Такі розны родны гукасвет

№ 1 (370) 01.01.2014 - 31.01.2014 г

Новыя праекты беларускіх кампазітараў
...Спадзеў на пераемнасць. На тое, што памяць маладых беларусаў захавае імёны-легенды, што са свядомасці суайчыннікаў не знікне высокае паняцце «прафесійны кампазітар». Што паспяховыя творцы, задумаўшыся пра будучыню айчыннай музыкі, зоймуцца прапагандай не толькі ўласных набыткаў, але і лепшых старонак спадчыны папярэднікаў. А інакш і самі рызыкуюць ператварыцца ў цені забытых класікаў...

«Падмаскоўныя вечары»?

Колішні мой аднакласнік А. — скрыпач. Жыве за мяжой, выкладае. Штогод наведвае мінскіх родзічаў і шчыра цікавіцца тутэйшымі музычнымі падзеямі. Чарговы візіт прымеркаваў да пачатку новага канцэртнага сезона. Прыехаў. Зірнуў на афішы, завітаў у філармонію — і выказаўся даволі катэгарычна: «Галоўнаму сімфанічнаму аркестру краіны — 85, Беларускаму саюзу кампазітараў — 80. Стагоддзе Анатоля Багатырова: чалавек-эпоха ў нацыянальным музычным мастацтве! Яго асоба, імёны вучняў (некалькі пакаленняў!) неад’емныя ад гісторыі аркестра, дзейнасці творчага саюза. Юбілеі дзяржаўных камерных калектываў — аркестра, хору: да іх станаўлення беларускія кампазітары таксама спрычыніліся... Хіба ўсё гэта — не нагода для стварэння канцэптуальнага рэспубліканскага мастацкага праекта на ўвесь год? Першыя канцэрты такога сезона я ўяўляў як чараду адкрыццяў, рэтра-сюрпрызаў, прасторавых і часавых музычных повязей, нацыянальных прэм’ер.

Наўяўляў сабе — і вось... Не скажу, што замест свята беларускага мастацтва нібы чарговы раз патрапіў на “падмаскоўныя вечары”, але ж віншаваць калег-землякоў з уверцюрай сезона не захацелася. Няўжо свая арыгінальная музыка існуе ў цені мясцовых інтэрпрэтацый сусветнай класікі — як нешта другаснае, выпадковае, маргінальнае? Чаму яна ўспрымаецца як спарадычны вынік пэўных кан’юнктурных меркаванняў, а не як праява сталай душэўнай патрэбы выканаўцаў, іх ментальнасці?»

Скрыпач А. з’ехаў, не дачакаўшыся імпрэзы, прымеркаванай да юбілею кампазітарскай суполкі. Шкада. Магчыма, гэта была б для яго тая самая чарада творчых адкрыццяў, здатная пахіснуць скептычныя высновы наконт становішча нацыянальнага рэпертуару ў сённяшнім пярэстым і парадаксальным (да таго ж залежным ад рэальных эканамічных варункаў) гукасвеце.

Што было і што будзе…

Як жа святкаваў саюз сваё 80-годдзе? У Мінску адбыўся ўрачысты сход (ён уключаў справаздачнае выступленне старшыні саюза Ігара Лучанка і традыцыйную віншавальную цырымонію). Прайшлі канцэрты з твораў беларускіх аўтараў, прычым не толькі ў залах сталічных. Што, дзе, калі — рэклама пра гэта маўчала. Намаганнямі ж саміх арганізатараў увага музычнай грамадскасці ды проста публікі была скіраваная на пяць снежаньскіх вечароў у Беларускай дзяржаўнай філармоніі.

