Якімі будзем праз два стагоддзі?

№ 2 (371) 01.02.2014 - 28.02.2014 г

«Пан Тадэвуш» паводле Адама Міцкевіча Рэжысёр Мікалай Пінігін
Прэм’еру «Пана Тадэвуша» ў Купалаўскім тэатры чакалі як важную падзею. Яшчэ на генеральную рэпетыцыю сабралася ўся тэатральная грамадскасць. Прыслалі сваіх ганцоў нават абласныя тэатры.

Апошнім часам у бок лідара купалаўцаў Мікалая Пінігіна сыпаліся вострыя стрэлы. Таленавіты і ўсімі аблашчаны рэжысёр ставіў адзін за адным лёгкія забаўляльныя спектаклі для масавага гледача. Ад яго ж чакалі прарыву, чакалі, што галоўны тэатр краіны ён выведзе на новы ўзровень, нягледзячы на складаныя ўмовы, звязаныя з рэканструкцыяй памяшкання.

Любая сур’ёзная праца з глыбокім зместам і задумай патрабуе часу. Здавалася, Пінігін узяў тайм-аўт і вырашыў паказаць публіцы значнае і знакавае відовішча. Цікавасць да гісторыі свайго народа ў яго была заўсёды. Часта ў спектаклях даводзілася «дацягваць» слабую драматургію да высокага мастацкага ўзроўню. Цяпер жа ён замахнуўся на якасную класіку. Паэму Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш» называюць энцыклапедыяй старапольскага быту і «магільным каменем» на старой Польшчы. У ёй закладзена мноства сэнсаў, датычных гісторыі нашай культуры, і яна цяжкая для перакладу на мову сцэны. Выказвацца даводзіцца вершамі. Доўгія тэксты могуць моцна напружваць гледачоў, якія пачалі прывыкаць да знакаў і метафар і кепска арыентуюцца ў сюжэце.

З вялізнай сімпатыяй стаўлюся да пастановачнай групы спектакля ў асобах Мікалая Пінігіна, Зіновія Марголіна, Алёны Ігрушы, Андрэя Зубрыча і, канешне, да аўтараў літаратурнага тэксту — Адама Міцкевіча і інсцэніроўшчыка Сяргея Кавалёва. Чакала ўбачыць у тэатры цалкам новую сцэнічную падзею, якой нам ужо некалькі гадоў не хапае. Пры гэтым я дакладна ўсведамляла, што паэма Міцкевіча кепска стасуецца з сучасным тэатрам. Патрэбны тытанічныя намаганні і пераадоленне мноства перашкод, традыцый, стэрэатыпаў.

Тэатр — дарагая эстэтычная цацка. Каб выжыць у сучасных умовах жорсткай канкурэнцыі з шоу-бізнесам, трэба ісці на рызыку. Купалаўцы не пабаяліся рызыкнуць і прапанавалі нам даволі ўражальныя формы. Найперш — складанае стыльнае афармленне Зіновія Марголіна, якое падтрымліваецца гістарычнымі касцюмамі, выкананымі Алёнай Ігрушай, а таксама выкарыстанай відэапраекцыяй, урыўкамі з фільма Анджэя Вайды і гравюрамі Напалеона Орды.

Увесь гэты арсенал мусіць перадаць сур’ёзны лінгвістычны тэкст і рэжысёрскую канцэпцыю так, каб брала за душу эмацыйнасцю, экспрэсіяй, энергіяй, ментальнай значнасцю. Неабходна захаваць усе важныя для Адама Міцкевіча паняцці: вальнадумства, культ дружбы, абавязак гонару, услаўленне айчыны і рамантызм. Якому народу ўсё гэта належыць? Польскаму, рускаму, беларускаму, літоўскаму? Міцкевіч ведаў іх дасканала і не хацеў нікому аддаваць перавагу, «распри позабыв».

У спектаклі купалаўцаў ёсць патаемныя знакі, гэтаксама як былі яны ў жыцці выдатнага паэта і ў ягонай паэме. Тэатр імкнецца распавесці пра нас, колішніх і цяперашніх, апеляваць да часоў будучых. Як і ў іншых работах Пінігіна, узнімаюцца сцягі, нікнуць, прастрэленыя кулямі, пабітыя часам.

