Словы... запозненыя

№ 1 (370) 01.01.2014 - 31.01.2014 г

Унутры драмы. Рыд Таліпаў
Вось ужо амаль тры гады, як не стала Рыда Таліпава. Выдатны рэжысёр, вытанчаная асоба, інтэлектуал, цудоўны чалавек.

 Яго творчасць адрознівалася асаблівай эстэтыкай, філасофскай канцэпцыяй і сцэнічнай выразнасцю. Ён ствараў арыгінальную, непаўторную тэатральную рэальнасць. Скрупулёзна разбіраў ролі, узбагачаючы іх, спакойна, без крыкаў і прыніжэнняў, выводзіў акцёраў на сцэну пад яркія промні сафітаў. З ім лёгка было дыхаць, тварыць, раскрываць сябе...

Рыд Сяргеевіч пісаў, што кожны акцёр нагадвае яму нейкі музычны інструмент: хтосьці арфу, хтосьці раяль, хтосьці скрыпку, сустракаюцца, канешне, і «барабаны». Мяне ён называў цэлым аркестрам... Пазнаёміліся мы ў 1991 годзе. Ігар Баярынцаў (тады ён быў старшынёй абласной арганізацыі Саюза тэатральных дзеячаў) запрасіў у Віцебск на гастролі з Мінска Тэатр-студыю «На плошчы Перамогі» пад кіраўніцтвам Рыда Таліпава са спектаклямі «Стрыптыз» Славаміра Мрожака, «Картатэка» Тадэвуша Ружэвіча і «Яма» Аляксандра Купрына. Яго прыезд стаў падзеяй у горадзе. Спектаклі ўразілі неардынарнасцю, ігрой акцёраў, запаўненнем прасторы, музыкай, касцюмамі, колерам. Глядзельная зала была перапоўненая. Такога поспеху я не бачыла даўно. Ад імя тэатра падаравала Таліпаву двухтомнік Леаніда Андрэева, які потым аб’яднаў нас у творчасці і ў жыцці. Сімвалічна, ці не так? Мы сталі сябрамі.

Потым была сустрэча ў Гродне на фестывалі «Прыбалтыйская тэатральная вясна», і тады ўзнікла ідэя пастаноўкі «Месяца ў вёсцы», якая, на жаль, у Коласаўскім тэатры не ажыццявілася. Толькі праз дзесяць гадоў нашы шляхі сышліся на спектаклі «Кацярына Іванаўна» Леаніда Андрэева.

Таліпаў пісаў: «Калі мы пачалі працу, то выдатна ўсведамлялі, што перад намі складаны твор, які ставяць рэдка. Яго складанасць — перш за ўсё ў шматпланавым і супярэчлівым вобразе галоўнай гераіні. Гэта роля патрабуе ад выканальніцы, так бы мовіць, “чацвярных” псіхалагічных “тулупаў”. Яна павінна быць і інтэлектуальнай, і эмацыйнай, і тонкай».

Для мяне як для актрысы спектакль быў адкрыццём. Ён выклікаў унутранае захапленне. Выходзячы на сцэну, я атрымлівала сапраўднае задавальненне, растваралася ў ім. Нават зараз згадваю сваю ролю з пэўным трапятаннем.

Мы разумелі адно аднаго з паўслова. Таліпаў тонка адчуваў драматургію, накіроўваў працу над роляй у патрэбнае рэчышча, быў дакладны ў музычным афармленні, сцэнаграфіі. Асаблівае значэнне для яго меў колер. У «Кацярыне Іванаўне» пераважаў пурпур — сімвал страсці. Спектакль атрымаў высокую адзнаку на міжнародных тэатральных фестывалях — на «Славянскіх тэатральных сустрэчах» у Гомелі (2004) і ў горадзе Трабзон (Турцыя, 2005). У Турцыі нам зладзілі авацыю і гледачы, і ўдзельнікі фэсту. Мы былі найлепшымі.

