Ісціны новыя і старыя

№ 1 (370) 01.01.2014 - 31.01.2014 г

ХХ Мінскі кінафестываль «Лістапад»
Дваццаты, юбілейны «Лістапад» уразіў размахам. На працягу васьмі дзён было паказана 150 фільмаў больш як з 30 краін свету. У тым ліку 78 ігравых, 61 дакументальны, 11 анімацыйных. Прагляды ішлі ў кінатэатрах «Цэнтральны», «Мір», «Перамога», «Піянер», у Доме кіно. У Мінск прыехала 125 гасцей. Слоганам форуму сталі словы «In kino veritas» («Ісціна ў кіно»).

Для таго каб як мага шырэй ахапіць фестывальную тэматыку, рэдакцыя вырашыла не абмяжоўвацца адным матэрыялам. Прапануем вам дыялог кінакрытыкаў Антаніны Карпілавай і Наталлі Агафонавай, якія аналізуюць стужкі асноўнага конкурсу ігравога і дакументальнага кіно і разважаюць пра тэндэнцыі сусветнага кінапрацэсу, а таксама нататкі арт-крытыка Любові Гаўрылюк з разглядам карцін праграмы "Маладосць на маршы".

Наталля Агафонава: Структура «Лістапада» ўключае праграмы ігравога, дакументальнага і дзіцячага кіно. У рамках кожнай з іх вакол цэнтральнай падзеі — асноўнага конкурсу — адбываецца шмат разнастайных лакальных дзействаў...

Антаніна Карпілава: Сапраўды, гэта майстар-класы, кіно пра кіно, прэзентацыі. У дадатак — рэтраспектыўная праграма. Наяўнасць яе — прыкмета ўсіх значных фестываляў. Сёлета ўразіў арт-праект «Тузін. Немаўля», праз які наша класічная кінаспадчына паўстала ў нечаканым абліччы. У кінатэатры «Перамога» дэманстраваліся тры нямыя стужкі з жывым музычным суправаджэннем. Карціну «Кастусь Каліноўскі» агучыў з дапамогай сінтэзатара вядомы музыкант і паэт Сяргей Пукст. У выніку беларускі баявік канца 1920-х нанова асэнсаваны. Тапёр сучаснай фармацыі не толькі імправізаваў у духу «псіхадэлічнага мінімалізму» з шэрагам музычных тэм-патэрнаў, але і нагаворваў, насвістваў, нашэптваў... Узнікла магія — і музыкі, і нямога чорна-белага кіно. З такім інтэлектуальным саўндтрэкам стужкі ўспрымаліся як стыльныя і актуальныя.

Наталля Агафонава: А студэнцкая праграма «КінаАРТ па-беларуску»? А «Беларуская панарама» адмысловай дакументалістыкі? На апошнім «Лістападзе» наша кіно прагучала больш моцна, чым на папярэдніх.

Антаніна Карпілава: Прычым у розных намінацыях. «Кіндэрвілейскі прывід» рэжысёра Алены Туравай атрымаў прыз глядацкіх сімпатый на «Лістападзіку». У конкурсе неігравога кіно ўдзельнічаў новы фільм Галіны Адамовіч «Музыка ваенная». У асноўны конкурс ігравых фільмаў трапіла «Роля». Гэты шэраг — рэкорд на фоне мінулых кінафорумаў!

Наталля Агафонава: Кожны з фільмаў «Лістапада» невыпадковы. Праграмны дырэктар Ігар Сукманаў выбіраў ігравыя стужкі, арыентуючыся на дамінуючыя арт-тэндэнцыі сучаснага кінапрацэсу. Адначасова ён улічваў лакуны мінскага кінапракату.

Антаніна Карпілава: На сталічны экран трапілі «Жыццё Адэль» Абдэлатыфа Кешыша і «Паляванне» Томаса Вінтэрберга. Эпатажны для айчыннай аўдыторыі характар фільмаў, пэўна, і абумовіў іх паказ па-за конкурсам. Але ж наша публіка мае права ведаць карціны — лідары еўрапейскага кіно.

Наталля Агафонава: Так, без іх немагчыма паўнавартасна ўспрыняць агульную панараму бягучага кінапрацэсу, магістральныя трэнды сучаснага кінамастацтва, у тым ліку — міжвідавую канвергенцыю. На маю думку, яна — чарговая фаза ўзаемазапазычвання стылявых прыёмаў ігравога, дакументальнага і анімацыйнага кіно.