Падаецца, я змагла прачытаць задуму пастаноўшчыка. Яна ўяўляецца мне вельмі значнай і сур’ёзнай, заслугоўвае павагу. На жаль, гэтая задума пакуль яшчэ належным чынам не ўвасоблена і не дае адпаведнага годнага выніку па цэлым шэрагу прычын.

Самы сур’ёзны пралік спектакля звязаны з інсцэніроўкай паэмы і імкненнем не згубіць рамантычны пафас Міцкевіча. Варта прызнаць, што сучасны глядач кепска разумее рамантыку. Любая спроба рамантызацыі перарастае або ў меладраму, або ў дзіцячую казку ці наіўны ідэалізм. Што зробіш, такі наш прагматычны час.

Ды толькі не сцэнічная рэдакцыя заблытала расказаную Міцкевічам гісторыю і адвяла ад сутнасці літаратурнай першакрыніцы. Адначасова ў інсцэніроўцы засталіся вялікія тэксты ў перакладзе Язэпа Семяжона, якія кепска прыстасаваныя да рэалій сучаснага тэатра.

Мінуў час па-вучнёўску старанных інсцэніровак. Сённяшняя рэжысура перастаўляе акцэнты, узмацняе адны сюжэтныя лініі і перакрэслівае іншыя. Цяпер у тэатры важная не ілюстрацыя класікі, а інтэрпрэтацыя яе. Гэта вядзе да абнаўлення каштоўнага, але архаічнага музейнага экспаната і прыцягвае цікавасць гледачоў.

Ёсць у «Пане Тадэвушу» мільгаценне фігур замест адэкватнага разумення іх месца ва ўсёй гэтай гісторыі.

Уражвае візуальнае аблічча спектакля, здзейсненае сцэнографам Марголіным, гістарычныя касцюмы Ігрушы цудоўныя самі па сабе, але вядуць у бок пафаснай опернасці, дзіўна падмацаванай рэжысёрскімі мізансцэнамі. Толькі ў оперы сёння можна ўбачыць, як артыст выконвае сваю партыю і ўрачыста сыходзіць са сцэны пад апладысменты гледачоў. А гэта ўсё ж такі магутная эпічная работа менавіта драматычнага тэатра. У яго іншыя законы.

У той жа час у спектаклі знойдзены такія кранаючыя за душу моманты, як вярбоўка рэкрутаў і разбурэнне сцяны замка ў фінале. Яны нікога не пакідаюць абыякавым і выклікаюць у гледачоў пачуццё яднання з тэатрам.

Мне думаецца, што некаторыя ідэі цікавага рэжысёрскага замыслу пакуль што цяжкія для шараговага гледача, хоць яны прыводзяць у захапленне знаўцаў айчыннай гісторыі. Бянтэжыць няўменне большасці акцёраў мысліць у вершаванай форме і перакідваць думкі ў глядзельную залу. Часам здаецца, што кожны акцёр проста чытае вершы, не ўступаючы ў дыялог з партнёрам і не спяшаючыся дамагчыся камунікацыі з глядзельнай залай. Магчыма, прычына ў тым, што знікла практыка работы на сцэне з вершамі. Няма яе і ў тэатральных ВНУ. Ёй трэба вучыцца. Ёю трэба валодаць. Цудоўна і даходліва гэта робяць такія майстры, як Генадзь Аўсяннікаў, Сяргей Журавель, Раман Падаляка. Апошні з’яўляецца знаўцам польскай мовы і ярка перадае асаблівую інтанацыйную манеру палякаў.

Засмучае работа аднаго з маіх улюбёных акцёраў Паўла Харланчука ў галоўнай ролі. Можа быць, упершыню гэтаму тэмпераментнаму, харызматычнаму акцёру не хапіла менавіта харызматычнасці ў вобразе пана Тадэвуша. Ён не стаў галоўным сэнсавым стрыжнем спектакля, і таму зрабілася незразумелай ягоная назва.

Спектакль толькі пачынае сваё жыццё. Сцягі ўзнятыя. Яны развіваюцца на ветры. А значыць, будуць і перамогі.