Традыцыі без наватарства?

№ 1 (370) 01.01.2014 - 31.01.2014 г

Трыенале «Белартдэко-2013»
Трыенале ДПМ у мінскім Палацы мастацтва праходзіла ўжо другі раз. Дэвіз — «Традыцыі і наватарства». І калі з традыцыямі было больш-менш зразумела, то шэраг пытанняў, звязаных з наватарствам — як па форме, так і па змесце, — у чарговы раз засталіся без адказу. Не знайшлі вырашэння і асобныя праблемы..

З пункту гледжання арт-крытыка прафесійны і мастацкі ўзровень экспанентаў другога трыенале можна ахарактарызаваць як досыць роўны і значна вышэйшы за сярэдні. Некаторыя творы я бачыла на выставах апошніх трох гадоў, многае спадабалася. Аднак у цэлым маштабная экспазіцыя, на якой былі прадстаўлены працы розных жанраў і плыняў больш як 70 мастакоў, не давала выразнай панарамы сучаснага беларускага дэкаратыўнага мастацтва, не мела канцэпцыі, заставалася размытай і несфакусаванай.

Пачну з таго, што трыенале — не проста выстава, якая праводзіцца раз у тры гады. У сучаснай экспазіцыйнай практыцы — гэта адмысловы від праектаў, прызначаных прадэманстраваць эксперыменты, новыя аўтарскія ідэі і тэхнічныя навацыі. Такая функцыя трыенале асабліва важная ў час уздыму цікавасці да дызайну, handmade і розных самаробных тэхнік, а таксама ў сувязі з надзённай неабходнасцю супрацьпаставіць прафесійны падыход праявам масавай культуры, якая шырока распаўсюджваецца з дапамогай інтэрнэту. У апошняе дзесяцігоддзе разуменне сутнасці і практыкі дэкаратыўнага мастацтва змянілася, і задача мерапрыемства такога ўзроўню — арганічна аб’яднаць у адзінай прасторы традыцыйныя практыкі мастацтва і актуальныя тэндэнцыі, асэнсаваць нацыянальныя традыцыі і іх сувязь з сучасным дызайнам. Менавіта сёння, ва ўмовах супрацьстаяння ідэй глабалізму і культурнага ізаляцыянізму, транснацыянальнасці мастацкага выказвання, фарміруецца новае пакаленне прафесіяналаў, для якога важны сінтэз агульнакультурнага і нацыянальнага канцэптаў. Гэтыя пытанні востра стаяць не толькі ў нас, але і на ўсёй постсавецкай прасторы, улічваючы падабенства ў сферы мастацкай адукацыі. Менавіта такім пытанням, у прыватнасці — пошукам новых формаў рэпрэзентацыі традыцыйнага мастацтва, былі прысвечаны міжнародны форум «ДПМ і народнае мастацтва Расіі і краін СНД у сучасных рэаліях культуры і рынку» (Масква, 2011) і дыскусія «ДПМ сёння — праблемы і перспектывы» ў рамках міжнароднага фэсту «Незабытыя традыцыі-4» (Масква, 2012).

Якім жа чынам вышэйпералічаныя ідэі маглі б рэалізавацца ў рамках нацыянальнага трыенале? Экспазіцыя магла б стаць наватарскай па форме, але застацца традыцыйнай па змесце. Пра гэта шмат гаварылася і пісалася яшчэ ў сувязі з першым трыенале, а таксама з нагоды іншых выстаў ДПМ апошніх гадоў. Рэалізаваць падобны падыход магчыма з дапамогай яркага куратарскага выказвання, новых форм падачы матэрыялу... Нічога гэтага на «Белартдэко-2013» мы не ўбачылі. Трыенале патрабуе прадуманай і працяглай падрыхтоўкі, праграмы мерапрыемстваў, інфармацыйнага суправаджэння. Замест гэтага атрымалася чарговая крыху пашыраная справаздачная выстава (нягледзячы на асобныя спробы працы з нетрадыцыйнымі матэрыяламі і пластычнай формай), у цэлым змешчаная абсалютна па-за кантэкстам сучаснай культуры. Экспанаты існавалі самі па сабе, не ўступаючы ва ўзаемаадносіны паміж сабой і з гледачом. Вынікам даўно неактуальнага экспанавання ДПМ асобнымі блокамі сталася адсутнасць узаемадзеяння (ці дыскусіі) паміж відамі і жанрамі мастацтва. Габелены былі паважна развешаны па сценах, з аднаго боку — кераміка, з іншага — шкло. Асобныя творы і арт-аб’екты, асабліва падвешаныя пасярэдзіне залы (за выключэннем «Гукавых галюцынацый» Алены Обадавай, што прыцягвалі ўвагу дзякуючы ўдаламу размяшчэнню перад уваходам), выглядалі выпадковымі і наогул не чыталіся ў прасторы. І калі ад апошняй справаздачнай выставы ДПМ заставалася ўражанне, што шматлікія творы «заглушалі» адзін аднаго, то гэтым разам прастора экспазіцыі зеўрала пластычнымі пустэчамі.

