Суседняе актуальнае...

№ 1 (370) 01.01.2014 - 31.01.2014 г

«Russia Next Door»
Музей закрыў 2013 год ударнай выставай з Калінінграда. Прывёз і арганізаваў яе Балтыйскі філіял Дзяржаўнага цэнтра сучаснага мастацтва ў асобах куратара Яўгена Уманскага і дырэктара філіяла Алены Цвятаевай.

Музей закрыў 2013 год ударнай выставай. Прывёз і арганізаваў яе Балтыйскі філіял Дзяржаўнага цэнтра сучаснага мастацтва ў асобах куратара Яўгена Уманскага і дырэктара філіяла Алены Цвятаевай.

Падрыхтоўка і ўзгадненне праекта вяліся каля года, у выніку ў Мінск прыбыла цэлая «дэлегацыя» тамтэйшых мастакоў. Мантаж выстаўкі доўжыўся чатыры дні: у пошуках адэкватнага экспазіцыйнага рашэння прасторы былі прыцемнены ўсе вокны, працы выбарачна падсвечаны неонавымі лямпамі, устаноўлена часовая сістэма асвятлення пражэктарамі асобных работ, пры ўваходзе ў залу пад шасціметровую столь падвешаны тры паўтараметровыя фотаработы на тканіне... Такія простыя рашэнні, як зацямненне, кропкавае асвятленне і наўмыснае выкарыстанне ўсёй вышыні галерэі прымусілі складаную прастору былой кавярні стаць адзінай, экспазіцыйна апраўданай. «Бадай, гэта лепшае, што я бачыла тут», — адзначыла ў сваім прывітальным слове падчас адкрыцця мастацтвазнаўца Вольга Архіпава.

Прыходзячы на выставу «Russia Next Door», неразбэшчаны сучасным і пры гэтым добра ўкамплектаваным мастацтвам мінскі глядач трапляў у абшар поліфаніі гуку, багацця мультымедыя і інсталяцый, заснаваных на традыцыйнай фатаграфіі і відэа — пры поўнай адсутнасці хэнд-мэйд твораў, і ўсё гэта на фоне «пустых» белых сцен. Такі звыклы для заходняй і мадэрновай расійскай арт-сцэны фармат прэзентацыі сучаснага мастацтва ўсё яшчэ застаецца малапрактыкаваным у нашых родных мінскіх рэаліях.

Выстава «Russia Next Door» — невялікая частка работ большага праекта «Made in Kaliningrad», які аб’ядноўвае творы 19 аўтараў, што супрацоўнічаюць з Балтыйскім ДЦСМ на працягу апошніх пятнаццаці гадоў. У рамках праекта выстава калінінградскага мастацтва ўжо прайшла ў Клайпедзе, плануецца ва Уладзікаўказе.

Назва мінскай часткі праекта — «Russia Next Door» — падкрэслівае блізкае тэрытарыяльнае суседства Расіі і Беларусі — «краін, звязаных доўгай і складанай гісторыяй узаемных адносін», якія заўсёды заставаліся блізкімі, але «ў апошні час сталі малазнаёмымі суседзямі». Суседзі — хто яны? Чым жывуць і што іх хвалюе? Такім чынам, паводле куратара праекта, выстава ў музеі з’яўляецца пілотнай і ў першым набліжэнні прысвячаецца распрацоўцы менавіта гэтай праблематыкі — ідэі знаёмства.

