Генерал маленькай арміі

№ 2 (371) 01.02.2014 - 28.02.2014 г

«Нацюрморт у раме» Жывапіс і графіка Мікалая Рыжага Галерэя «Беларт»
Персанальная выстава не заўсёды ў стане засведчыць рэальны маштаб і дыяпазон творцы. Прычын таму мноства, самая распаўсюджаная — недахоп прац, калі многія з іх захоўваюцца ў музейных і прыватных калекцыях, самая банальная — сціпласць экспазіцыйных плошчаў.

Юбілейная выстава беларускага графіка Мікалая Рыжага, што адкрылася ў маленькай мінскай галерэі, выклікала інтарэс, нехарактэрны для падобных невялікіх экспазіцый.

Мастак, які адзначае свой 60-гадовы юбілей, за дзесяцігоддзі напружанага творчага жыцця займеў уласную глядацкую аўдыторыю — сапраўдных аматараў і калекцыянераў, прычым кола яго гледачоў пастаянна пашыраецца. Увага да творчасці барысаўскага майстра абумоўлена яшчэ і тым, што Мікалай Рыжы, добра вядомы як ілюстратар, таленавіты экслібрысіст, віртуоз малой графікі, у апошняе дзесяцігоддзе праявіў сябе ў іншай якасці — як аўтар жывапісных нацюрмортаў і пейзажаў. Юбілейная выстава дэманструе нам шырокі дыяпазон яго інтарэсаў. Пераважна камерныя па фармаце нацюрморты адзначаны тонкай перадачай фактуры і рэчыўнасцю форм, для іх характэрна цёплая палітра, дакладны, ясны і вывераны ў дэталях малюнак. Мастака цікавіць свет прыроды, на яго творах — гародніна, садавіна, ягады, грыбы, кветкі, расліны. У якасці фону для кампазіцый ён выбірае дрэва, палатно, лён. Мікалай Рыжы далёкі ад урбаністыкі з яе сумнеўнымі перавагамі, ён — пантэіст, што абагаўляе прыроду і яе дары. Многія краявіды творцы прысвечаны родным мясцінам — вёсцы Уцеха Барысаўскага раёна. У гонар яе жыхароў мастак устанавіў там памятную стэлу.

Ілюстрацыі Мікалая Рыжага вымагаюць уважлівага чытача. Асноўнай сваёй задачай аўтар лічыць узнаўленне сюжэтнай лініі літаратурнага твора, перадачу яго стылю. Мастацкія інтэрпрэтацыі тэкстаў арыентаваны на раскрыццё характараў персанажаў у дзеяннях і ўчынках.

Гістарычныя вобразы, партызанская вайна, патэтыка подзвігу, тэмы вясковага дзяцінства і сялянскай працы знаходзяць увасабленне і ў каляровай ілюстрацыі, і ва ўлюбёнай чорна-белай гравюры: афармленне кніг Мікалая Багданава, Сяргея Аляксеева, Мікалая Зяньковіча, Мікалая Дубоўскага і іншых.

У Мікалая Рыжага шмат прац, разлічаных не толькі на «кніжнае жыццё» — у экспазіцыйных умовах яны чытаюцца як станковыя. Гэта вельмі ўдалая серыя ілюстрацый да кнігі Уладзіміра Бутрамеева «Вялікія і славутыя людзі беларускай зямлі», выпушчанай выдавецтвам «Беларуская Энцыклапедыя» ў 1995-м і перавыдадзенай у 2002 годзе, дзе змешчана галерэя гістарычных вобразаў, сярод якіх Кірыл Тураўскі, Ягайла, Вітаўт, Міхаіл і Алена Глінскія, Іван Грозны.

Дзіцячыя кнігі творцы цікава разглядаць ці проста трымаць у руках. У іх рэалізаваліся лепшыя якасці Мікалая Рыжага—ілюстратара: здольнасць выбудоўваць на аркушы займальны графічны аповед, відавочнае майстэрства малявальшчыка. Гэта сапраўдныя «кніжкі з карцінкамі» — яркія і святочныя.

І ўсё ж… Калі б мне давялося ствараць на мастака сяброўскі шарж, я абавязкова ўвасобіла б Мікалая Рыжага верхам на кані, з разцом і пэндзлем наперавес, а вакол — ягоную маленькую армію: экслібрысы, буквіцы, паштовыя маркі, юбілейныя блокі і канверты — мініяцюрнае войска, што маршыруе побач са сваім генералам…

Экслібрыс патрабуе не толькі майстэрства, але і ведаў, інтэлекту. Сёння гэта самадастатковы аб’ект, калекцыйная форма малой графікі. Мікалай Рыжы займаецца экслібрысам са студэнцкіх гадоў. Інтанацыі яго твораў — іранічныя, добразычлівыя, дакладныя па трапнасці і вастрыні вобразных характарыстык. Гратэск — улюблёны прыём у яго іранічных аповедах пра барацьбу свецкага дабрабыту і духоўнай аскетычнасці (экслібрысы Уладзіміра Кожуха, Уладзіміра Смаляка, Сурэна Мірзаяна). Часам кніжныя знакі літаральна «перанесены» з вершаў, прозы, жывапісу і графікі адрасатаў (Валерыя Шкарубы, Аляксандра Ксяндзова, Міхася Раманюка). Каларытныя вобразы часта змяшчаюцца ў даволі камічныя сітуацыі, якія перадаюць стан героя.

На юбілейнай выставе Мікалая Рыжага можна было пазнаёміцца з каталогамі паштовых марак і канвертаў, якія мастак распрацоўваў па замове Міністэрства сувязі Рэспублікі Беларусь з канца 1990-х гадоў. Гэта цудоўныя серыі, прысвечаныя паўстанню 1794 года пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі, 480-годдзю беларускага кнігадрукавання, 900-годдзю Барысава; маркі і канверты са спецштэмпелем пад лагатыпам «EUROPA», прысвечаныя Белавежскай пушчы і Бярэзінскаму біясфернаму запаведніку, паштовы блок, прымеркаваны да 120-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Дынамічны і ўнутрана сабраны ў жыцці і мастацтве, Мікола Рыжы — працаўнік і праўдзівы творца, здольны ствараць просты і ўражальны аповед пра навакольнае жыццё.

Таццяна БРАЦЯНКОВА