У 2007 годзе Таліпава запрасілі ў Коласаўскі тэатр на пастаноўку «Васы Жалязновай» М.Горкага. Спектакль называўся «Васа» і быў прымеркаваны да майго бенефісу. Пазней рэжысёр казаў: «Я не рабіў гісторыю пра бізнесвумэн, як гэта даволі часта бывала. Мяне цікавіла найперш гісторыя сям’і, гісторыя маці, якая ідзе на ўсё дзеля сваіх дзяцей. Мне гэта было роднасна». Нашу інтэрпрэтацыю аднаго з лепшых твораў Горкага прынялі і годна ацанілі і гледачы, і прэса. У Мінску спектакль быў прызнаны адным з лепшых у гастрольнай афішы. Рыд Сяргеевіч тады зазначыў, што «Васа» — асаблівая старонка ў яго жыцці.

У 2009 годзе, пасля доўгіх перыпетый і складанасцей, Таліпава прызначылі мастацкім кіраўніком Нацыянальнага тэатра імя Якуба Коласа. Ад нечаканасці і нейкага прадчування ўгаворвала яго адмовіцца ад пасады, бо ён не ведаў усёй сітуацыі ў трупе. Адказ быў такі: «Па-першае, мне прывялі пераканаўчыя аргументы, чаму я павінен гэта зрабіць. Па-другое, я і сам за гэты год шмат пераасэнсаваў, бо чалавеку ўласціва мяняцца. Для мяне гэта нечаканы скачок. Мая прафесія — будаваць драматычныя сітуацыі на сцэне, але часам хочацца выбудаваць іх і ў жыцці, тым больш што калектыў я ў пэўнай ступені ведаю, там ёсць выдатныя артысты, з якімі можна рабіць добры тэатр і ісці далей. А да канфліктаў трэба быць гатовым, калі збіраешся працаваць усур’ёз. Сімпатыі ў прафесіі — вельмі зменлівае пачуццё. Яны недаўгавечныя, а вось праца, спадзяюся, сапраўды замацуе нашы сяброўскія і прафесійныя стасункі з калектывам».

...Да коласаўцаў прыйшоў чалавек інтэлігентны, прыстойны, які добра ведаў сваю прафесію. Чалавек, які хацеў аб’яднаць трупу, зрабіць свой унёсак у гісторыю нашага тэатра: «Са сцэны павінны гучаць словы высокага значэння... Пошлыя, прымітыўныя камедыі — не наш шлях. Тэатр — не скрыня для смецця, куды можна скідваць усё, што трапляецца пад руку. Я буду працягваць займацца ўнутранымі праблемамі чалавека, даследуючы яго ўнутраную драму», — так абазначыў сваю праграму рэжысёр.

Першым спектаклем Таліпава на пасадзе мастацкага кіраўніка былі «Мудрацы…» па п’есе Аляксандра Астроўскага — ён задзейнічаў і вядучых артыстаў, і моладзь, што падавала вялікія надзеі. У ролі Глумава — Юрый Гапееў. Гэта было адкрыццё новага таленту.

Завяршальным акордам творчасці Рыда Таліпава стаў спектакль «Квартэт» Рональда Харвуда. Трагікамедыя пра тэатр, пра сутнасць мастацтва, пра артыстаў, іх узлёты і падзенні, пра непазбежнасць старэння і сыходу. Увогуле, пра нас. Адзін з герояў дакладна абазначыў ролю мастацтва: яно «...не мае сэнсу, калі не выводзіць нас з адчаю і не прымушае нашы сэрцы біцца мацней». Рэпетыцыі праходзілі складана, нервова. На вуліцы — спякота вышэй за 35 градусаў, на сцэне — і таго больш. Былі нават зрывы. Рыд Сяргеевіч, разумеючы нас, усё сцярпеў, і мы годна дайшлі да прэм’еры. У «Квартэта» было шмат прыхільнікаў сярод журналістаў, крытыкаў, інтэлігенцыі горада, прыязджалі людзі і з Мінска. Ужываю слова «было», бо спектакль спісалі... Засталася памяць. «Творцы сыходзяць — творчасць застаецца», — так вызначыў галоўнае ў «Квартэце» Рыд Таліпаў. Як трагічна гэта гучыць сёння!