З іншага боку, назва выставы адсылае нас да больш агульнай тэмы праекта — прэзентацыі і праблематызацыі мастацтва асобна ўзятага тэрытарыяльнага анклава: горада Калінінграда з яго няпростай гісторыяй, які завіс у дрэйфе вызначэння сваёй ідэнтычнасці паміж прускім і рускім, «кёнігсбергскім і калінінградскім», «рускім і нацыянальным» і г.д. Праект не абмяжоўвае сябе прэзентацыяй звыклых маркераў Калінінграда (бурштын, філосаф Імануіл Кант, Балтыйскае мора і прывабнасць Куршскай касы), наадварот — ён скіраваны ўглыб і прадстаўляе «шырокі зрэз рэалій паўсядзённага жыцця, праломленых праз індывідуальнае ўспрыманне мастакоў». Яўген Уманскі: «Як куратар я працую з сацыяльна-культурнымі праблемамі і калі збіраў выставу, то спрабаваў праз кожнага аўтара прадставіць адну з праблем горада. Мне было цікава распавядаць і паказваць Калінінград не ў лоб, а праз рэфлексіі мастакоў, праз іх творчасць».

Юрый Васільеў прывёз адну сёмую фатаграфічнага эпасу «RUSSIAN RED — “Нарцысіст”», у якім вядзе гаворку пра тыпова рускія нацыянальныя рысы. Над праектам аўтар працуе больш за дзесяць гадоў. На адкрыцці выставы адбыліся адразу два перформансы. Першы — арт-групы «Пяшчотныя бабы», яны ж — Аляксандра Артамонова і Яўгенія Лапцева: дзве прыгожыя маладыя дзяўчыны ў чорных вячэрніх сукенках з абутковай шчоткай і гуталінам у руках падыходзілі да мужчын і прасілі дазволу пачысціць абутак... І саўнд-перформанс куратара і мастака Даніла Акімава з невялікім аповедам пра сучасную гісторыю электроннай музыкі ў Калінінградзе. А малады мастак Трафім Папоў выступіў у якасці хранікёра падзей — і дакументаваў кожны дзень знаходжання арт-дэлегацыі ў Мінску ў блогу праекта.

Экспазіцыя «Russia Next Door» пачыналася яшчэ ў холе музея: відэа «Як я трапіў сюды?» Аляксандра Падапрыгорава было прысвечана тэме прыезджых людзей у Калінінградзе. Бытавая відэазамалёўка прадстаўляе чалавека, які бязладна і невыразна распавядае амаль містычную гісторыю пра тое, як ён трапіў у Калінінград і горад аказаўся зусім не такім, якім ён меркаваў яго ўбачыць: «Гэта Калінінград, які не той Калінінград, а Калінінград, — яны кажуць, а той Калінінград, які цяпер Каралёў, не той Калінінград, а наогул жа быў Калінінград». Да 1946 года Калінінград насіў імя Кёнігсберг і быў цэнтрам Усходняй Прусіі, пасля далучэння да СССР па сутнасці кожны жыхар Калінінграда з’яўляецца прыезджым. Хтосьці паспеў ужо нарадзіцца там, але ўсё роўна сучасныя калінінградцы — у большасці сваёй намады, што не маюць гістарычнай сувязі з зямлёй, на якой жывуць.

На тэрыторыі Калінінградскай вобласці, у мінулым — тэрыторыі Усходняй Прусіі, пакуль яшчэ застаецца даволі шмат рэшткаў гістарычных будынкаў, напрыклад, тэўтонскіх замкаў. Фатограф і ўдзельнік выставы Дзмітрый Селін у сваім праекце «Калінінградскія замкі» адзначыў такую асаблівасць: унутры жылых спальных кварталаў сучаснага Калінінграда, шмат у чым дзякуючы творчасці жыллёва-камунальных упраўленняў, трансфарматарныя будкі ўзводзяцца ў форме замкаў з вежамі і байніцамі. І ўсё гэта на фоне блокавых дамоў жылых раёнаў і шкляных гандлёвых цэнтраў, якія сёння з лішкам будуюцца ў горадзе. Тут выяўляем нонсэнс: гарадская ўлада не надта імкнецца захаваць у горадзе сапраўдныя гістарычныя будынкі з чарапіцай, кажуць, за апошнія пятнаццаць гадоў архітэктурны ландшафт моцна змяніўся, больш за тое — месцамі спадчына прускіх часоў жорстка вынішчаецца (дарэчы, гэтаму паспяхова супрацьстаіць грамадзянская ініцыятыва «Выратуем брук!»). Але ў той жа час мясцовыя ўлады даюць грошы на такія бутафорскія замкі. А ў відэа групы «Агульнае ўздрыгванне» мы бачым пасёлак Яснае Калінінградскай вобласці, які да 1946 года ў якасці нямецкага горада Каўкемен уяўляў сабой квітнеючы населены пункт: з пяціпавярховымі дамамі, ратушай, трамвайнай лініяй, гатэлем, рэстаранамі і музычным тэатрам. Зараз Яснае відавочна дэградуе, практычна ўсё яго насельніцтва складаюць людзі, якія пакутуюць на алкагалізм і старэйшыя за 65 гадоў. Адзінай надзеяй пасёлка з’яўляюцца дзеці, пранізлівы крык якіх раздаецца падчас відэашэрагу.