Антаніна Карпілава: Для мяне відавочнае памкненне да жанравых мікстаў. Бліскучая харвацкая дакументальная стужка «Любоўны гангстар» рэжысёра Нябойшы Сліепцэвіча — гэта меладрама, камедыя або драма? Ці ўсё разам? Увогуле асноўная конкурсная праграма (дакументальная і ігравая) атрымалася аб’ёмнай і густоўнай.

Наталля Агафонава: Наконт праблематыкі... Цэнтральнай тут стала праблема ідэнтычнасці. Этнічнай, гендарнай, рэлігійнай. Праз такую прызму кінематаграфісты спрабуюць асэнсаваць вынікі міжкультурнай трансгрэсіі ў сучасным свеце. У стужцы Міры Фарнай «Мой сабака Кілер» паўстае прастора татальнага канфлікту, бязвінным рухавіком якога з’яўляецца хлопчык-цыган. У якасці пабочнай тэма чужога (іншамоўнага, іншай расы, нетутэйшага) узнікае ў «маладым кіно». У нарвежскай стужцы «У пагоні за ветрам» (рэжысёр Рунэ Дэстанд Лангла) акцэнтавана праблема нацыянальнай ідэнтычнасці.

Антаніна Карпілава: А для мяне больш важкімі падаліся армянскі ды польскі «акцэнты» конкурсных праграм. Армянская нота моцна гучыць у стужцы «Параджанаў» рэжысёраў Сержа Аведзікяна і Алены Фяцісавай. Аўтары прапанавалі баёпік: версію біяграфіі (дакладней, асобных эпізодаў жыцця) выдатнага творцы. Гэта грунтоўнае па рамястве кіно, зробленае не як псіхалагічная драма, а як фільм-эксперымент, дзе аўтары імкнуліся знайсці візуальны эквівалент унікальным кінавобразам мастака. Уразілі камп’ютарныя вопыты з тканінай старых фільмаў, калі ў кадрах класічных стужак Параджанава «Цені забытых продкаў» ці «Цвет граната» арганічна з’яўляецца герой-Параджанаў (акцёр Серж Аведзікян).

Наталля Агафонава: Уражвае і клоўнскага кшталту імплементацыя Параджанава-героя ў суровую графіку савецкай параднай кінахронікі. Так у карціне ўвасабляецца ўнутраны свет героя, яго карнавальны стыль жыцця. У сутыкненні са здранцвела-блёклым атачэннем.

Антаніна Карпілава: Асабіста мне не хапіла менавіта мудрагелістага свету, самабытнай паэтыкі, нейкай метафізічнай рэальнасці, якая ёсць у лёсе і фільмах Параджанава. Але важна, што фільм наогул з’явіўся.

Наталля Агафонава: Карціна мае бясспрэчную каштоўнасць, калі аўтары намагаюцца выйсці на праблемнае поле самаідэнтыфікацыі асобы. У гэтым плане грунтоўным (нават метафізічным) падаецца фільм «Роля» Канстанціна Лапушанскага. Знакаміты тэатральны акцёр, стомлены штучнасцю сцэнічных ператварэнняў, пачынае небяспечны эксперымент з рэчаіснасцю, сціраючы межы — геаграфічныя, пабытовыя, у рэшце рэшт быційныя. Карціна ўвасабляе траўмаваную рускую падсвядомасць. У немаркіраванай (адсутнасць сістэмы каардынат), застылай (адвечная зіма) Прасторы існавання.

Аналагічную экзістэнцыяльную драму, але ў карнавальным выглядзе, прапанавалі аўтары расійскай стужкі «Географ глобус прапіў».

Антаніна Карпілава: Апошняя карціна — чыста глядацкае кіно... Адначасова ў фільме адчувальны водгалас савецкай кінакласікі («Дажывём да панядзелка», «Палёты ў сне і наяве»)...

Наталля Агафонава: Арыентацыя аўтараў на мэйнстрым відавочная. Захапляльныя рачныя пейзажы, водны спуск па парогах, загадкавае каханне, рускі гумар у стылі назвы фільма... Аднак уся другая палова карціны вельмі штучная, доўгая і нецікавая.

Антаніна Карпілава: Першааснова стужкі, раман пермскага пісьменніка Аляксея Іванова, падалася больш моцнай: там постаць настаўніка як аўтсайдара, летуценніка, шукальніка сэнсу жыцця прапісаная глыбей. Але фільм варта адзначыць за пошук сучаснага героя або, калі хочаце, антыгероя. За «калматай», амаль аматарскай манерай здымак прачытваюцца рэаліі «антыгламурнай» расійскай рэчаіснасці.

Наталля Агафонава: А што вы скажаце пра польскае кіно?

