прац. «Вадаспад» Аляксандры Салдатавай нікога не пакідаў абыякавым, залучаючы ў вобразнае суперажыванне. І менавіта гэта эмацыйная рэакцыя патрэбна, каб зачапіць зашораны позірк гледача, распешчанага візуальнай надмернасцю сучаснага жыцця, і тым самым прымусіць яго думаць над сур’ёзнымі пытаннямі.

Варта адзначыць, што дэкаратыўна-прыкладное мастацтва на выставе здавалася менш пераканальным, чым іншыя віды. Пры ўсім багацці матэрыялаў і адточанасці тэхналогій шкло і кераміка выглядалі рэшткамі зніклай цывілізацыі. Яны былі «рэчамі ў сабе», не імкнуліся да дыялога з публікай, надзвычай важнага для актуальнага мастацтва, тым больш у сувязі з такімі значнымі тэмамі. На жаль, гэта тэндэнцыя паказальная для ўсяго нашага дэкаратыўнага мастацтва.

Што ж атрымліваецца ў сухой — пазітыўнай — астачы? Праект «Н2О» стаў цікавым творчым даследаваннем, прыцягнуў увагу да сур’ёзнай праблемы, а шырэй — да сучаснай сацыякультурнай праблематыкі. Ён сабраў актыўных творчых людзей, паспрыяў стварэнню арыгінальных артэфактаў, меў шырокі грамадскі рэзананс. Адмысловая «хімія» мастацтва робіць наша жыццё больш поўным, разнастайным і крэатыўным.

Арганізацыя Аб’яднаных Нацый разглядае пытанне аб прызнанні права на бесперашкодны доступ да чыстай вады адным з базавых правоў чалавека. Я шчыра спадзяюся, што калі-небудзь, у недалёкай будучыні, доступ да мастацтва таксама будзе прызнаны неад’емнай часткай натуральных правоў чалавека. Без яго, як і без вады, — ніяк. 

Аляксандр ЗІМЕНКА