Агонь для ідэі

№ 1 (370) 01.01.2014 - 31.01.2014 г

Лілія Нішчык пра міфы і тэхналогіі
Творчасць Ліліі Нішчык, здаецца, непадуладна чужым уплывам, а падпарадкоўваецца выключна ўласцівасцям абранага матэрыялу — керамікі. Яе прыярытэты мяняюцца: напярэдадні нашай размовы адкрылася выстава пад назвай «Рэальнае і міфалагічнае ў скульптуры» — даследаванне асаблівасцей і рыс жывёл, якія становяцца асновай для міфалагічных персаніфікацый. Адпаведна, мова яе мастацтва стала іншай...

Неяк на адной з выстаў Саюза мастакоў я спытала цябе, чаму менавіта ў зале дэкаратыўнага мастацтва, а не паверхам вышэй — сярод скульптур — размешчаны твае творы. Тады яны якраз знаходзіліся на мяжы гэтых розных падыходаў, але ў любым выпадку былі ўжо не стылізаванымі ёмістасцямі, а аб’ектамі. Калі такі падзел на дэкаратыўнае і выяўленчае ўвогуле не выглядае дзіўным. Прынамсі, многія творы прыкладнога мастацтва гэтак вызначаюцца толькі ўмоўна — з-за матэрыялу, напрыклад. Сёння гэта часта больш самадастатковыя аб’екты, чым скульптура, якая, бывае, грашыць дэкаратывізмам. Выстава ў Музеі горада Мiнска засведчыла новы віток твайго творчага развіцця?

— Безумоўна, кожная выстава для мастака — гэта падсумаванне пэўнага перыяду, пераасэнсаванне светапогляду. Я ніколі не ўспрымала сваю творчасць як дэкаратыўна-прыкладную. Канешне, любое вызначэнне — умоўнасць, да таго ж мае творы ніколі не выконвалі функцыі дэкору, гэта арт-аб’екты, у якія я як мастак закладваю шырокія задачы.

Мая выстава — гэта зварот да рэалій жыцця, да прыгажосці і шматстайнасці свету і ў той жа час — да яго загадак і неспасцігальных таямніц, якія людзі і заключалі ў міфалагемы.

Там цалкам іншае ўспрыманне фактуры, аб’ёму, іншае адчуванне прасторы, жывога асяроддзя. Дый увогуле я заўсёды хацела быць скульптарам. У свой час мяне адгаварылі паступаць на гэта аддзяленне мастацкага вучылішча, але я не шкадую, бо маю вялiкiя магчымасці ажыццявіць свае творчыя намеры і аб’яднаць жывапiс i скульптуру у адным цэлым. Нават сябры-скульптары далучаюць мяне да свайго цэха.

Складваецца ўражанне, што новы этап стаўся вынікам даволі натуральнага працэсу — усе гэтыя новыя падыходы іманентна прысутнічалі ў тваіх аб’ектах і раней...

— Сам матэрыял — керамiка — дае большую свабоду мастаку: я магу працаваць як скульптар і як жывапісец, а самае галоўнае: дзякуючы тэхналагічным працэсам, якія ёсць у кераміцы, пашыраецца палітра колераў, фактур, пластыкі. Ёсць мастакі, якія лічаць, што трэба «абазначыць» гліну, падкрэсліць матэрыял, так, гэты падыход лагічны, але калі існуюць такія шырокія магчымасці ў вырабе твора, у дасягненні багатай колеравай палітры, чаму ж іх не выкарыстаць? Тэхналагічны працэс вельмі разнастайны, трэба толькі ведаць яго і адчуваць. Назапашванне прыёмаў адбываецца з вопытам, традыцыйныя метады развіваюцца менавіта ў пошуку — праз змешванне паліваў, розныя формы абпалу, роспісу. Кераміст мусіць спланаваць тое, што ён атрымае на выхадзе. Безумоўна, апошняе слова за агнём, у гэтым ёсць таемнасць. Ты мяркуеш, што выйдзе нешта адно, але адчыняецца печ — і цябе можа напаткаць здзіўленне, захапленне цi расчараванне. Бо часта выходзіць так, што запланаваў адно, а атрымалася штосьці іншае. Тут не трэба спяшацца, лепш твор схаваць... Многія пісьменнікі так кніжку адкладаюць... Пасля, як праца «адляжыцца», з ёй ужо будзе атаясамлівацца нейкі іншы вобраз. Можна яе дастаць, адкрыць і паглядзець — згаджаешся ты з ёй ці не... Калі не пагаджаешся — даводзіцца дарабляць.