Антаніна Карпілава: На сёлетнім «Лістападзе» яно паўстала вельмі моцна. Ігравы і дакументальны фільмы гэтай краіны выйгралі галоўныя прызы. Але перадусім кажу пра ўласнае адчуванне. Вялікае ўражанне пакінула «Іда» Паўла Паўлікоўскага. Рэжысёр карэктна і востра пазначыў балючыя, але даўно наспелыя праблемы свайго грамадства — стаўленне да польскага Халакоста і духоўныя пошукі соцыуму. Адсюль — цяжар праблемы, што лёг на плечы гераіні — дзяўчыны Іды, якая вырасла ў каталіцкім кляштары і збіраецца прыняць зарок манаства. Аднойчы яна даведваецца пра сваё габрэйскае паходжанне і пра гібель бацькоў падчас акупацыі ад рук суседзяў-палякаў.

Наталля Агафонава: У тым, як абмаляваны вобраз Ганны-Іды, я найперш убачыла зварот да праблемы самаідэнтыфікацыі, выяўленай у перапляценні рэлігійнага пачуцця, этнічнага генатыпу і ўласна жаночай прыроды. Па сутнасці, дзяўчына праходзіць выпрабаванне веры «асноўнымі інстынктамі»: «маральнае» права помсты, спакусы свецкага жыцця, магчымасць шлюбу... Але на такія павароты яна не здольная, як, дарэчы, не гатовая пакуль стаць адвечнай Хрыстовай нявестай. Фінал адкрыты: Ганна-Іда, зноў спавіўшы сваё цела сястрынскім адзеннем, рашуча крочыць па дарозе. Да храма? Да сябе?

Антаніна Карпілава: У гэтым фільме кранула ўсё — і тэма, і стылістыка, і інтанацыя пакаяння...

Наталля Агафонава: «Іда» для мяне гучыць рэхам знакамітай «Вірыдыяны» Луіса Бунюэля. Толькі там гераіня наўпрост адмаўляецца ад служэння Хрысту.

Антаніна Карпілава: У мяне асацыяцыі са стужкай Анджэя Вайды «Гарачы тыдзень». Ёсць у «Ідзе» таксама стылявое набліжэнне да паэтыкі фільмаў Тадэвуша Канвіцкага, заснавальніка польскага аўтарскага кіно. Гэта не капіраванне стылю, а стылізацыя, прыкметы якой — у празмернасцях буйных планаў, у «зрэзаных» рамках кадра, у медытатыўнасці апавядання.

Наталля Агафонава: «Іда» — стужка візуальна бездакорная, хоць гэта дэбют аператара Лукаша Жаля. Чорна-белае адлюстраванне ў тэхніцы «сфумата», асіметрычныя кампазіцыі кадра мадэлююць хісткую мастацкую прастору. Падобны эфект нараджае пачуццё прыхаванай дысгармоніі і няўтульнасці.

Антаніна Карпілава: Падобная стылістычная вытанчанасць магчымая, напэўна, толькі ў рэтраспектыўным плане, у поглядзе «збоку», што і прапануе брытанскі рэжысёр з польскімі каранямі. У гэтай пазіцыі ёсць свае плюсы, бо на адлегласці лягчэй зірнуць на самыя балючыя праблемы грамадства і звязаць іх у драматургічны вузел.

Наталля Агафонава: Давайце пагаварым пра эксперыменты ў эстэтычнай сферы. У гэтым сэнсе вылучаюцца дзве конкурсныя стужкі: «Калі ў Бухарэсце настае вечар, або Метабалізм» і «Дзіўная котка». Дэбют Рамона Цурхера «Дзіўная котка» пабудаваны на татальных абмежаваннях. Адна субота адной сям’і ў адной кватэры. Музыка паўсядзённасці і ціша, напружанне і немітуслівасць. Візуальная тканіна — счапленні прадметаў, настрояў, колераў, формаў. Фільм, дзе нічога не здараецца, тым не менш пластычны, нават харэаграфічны.

Карціна «Калі ў Бухарэсце настае вечар...» Карнэліу Парумбою — варыяцыя на тэму «81/2» Федэрыка Феліні ў кінастылі Эрыка Рамэра. Фільм пра тое, з чаго нараджаецца... фільм: з размоў за абедам і за стырном, стасункаў з актрысай і прадзюсарам, з разваг пра феномен кіно. І, вядома, з маўчання, чакання, падману, неўрозу... Гэта — працэс творчага метабалізму. Карціна зроблена доўгімі мантажнымі кадрамі са статычнымі мізансцэнамі. «Мае героі проста сядзяць і гутараць», — падкрэсліваў адзін з лідараў «новай французскай хвалі» Эрык Рамэр. Знакаміты румынскі рэжысёр Карнэліу Парумбою ў сваёй стужцы карыстаецца тым жа інструментарыем: цягучасць эпізодаў, вербальны масіў, які быццам утаймоўвае «тыранію адлюстравання». Аднак ёсць у гэтым прыхаваная іронія, лёгкі шарм, няўлоўны смутак — комплекс «ферментаў» супраць комплексу ўласнай непаўнавартасці героя-рэжысёра, талентам якога ствараецца фільм.

