У цішы спазнаецца...

№ 12 (297) 01.12.2007 - 31.12.2007 г

Мастацкая галерэя «Універсітэт культуры» ў пачатку лістапада прэзентавала чарговую, ужо чацвёртую, выставу праекта «Тэхна-арт». Сярод удзельнікаў -- У.Цеслер, В.Качан, А.Шчукін, А.Бірылка, А.Шчэпераў, С.Стальмашонак, С.Ждановіч, А.Таборка, Д.Барсукоў і інш. На выставе былі прадстаўлены работы, выкананыя з дапамогай сучасных тэхналогій, якія актыўна выкарыстоўваюцца ў мастацтве: 3D-анімацыя, камп’ютэрная графіка, лічбавы мантаж і арт-аб’екты

 /i/content/pi/mast/5/130/MD-Belyavec.jpg

У аснову сваёй канцэпцыі арганізатары праекта паклалі ідэю гульні, зазначыўшы, што дзякуючы высокім тэхналогіям сучасны мастак мае амаль бязмежныя магчымасці для гульні ў сваёй творчасці. Але што вызначала гульнявы пачатак у кожным выстаўленым творы: праца ў сферы новых тэхналогій ці ўсё ж асоба чалавека, здольная гуляць ствараючы?
Пытанні, што засталіся пасля выставы, тычацца не толькі гэтага канкрэтнага праекта, але і ўвогуле адносін да новых тэхналогій у мастацтве. Мы часта забываем, што яны -- толькі інструмент, вельмі магутны і шматфункцыянальны, з дапамогай якога можна пачуваць сябе здольным вырашаць любыя задачы. Адначасова гэта інструмент, прызначаны ствараць новыя коды сучаснай візуальнасці, -- калі яго асэнсавана выкарыстоўваць... Незвычайныя прыёмы формаўтварэння часта аказваюцца ледзь не адзінай падставай для ўключэння твора ў экспазіцыю. Пытанні крытычнага погляду і адбору твораў застаюцца, бо глядач мяркуе, што, прыйшоўшы ў галерэю, ён стане сведкам актуальнага мастацкага працэсу з вартаснымі прафесійнымі знаходкамі... Другое пытанне тычыцца пазначанай тэмы -- гульні. Ці варта ўспрымаць як гульню звычайныя маніпуляцыі з формай пры дапамозе камп’ютэра? Ці ўсё ж яна (а сёння гэта сур’ёзны аб’ект культуралагічнай рэфлексіі) -- ёсць спосаб асэнсавання-стварэння рухомай мадэлі свету, насычанай нечаканымі сэнсамі?

 /i/content/pi/mast/5/130/MD-Belyavec1.jpg

Фрагмент экспазіцыі выставы «Час гульні».

Выставу, якая прапаноўвала альтэрнатыву вонкавай эпатажнасці і засведчвала перавагу арганічнай формы ў перадачы невідавочных пластоў зместу, прэзентавала галерэя «Свет фота». Экспазіцыя манахромнай фатаграфіі фотаклуба «Мінск» сабрала ў адным памяшканні даўнія і новыя творы. Прафесійнасць выканання фатаграфій у чорна-белай ці манахромнай гаме была вызначальным патрабаваннем для ўдзелу ў выставе. Мастакі не мелі абмежаванняў у тэмах і тэхналогіях. У якой бы тэхніцы ні быў выкананы твор -- бромсярэбраным друку ці «лічбе», -- тэхнічны сродак не станавіўся самамэтай, не перашкаджаў арганічна ўспрымаць вобразы. Калі выключыць з выявы колер, як самадастатковыя сродкі для перадачы шматстайнасці выбранага фатографамі фрагмента рэчаіснасці выступалі глыбіня і дакладнасць графікі вобраза, фактура і структура твора, выбраны ракурс, рамка кадра.
Першапачаткова фатаграфія, шукаючы свае ўласныя прыёмы выяўлення, развівалася менавіта як выява манахромная. Як мастацтва святлапісу. Гэтае адкрыццё новага спосабу атрымання выявы прывяло да кардынальных змен ва ўсіх формах візуальных мастацтваў. Звышзадача, якая міжволі чыталася ў канцэпцыі экспазіцыі, -- захаваць і актуалізаваць унікальнасць фатаграфічнай мовы.

 /i/content/pi/mast/5/130/MD-Belyavec2.jpg

                                             А.Андрэеў. Цзегун. Фота. 2007.

Экспазіцыя Аляксея Андрэева ў галерэі «NOVA» пад назвай «Іншы вецер» таксама складалася з чорна-белых выяў. Фотамастак, публіцыст і выдавец часопіса «Монолог» А.Андрэеў, вандруючы па кітайскай правінцыі -- невялікіх мястэчках і вёсках, -- фатаграфаваў сцэны будзённага жыцця. У гэтую краіну яго прывялі пошукі не экзотыкі, а «іншага ветру» -- процівагі звыкламу, уладкаванаму, надакучліва-пазнавальнаму. Каб глыбей зразумець гэты іншы свет, А.Андрэеў звяртае ўвагу не на манументальныя помнікі, насычаныя відавочнымі сімваламі, а на чалавека, на звычайных людзей у штодзённым асяроддзі -- у працы, у размовах, у перспектыве вуліцы, раме акна, на ганку дома, на зямлі. На ягоных здымках чалавек, нават калі і пазіруе, застаецца натуральным, адкрытым. Фотамастак, які, паводле ягоных слоў, «дзесяць гадоў збіраў карціну айчыннай культуры з нешматлікіх ацалелых кавалачкаў смальты», спазнае творчую сілу іншага народа. «Вернасць свайму, якая не патрабуе подзвігу самаахвярнасці, жыве ў кожным кітайцу. Гэтай вернасцю абумоўліваецца незвычайная жыццястойкасць кожнага з іх і нацыі ў цэлым. Немагчыма ўявіць сабе асіміляванага кітайца: дзе б ён ні жыў за межамі Паднябеснай, ён не будзе прыстасоўвацца да жыцця, ён будзе прыстасоўваць жыццё да сябе».

 /i/content/pi/mast/5/130/MD-Belyavec3.jpg

Н.Дзегцярова. Далёкае -- блізкае. Фота. 2007.

Вобразы фатаграфій перадаюць асабістыя ўражанні, абумоўленыя імкненнем нешта асэнсаваць, знайсці для сябе ў далёкай культуры, каб зразумець тое, што акаляе іх аўтара на радзіме -- «тут і цяпер». Амаль у кожным творы людзі, якія знаходзяцца ў сваім звыклым, будзённым асяроддзі, уважліва глядзяць у аб’ектыў -- на фатографа з далёкай экзатычнай краіны. Што дае нам гэтая выстава? Магчымасць параўнаць, паглядзець на сябе збоку, адказаць нешта самому сабе на запытальны погляд...