А тэхналогіі ў кераміцы сапраўды вельмі шырокія, напрыклад, выкарыстоўваючы нізкі ці высокі абпал, можна дасягнуць розных вынікаў... Высокі абпал адбываецца пры тэмпературы больш за тысячу сто градусаў. Вельмі моцна ўсё плавіцца, і аб’ект змяншаецца ў некалькі разоў, палівы і солі таксама па-іншаму сябе паводзяць. Тут ёсць свае асаблівасці — мяняецца колер шамоту, матэрыял спякаецца, становіцца практычна каменем. Прычым камень гэты — рукатворны, і вада яго не будзе тачыць так хутка, як звычайны. Пры нізкім абпале магчыма дасягнуць большай колеравай градацыі, тут ужо можна заплаўляць смальту, працаваць са шклом, таксама ёсць i розныя віды роспiсу. Я лічу, што пры такім багацці магчымасцей нецікава зацыклівацца на адным прыёме. Як звычайна здараецца: спадабаўся мастаку адзін метад — і ён працуе па гэтай схеме ўсё жыццё.

Так, на тваёй выставе ў мяне склалася ўражанне, што ты адчула неабходнасць рушыць далей...

— Лічу, што творчасць павінна быць разнастайнай. Я прайшла перыяд, калі мяне цікавіла міфалогія і было важна ўвасобіць гэтыя сімвалы праз аб’ёмныя формы, у выглядзе рэльефаў, барэльефаў.

Сімволіка прадугледжвае пэўную статыку, ставіцца задача перадаць сэнсавы код. Глядач мусіць быць падрыхтаваным, каб яго прачытаць. І, магчыма, гэта крыху напружвала. Тут жа хацелася адысці ад знакавасці і папрацаваць з «жывымі» аб’ектамі. Міфалогія — таксама жывы аб’ект, які можа знайсці форму ў знаках, а можа — у тых жа хімерах. Я пастаянна займалася міфамі, былі серыі міфаў народаў свету, міфаў Беларусі. Цяпер я назвала сваю выставу: «Рэальнае і міфалагічнае ў скульптуры». Звярнула ўвагу на тое, як міфалагічныя погляды ўвасабляюцца праз рэальныя аб’екты. Ігуаны, напрыклад, — незвычайныя істоты, якія заўсёды бударажылі уяўленне. Чым яны мяне прывабілі? Па-першае, рухамі. Па-другое, фактурамі. Тэхналагічна цікава было гэтую фактуру ўвасобіць... Не так гэта і проста. Ёсць у мяне на выставе і статычныя аб’екты, выкананыя з дапамогай рубленай формы. Усё залежыць ад задачы, мэты, якую імкнуся дасягнуць. Гэта дыктуе форму. Розныя і асацыяцыі, якія ўсе гэтыя творы і вобразы выклікаюць у людзей. Камусьці падабаецца нейкі адзін аб’ект, камусьці — іншы. Так і павінна быць... Планавалася, што людзі, разглядаючы гэтыя аб’екты, знойдуць кожны сваё.

Раней ты давала нейкія падказкі — назвай, вобразам, сімвалам...

— Даводзілася нават пісаць анатацыі да кожнага твора...

Цяпер ты падышла да больш арганічнага ўспрымання...

— Трэба вызначыць нейкія пункты адліку. Гэта ж усё сядзіць унутры нас, усе гэтыя пытанні — адкуль мы, хто мы і для чаго...

Як з’явілася тэма міфаў? Памятаеш першы імпульс?

— Насамрэч мне заўсёды хацелася рабіць скульптурныя аб’екты на анімалістычную тэму. А міфалогіяй яшчэ ў Акадэміі мастацтваў захапілася. З намі вучылася Алёна Ткачова (пасля стала шкляром), яна цікавілася абрадавымі беларускімі песнямі. Голас мела незвычайны і калі з сябрамі пачынала спяваць, ад гэтых сакральных песняў ажно мурашкі па скуры беглі. Я прыслухоўвалася і паступова ўсё больш уцягвалася. Асяроддзе паспрыяла, але і глеба для гэтага была: нешта ж мяне прывабіла! Дарэчы, больш ніхто са слухачоў не стаў займацца міфамі. Цяпер неаархаіка для мяне не так актуальна, наадварот — цікавяць якасці чалавека, узаемаадносіны людзей. Маральныя прынцыпы — грэхападзенне...

