«Дзе ты, мая Айчына?..»

№ 2 (371) 01.02.2014 - 28.02.2014 г

«Міхал Клеафас Агінскі. Невядомы партрэт»
Тое, што Рыгор Сарока — фанат Маладзечанскага музычнага каледжа, дырэктарам якога ён з’яўляецца, і дырыжор сімфанічнага аркестра, складзенага з педагогаў і студэнтаў, — ведаюць усе. Наяўнасць аркестра, а таксама хору, які існуе ў каледжы, зрабіліся ў свой час грунтам для нараджэння Маладзечанскага маладзёжнага музычнага тэатра. Спярша калектыў заявіў пра сябе пастаноўкай «Іаланты», потым увасобіў «Травіяту» і «Яўгенія Анегіна».

Асоба Агінскага, грамадскага дзеяча, дыпламата, кампазітара, паплечніка Касцюшкі, — прадмет даўняга захаплення і Сарокі, і маладзечанцаў. Не толькі таму, што яго родавы маёнтак, названы сучаснікамі «сядзіба муз», знаходзіцца недалёка, у Залессі Смаргонскага раёна. Імя Агінскага носіць Маладзечанскі каледж, побач з якім усталяваны помнік славутаму суайчынніку. І калі Сарока выступіў ініцыятарам напісання оперы, галоўным героем якой мусіць стаць Агінскі, такую ідэю музычная грамадскасць успрыняла надзвычай прыхільна. Вядома, Маладзечанскаму тэатру патрэбны эксклюзіўны рэпертуар, беларускім кампазітарам — пляцоўкі для эксперыментаў і ўвасаблення партытур.

Якое ўражанне пакінуў новы спектакль? Скажу адразу, самы моцны яго складнік — музыка Алега Залётнева, увасобленая аркестрам пад кіраўніцтвам Рыгора Сарокі. Кампазітар заўсёды шмат пісаў для драматычных і лялечных спектакляў. У Оперным быў пастаўлены яго балет «Кругабег», у Тэатры «Зьніч» — манаопера «Адзінокі птах», прысвечаная Адаму Міцкевічу. Здаецца, у новай партытуры Залётнеў пераўзышоў самога сябе. Перад намі твор сталага аўтара. І разам з тым у ім шмат маладога імпэту, пачуццёвасці, эмацыйнага хвалявання, захаплення Агінскім як адным з нацыянальных геніяў, чый лёс быў складаны і пакручасты. Музыка багатая на кранальныя і пранікнёныя мелодыі, разнастайная па тэмпарытмах. Залётнеў свядома адмовіўся ад цытавання знакамітага «Развітання з радзімай» — і меў рацыю. Той паланэз усе ведаюць, і слухачам цікавае не чарговае ўзнаўленне хрэстаматыйнага опуса, а партрэт Міхала Клеафаса, створаны ў ХХІ стагоддзі.

Музыка оперы менавіта вакальная, яна добра спяваецца. Захаваны і ўзважаны баланс спеваў і аркестра. У дадатак — вось дык дзіва! — увесь тэкст чуваць. (У супрацьлеглай сітуацыі слухач пачынае раздражняцца і гадаць, хто вінаваты: ён сам, бо не дачувае, спявак, у якога «каша ў роце», ці кампазітар з лібрэтыстам, якія нечага не ўлічылі.) Яснага, дакладнага выпявання сказаў у арыях, дуэтах і ансамблях дасягнуць складана, такі вынік ёсць нават не ва ўсіх нашых кампазітараў, якія лічацца жывымі класікамі.

Таму колькі слоў наконт лібрэта. Сяргею Макарэю як аўтару тэкстаў веру і радуюся: пашанцавала кампазітару і спевакам. Як да драматурга, які будуе сюжэт і адносіны герояў, да яго ёсць пытанні. Вядома, асоба Агінскага шматгранная, жыццё поўнае падзей, і для ўвасаблення на сцэне трэба было штосьці выбіраць, ад нечага адмаўляцца. Сітуацыя, адлюстраваная ў оперы, — момант, што папярэднічае ад’езду князя з Залесся, яго развітанню з радзімай. Ён падмануты жонкай Марыяй (Яўгенія Бабіч), авантурысткай па характары, не зразуметы блізкімі, расчараваны ў каханай, спявачцы Катрыне (Наталля Шыбко), якая аддала перавагу нязначнаму, але маладзейшаму Юзэфу (Андрэй Мацюшонак), пляменніку Агінскага. Але са спектакля вынікае, што глыбокая ўнутраная драма героя — усяго толькі вынік інтрыг і меладраматычных калізій. Эпізоды біяграфіі Агінскага, звязаныя з паўстаннем Касцюшкі, ідуць рэтраспектыўна. Такі прыём ідэальна глядзеўся б у мастацкім фільме або серыяле. У оперы гэта часам спрацоўвае і выглядае натуральна, а іншым разам выклікае пярэчанне. Мо таму, што складана быць лібрэтыстам і рэжысёрам адначасова? Бо гэта розныя ракурсы ўспрымання матэрыялу. Або Макарэй як пастаноўшчык крыху пераацаніў уласныя сілы?

У спектаклі хапае масавых сцэн, вырашаных пераканаўча — і па вакале, і па мізансцэнах (хормайстар Вера Каханоўская). Зразумела, што тэатр не мае такой колькасці мімансу, як Оперны, але ўдзельнікі студый бальнага танца Палаца культуры і харэограф Аляксандр Драгаміраў зрабілі ўсё, каб стварыць у 1-й карціне оперы атмасферу балю. Яна будуецца як чаргаванне вакальных і танцавальных эпізодаў, што дадае спектаклю дынамікі. Пастаноўцы не хапае разнастайнасці сцэнаграфіі. Больш яркае ўражанне — заслона, вытрыманая ў чорна-белых тонах. Гэта вядомая гравюра, якая ўзнаўляе від маёнтка ў Залессі.

Адзін з самых пераканаўчых складнікаў спектакля — выкананне галоўнай ролі маладым спеваком Андрэем Саўчанкам. Ён харызматычны, абаяльны, ёсць у ім унутраная значнасць, водгулле гераічнай эпохі. Важна, што артыст упэўнена праводзіць усю вакальную партыю, гэта не заўсёды можна сказаць пра яго калег.

Стварэнне новай нацыянальнай оперы — справа архіскладаная, таму ўзрадуемся, што прэм’ера адбылася. Як часта будзе паказвацца спектакль, ці ўбачаць яго ў сталіцы — пакуль сказаць цяжка. А калі тэатр здолее пастаноўку ўдасканаліць, ад гэтага выйграюць усе... 

Аўтар: Таццяна МУШЫНСКАЯ
рэдактар аддзела музыкі