Вандроўка па часах і сусвеце

№ 2 (371) 01.02.2014 - 28.02.2014 г

«Кастынг» Выстава Сяргея Грыневіча Музей сучаснага выяўленчага мастацтва
Сваю новую мінскую выстаўку Сяргей Грыневіч склаў з двух праектаў — інтэрактыўнай, як кажуць сёння, нізкі «Стань дзяўчынай Бонда» і «Кастынгу», які даў агульную назву падзеі.

У экспазіцыі былі творы 2011—2013 гадоў: аўтапартрэты, біблейскія і гістарычныя персанажы, калейдаскоп жаночых вобразаў — ад блізкіх і сапраўдных да цалкам абстрактных еўрапеек, мурынак і азіятак. Праца з аб’ёмам і геаметрызм, асобныя творы і дыптыхі, простыя і інсталяваныя паліпціхі, інсталяцыя ў сярэдзіне залы, знаёмыя і выкшталцоныя аўтарскія тэхнікі — праз інтэнсіўнае выкарыстанне прасторы экспазіцыя выглядала вельмі эмацыянальнай.

Пра што гэта выстава? У «Сучасным слоўніку замежных слоў», выдадзеным пару дзясяткаў год таму, «кастынг» — англійскае слова, што азначае «закідванне вуды» і ўжываецца як назва... спартыўнай рыбалкі. Выкарыстоўваць іначай яго сталі з развіццём кінаіндустрыі, сёння кастынг — звыклая штодзённая рэалія. Выбар таго, хто адпавядае творчай задуме. У шырокім сэнсе, проста задумы. Таму, паводле мастака Сяргея Грыневіча, з’ява гэта адвечная, бо на адборы пабудавана ўсё — ад гісторыі чалавецтва і мастацтва да нашай рэчаіснасці. А як іначай вытлумачыць сумеснае існаванне вобразаў Адама і Евы, немаўляці, Напалеонаў і Чаплінаў, аўтапартрэтаў, рэмінісцэнцый старажытнаегіпецкіх вобразаў і мастацтва поп-арту, камп’ютараў, пікселей, манекенаў і поўнай кінабандыяны.

З апошняй і пачнём.

Праект «Стань дзяўчынай Бонда» — гэта прадстаўленыя ў храналагічным парадку паясныя выявы ўсіх шасці выканаўцаў кінаролі Джэймса Бонда. Ад Шона Конэры, самага першага, — да Даніэля Крэйга, найноўшага. На выставе нам прапаноўвалі адбіцца ў люстэркавым, крыху цьмяным фоне любога з партрэтаў, можна было зрабіць фотаздымак на памяць. І калі ласка: вы — побач са знакамітым агентам 007. Праект надзвычай кампліментарны да жанчыны! Па-першае, пагадзіцеся, што бясконцыя кінаБонды — з’ява досыць трывіяльная, бо, як сабе ні круці, акцёры змушаны выконваць адну ролю з досыць аднастайнымі рысамі. А вось жаночыя вобразы — гэта нешта. Усе бондаўскія дзяўчыны былі надзвычайнага хараства і статнасці. А як яны апрануты... Ну, а па-другое, як бы мы ні выглядалі насамрэч, на фотаздымках у грыневічаўскай «бандыяне» абавязкова будзем суперпрыгажунямі, можа нават лепей і за кінагераінь. Гэта ж адбітак у цьмяным люстэрку, таму атрымліваецца той паэтычны цуд, з якім мы сустракаемся, калі разглядаем свае адлюстраванні ў вечаровым тралейбусным шкле. Калі ўсе рысы набываюць мяккасць і абагульненасць, а абмежаванасць колеру надае любому твару загадкавасць і ўзнёсласць. Стрыманы, літаральна чорна-карычнева-белы каларыт Бондаў Сяргея Грыневіча разлічаны якраз на эфекты гэткага адлюстравання, каб на атрыманых фотаздымках вы выглядалі парай.