Добрым звычаем нашай школы з’яўляецца захаванне класічных традыцый, у прыватнасці — аўтэнтычных тэхнік ткацтва (шматнітачнай, падвойнай, пераборнай, выбарнай і іншых). Класічны габелен і на гэтым трыенале па-ранейшаму застаўся ў лідарах, нядрэнныя працы былі і ў тэхніцы рамізнага ткацтва. За мінулыя тры гады адбылося некалькі вельмі цікавых выстаў беларускага габелена і тэкстылю: перасоўныя экспазіцыі «Узорны спеў», «Каляровая нізка», «Натхненне», персанальныя выставы Алены Обадавай і Людмілы Пятруль, «Метафары і метамарфозы» па выніках першага пленэру мастацкага тэкстылю, які праходзіў у тым жа Палацы мастацтва. Рэгулярна ладзяцца выставы па выніках міжнародных пленэраў керамікі «Арт-Жыжаль» з яркімі, выразнымі і запамінальнымі творамі, якія маглі б упрыгожыць экспазіцыю трыенале. Аднак габелен, тэкстыль і кераміка, прадстаўленыя на выставе, здзіўлялі вобразнай і тэхнічнай аднастайнасцю. І справа нават не ў крытэрыях адбору прац, а ў стаўленні саміх мастакоў, якія замест таго, каб даць у падобны маштабны праект нешта новае, незвычайнае і цікавае, прапануюць творы паводле прынцыпу: «Ну, калі трэба...» Небяспечным сімптомам становіцца тое, што занадта часта ў працах беларускіх майстроў прысутнічаюць штампы, адчуваецца банальнасць і млявасць думкі — гэта датычыць каларыстычнай гамы, кампазіцыйнага і вобразнага вырашэння. Чым з мастацкага, тэхнічнага, тэматычнага гледзішча адрозніваюцца адзін ад другога адзначаныя дыпломамі габелены ў тэхніцы рамізнага ткацтва «Мядовы водар» Ірыны Вілынец, «Хроніка без літар» Ірыны Ермаковіч і трыпціх «Лістапад» Марыі Марцьяковай — практычна аднолькавыя па каларыце і падыходзе да народнай традыцыі? Што асабліва арыгінальнага можна ўбачыць у адзначаным дыпломам камплекце посуду «Восеньскі» Алены Карповіч? І чым па пластыцы адрозніваюцца формы «Прыроды» ад «Свята ўраджаю» Тамары Юркевіч? І такіх паралелей і паўтораў пры жаданні можна адшукаць мноства. Па вялікім рахунку, штампам з’яўляецца і сам дэвіз «Традыцыі і наватарства», прычым ён ніяк не ўвасоблены ў экспазіцыйнай канцэпцыі. Падобны дэвіз быў досыць цікава і па-рознаму абыграны ў маскоўскіх праектах апошніх гадоў, такіх, напрыклад, як «Раз талерка, два талерка...» (мастакоў розных кірункаў, у тым ліку — актуальных, навучалі надглазурнаму роспісу на базе майстэрні кафедры керамікі Акадэміі імя Строганава), «Дыялог» ва Усерасійскім музеі дэкаратыўна-прыкладнога і народнага мастацтва (сучасныя працы выстаўляліся разам з экспанатамі музея), «Незабытыя традыцыі» ў маскоўскай галерэі «Беляева» і шэрагу іншых. Яны маглі б даць арганізатарам трыенале стымул паразважаць над тым, што экспазіцыя — гэта візуальнае ўвасабленне канцэпту.