Антаніна Карпілава: Гэтае «кіно пра кіно» рыфмуецца з карцінай Кіры Муратавай «Вечнае вяртанне». У абодвух фільмах (якія падзялілі прыз журы «За эстэтычную дзёрзкасць») высвечваецца тонкая мяжа паміж мастацтвам і жыццём. Нават сюжэт агульны: у адным — рэпетыцыі рэжысёра з кінаактрысай, у другім — кінапробы з рознымі акцёрамі. Прырода мастацтва даследуецца іранічна, з адсылкамі да класічнага кіно.

Наталля Агафонава: У румынскім фільме згадваюцца Мікеланджэла Антаніёні і Моніка Віці, у Кіры Муратавай дамінуе апеляцыя да ўласных стужак...

Антаніна Карпілава: Сюжэт хаваецца за відавочнай фабулай, ствараючы насычаны падтэкст. Наогул гэта постмадэрнісцкае кіно, якое рэфлексуе па самім сабе. Дарэчы, метабалізм — гэта абмен рэчываў, які ўзнікае ў жывым арганізме для падтрымання жыцця. На мой погляд, гэта і сімвалічнае азначэнне «Лістапада».

Наталля Агафонава: Усё ж вызначальнай адметнасцю «Лістапада-2013» стала дакументалістыка. У конкурсе — 13 стужак. Паралельна праграмны дырэктар Ірына Дзям’янава прапанавала цыклы «The Best», «Музыка Doc», «Усе флагі ў госці».

Антаніна Карпілава: Так, разнастайнасць мастацкіх вектараў прыемна здзіўляла. Аўдыторыя нарэшце дачакалася відовішчнага і пры тым псіхалагічна пазітыўнага дакументальнага кіно, пра што сведчылі запоўненыя залы кінатэатра «Мір». Напрыклад, аўстралійскі фільм «Забойныя сёрферы» (рэжысёры Джасцін Макмілан і Крыстафер Нэліус), які быў паказаны ў фармаце 3D, выклікаў шквальную цікавасць публікі. Я сама ў захапленні ад «Забойных сёрфераў»! Цудоўныя здымкі сёрфінгістаў, якія заваёўваюць 20-метровыя хвалі акіяна, злучаюцца з жанрам калектыўнага партрэта. Камеры, здаецца, былі ўсталяваныя ўсюды: на шлемах і ў руках сёрфінгістаў, на гідрацыклах і дошках, на верталётах і катарах. Аднак у рэшце рэшт цікавей за ўсё аказваюцца самі людзі. «Сёрферы» — сапраўдны дакументальны блокбастар. У ім моцна закручаная інтрыга і неверагодны ўзровень экшэна.

Наталля Агафонава: Таму многія дакументальныя фільмы глядзяцца амаль як ігравыя. У фінскай карціне «Мае рэчы» рэжысёр Петры Луукайнен ажыццяўляе цікавы эксперымент. І сябе ж робіць галоўным героем фільма. Ён звозіць у сховішча мэблю, вопратку, тэхніку і застаецца перад камерай у спустошанай кватэры. Цягам года падпарадкоўваецца жорсткай умове: нічога не купляць і вяртаць адну рэч у дзень. У фільме шмат гумару, лірыкі, нават прыгодніцкіх момантаў. Дакладна адчуваецца аўтарская інтэнцыя: каб зрабіць дом утульным, рэчаў недастаткова, трэба штосьці больш важкае.

Антаніна Карпілава: Галоўным накірункам неігравога кіно застаецца назіранне за чалавекам, даследаванне яго сутнасці ў звычайных, бытавых умовах. У фільме «Хто вучыў цябе вадзіць?» (нямецкі рэжысёр Андрэа Ціле) тры замежнікі спрабуюць здаць экзамен на вадзіцельскія правы ў чужых краінах: карэянка ў Германіі, амерыканец у Японіі, англічанка ў Індыі. Праз назіранне за працэсам навучання і здачай экзаменаў стваральнікі фільма паказваюць глыбокую ментальную адметнасць людзей у розных мясцінах свету.

Наталля Агафонава: Праблема мультыкультуралізму тут акцэнтуецца ў мяккай гумарыстычнай танальнасці і сапраўды не падаецца невырашальнай.