Праўда, і напярэдадні афіцыйнага святкавання тут ладзіліся канцэрты, прысвечаныя той жа знамянальнай даце. Адзін з іх — супольная вечарына айчынных майстроў-песеннікаў Ігара Лучанка ды Эдуарда Ханка. Яе назва «То ли ещё было...» (трапна перафразаваны прыпеў колішняга шлягера) упершыню з’явілася на афішах сталічнай філармоніі яшчэ падчас «Беларускай музычнай восені-2012» — як візітоўка героя тагачаснага бенефіса Эдуарда Ханка. Паўтораная ў кантэксце 80-годдзя саюза, назва сімвалізавала агледзіны створанага двума сённяшнімі класікамі песеннага жанру. А ўдзел у вечарыне ўзялі не толькі эстрадныя выканаўцы, але і Нацыянальны акадэмічны народны аркестр імя Іосіфа Жыновіча. Гэты ўнікальны калектыў сапраўды родны для большасці нашых кампазітараў. Дзякуючы ініцыятыве мастацкага кіраўніка Міхася Казінца і таленавітага музыканта Аляксандра Крамко жыновічаўцы цягам некалькіх дзесяцігоддзяў стымулююць стварэнне новых беларускіх партытур, спрыяюць з’яўленню значных нацыянальных прэм’ер. Апошнім часам аркестр прэзентаваў на сцэне філармоніі яркія крэатыўныя праекты: «Гусляр» Ігара Лучанка—Уладзіміра Мулявіна, «Песня пра долю» Уладзіміра Мулявіна, «Люцыян Таполя» Ларысы Сімаковіч... Аднак «ці тое яшчэ было» за гады існавання Саюза беларускіх кампазітараў!

З настальгічным настроем

Бываліцы 1960-х—80-х... Ёсць што ўспомніць дзеля параўнання з цяперашнім! Рэпетыцыі-«карэктуры» новых сімфанічных твораў, дзе дырыжор і кампазітар у спрэчках удакладнялі нюансы аркестроўкі, выканальніцкія прыёмы, тэмпы, нават абмяркоўвалі спалучэнні гукаў у асобных акордах. Адзін, здаралася, ганіў якасць партытуры, другі наракаў на скажоную трактоўку аўтарскай задумы, сварыліся, браталіся... Але напісанае не марнела ў стане маўклівых нотных знакаў, напісанае — хоць бы аднойчы (ці, як жартаваў наш класік Яўген Глебаў, двойчы: першы і апошні раз) — ператваралася ў жывое гучанне музыкі, папаўняючы фондавую фанатэку радыё. Трансляцыі канцэртаў беларускай музыкі па правадной радыёсетцы, праз якія выхоўваліся тысячы дасведчаных слухачоў, былі незаменнай формай асветніцтва.

Створанае ў акадэмічных жанрах амаль не пакідала музычны абсяг БССР (хіба што падчас усесаюзных форумаў ці дзён культуры ў іншых рэспубліках). На выкананне за межамі Савецкага Саюза беларускія кампазітары амаль не мелі шанцаў (аднак выключнае прызнанне атрымаў балет Яўгена Глебава «Тыль Уленшпігель»: яго паставілі ў Фінляндыі, а кампазітару быў замоўлены для балетнай сцэны Хельсінкі новы твор — «Маленькі прынц», прэм’ера якога там і пабачыла свет). Вось чаму як выйсце ўспрымаліся сумесныя (ці абменныя) прафесійныя сустрэчы з літоўскімі, малдаўскімі, польскімі, украінскімі калегамі; годнай старонкай засталіся ў гісторыі саюза міжнародныя фестывалі сучаснай музыкі.

А праграмы пленумаў і з’ездаў? Яны разгортваліся ў маштабныя фэсты! Кожны жанр быў прадстаўлены асобным канцэртам, а то і не адным: кантатна-аратарыяльная, сімфанічная, камерная вакальная, інструментальная, харавая, песенная творчасць, музыка для народных інструментаў, для эстраднага аркестра, для дзіцячай аўдыторыі. Была магчымасць паглядзець і айчынныя набыткі ў музычна-тэатральнай сферы. Кансерваторыя рыхтавала канцэрт з твораў студэнтаў аддзялення кампазіцыі. За «круглым сталом» ладзілася дыскусія музыколагаў (у тым ліку фалькларыстаў), крытыкаў, творцаў, якая ніколі не абыходзілася без вострай палемікі. (Бывала, выказваліся і салідныя замежныя госці, якія прыязджалі па запрашэнні кіраўніцтва саюза). Да такіх форумаў выдаваліся бясплатныя даведачныя буклеты з анатацыямі канцэртных праграм, са звесткамі пра дзейнасць рупліўцаў беларускага гукасвету, у тым ліку пра зробленае даследчыкамі, рэцэнзентамі, папулярызатарамі музыкі.

