Якая душа, такая і песня

№ 1 (370) 01.01.2014 - 31.01.2014 г

Трэцяя Нацыянальная музычная прэмія
Прэмія пазіцыянуецца як адна з галоўных музычных падзей года. З гэтым цяжка спрачацца. На конкурс было пададзена каля 300 заявак. Творы, якія разглядаліся ў межах прэміі, павінны былі прагучаць ад лістапада 2012 года па кастрычнік 2013-га.

Журы аналізавала выкананыя песні, выдадзеныя альбомы, арганізаваныя гастрольныя праграмы, знятыя кліпы, нават кампазіцыі, выкладзеныя на сайтах (прагрэс!). Опусы, якія прагучалі ў радыё- і тэлеэфіры, на жывых канцэртах. У выніку намінацый аказалася 19, да іх яшчэ дадаліся спецпрызы журы.

Арганізатараў два — Міністэрства культуры і канал СТБ, і ў кожнага з іх свая мэта. Міністэрства імкнецца прасоўваць самых здольных і галасістых. Таму прэмія ўспрымаецца як агляд таго, што адбываецца ў эстрадзе. І ў суседніх жанрах — джазе, року, этнафолку. СТБ здымала пазітыўную калядна-навагоднюю перадачу. Каб відовішча выглядала дынамічным, услед за вакальным нумарам ішоў харэаграфічны. Тэлеверсіі музычных шоу аказваюцца ў выніку больш эфектнымі, чым шоу рэальныя. З-за таго, што камер шмат, а адзняты матэрыял «уціскаюць»? Сама ж працэдура ўзнагароджання і канцэрт аказаліся зацягнутымі. Чатыры гадзіны без перапынку — гэта замнога. У 23.20, калі гучалі апошнія акорды, у зале заставалася ўжо палова публікі. Самыя стойкія.

Што імпанавала ў арганізацыі і працэсе ганаравання трэцяй прэміі? Звычайна ў журы пераважаюць самі дзеячы эстрады. Апошнім разам адчувалася імкненне дадаць прадстаўнікоў акадэмічнага выканальніцтва (оперныя спявачкі Анастасія Масквіна і Ніна Шарубіна, дырыжор Вячаслаў Бартноўскі). Прывабнай падалася сцэнаграфія Веніяміна Маршака. Лагічным выглядала запрашэнне Прэзідэнцкага аркестра на чале з Віктарам Бабарыкіным для агучвання ўрачыстасці. Потым калектыў аказаўся пераможцам у намінацыі «Найлепшы канцэрт года» з праектам «Дым над вадой». Трэба было бачыць, як захоплена падпяваў дырыжор рокерам, што спявалі пад сімфанічны аркестр! Душэўна рэагавала зала на з’яўленне Эдуарда Ханка (намінацыя «За ўнёсак у развіццё сучаснай музыкі»). З цікавасцю сачылі гледачы за выступленнем Ільі Волкава («Лепшы юны выканаўца»). Яго 3-е месца на леташнім дзіцячым «Еўрабачанні» — пераканаўчы вынік.

Акцэнт — на вакале!

Фінал прэміі паказаў: прастора нашай эстрады не такая і вялікая. Так, новыя гурты і праекты штораз з’яўляюцца. Але хапае імёнаў, якія з года ў год застаюцца ў ліку намінаваных. Відавочна: як ні ўдасканальвай прэмію, усё роўна хопіць незадаволеных. Хтосьці будзе бурчэць. Ці вылучаць ідэі (як я, напрыклад). Але ж конкурс з’ява рухомая, таму змены магчымыя.

Мо, ёсць сэнс вярнуцца да намінацый «Лепшы жаночы вакал» і «Лепшы мужчынскі вакал», заяўленых падчас 1-й прэміі? Пагадзіцеся, калі размова ідзе пра эстраду, дзе дамінуе песня, дык усё-такі самае важнае, хто і як спявае. А потым закончаны твор вызначае характар аранжыроўкі, харэаграфію, адзенне спевака, святло. Калі параўноўваць прадстаўленых у фінале апошняй прэміі спявачак менавіта па прыгажосці голасу, разнастайнасці вакальных фарбаў, дык першае месца варта аддаць Гюнеш. На конкурсе яна вылучалася ў намінацыі «Лепшы гастрольны тур», у ёй і выйграла (падзяліўшы перамогу з Ірынай Дарафеевай). Пачэсна, але ўсё-такі намінацыя не вызначальная.