Рэлігійныя сюжэты?..

— Не. Там яшчэ больш спрэчных пытанняў... Да таго ж міфалогія стала часткай рэлігіі, яна больш старажытная. Нашы продкі ўспрымалі прыроду неаддзельнай ад сябе. Адчувалі сувязь і з макракосмасам, і з мікракосмасам. Чалавек узаемадзейнічаў з тым, што яго акаляла, праз гармонію. Не імкнуўся валадарыць. Цяпер жа мы зразумелі, што чалавек толькі маленькая пясчынка ў сусвеце.

Ствараючы аб’екты, ты займалася вывучэннем, даследаваннем тэмы? Ці працэс гэты быў выключна інтуітыўны?

— Інтуітыўна толькі вобраз ствараецца. Я чытала шмат літаратуры. Візуальных падпорак пазбягала, таму што мог атрымацца паўтор, нават падсвядома: пасля прагляду ілюстрацый адкладаецца пэўнае ўражанне. Любіла тэксты без карцінак чытаць — даведнікі, напрыклад, калі нейкія сімвалы там і сустракаліся, то толькі на карысць ішло. У маіх работах можна ўбачыць прыдуманыя сімвалы, створаныя на аснове нечага рэальнага... Ёсць нейкія базавыя выявы — знакі агню, зямлі, бясконцасці. Мы, сучасныя людзі, можам на гэтай аснове выяўляць сваё, грунтуючыся на ўласных мастацкіх прыярытэтах. Адбывалася не проста сухое маляванне, капіраванне — паралельна ішоў пошук пластыкі. Кераміка дазваляе знаходзіць нечаканыя пластычныя хады, у ёй цікава эксперыментаваць з фактурамі. Калі ў сырцы ўсё ідзе — адна справа, калі абпальваецца праца — іншая. Зусім розныя вобразы атрымліваюцца, але гэты канчатковы вобраз заўсёды трэба трымаць у сабе: пачынаеш працу — заўжды маеш на ўвазе, што будзеш рабіць потым і што хочаш атрымаць у канчатковым выніку. Вобраз саспявае пакрысе. Я нават фіксую ўсе хады, усе тэхналагічныя этапы, якія мне будуць патрэбны, каб потым гэта паступова і ў пэўным парадку ўвасобіць. Нават запісваю, каб не забыць потым.

Мяне заўсёды гэта цікавіла: думка творчая сягае бясконца і лёгка, аднак тэхналогіі вяртаюць цябе ў абмежаванае кола магчымасцей...

— Так, гэтак было на першым курсе Акадэміі мастацтваў. Мы ж нічога не ведалі, лічылі сябе вялікімі творцамі, а сутыкнуўшыся з тэхналагічнымі працэсамі, тыцкаліся туды-сюды. Не хапала матэрыялаў, і досведу было мала. Цяпер, на базе таго, што я ўжо ведаю, можна шукаць далей... Трэба форму нейкую атрымаць, мнеш гэты шамот, а матэрыял не вельмі пластычны. Затое ты ведаеш, што ён дае больш магчымасцей для стварэння вялікіх аб’ектаў. Я разумею яго пластычныя патэнцыі і ўсведамляю, чаго з яго дапамогай можна дамагчыся. Як захаваць усе перавагі і дасягнуць сваёй мэты... Канешне, тэхналогіі маюць важнае значэнне, і недасведчанаму чалавеку практычна немагчыма атрымаць жаданае...

Вернемся да выставы. Адзінага вырашэння вобразаў, адзінага падыходу, метаду ў экспанаваных творах няма. Хутчэй наадварот — і гэта падкрэсліваецца ў назве «Рэальнае і міфалагічнае» — стаяла мэта прадставіць максімальную разнастайнасць. З улікам розных інтарэсаў гледача — ты гэта ўжо сказала. А для цябе самой чым важны такі пошук?

— У рэалістычных творах амаль няма стылізацыі. Стылізацыя ёсць у міфалагічных вобразах. Калі рабіла гэтыя працы, мне згадалася такое паняцце, як гіперрэалізм. Гіпер — можа і занадта...

Я разумею, што твая тэма патрабуе гліны. Але тут і там узнікаюць нейкія дадатковыя элементы — падсветка аб’екта, устаўкі з іншага матэрыялу... Час ад часу з’яўляецца жаданне змяшаць тэхнікі, далучыць нешта іншае, пашырыць творчы дыяпазон?..