«Лежачы ў сталічнай бальніцы, рэжысёр па тэлефоне слухаў апладысменты віцебскай залы. А потым усклікнуў у слухаўку: “Дзякуй, вы працягнулі мне жыццё!”, — піша Вікторыя Дашкевіч у газеце “Віцебскі праспект”. — Тады на коласаўскай сцэне ішоў спектакль “Мудрацы…” Астроўскага, а рэжысёр спектакля, мастацкі кіраўнік Тэатра імя Якуба Коласа Рыд Таліпаў слухаў авацыі залы ў апошні раз. Ён так і не акрыяў...»

Часам мне здавалася, што гэты знешне замкнёны чалавек самае дарагое і патаемнае давяраў толькі сцэне. Ён выдатна адчуваў яе, з уніклівасцю і адказнасцю ставіўся да выбару драматургіі, да рэпетыцый, акцёраў. Мы паспелі зрабіць нямногае, але затое прадуктыўна, ярка, знакава.

А Таліпаў хацеў і мог бы зрабіць шмат... Спектакль «Брама неўміручасці» Кандрата Крапівы застаўся незавершаным. Рыд Сяргеевіч казаў, што сёння тэма прагі вечнага жыцця вельмі актуальная — у сваім імкненні да нязбытнага людзі даходзяць да ідыятызму, а Крапіва прадчуваў гэта яшчэ ў 1970-я гады... Рэжысёр хацеў вярнуць на сцэну адну з самых знакамітых савецкіх п’ес у новым прачытанні, з сучаснымі спецэфектамі, але цікавая задума так і не была здзейснена.

Таліпаў сур’ёзна думаў пра творчы рост моладзі, беражліва ставіўся да спадчыны тэатра. Аб’явіў конкурс сярод акцёраў да 40 гадоў, вынікі якога падводзіліся ў пачатку кожнага сезона. Уважліва выслухоўваў усіх на індывідуальных размовах.

Ён пакінуў нас нечакана. Яго багаты і ў той жа час датклівы ўнутраны свет не вытрымаў жорсткасцей жыцця. Высокая натура, Таліпаў не дазваляў сабе апусціцца на адзін узровень з пасрэднасцю. На абразы адказваў маўчаннем, але што ў гэты час адбывалася ў яго душы?.. Ёсць людзі, што, забыўшыся пра сумленне, могуць здзейсніць непапраўныя ўчынкі. Тэатр яшчэ доўга будзе расплачвацца за іх. Сваім раптоўным сыходам Таліпаў пакараў усіх нас. Папярэдзіў пра крохкасць нашага свету. Пайшоў, недагаварыўшы... Не паспеў.

За 35 гадоў творчай і педагагічнай дзейнасці Рыд Таліпаў зрабіў свой унёсак у беларускае тэатральнае мастацтва. Яго праца высока ацэнена дзяржавай. Ён лаўрэат міжнародных тэатральных фестываляў, узнагароджаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За дасягненні ў сферы тэатральнага мастацтва». Яго спектаклі паспяхова ішлі і ў Аўстрыі, Германіі, Польшчы, Славеніі, Турцыі.

На жаль, у складаныя хвіліны не аказалася належнай падтрымкі. Гэта што — дэфіцыт дабра? Звычайная абыякавасць? Канфлікту можна было пазбегнуць. Але — не знайшлося арбітра, які здолеў бы ўсё расставіць па сваіх месцах. І жыццё было б выратавана...

Святлана АКРУЖНАЯ