Антаніна Карпілава: Героі выклікаюць і спачуванне, і непрыманне, і смех. Але пасля прагляду гэтай стужкі ўзнікае вельмі сур’ёзнае пытанне: ці не перабольшаныя чуткі пра непазбежнасць глабалізацыі?

Наталля Агафонава: Рэжысёр відавочна ішла ад канцэпцыі: адна сітуацыя ў розных сацыякультурных кантэкстах. Аналагічна ўспрымаўся фільм «Unplugged» (прыблізны пераклад «Жывы гук»). Яго аўтар Младзен Кавацэвіч тлумачыў: спачатку з’явілася ідэя, а потым ён пачаў шукаць людзей, якія іграюць на лістоце як на музычным інструменце.

Антаніна Карпілава: Прыклады можна працягваць. Эксперыментальная форма прываблівае непрадказальнасцю, што адпавядае сутнасці дакументальнага кіно. Аднак маім асабістым лідарам стаў балгарскі фільм «Цвятанка», у якім рэжысёр Юліян Табакаў распавёў пра лёс сваёй бабулі.

Наталля Агафонава: Гэта дэбютная карціна. Табакаў — сцэнограф. І спецыфіка яго вобразнага мыслення вызначае паэтыку стужкі. Тут гульня з прасторай, мізансцэніроўкай і варажба святлом. Бенефісныя міні-пантамімы бабулі на адмысловай белай «авансцэне» з высокімі стрыжнямі жывых кветак. Буйныя планы-метафары (трагедыя рэпрэсій прадстаўлена драматычным канфліктам чырвонага і чорнага — асобныя кроплі чырвонай фарбы хутка пераўтвараюцца ў «крывавы» лівень, які затапляе ўвесь экран; вобраз дэпартацыі вырашаны як пластычна-візуальная парафраза выразу «каласы пад сярпом тваім»).

Антаніна Карпілава: Прывабіла, што фільм зняты па традыцыі на кінастужку. Партрэт гераіні атрымаўся аб’ёмным. Ідэя простая — жыццё чалавека ў межах сям’і, краіны, часу.

Наталля Агафонава: Так, звычайны паслядоўны аповед пра галоўныя павароты жыцця ў зменлівым гістарычным кантэксце ператварыўся на экране ў магічны сінкрэтызм. Вербальны кампанент карціны (аповед Цвятанкі) вынесены за кадр. Візуальная тканіна, наадварот, багата аздоблена мастацкімі «карункамі». Рэпартажныя кадры нітуюцца з пастановачнымі эпізодамі, анімацыя з хронікай.

Антаніна Карпілава: Бабуля палівае кветкі, корміць абедам вялікую сям’ю, робіць зарадку на балконе. І побач выдатна знятая з верталёта сучасная Сафія. «Я не баюся смерці», — кажа гераіня, і камера любоўна, нібы запамінаючы, аб’язджае яе з усіх бакоў, скіроўваючыся ў неба. Цвятанка памерла некалькі гадоў таму, і фільм захаваў яе непаўторнае аблічча. Лёс роднага чалавека стаў для рэжысёра асновай для стварэння аптымістычнай прыпавесці пра «асабістае» ХХ стагоддзе...

Наталля Агафонава: ...і пра магічнае кола лёсу. У дзяцінстве гераіня марыла стаць актрысай. На схіле жыцця, унук-рэжысёр падарыў ёй магчымасць сыграць ў кіно саму сябе.

На «Лістападзе» Ула Бергстрам, дырэктар міжнароднага фэсту «DocPoint», тлумачыла: дакументалістыка цяпер вызначаецца арыгінальнай канцэпцыяй рэжысёра, а не тэматыкай, як гэта было ў 1970—80-я гады. Узнік новы феномен — creative documentary film. Па сутнасці гаворка пра мастацкую адметнасць дакументалістыкі. І гэта козыр, які дазваляе ёй канкурыраваць з ігравым кіно. Калі ў 2004-м дакументальны фільм Майкла Мура «Фарэнгейт 9/11» атрымаў «Залатую пальмавую галіну» ў Канах, гэта было падобна на фокус. Сёлета «Залаты леў» Венецыянскага кінафестывалю таксама прысуджаны неігравой стужцы — фільму «Блаславёная рымская кальцавая» Джанфранка Росі. А гэта ўжо, як той казаў, тэндэнцыя...

Антаніна Карпілава: Можа, і мы невыпадкова заўсёды падкрэсліваем высокі статус айчыннай дакументалістыкі на фоне ігравога кіно? лядам карцін праграмы «Маладосць на маршы».