Істотным складнікам тагачасных творчых будняў і крыніцай інфармацыі былі «Музычныя серады». Кампазітары розных пакаленняў, выканаўцы, выкладчыкі, студэнцкая моладзь, знаўцы музыкі ды яе аматары збіраліся ва ўтульнай зале на плошчы Свабоды, 5 (на жаль, з гэтымі «намоленымі сценамі» саюзу давялося развітацца і пераехаць у іншае памяшканне). Кожны з аўтараў, які прадстаўляў свой найноўшы опус, меў неацэнную магчымасць выслухаць самыя розныя ўражанні, заўвагі, аналіз твора, парады калег. Пра плён працы айчынных кампазітараў, пра іх філарманічныя прэм’еры — незалежна ад каляндарных дат і чарговых сходаў — пісалі звычайныя штодзённыя газеты.

Пры «адсутнасці прысутнасці»

Пры канцы 70-х у самую элітную творчую суполку ўваходзіла 58 (!) кампазітараў, музыказнаўцаў, даследчыкаў інструментальнага і песеннага фальклору, чыя прафесійная дзейнасць была навідавоку, лічылася прэстыжнай, мела высокі статус у грамадстве. Сёння саюз аб’ядноўвае каля 130 чалавек. Вызначыць «з дакладнасцю да адзінкі» цяжка хаця б таму, што добры дзясятак прынятых некалі ў творчую сябрыну — цяпер за межамі Беларусі, кантакты з калегамі-землякамі падтрымліваюць далёка не ўсе...

Ці магчыма было пры такім колькасным складзе саюза хоць бы збольшага прадставіць публіцы жанравую, вобразную, стылёвую поліфанію творчасці сучасных кампазітараў ды яшчэ адлюстраваць музычныя набыткі розных перыядаў яго 80-гадовай гісторыі? Так, магчыма, калі б да юбілейнай даты рыхтавалася не падборка некалькіх канцэртных праграм, а больш маштабная імпрэза з добра прадуманым сцэнарыем. Абавязкова — з удзелам розных выканальніцкіх складаў, майстроў усіх жанраў прафесійнай музыкі (у тым ліку артыстаў з абласцей), з належным забеспячэннем прэзентацыі электраакустычных ды электронных кампазіцый. І калі б яшчэ не заміналі фінансава-арганізацыйныя праблемы... Тады, пэўна, не давялося б шкадаваць, што рэальнае свята выглядала інакш. Насамрэч значная падзея ў культурнай прасторы краіны фарматам прынцыпова не адрознівалася ад мінулага з’езда БСК, а па колькасці прадстаўленых аўтарскіх імёнаў і па жанравай разнастайнасці відавочна саступала традыцыйным пленумам.

Два сімфанічныя канцэрты, падрыхтаваныя Акадэмічным аркестрам на чале з Аляксандрам Анісімавым і аркестрам Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Беларусі з маэстра Юрыем Караваевым; сольнае выступленне Ігара Алоўнікава з яго аўтарскімі фартэпіяннымі транскрыпцыямі твораў айчынных класікаў; вечар харавой музыкі з удзелам Дзяржаўнага камернага калектыву пад кіраўніцтвам Наталлі Міхайлавай ды Акадэмічнага хору Белтэлерадыё (мастацкі кіраўнік Павел Шэпелеў); праграма Дзяржаўнага камернага аркестра Беларусі з галоўным дырыжорам Яўгенам Бушковым.