Розгалас сярод мастакоў праект выклікаў вялікі. Шчыра цікавіліся тэхнікай выканання, часам памыляліся (даруйце мне, аўтар: двойчы, па-сяброўску, я раскрыла яе таямніцы). Спрачаліся наконт якасці малявання саміх бондаўскіх вобразаў, ухвалялі ідэю і амаль што ўсе выказаліся за пераэкспанаванне «бандыяны» ў больш прасторнай зале. Шлях да дасканаласці бясконцы. Паколькі аўтар зноў ад’ехаў з Беларусі і сам-насам не паразмаўляеш, то дазволю сабе выказаць і ўласныя ідэі. Якасць выяў Бондаў мяне не хвалюе, яна, на маю думку, і павінна быць сярэдняй, каб адпавядаць той чароўнай недасканаласці жаночых адбіткаў. Праект гродзенскага творцы носіць назву «Стань дзяўчынай Бонда», таму нашы адлюстраванні тут самае галоўнае. І мне, як адной з гэтых дзяўчын, крыху бракавала месца на люстэркавай прасторы твораў, каб фотаздымак атрымаўся эфектным. Аўтар, удала зняцца з Даніэлем Крэйгам цяжкавата!

Калі казаць сур’ёзна, то беларуская «бандыяна» — выдатны праект. Колькі цудоўных ідэй, колькі творчых вынаходак у стужках пра Джэймса Бонда і ў іх рэкламе! Безліч. Быць новым і арыгінальным тут неверагодна цяжка. А ў Сяргея Грыневіча гэта атрымалася таленавіта, дасціпна і нібыта вельмі лёгка. Калі мы, беларусы, хочам быць заўважанымі ў свеце, дык мусім выказваць сваё стаўленне да сусветнай культуры. Калі гэтага не рабіць, нашу самабытнасць могуць і не прыкмеціць. Прыгадайма знакамітае выказванне: калі недзе ў глыбіні Афрыкі жыве геніяльны мастак, але свет не ведае пра яго існаванне, то... «Бандыяна» Сяргея Грыневіча — выдатная падстава адзначыцца ў прасторы самых знакамітых кінафестываляў.

Для выканаўцаў роляў агента 007 працэс кастынгу — частка прафесіі. Яны і ёсць пераможцы кастынгаў, таму праект «Стань дзяўчынай...» — цалкам паўнаважкая частка новай выставы Грыневіча. А яе іншыя персанажы?..

Адкрываў выставу «праграмны» твор — вялізны паліпціх «Кастынг-1» з маладымі дзявочымі тварамі прадстаўніц розных рас і нацыянальнасцей. Далей — яшчэ больш загадкава. Нас сустракалі «Адам і Ева» са знакамітай класічнай кампазіцыі, але гэта вельмі сучасны твор, бо біблейскія постаці былі ўбачаны нібыта праз адмысловы цеплавізар. «Прасканаваны на жыццё», як кажа аўтар. А побач з першымі людзьмі — двое немаўлят. Адно, «Вольга», — рэальнае, а другое, «Loading», — умоўнае, геаметрызаванае, піксельнае.

З другога боку ад прабацькаў — некалькі выяў самога мастака. Ёсць франтальны «Аўтапартрэт» са знакавай для творцы кампазіцыяй, прыкладна з гэткага твора распачалося супрацоўніцтва Сяргея Грыневіча з адной з самых вядомых у Еўропе мастацкіх калекцый. Побач — двухвыяўны «Аўтапартрэт з клонам», а вышэй — трэці, са схаваным за рукамі тварам. Змяняецца настрой — ад спакою да высокага трагізму. Сапраўдныя партрэтысты рэдка засяроджваюцца толькі на твары. Здаецца, што ніхто больш заўзята, чым мастак Ян ван Эйк, не разглядаў чалавечы твар. Але і ён любіў распавядаць пра чалавека праз крыху забруджаны абутак і маленькага сабачку, праз пярліны альбо люстэрка. Партрэт праз рукі — адна з вельмі тонкіх і глыбокіх мастацкіх тэм. Толькі слабы мастак выяўляе ў аўтапартрэтах выключна ўласнае падабенства. Гэта заўжды — пра самае галоўнае. Пра тое, што сапраўдная праца ў мастацтве — надзвычай складаная і цяжкая рэч.