Афанасьева прадстаўляла кампазіцыю «Падал первый снег» («Лепшая песня года»). Абалян — песню «Летняя», якая прынесла Святаславу Пазняку тытул «Лепшага аранжыроўшчыка». Ланскую назвалі «лепшым поп-выканаўцам» (думаю, паспрыяў удзел у «Еўрабачанні». Алёна не перамагла, але яе песня сабрала на Youtube 1,5 мільёна праглядаў. Зразумела, чаму нашы вакалісты, хоць і паслядоўна не перамагаюць, імкнуцца туды. Інтэрнэт здольны «раскруціць» так, як не здолее ніводны прадзюсар).

Але ўспрымаць выступленне кожнай з гэтых прыгажунь як значную мастацкую падзею асабіста мне перашкаджала адсутнасць у згаданых песнях запамінальнасці і адметнасці. Магутнай энергетыкі. Калі лічыць эстрадны вакал фонам, тады ніякіх прэтэнзій. Бо мэта — рэлаксацыя! Калі ж разглядаць песню як твор мастацтва, чыі мелодыя і рытм павінны потым адгукацца ў душы, — тады пытанні ёсць.

Што да мужчынскага вакалу, дык тут самае моцнае ўражанне зрабіў... Дзмітрый Калдун. У якасці аднаго з пераможцаў прэміі 2011 года ён выконваў «хіт» «Корабли». Запамінальна, з драйвам. Выступленне гурта «Без Білета» і Віталя Артыста з песняй «Ямайка», дзе было багата «прыколаў» і элементаў рэпу, сведчыць, што спевакі эмацыйныя, здатныя добра «завесці» залу. Уражанне ад выступу вядомага Валерыя Дайнекі — ён прадстаўляў кампазіцыю «Следы Апостолов» з аднайменнага фільма — крыху сапсавалі тэхнічныя збоі. Без аранжыроўкі і «падгучкі» артыст выглядае на сцэне безабаронным. Наогул раздзел «Лепшая песня (музычны альбом) для кіно і ТБ» — рэч перспектыўная. Тым больш што ў намінацыі былі прадстаўлены творы розных кіна- і тэлежанраў (серыял, анімацыя, дакументальны фільм).

Колькі ў нас беларускага?

На тэму «хто пяе?» паразважалі. Цяпер — пра тое, што пяюць. З нагоды правядзення 1-й прэміі я задавала сабе і чытачам пытанне: а колькі ўласна нацыянальнага ў Нацыянальнай музычнай прэміі? Канешне, азначэнне не трэба ўспрымаць вузка. Калі артысты, паэты-песеннікі, аўтары музыкі, аранжыроўшчыкі, што называецца, «нашы», дык хіба гэта не нацыянальнае?

Але ад міжвольнага супастаўлення колькасці твораў у фінале, напісаных на рускай мове, і тых, што гучалі па-беларуску, рабілася ніякавата. Прастора беларускамоўнай песні сціскаецца на вачах. Як шчыгрынавая скура. Запярэчаць: услед за музычнай прэміяй паказваецца праект «Залатая калекцыя беларускай эстрады», а ў ім акцэнт на тытульнай мове. Дый увогуле сітуацыя адлюстроўвае рэальнае становішча беларускамоўных песень. Згаджуся, але з сумам. Калі аўтарам песні бліжэй руская мова, не напішуць яны нечага надзвычайнага на беларускай. Сітуацыя пераконвае: калі ў падобным тэмпе працэс русіфікацыі нашай эстрады будзе ісці далей, дык акрамя лічаных этна-гуртоў ніхто па-беларуску і спяваць не будзе. Развучацца...

У намінацыі «Лепшая беларускамоўная песня» пераканаўча перамагла кампазіцыя «Танчыць» гурта «іlі-іlі». Драйвавая, дынамічна-рухавая, з зарадам пазітыўнай энергіі. Паралельна з выкананнем ішоў кліп. Дасціпная і «прыкольная» інтанацыя ўзнікала ад вясельнага сюжэта, выразных твараў артыстаў-купалаўцаў. Валянціна Гарцуева, засмучоная маладая, — у ролі дачкі, Зоя Белахвосцік — у ролі маці. Калі б спевакі пры стварэнні кліпаў запрашалі медыйных асоб, то ў выніку б толькі выйгравалі. І ўсё-такі смешна, што «Лепшая песня года» (там пяць опусаў на рускай) і «Лепшая беларускамоўная песня» існуюць паасобку. Не ўяўляю, каб на конкурсе ва Украіне ці ў Францыі дамінавалі не ўкраінская і не французская мовы.

Прафесіяналы або дасведчаныя аматары?

