«Quo vadis?»

№ 6 (279) 01.06.2006 - 01.01.2005 г

«Чарнобыль — праз 20 гадоў». Так называлася міжнародная культурная акцыя, якая прайшла ў беларусі напрыканцы красавіка. Яна ахоплівала некалькі відаў мастацтваў, у яе рамках адбыўся і міжнародны музычны фестываль «мінская вясна-2006». Тры першыя канцэрты — 19, 20 і 21 красавіка — дабрачынныя. Усе сродкі ад іх былі пераведзены на разліковы рахунак гомельскага абласнога дома дзіцяці.

М.Гуарнера (Італія) і І.Крыкунова (Расія).
М.Гуарнера (Італія) і І.Крыкунова (Расія).

 

Д.Замп’еры (Італія) і А.Абдразакаў (Андора). 
Д.Замп’еры (Італія) і А.Абдразакаў (Андора).

 

Першы альтыст свету Ю.Башмет. 
Першы альтыст свету Ю.Башмет.

 

Дырыжыруе А.Анісімаў. 
Дырыжыруе А.Анісімаў.

 

Шчыра кажучы, такіх прадстаўнічых фестываляў у Мінску даўно не было. Канцэрты «Вясны…» сабралі не толькі лепшых сталічных музыкантаў, але і гасцей з Італіі, Германіі, Нідэрландаў, Расіі, Малдовы. Ці не цэнтральнай падзеяй фестывалю стаўся канцэрт адкрыцця, дзе сіламі Дзяржаўнага сімфанічнага аркестра філармоніі, Дзяржаўнай харавой капэлы імя Р.Шырмы, а таксама салістаў быў увасоблены славуты «Рэквіем» Д.Вердзі. Гэта беларуска-расійска-італьянскі праект. Як згадвае А.Анісімаў, мастацкі кіраўнік аркестра і адзін з ініцыятараў канцэрта, славуты твор Вердзі ўжо гучаў у філармоніі, але вельмі даўно. Прычым — з хорам беларускай оперы. Гэтае сачыненне досыць часта і з розных нагод выконваецца ва ўсім свеце.
Выконваецца як твор, што адлюстроўвае вялікі дух і вялікую цывілізацыю.

Але «Рэквіем» патрабуе наяўнасці першакласных калектываў і чацвёркі выдатных салістаў.

У Мінску сабраліся сапраўды неардынарныя асобы. Трое артыстаў з Італіі— мецца-сапрана Марыэла Гуарнера, салістка Рымскай оперы, тэнар Джанлука Замп’еры, саліст Неапалітанскай оперы, і бас Аскар Абдразакаў. Апошні, ураджэнец Уфы, паспеў у свае 30 гадоў зрабіць міжнародную кар’еру. Грамадзянін Рэспублікі Андора, ён з’яўляецца салістам многіх тэатраў, у тым ліку і «Ла Скала». Чацвёртай у квартэце сталася сапрана з Растова-на-Доне Ірына Крыкунова. Салістка Растоўскай оперы, яна таксама спявае ў многіх тэатрах свету, а за партыю Кацярыны Ізмайлавай атрымала «Залатую маску».

У яе унікальны голас рэдкай прыгажосці і сілы. Наша публіка, не распешчаная гастролямі замежных оперных артыстаў, слухала гасцей з вялікай цікавасцю. Наўрад ці памылюся, калі скажу, што такі прадстаўнічы склад выканаўцаў быў сабраны дзякуючы аўтарытэту А.Анісімава, які працуе ў многіх краінах і мае магчымасць параўноўваць і… запрашаць. Паколькі перад намі выступалі прадстаўнікі розных вакальных школ, параўнанне працягвалася і ў глядзельнай зале. Цяжка было вырашыць, хто мацней і хто цікавей. Але бясспрэчна, што такі трагічны напал і такую вялікую (намяжы магчымага) экспрэсію далёка не заўсёды можна назіраць на звычайных канцэртах.

Асэнсаванне адвечных праблем жыцця і смерці было ўвасоблена аркестрам, хорам і салістамі з сапраўды шэкспіраўскімі размахам і страсцю. Аказваецца, у вялікай зале філармоніі можа быць не толькі аншлаг, як гэта назіралася на канцэрце адкрыцця, але і супераншлаг, калі ў зале не тое што няма ніводнага вольнага месца — калі стаяць у праходах бельэтажа, сядзяць на ўсіх прыступках на балконе і радочкамі — на сцэне, пакінуўшы артыстам камернага ансамбля толькі жыццёва не абход ную пра сто ру.

Так было на канцэрце «Салістаў Масквы» на чале са знакамітым Юрыем Башметам, якога лічаць «першым альтыстам свету». (Дастаткова сказаць, што Ю.Башмету прысвечана 38 (!) альтовых канцэртаў.) Аказваецца, можна ставіць і «сур’ёзныя» цэны на філарманічныя білеты, калі прэзентуецца сапраўдная падзея ў культурным жыцці.