За «Аўтапартрэтамі» — дыптых «I love you». Партрэт жонкі з закручаным ручніком на галаве, з тонкім профілем і доўгай шыяй настолькі ідэалізаваны, што яго ўжо не хочацца называць партрэтам. Па кампазіцыі ён нагадвае знакамітую выяву Неферціці. Усё гэта рэальнае і ідэальнае адначасова адлюстроўваецца на другім творы дыптыха — як на вільготным люстэрку ў ванным пакоі, дзе дакладнае праглядае толькі праз літары прызнання ў каханні. «О Эрас, уладар багоў і людзей!» Якое амаль містычнае адчуванне хараства і крохкасці імгнення! Якое тонкае спалучэнне факта і агульнасці, даўніны і сучаснасці, трываласці і пяшчоты. Як быццам праводзіш рукой над нечым і лёгка здымаеш адзін сэнс, а потым яшчэ адзін, і яшчэ адзін.

Выстава пабудавана на бясконцасці пераўтварэнняў. Расплюшчваюцца вочы на «Святлафоры». Паварочваецца жаноцкая постаць на «Сканеры». Змяняюцца колеры на тварах «Чаплінаў» (гэта толькі частка нізкі «Клоны»). Малюнкавую кампазіцыю твора «Напалеон-1» змяняе геаметрыя паліпціха «Напалеон-2», на якім у форме мальтыйскага крыжа размешчаны выявы галавы Банапарта — твар, патыліца, левы і правы профілі, макушка. Строгія лініі адпавядаюць жорсткасці характару. Такія людзі змянялі сусвет: нехта выбухам розуму і таленту, хтосьці — выбухам волі і прагнасці. А ў сярэдзіне залы — інсталяцыя «Іракез», дзе галава манекена аддзелена ад цела ў сучасным адзенні і з’яднана з ім толькі праз правады USB-портаў. Атрымліваць інфармацыю сёння можна вельмі проста, з дапамогай тэхнікі.

Мастак вольна карыстаецца маштабам. Чалавечы твар на яго працах то больш-менш адпавядае рэальным памерам, то павялічваецца. Атрымліваецца вельмі музычны эфект. Геаметрызм суіснуе з фігуратыўнасцю і падкрэслівае яе: побач з плоска напісанай выявай знаходзіцца жывапіс экспрэсіўнага кшталту. Яшчэ больш складаныя змены адбываюцца з колерам, бо толькі на першы погляд ён падаецца абстрактным. Так, «класічны» колер мусіць дэманстраваць нам сваё хараство і жывапіснасць, а «наватарскі» — моц, энерганасычанасць. Але ж абстрактнае мастацтва адсунула ўбок ідэю святла, якой пранізана ўся класічная культура. Адкрыццё Грыневіча ў тым, што яго колер насычаны святлом, таму жывапісныя творы мастака пачынаюць нагадваць светлавыя інсталяцыі, а з’яўленне новых «аўтарскіх тэхнік» выглядае крокам да іх сапраўднага стварэння.

Дзе можна адшукаць вобразны адпаведнік гэтай выставе?..

Першая «падборка» пераўтварэнняў належыць антычнаму паэту Авідыю. Яго «Метамарфозы» — паэма з 15-ці кніг, напісаная ў першыя гады нашай эры. Яна пачынаецца са стварэння сусвету, распавядае пра пераўвасабленні, запісаныя ў міфах Грэцыі і Рыма, закранае самую што ні ёсць сучаснасць (аўтар расказвае пра забойства Юлія Цэзара, які становіцца зоркай на небе). Паэта цікавіў феномен кахання і яго ўплыў на лёсы людзей і багоў. Ад першай гісторыі пераследавання ніфмы Дафны Фебам (Апалонам) і яе ператварэння ў лаўровае дрэва — да любоўных шкодніцтваў самога Юпітэра, бо, як перакананы быў паэт, «веліч і каханне рэдка ўжываюцца разам» (як тут не згадаць сямейную трагедыю таго ж Напалеона!). Бляск формы, лёгкасць пераходаў ад аднаго сюжэта да іншага, выкшталцоная фантазія...

Праз шмат стагоддзяў, у іншай культуры, на іншай мастацкай мове новы творца нечакана пачынае доўжыць справу Авідыя. Мастацтва, сцвярджае культуралогія, і ёсць нешта патаемнае, што вандруе па эпохах і сусвеце, увесь час змяняючы воблік.