Яшчэ адна істотная праблема далейшага развіцця музычнай прэміі звязана з прысутнасцю (ці амаль поўнай адсутнасцю) прафесійных кампазітараў. Прабачце маё занудства — тых, хто скончыў нашу Акадэмію музыкі. Сярод фіналістаў налічыла толькі двух: Алега Елісеенкава і Леаніда Захлеўнага. Усё! Паміж азначэннямі «кампазітар» і «аўтар музыкі» не будзем ставіць знак роўнасці. Існуюць камп’ютарныя праграмы, што дазваляюць таму, хто ведае асновы музычнай граматы, нараджаць песні і пазіцыянаваць сябе ў якасці кампазітара. Сітуацыя, калі песні масава пішуць прадстаўнікі музычных ці калямузычных прафесій, тлумачыцца па-рознаму. Уяўнай прастатой. Дарагім коштам заказу. Спакуслівай ілюзіяй: хм, калі ён можа, чаму я не магу?! Для калег пішуць самі спевакі (як Герман). Аўтарамі слоў робяцца прадзюсары (як Уладзімір Кубышкін). Калі песня мае запамінальную мелодыю, яскравы музычны вобраз, мо і не важна, хто яе стварыў. Калі ўспрымаецца як фон, «музычны хот-дог» («з’еў» і забыў) — праблема падаецца істотнай.

У намінацыі «Лепшы аўтар музыкі» журы вылучыла Леаніда Шырына і Юрыя Вашчука за кампазіцыю «Беларусь вялікая». Гэта музычнае суправаджэнне салюта ў Дзень перамогі (9 мая) і Дзень незалежнасці (3 ліпеня). На цырымоніі кампазіцыя была выканана. У ёй не шмат арыгінальнасці, але хапае гучнасці, фанфар, пафасу. Большае ўражанне рабіў відэашэраг: выступленне дзяцей на дэманстрацыі. Магчыма, рашэнне журы тлумачыцца павагай да хвалюючых дат. А мо неспадзяванасцю жанру?

Працэс, які ўплывае на вынік

Выкажу шэраг прапаноў, звязаных з арганізацыяй прэміі. Некаторыя намінацыі, лічу, надта дробныя, вылучаныя штучна. Бо песня — з’ява цэласная. Не бывае, каб словы — супер, а музыка ніякая. Але існуюць асобныя катэгорыі «Лепшы аўтар слоў» і «Лепшы аўтар музыкі». Песня «Ты больше не моя» была вылучана ў пяці намінацыях: як «Лепшая песня года»; у катэгорыі «Лепшы поп-выканаўца», дзе яе эмацыйна праспяваў Аляксей Хлястоў; у якасці «Лепшага аўтара музыкі» і «Лепшага аранжыроўшчыка» быў вылучаны Андрэй Сланчынскі; як «Лепшы аўтар слоў» перамог Павел Берташ. Ёсць такая прымаўка: «Не мыццём, дык катаннем!» Маўляў, у дзвюх намінацыях не пераможам, дык у трэцяй прарвёмся! Думаю, гэта песня сапраўды самая цікавая з усяго пачутага — па музыцы і ўвасобленым настроі. Амаль «хіт», які цяжка стварыць. Але ўсё-такі мо не варта болей як два разы вылучаць адзін твор? Тады большая колькасць опусаў трапіць у фінал.

На музычнай прэміі спачатку збіраюцца заяўкі ад выканаўцаў. Потым працуе адборачная камісія. Далей журы разглядае аўдыя- і відэафайлы. Але ці не атрымліваецца, што ў поле зроку журы трапляе перадусім той, хто парупіўся пра сябе сам? А калі не парупіўся, а каштоўнасць мае большую? Лічу цікавым гурт «Apple tea». Тры гады ён ганаруецца як «Лепшы джаз-выканаўца». А калі б у намінацыі фігуравала «Камерата», мо перамагла б яна. Бо ў галіне джазавага вакалу, лічу, больш «прасунутая». Запярэчаць: калі «Камерата» не лічыць патрэбным удзельнічаць, пра што размова?! Пра справядлівасць! Магчыма, варта выкарыстоўваць вопыт расійскай «Залатой маскі», калі эксперты глядзяць большасць спектакляў цягам года і вылучаюць намінантаў? А потым журы кажа сваё важкае слова. Так, складана цэлы год сачыць за здабыткамі многіх гуртоў і музыкантаў. Тым больш што многія падзеі адбываюцца адначасова. Але ж узважанасць ацэнак дарагога каштуе. Дый чужы вопыт заўжды карысны...

Кода

Можна доўга спрачацца пра вынікі Нацыянальнай музычнай прэміі, пра тых, хто перамог і застаўся за бортам, — але парадуемся, што яна існуе. Яе наяўнасць — стымул для новых песень, кліпаў, дыскаў. Часавая мяжа разгляду — кастрычнік 2013-га, значыць, кампазіцыі лістапада і снежня 2013-га, студзеня 2014-га ўвойдуць у лонг-ліст наступнай прэміі. Мо, у цішыні або грукаце студыі і пішацца цяпер новы твор, які ўразіць нас у снежні 2014 года?.