З такога фрагментарнага паказу творчасці нашай музычнай эліты чалавек старонні мог атрымаць не надта поўнае, а таму не зусім дакладнае ўяўленне пра тое, чым займаюцца кампазітары сёння і які ўнёсак у музычную культуру краіны зрабілі іх папярэднікі. Відавочна, вельмі многім (нават паспяховым айчынным аўтарам, у тым ліку і вядомым за мяжой) давялося змірыцца з фактам уласнай «адсутнасці прысутнасці» на свяце роднай музыкі. Яшчэ менш пашанцавала на ўвагу тым, хто распачынаў дзейнасць саюза, фарміраваў яго лепшыя традыцыі. Калі б не прэс-канферэнцыя ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі з удзелам Ігара Лучанка і не яго прамова на ўрачыстым сходзе, калі б не каментарый-экскурс музыказнаўцы Вольгі Савіцкай, якая вяла першы юбілейны канцэрт, дык наўрад ці адчулі б мы гістарычны аспект пяці філарманічных вечароў.

Пазітыўная энергія і трывожныя тэндэнцыі

Каму, як не творцам ды інтэрпрэтатарам ведаць, што ўяўленне, узнаўленне і ўспрыманне гукасвету ніколі не бывае аб’ектыўным і адназначным. Гучанне адной і той жа музыкі кагосьці акрыляе, кагосьці прыгнечвае, кагосьці раздражняе. Прызнаюся, падчас пяці згаданых канцэртаў мяне наведвалі розныя і не толькі прыемныя ўражанні. Але ўсведамленне рэдкаснай магчымасці паслухаць жывую беларускую музыку абуджала ў душы хвалю пазітыўнай энергіі, што было вышэй за хвілінныя эмоцыі. У юбілейных праграмах, сфарміраваных, як прызнаваліся творцы, «ad libitum» (што ў перакладзе з кніжнай латыні на жывую іранічную беларускую мову значыць «похапкам»), прагучала музыка (пераважна прэм’еры) усё ж найбольш актыўных нашых сучаснікаў, і камусьці пашчасціла на ўвагу залы двойчы, бо да іх партытур звярнуліся розныя выканаўцы. Аднак пазначылася трывожная тэндэнцыя: фрагментарны паказ цыклічных твораў. З аднаго боку, гэта эканомія часу ў рэгламенце, што дазваляе «ахапіць» больш аўтараў. З другога — умяшанне ў драматургію твора, што скажае яго задуму.

Парадавала прыгожая і мудрая ідэя — распачаць свята музыкі «Святочнай уверцюрай» Анатоля Багатырова, сатканай з інтанацыйных іскрынак беларускага песеннага фальклору. Такім чынам аркестр пад кіраўніцтвам Анісімава перанёс аўдыторыю ў 1961 год і даў магчымасць затрымацца ў тагачасным гукасвеце, узнавіўшы Пралог з балета Глебава «Мара» (год напісання — таксама 1961-ы). Музыкай, створанай для харэаграфічнай сцэны, была прадстаўлена творчасць Сяргея Картэса (сюіта з балета «Апошні інка», прэм’ера якой прагучала ў філармоніі пры канцы 80-х) і Вячаслава Кузняцова (Адажыа з балета «Клеапатра»). Эпаціравалі публіку брутальны гратэск і мажорная буфанада Скерца з Сімфоніі № 2 Уладзіміра Гаркушы. Настроіў на суперажыванне вакальна-сімфанічны маналог «Песня апошняга трубадура» Дзмітрыя Смольскага (саліст Уладзімір Громаў). Дэструктыўны мітуслівы свет людскіх непаразуменняў і канфліктаў адбіваўся ў калючых сугуччах Фартэпіяннага канцэрта Ганны Кароткінай (выконваліся ІІ і ІІІ часткі, саліравала Уладзіслава Шацкая). Светлай прыгажосцю ўсцешвала музыка Андрэя Мдывані (ІІ і ІІІ часткі Сімфоніі № 11) і Галіны Гарэлавай (І частка канцэрта «Метамарфозы» для вялікага сімфанічнага аркестра).