Рэфлексію над прускай і савецкай спадчынай працягвае відэа Яўгена Паламарчука, створанае ў эстэтыцы псеўдадакументалістыкі. У Калінінградзе ёсць Дом Саветаў, які вырас на рэштках былога каралеўскага замка. Будаўніцтва пачалося ў 1968 годзе. Меркавалася, што ў гэты гмах пераедуць усе гарадскія ўлады, якія да гэтага моманту размяшчаліся ў старых і ўтульных дамах нямецкага перыяду. Вядома ж, ніхто не захацеў пакідаць свайго аблюбаванага месца — так Дом Саветаў ніколі не быў заселены. Відэа дакументуе таталітарызм яго архітэктурнай ідэі і гісторыю разбурэння — усё гэта суправаджае замбуючы саўндтрэк.

Праект Алены Цвятаевай — гэта падсветленая неонавымі лямпамі фотаінсталяцыя: на здымках выяўлены асобныя прадметы кабінета гінеколага. «Любоў глядзельная» апавядае пра адваротны бок «высокага пачуцця» — тое, што застаецца схаваным, выяўляецца ў казённым памяшканні бальніцы: тут ужо не існуе асабістай прасторы. Відэаперформанс «Пяшчотных баб» «Бруд» працуе з міфалогіяй старажытнай народнасці куршаў, якія пражывалі на Куршскай касе і былі вынішчаны прусамі. Прынята лічыць, што яны жылі ў галечы, літоўскія рыбакі прыплывалі на лодках і выбіралі сабе маладых і прыгожых нявест. Белую сукенку дзяўчына апранала ўсяго некалькі разоў, у прыватнасці — падчас развітання са сваім дзявоцтвам і роднай зямлёй — перараджэння ў новае жыццё. Развітанне — неабходны рытуал, які павінна была здзейсніць кожная нявеста перад тым, як пакінуць бацькоўскую хату. У шлюбнай сукенцы і лепшых упрыгажэннях яна ішла ў яр і кідалася ў гразевы паток, што павольна сцякаў са схілу да мора, старалася як мага мацней зліцца з зямлёй, літаральна насыціцца ёю.

Для калінінградскага анклава сучаснае мастацтва сёння становіцца эфектыўным інструментам, які «прэпаруе вобраз тэрыторыі як жывога арганізма, што пастаянна развіваецца». Куратар выставы Яўген Уманскі не раз падкрэсліваў: перад мастакамі не стаяла задача «адказаць» за горад або краіну. Выстава хутчэй уяўляе сабой «мазаічную карціну» мастацкіх работ, што прадстаўляюць тэмы і праблемы, з якімі сутыкаюцца жыхары Калінінграда сёння. А актуальнасць мастацкага выказвання вызначаецца ўніверсальнасцю выкарыстанай мовы: тэмы і сюжэты, узнятыя выставай «Russia Next Door. Сучаснае мастацтва Калінінграда», знаёмыя не толькі калінінградскім жыхарам.

Ганна САМАРСКАЯ