Жанна Гладко

№ 1 (370) 01.01.2014 - 31.01.2014 г

Работы Жанны Гладко выдатна ілюструюць тэзіс, згодна з якім сучаснае мастацтва — гэта выказванне, якое трэба ўмець счытаць і праінтэрпрэтаваць.

Дыхатамія «прыватнае/публічнае» замацоўвае за пэўнымі суб’ектамі вызначаныя месцы і стратэгіі паводзін, што часта выключае магчымасць свабоды выбару і самавыказвання. 

У выніку паўстае неабходнасць адваёўваць і даказваць сваё права на іх. Творчасць Жанны Гладко праблематызуе тую зададзенасць і стэрэатыпнасць, з якой сутыкаецца суб’ект-жанчына не толькі ў паўсядзённасці, 
але і ў мастацтве.

Мастачкі часта выкарыстоўваюць уласнае цела ў сваіх працах, аднак не варта думаць, што гэта нешта з шэрагу «самалюбавання», усё куды больш сур’ёзна і безнадзейна. Гэта своеасаблівая барацьба за вяртанне свайго цела, якое жанчыне ўжо даўно не належыць. Спроба распрануцца — гэта спроба зняць з сябе «камбінезон аголенасці», які начапіла на жаночае цела патрыярхальнае грамадства. Ён сядзіць так шчыльна, што нават распранутай (нават у першую чаргу распранутай!) ты не адчуваеш сябе натуральнай, на табе ўсё адно застаецца гарнітур, якім так любіць цешыцца маскуліннае вока. І тут жа парадокс: апранутай ты таксама быць не можаш — бо адчуваеш сябе распранутай (можна ўзгадаць шматлікія жарты, кшталту: «Каханы, у якой сукенцы я падабаюся табе больш?» — «Каханая, ты падабаешся мне больш без сукенкі»). Жанчына ніколі не застаецца адна, яна носіць у сабе ці з сабой вечны позірк таго, хто на яе глядзіць (мужчыны), і нават калі яна сама глядзіць на сябе, няма ніякай гарантыі таго, што гэта яна. Жанчына пазбаўлена голасу ў тым сэнсе, што падаваць яго — гэта прэрагатыва айца. Кантроль над публічным дыскурсам, публічным прамаўленнем ажыццяўляецца мужчынам. Мастацтва ў дадзеным выпадку і выступае адной з форм публічнага выказвання. Жанчыну прыпадабняюць да дзіцяці: яе павінна быць бачна, але не мусіць быць чутно — такая тактыка з боку грамадства. І менавіта таму аўтаркі-жанчыны прасцей знікаюць з гісторыі, пакідаючы сваіх сёстраў без падтрымкі ў змаганні за рэканструяванне перарванай традыцыі. У выніку ў гісторыі застаюцца адны мужчыны…

Праца з серыі «Inciting Force» нясе 
ў сабе пэўную двухсэнсоўнасць. З аднаго боку, само дзеянне (наклейванне на сябе здымкаў больш-менш вядомых беларускіх мастакоў-мужчын) — гэта своеасаблівая спроба стаць часткай таго, быццам паспяховага, свету, а з іншага — іронія, якая ілюструе бессэнсоўнасць такога дзеяння. Перапрацоўка траўматычнага досведу — яшчэ адна ключавая тэма, якую выкарыстоўвае Жанна. У праекце «Inciting Force», які выстаўляўся ў галерэі «Ў», аўтарка наўмысна не давала асаблівых тлумачэнняў. Гледачы ўзнаўлялі ці стваралі асабісты траўматычны досвед станаўлення, непазбежнага адлучэння-ад, укладаючы сябе ў пэўны стэрэатыпны вобраз або спрабуючы адбудаваць уласную ідэнтычнасць, якая, пры ўмове «нестандартнасці», рызыкуе зноў сутыкнуцца з чарговай траўмай. Выйсцем у гэтым выпадку можа падацца творчасць, што таксама здольна прынесці неспакой і трывогу. Шмат хто піша і звяртае ўвагу на тэму амбівалентнасці ў працах Жанны, і было б няслушна гэта аспрэчваць. Эпіграфам да праекта Жанны я б выбрала радкі С’юзан Зонтаг з аповеду «Эліс у ложку»: «Я заўсёды думала, што мужчына расціснуў бы мяне. Ён бы паклаў падушку мне на твар. Я б хацела адчуць цяжар мужчыны на сваім целе. Але тады я б не змагла паварушыцца». Яны — таксама пра гэта, пра супярэчнасць, што ўзнікае ўнутры нас, народжаная палярнымі жаданнямі (скажам, жаданнем падабацца і жаданнем быць сабой). Гэтыя дваістасць, бінарнасць — тое, з чым працуе Жанна сёння, але рызыкну выказаць здагадку, што, прызнаўшы іх (і тым самым адкінуўшы, як ужо перапрацаваныя), мастачка стане шукаць новыя тэмы, а разам з імі і новыя спробы вытлумачэння сябе. 

Вольга ГАПЕЕВА