Разнапланавасць

У праграме, якую годна прадставіў аркестр Белтэлерадыёкампаніі, паўставаў свой стракаты гукасвет. Нас вымушалі перажываць жахі Суднага дня, пакутаваць і каяцца, спадзеючыся на літасць («Adventum Dies» Аліны Безенсон — канцэрт для баяна з аркестрам, саліравала Кацярына Тарас; «Плач Ерэміі» Вячаслава Кузняцова — эскізы да біблейскага сюжэта). Блукаць у касмічнай прасторы (сімфанічная карціна Сяргея Бельцюкова «Млечны Шлях»). Вышукваць інтанацыі геніяльнага «паэта фартэпіяна» ў рэфлексіях «Калыханкі Шапэну» (твор Дзмітрыя Лыбіна для 2-х раяляў і аркестра). Варта было падзівіцца, з якой класічнай простасцю і летуценнай чысцінёй можна распавесці пра свае надзеі, расчараванні, трывогі, нязбытныя мары і... прызнацца ў любові да радзімы (канцэрт для цымбал з аркестрам «Маладая Беларусь» Віктара Войціка, салістка Вераніка Прадзед).

Аншлагавы харавы канцэрт — гэта разнапланавыя партытуры гуманістычнага, духоўна-філасофскага і кананічнага хрысціянскага зместу. Сярод іх «Малітва» Ларысы Сімаковіч на вершы Яна Вісліцкага для трубы сола і змешанага хору; «На рэках вавілонскіх», Псалом 136 — кампазіцыя Андрэя Бандарэнкі для віяланчэлі сола і хору; «Малітва», напісаная Дзмітрыем Лыбіным на вершы Аляксандра Блока для хору, ударных і чэлесты; «Тайная вячэра» Сяргея Бугасава на тэкст Уладзіміра Набокава; опусы Ганны Кароткінай і Аліны Безенсон. Натхнёнасць спеўнай беларускай паэзіяй і фальклорам адчувалася ў чародцы мініяцюр Уладзіміра Карызны «Жураўліны досвітак» на вершы Уладзіміра Карызны-старэйшага, у «Сінявокай ночы» Яўгена Паплаўскага на верш Максіма Багдановіча, у «Замове» Сяргея Бугасава на верш Янкі Купалы, у перасыпанай гукавымі бліскавінкамі апрацоўцы Вікторыі Спарыш «Ой, рана на Івана» і ў харавой замалёўцы Валянціна Шрамко на тэму народнай песні «Сваток». Запомніліся здатныя выклікаць нястрымны смех у зале сатырычна-парадыйны «Шэраг дапушчэнняў» Аляксандра Гулая (словы Ігара Ірценьева) і музычны памфлет Міхаіла Васючкова на вершы Івана Крылова з каментарыямі...

Дзякуючы камернаму аркестру адбылося доўгачаканае знаёмства мінскай публікі з творчасцю Віталя Радзівонава: прагучалі часткі «Пушкінскай сюіты» — кранальная рамантычная музыка з ягонай оперы «Дуэль», прасякнутая духам ХІХ стагоддзя. Разам з піяністам Юрыем Бліновым аркестр прадставіў опус Яўгена Паплаўскага «Шлях у аблокі-3». Зноў ажыла імпульсіўная, па-тэатральнаму кідкая партытура-гульня — канцэрт Галіны Гарэлавай для струнных і ўдарных «Набліжаючыся... ...знікаючы», прысвечаны віртуознаму салісту Міхаілу Канстанцінаву. Было ціхае ўзрушэнне ад прэм’еры Ларысы Сімаковіч — той невытлумачальнай, па-дзіцячы наіўнай, трапяткой, насцярожліва-суровай і жыццярадаснай жаноцкасці, вытанчана зашыфраванай у сімфоніі для струннага аркестра «Чатыры здзіўленні Міхаліны». Публіка сачыла за падзеяй пад назваю «Перапіс насельніцтва» — новым опусам Уладзіміра Кур’яна, майстра тэатралізаваць музычны вобраз, выказваць гумар і дасціпны падтэкст без дапамогі слова — выключна праз выразныя магчымасці інструментальнага гуку, трансфармацыю ўсенародна папулярных мелодый і артыстызм выканаўцаў. У такой насычанай атмасферы вечара літаральна прамільгнуў кароткі фрагмент Канцэрта Усевалада Грыцкевіча для флейты, гітары і струннага аркестра...

