Той, хто правакуе на творчасць

№ 2 (371) 01.02.2014 - 28.02.2014 г

75-годдзе Міхася Раманюка
Старонні чалавек, прачытаўшы біяграфію Міхася Раманюка, адразу не зразумее: як можна паспець зрабіць усе гэтыя справы за адно жыццё. За 53 гады. У тых не самых спрыяльных для нацыянальнага развіцця ўмовах 1960—1980-х гадоў, у больш спрыяльных, але матэрыяльна складаных 1990-х. Аднак тыя, хто ведаў Міхася Фёдаравіча, нічому не здзіўляліся: чалавек ён быў няўрымслівы, апантаны і таленавіты

Вось гэтыя справы: Міхась Раманюк быў прафесарам Беларускай акадэміі мастацтваў і ўзначальваў кафедру тэорыі і гісторыі мастацтваў, быў кандыдатам мастацтвазнаўства, этнолагам, даследчыкам матэрыяльнай культуры беларусаў, фатографам і мастаком. Ён — першы галоўны рэдактар нашага часопіса (у 1983 той меў назву «Мастацтва Беларусі»). Стваральнік сцэнічных строяў для Дзяржаўнага народнага хору і Дзяржаўнага ансамбля танца. Аўтар больш як сотні рэканструкцый традыцыйных строяў. У 1981 годзе выдаў альбом «Беларускае народнае адзенне», які складаецца з архіўных і ўласных фотаздымкаў, зробленых падчас экспедыцый 1967—1980 гадоў. Зрабіў раянаванне краіны па рэгіянальных асаблівасцях традыцыйнага нацыянальнага адзення, на падставе строяў вызначыў пяць этнаграфічных рэгіёнаў. Сабраў багаты матэрыял па беларускіх крыжах, надмагіллях і пахавальных абрадах, які быў абагульнены ў альбоме «Беларускія народныя крыжы» яго сынам Дзянісам.

Для нашых шматлікіх творцаў мастацка-графічныя рэканструкцыі народных строяў, выкананыя Міхасём Раманюком, сталі неацэнным скарбам. Многія працы жывапісцаў, графікаў, мастакоў мадэлявання і тэкстылю грунтуюцца на яго доследах і распрацоўках. Пацвярджэннем таму стала выстава «Імя працягвае жыць» — творы вядомых аўтараў, курсавыя і дыпломныя работы студэнтаў размясціліся ў галерэі «Акадэмія» Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Мэта выставы — паказаць трансфармацыю ідэй і знаходак вядомага даследчыка, фатографа і мастака ў часе і ў свядомасці сучаснікаў. Распрацоўкі касцюмаў і габелены, жывапісныя і графічныя вобразы народных святаў і тыпажы — экспазіцыя ядналася агульным зместам: асобай Міхася Раманюка, ідэямі ахвярнасці і служэння.

Яшчэ адзін прысвечаны Міхасю Раманюку твор дэманстраваўся падчас юбілейных святкаванняў — музычна-драматычны спектакль «Вандроўнік». Аўтар яго ідэі і рэжысёр-пастаноўшчык Ларыса Сімаковіч. У праекце бралі ўдзел Дзяржаўны камерны аркестр Рэспублікі Беларусь (мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Яўген Бушкоў), фолк-тэатр «Госьціца», этнагурт «Горынь», этнасуполка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў і студэнты творчай майстэрні Уладзіміра Мішчанчука з Акадэміі мастацтваў.

Па словах аўтара, канцэпцыя дзеі зашыфравана ў яе назве — «Вандроўнік». Гэта шлях не толькі па краіне, па родным краі, вёсках, а і па дасягненнях чалавечай думкі, духу, а цяпер ужо і па сусвеце... Цэнтральныя асобы — Вандроўнік і Птушка. Апошняя ахоўвае галоўнага героя і правакуе яго на дзеянне. Спалучэнне класічнай музыкі і глыбокай народнай архаікі — яшчэ адна асаблівасць спектакля: гэта якраз тое, што рабіў Міхась Раманюк, уздымаючы нашу архаіку да класічных вяршынь.

Аўтар: Алеся БЕЛЯВЕЦ
рэдактар аддзела выяўленчага мастацтва