Праграма канцэрта аказалася не вельмі простай для ўспрымання (акрамя Баха і Моцарта, гучала сімфонія Д.Шастаковіча для альта і струнных «Трынаццаты»). У зале можна было заўважыць многіх музыкантаў, якія прыйшлі ўбачыць майстар-клас сусветна знакамітага выканаўцы, і заўзятых аматараў музыкі, якія ўсведамляюць, што наступная сустрэча з артыстам такога ўзроўню
можа адбыцца вельмі няхутка. Першыя тры канцэрты фестывалю запісваліся Беларускім тэлебачаннем, каб потым, дзякуючы спадарожнікаваму каналу «Беларусь-ТБ», трансліраваць іх на многія  краіны свету.

У размаітай праграме «Вясны...» не мог не прывабіць канцэрт «Quo vadis?», прысвечаны 75-годдзю Мікаэла Тарывердзіева. Ён, акрамя Мінска, быў паказаны ў Полацку, Кіеве і Маскве. Асоба М.Тарывердзіева вядомая шырокаму слухачу найперш дзякуючы кінамузыцы (нагадаю, кампазітар напісаў музыку да 132 кінафільмаў) і асабліва песням з культавых фільмаў савецкага часу — «Семнаццаць імгненняў вясны», «Іронія лёсу, альбо З лёгкай парай!» і інш.

Іронія творчага лёсу самога Тарывердзіева заключаецца ў тым, што неверагодная папулярнасць гэтых мелодый засланіла асобу аўтара рамансаў і вакальных цыклаў, аўтара чатырох балетаў і чатырох опер, а так сама арганнай музыкі, да якой кампазітар звярнуўся ў апошнія гады жыцця. Ягоны арганны рэпертуар складае праграму адзінага ў Расіі міжнароднага конкурсу арганістаў, які кожныя два гады, пачынаючы з 1999-га, ладзіцца ў Калінінградзе.

Сярод буйнейшых твораў кампазітара — сімфонія для аргана «Чарнобыль», напісаная ў 1987 годзе, неўзабаве пасля таго, як кампазітар наведаў зону. «Уражанне, якое я вынес з гэтай вандроўкі, было аглушальным. Спачатку я нават не ўяўляў, што яно акажацца такім моцным. Як быццам я сам зрабіўся часткай гэтай зоны. Як быццам прайшоў праз нейкае апраменьванне. У маім жыцці з’явілася новая кропка адліку...»

Знаёмства з лаўрэатамі міжнароднага конкурсу Кацярынай Мельнікавай, салісткай Маскоўскай філармоніі, і нідэрландскім арганістам Жанам П’ерам Стайверсам аказалася цікавым і таму, што яны прадставілі разнастайную праграму арганных твораў М.Тарывердзіева, і таму, што міжвольнае параўнанне дапамагло яшчэ ў большай ступені ацаніць уласных арганістаў.

Кожны музычны фестываль прыносіць шмат уражанняў, дае падставы для роздуму і высноў. Адна з галоўных: нашы музыканты эмацыянальна і шчыра адгукаюцца на тыя сапраўды значныя падзеі, якімі жыве цывілізаваны свет. Тут дарэчы згадаць вакальную праграму, падрыхтаваную спявачкамі В.Сотнікавай і С.Старадзеткай да 250-гадовага юбілею В.-А.Моцарта; асобную праграму «Класік-авангарда» да 100-годдзя Д.Шастаковіча (з удзелам барытона В.Скорабагатава і кампазітара Л.Сімаковіч у якасці сапрана).

Другая выснова. Надзвычай высокага ўзроўню музыканты працуюць у нашай краіне! У багатай праграме былі прадстаўлены самыя розныя жанры і інструменты, калектывы і салісты. Адпрэм’еры «Песні пра зубра» і «Святочнага дывертысмента» Дзяржаўнага ансамбля танца — да сімфанічнага аркестра «Маладая Беларусь», які ўпершыню агучыў канцэрт для фартэпіяна з аркестрам «Святло дагараючай свечкі» кампазітара А.Хадоскі, аўтара чатырох сімфоній.

Ад «Харавога вечара Віктара Роўды» (канцэрт Акадэмічнага хору тэлерадыёкампаніі) — да канцэрта капэлы хлопчыкаў музычнага каледжа пад кіраўніцтвам У.Глушакова, дзе побач з класічнымі партытурамі гучалі харавыя сачыненні сучасных кампазітараў Л.Захлеўнага, А.Мдывані, А.Атрашкевіч. Ад канцэрта «Музычнай гасцёўні Таццяны Старчанка», прысвечанай малавядомай у нас музыцы цудоўнага рускага кампазітара В.Гаўрыліна, — да «сольніка» Ігната Мацюхова, навучэнца музычнага каледжа, які прадставіў свой інструмент — экзатычную марымбу.

Творы, якія склалі праграму фестывалю, пераконваюць, што і праз два дзесяцігоддзі пасля Чарнобыля чалавецтва рухаецца далей. Нават ўсведамляючы ўвесь трагізм найбуйнейшай тэхнагеннай катастрофы ў сусветнай гісторыі.

А скончыць нататкі пра «Мінскую вясну» хацелася б фрагментам з успамінаў М.Тарывердзіева. Другая частка сімфоніі «Чарнобыль» мае назву «Quo vadis?» «Гэта рэквіем, гэта даніна памяці людзям, што закрылі нас сабой ад бяды. Але ці дапаможа гэта нам? Ці вынесем мы з гэтага нейкія ўрокі?» Quo vadis?.. Куды ідзеш, чалавецтва?
 

ТАЦЦЯНА МУШЫНСКАЯ