Ігар Алоўнікаў — чалавек-аркестр

Жывы канцэрт — заўсёдная нагода для здзіўлення. Магія непаўторнага, эфемернага гучання — тут і цяпер; подых залы; хваляванне творцаў і выканаўцаў... Гэтага не заменіць найдасканалы лічбавы запіс. А глыбокую, шчырую і дзейсную любоў да музыкі не падменяць ніякія прыгожыя словы. Я не чула, каб Ігар Алоўнікаў дэклараваў любоў да беларускай музыкі. Але ў яго неабдымным рэпертуары яна займае свой пачэсны пасад. Ён іграе не гатовыя ноты, а вывучае логіку аўтарскага мыслення, робіць уласныя адкрыцці нават у закасцянелых забытых пластах роднай музыкі, з густам і творчым смакам улучае іх у асабісты ўнутраны лад і дзеліцца набытым досведам — праз фантастычныя канцэртныя транскрыпцыі.

Вось праграма Ігара Алоўнікава на свяце кампазітараў: Анатоль Багатыроў, Генрых Вагнер, Уладзімір Алоўнікаў, Яўген Глебаў, Сяргей Картэс, Андрэй Мдывані. Іх сімфанічная, тэатральная, камерная музыка, пераствораная на раялі, гучала часам больш выразна, багата, глыбока, чым у арыгінале. Такім натхнёным выступленнем, геніяльным паказам айчыннай музыкі гэты не проста піяніст-віртуоз, а чалавек-аркестр зрабіў бы гонар самай прэстыжнай зале.

На шчасце, Ігар Алоўнікаў не самотны ў сваім крэатыўным стаўленні да беларускай музыкі. Па ініцыятыве маэстра Міхаіла Фінберга Андрэем Шпянёвым, Генадзем Гедыльтэрам, Уладзімірам Ткачэнкам, Генадзем Забарам створана нямала сучасных аранжыровак і транскрыпцый для камерных калектываў Нацыянальнага канцэртнага аркестра, якія далі новае жыццё многім творам класікаў айчыннай музыкі...

Спадзеў на пераемнасць

Знакавы канцэрт пад назвай «Музыка беларускіх кампазітараў у сэрцах нашых дзяцей» прайшоў яшчэ пры канцы лістапада ў вялікай зале філармоніі. Імпрэзу ладзіла Дзіцячая музычная школа мастацтваў № 10 імя Глебава. Поруч з выхаванцамі, лаўрэатамі самых розных конкурсаў, выступалі настаўнікі. Праграма, «па-даросламу» сур’ёзная, адлюстроўвала панараму прафесійнай айчыннай музычнай культуры ад ХVІ стагоддзя да нашых дзён. Выконваліся аркестравыя, інструментальныя, харавыя творы Яўгена Цікоцкага, Мікалая Чуркіна, Самуіла Палонскага, Дзмітрыя Камінскага (транскрыпцыю яго «Элегіі» для ансамбля скрыпачоў зрабіў малады кампазітар, выкладчык школы Яўген Ларыёнаў). А таксама сачыненні Эдзі Тырманд, Уладзіміра Солтана, Уладзіміра Дамарацкага, Валерыя Іванова, Кіма Цесакова, Рыгора Суруса, Уладзіміра Прохарава, Сяргея Бельцюкова... Грунтоўнае прадстаўніцтва айчынных кампазітараў усіх пакаленняў! Вечар прысвячаўся 80-годдзю саюза, але ён адбыўся б і незалежна ад гэтай даты, бо з праграмамі нацыянальнай музыкі школа імя Глебава выступае ў філармоніі штогод.

Гэта для мяне самая аптымістычная згадка. Спадзеў на пераемнасць. На тое, што памяць маладых беларусаў захавае імёны-легенды, што са свядомасці суайчыннікаў не знікне высокае паняцце «прафесійны кампазітар». Што паспяховыя творцы, задумаўшыся пра будучыню айчыннай музыкі, зоймуцца прапагандай не толькі ўласных набыткаў, але і лепшых старонак спадчыны папярэднікаў. А інакш і самі рызыкуюць ператварыцца ў цені забытых класікаў...

Святлана БЕРАСЦЕНЬ