— Так, заўсёды нешта новае спрабавала: працавала са шклом, але паступова ўсё гэта адвальваецца. Гэта не зусім тэхналагічныя рэчы...

Абмежаванасць у матэрыялах, наадварот, стымулюе?

— Я не лічу, што пошук новага — гэта дабаўленне нейкіх матэрыялаў... Металу, шкла... Усё павінна быць арганічна. Ды нічога новага ў гэтым і няма, а новае, хутчэй, у пластыцы, вобразах,фарбах, майстэрстве, у тым, што ў чалавека з’яўляецца мастацкі почырк, своеасаблiвы погляд. Так, трэба шукаць спалучэнні элементаў. Усё ж тэхналогія дыктуе свае ўмовы, яна мае ўласную логіку і да нечага прыводзіць. Любы матэрыял дыктуе свае ўмовы...

Падсветка ў тваім творы на выставе выключна дэкаратыўная. Не ўзнікала жадання зрабіць святло элементам работы?

— Будзе і так. Гэта, верагодна, ужо наступны этап.

Назіраючы за тваім творчым развіццём, я, шчыра кажучы, так і не змагла зразумець, дзе вытокі тваіх прац, чым ты натхняешся, хто твае настаўнікі. Усё гэта так невідавочна...

— У Акадэміі мастацтваў мы былі прадстаўлены самі сабе. У нас і група была падабрана адметна: Алег Усціновіч ужо займаўся керамікай, меўся графік... Мяне ўзялі з-за добрай працы па жывапісе на ўступных іспытах, за разуменне колеру... Словам, кожны нешта ўмеў. Верагодна, загадчык кафедры Уладзімір Вікенцьевіч Угрыновіч праводзіў на нас эксперымент, каб мы адзін з адным дзяліліся сваімі талентамі. Так і атрымалася. І гэта быў плённы шлях... Памятаю свой першы ўрок у матэрыяле: выдалі кавалак гліны і сказалі — працуйце. «Так… — думаю сабе. — Вось і рабі, што хочаш». Зараз студэнцкія работы праглядаю і бачу там пастаянны пошук.

У гісторыі мастацтваў ты знаходзіла для сябе якія-небудзь арыенціры?.. Ці крыніцы натхнення ў цябе толькі літаратурныя?

— Ну чаму, прыродныя таксама, пастаянна назіраю за птушкамі, раслінамі... Натхненнем можа быць творчы шлях мастака — пачынаючы з Леанарда і заканчваючы Ван Гогам. Кожны з іх сцвярджаў, што прырода для мастака самы галоўны настаўнік. Мастак заўсёды нешта шукае, назірае. Калі працавала над вобразам варана, глядзела фільм пра гэтых жывёл, вывучала ўсе павароты цела, рухі. Патрэбна гэта для таго, каб вочы запомнілі вобраз, а мозг сканцэнтраваў. Потым усе гэтыя сувязі пераходзяць да кончыкаў пальцаў і ўвасабляюцца ў рэальным аб’екце.

Некалі ты хацела стаць жывапісцам. Па-ранейшаму працягваеш пісаць? Гэта для цябе аддушына?

— Так, менавіта. У кераміцы тэхналогіі цябе стрымліваюць, да таго ж гэта прасторавае мастацтва. У жывапісе задачы цалкам іншыя, да таго ж я люблю пісаць прыроду, нацюрморты, партрэты. Гэта спрыяе рэлаксацыі. Зараз жывапіс будзе, верагодна, крыху іншы. У кераміцы ў мяне з’явіўся рэалізм, становіцца цікавым чалавек — гэта ўжо наступны выставачны праект. А ў жывапісе наадварот — пачынае з’яўляцца абстрактны сімвалізм...

Ты адкрыла адну выставу і ўжо плануеш наступную...

— Так, для новага выставачнага праекта ужо маю амаль усе аб’екты, працую над апошнім. Усё адбываецца паралельна: праходзіць адна выстава, робяцца аб’екты да другой. А не так, што закончыў адзін перыяд... Раней, дарэчы, адкрывала выставу — і адчувала ўнутры пустату. Спустошанасць, напэўна, натуральны стан для любога аўтара. Пасля ўчарашняга вернісажу я такога не адчула. Няма пустаты. Добра. Творчы працэс бясконцы...

Аўтар: Алеся БЕЛЯВЕЦ
рэдактар аддзела выяўленчага мастацтва