Падобная сітуацыя ў беларускай графіцы, у айчынным прыкладным мастацтве: мы маем вялікую колькасць прафесіяналаў высокага тэхнічнага ўзроўню, але надзвычай мала пазнавальных творчых індывідуальнасцей. Хоць такія мастакі ў нас ёсць, па прыклад не трэба было нават далёка хадзіць: у невялікай зале другога паверху нібыта ў рамках трыенале экспанавалася юбілейная выстава вядомага майстра габелена Галіны Крываблоцкай «У пошуках вясны», якая выклікала выключна станоўчыя эмоцыі не толькі майстэрствам, талентам і аўтарскім почыркам, выяўленымі і ў маленькіх габеленах, і ў манументальных працах, і ў арт-аб’ектах, але і старанным падборам экспанатаў, што працавалі на стварэнне суцэльнага творчага вобраза. Дзеля справядлівасці варта адзначыць, што праблема «бесстылёвасці» датычыць ткацтва ў меншай ступені, у большай — мастацкага тэкстылю, керамікі і шкла. Ніякага ўражання на трыенале не пакінуў батык — ён наогул вельмі рэдка мае ў нас уласны аўтарскі стыль, пры тым што гэта шматгранная, разнастайная, багатая магчымасцямі тэхніка. На справаздачнай выставе секцыі дэкаратыўнага мастацтва ў 2011 годзе вельмі цікава было прадстаўлена шкло, якое вылучалася навізной вобразна-пластычных знаходак і канцэптуальных рашэнняў з ужываннем розных матэрыялаў. Хацелася б бачыць развіццё гэтага кірунку на трыенале, але, на жаль, нічога падобнага паказана не было.

Іншая і, мабыць, самая галоўная праблема беларускага прыкладнага мастацтва палягае ў тым, што вялікая частка мастакоў працягвае нават з пэўнай зачараванасцю настальгаваць па часах ільгот, закупаў, вялікіх заказаў і аўтарскіх ставак, бясконца наракаючы на страту творчых баз і бяспраўе аўтараў. У сваіх бедах яны вінавацяць усіх запар — ад сродкаў масавай інфармацыі да Міністэрства культуры. Усе абмеркаванні зводзяцца да вышэйпералічаных скарг, не закранаюцца ў іх ні мастацкія задачы, ні перспектывы развіцця, ні канцэптуальныя ці якія іншыя пытанні... Пры гэтым неяк зусім не бярэцца пад увагу, што з усіх відаў мастацтва найбольш блізкае да гледача менавіта дэкаратыўна-прыкладное і што выставы павінны рабіцца ў першую чаргу для гледача, а не для мастака, яны проста абавязаны па самой прыродзе прыкладнога мастацтва быць відовішчнымі і прывабнымі. Ствараецца парадаксальная сітуацыя: на выставах-кірмашах аўтарскіх падарункаў, такіх як «Млын», «Калядны кірмаш», якія праходзяць у «БелЭкспа» ці ў тым жа Палацы мастацтва, заўсёды шматлюдна, а на падзеях такога ўзроўню, як нацыянальнае трыенале, — пустыя залы. Хоць спроба прыцягнення гледачоў на аналагічнае мерапрыемства, няхай не да канца прадуманая і рэалізаваная, ужо была зроблена — на біенале «Тастамент». Застаецца толькі паўтарыць, што мастакам не варта марнаваць час у спадзевах на з’яўленне аднекуль куратараў, рэкламы, спонсараў. Звярніцеся да таленавітай моладзі, да студэнтаў-дызайнераў для стварэння канцэпцыі экспазіцыі, правядзіце ў рамках трыенале майстар-класы, лекцыі па ДПМ і дызайне, і вынік у выглядзе павелічэння наведвальнасці не прымусіць сябе чакаць.

Яшчэ адна сур’ёзная праблема беларускага дэкаратыўнага мастацтва, якая з усёй відавочнасцю паўстала на трыенале, заключаецца ў тым, што спробы знайсці новыя шляхі і формы выказвання пластычных ідэй па-ранейшаму ажыццяўляюцца на базе нейкіх сталых вобразных стэрэатыпаў, тычацца не больш чым павярхоўнай асацыятыўнасці пластычных форм. У розных жанрах і відах прыкладнога мастацтва заўважны выразны ўхіл у бок дызайнерскай фарматворчасці, асабліва гэта характэрна для арт-аб’ектаў. Няясны пластычны сэнс і канцэпт «Годнай пары» валізак Ірыны Дзёмінай ці аб’екта Анастасіі Арайс у тэхніцы валення пад прэтэнцыёзнай назвай «Уцёкі з восені. Госць №1», шмат такіх твораў было і ў кераміцы, і ў шкле. Многія працы пабудаваны на чыста дэкаратыўных эфектах колеру і фактур. Пры ўсёй павазе, напрыклад, да тэхнічнага майстэрства і бездакорнага выканання тэкстыльных кампазіцый Любові Гаўрылавай, якія адзначаліся ўхвальнымі водгукамі наведвальнікаў, з мастацкага гледзішча з года ў год яны апелююць да не надта высокіх густаў — «прыгожанька і багата». У творах Веры Блінцовай («Хрызантэмы пасля дажджу») і Юліі Шайтар («Марская чарапаха») прадэклараваная «аўтарская тэхніка» выканання наогул страчвае сэнс, настолькі падобныя яны па стылі не толькі выканання, але і мыслення. Звычайна пры аналізе беларускага дэкаратыўнага мастацтва адзначаюць, што яго вобразна-пластычная мова сфарміравалася пад уздзеяннем манументальна-дэкаратыўнага мастацтва 1970—1980-х гадоў, — і гэта сапраўды так. Але гледзячы на некаторыя працы, прадстаўленыя на трыенале, хацелася спытаць мастакоў: дакуль можна эксплуатаваць гэту стылістыку? Нават абстрактнае па форме беларускае ДПМ застаецца глыбока кансерватыўным і ілюстрацыйным па змесце. Актуальнасць мастакі спрабуюць шукаць у вонкавых праявах — у абстрагаванні сілуэтаў размалёўкі, форм керамікі, у сінтэзе матэрыялаў, што само па сабе добра, але, ніяк не падмацаванае свежымі ідэямі, застаецца ўсяго толькі прафесійна ўпэўненым таптаннем на месцы.

Дэкаратыўнае мастацтва ў свеце — даволі дынамічная сфера, не пазбаўленая канцэптуальнага эксперымента, вастрыні думкі і формы. Мастакі камбінуюць традыцыйныя прыёмы з новымі тэхналогіямі, прыўносячы ў ДПМ метады і падыходы contemporary art. Да прыкладу, вельмі цікава развіваецца мастацтва Казахстана, што інтэнсіўна працуе з уласнымі гістарычнымі і культурнымі традыцыямі, умела балансуе паміж нацыянальнай ідэяй і глабалізмам, паміж народнымі рамёствамі і актуальнымі тэндэнцыямі. Можна ўспомніць мексіканскага мастака Рыкарда Рэндана з выставай «Адкрытыя работы», якая прайшла летам 2013 года ў Нью-Ёрку. Ён стварае эстэтычна прывабныя творы сучаснага мастацтва — арт-аб’екты з прамысловых лістоў лямцу, пераўтвораныя ў лямцавыя карункі з дапамогай нажа і мысліка. Дзякуючы прыёмам канцэптуалізму і мінімалізму ён стаў знакавым прадстаўніком маладога пакалення. Актуальнае мастацтва ў формах дэкаратыўна-прыкладнога (керамічная скульптура, парцаляна) прадстаўлялі на Кіеўскім біенале Ракіб Шоў і Рэйчэл Нібоўн, прэпаруючы найболей папулярную трыяду сучаснасці — секс, гламур і насілле. Цікавы варыянт узаемадзеяння актуальнага і дэкаратыўнага мастацтва прадставіла выстава «Дыван — гэта пасланне» ў падмаскоўнай галерэі «Gridchinhall» — на ёй працы сучасных мастакоў, якія выкарыстоўваюць у сваёй творчасці дываны і тэкстыльныя тэхнікі, суседнічалі з вырабамі ручной працы з Усходу і Еўропы, дапаўняючы адно аднаго. Вядомы з 2008 года штогадовы міжнародны фестываль «Незабытыя традыцыі» заявіў пра сябе ў 2012 годзе як пра фэст канцэптуальна-прыкладнога мастацтва тэмай «Этнафутурызм». Яго канцэпцыя — рэтрансляцыя традыцыі ў сучаснае асяроддзе. Фестываль праходзіў практычна адначасова з нашым трыенале пад дэвізам «Калаж — форма свядомасці & асяроддзе жыхарства» і аб’яднаў відэа-арт, перформанс, рарытэты з фондаў музеяў і асабістых калекцый, конкурсы, майстар-класы. Традыцыі і народнага мастацтва, і мастацкай адукацыі, і культурнай спадчыны па-ранейшаму застаюцца для сучаснага ДПМ нязменнай і невычарпальнай крыніцай, якая перыядычна перажывае этапы актуалізацыі. І даўно пара гэтаму этапу пачацца і ў беларускім прыкладным мастацтве. Для гэтага ёсць усе перадумовы — было б толькі жаданне. 

Марына ЭРЭНБУРГ