Тэрыторыя лялек

№ 1 (370) 01.01.2014 - 31.01.2014 г

Памяці Валерыя Рачкоўскага
У 1977 годзе я паступіў у Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, і там мы сустрэліся з Валерам. А неўзабаве ўзнікла кампанія — Уладзімір Жданаў, Валерый Рачкоўскі і я. Увогуле мы неяк дзіўна сышліся.

Старэйшым і, адпаведна, галоўным сярод нас лічыўся Жданаў, пасярэдзіне — Валера, які трапіў у інстытут пасля арміі, а я, салага, быў самым маладым, адразу пасля школы. Улетку яны пацягнулі мяне па вёсках, дзе мы афармлялі ленінскія пакоі ў клубах і сельсаветах. Ездзілі па шабашках, а ўвосень вярталіся ў горад багатымі людзьмі. Гэта быў цэлы перыяд жыцця. І Валерый стаў блізкім мне чалавекам.

А яшчэ ў Жданава, у «калясачнай» дома, што знаходзіцца насупраць Музея І з’езда РСДРП, была майстэрня. Мы там сустракаліся ўтрох. Сядзелі суткамі, размаўлялі, рабілі курсавыя. Час незабыўны. Наша маладосць. Уначы спускаліся да Свіслачы з цыгарэткамі і бутэлечкай «Эрэці». Захапляліся Высоцкім, Тэатрам на Таганцы... У гэтай «калясачнай» — сем квадратных метраў! — праходзіла ўсё наша жыццё. Да таго часу, пакуль Валера, ужо сталым мастаком, не атрымаў майстэрню ў іншым месцы.

Вучыліся мы на факультэце дызайну, дзе адкрылі нікому не патрэбнае аддзяленне «візуальных камунікацый, выставак і рэкламы». Немаведама што! Савецкая ўлада — і абсалютна бесперспектыўны, бессэнсоўны занятак. У вытворчасці адсутнічала канкурэнцыя, таму абыходзіліся без «дызайну». Размеркаванне было адпаведным: Брэсцкі дывановы камбінат або Мінскі завод халадзільнікаў, дзе нашы выпускнікі не разумелі, чым займацца.

У той час у БДТМІ не рыхтавалі сцэнографаў, такой спецыяльнасці нібыта не існавала. Ды так сталася, што мы ўтрох апынуліся ў тэатры. Відаць, «тэатральная зараза» ў нас пранікла. Жданаў абараніў дыплом на спектаклі ў купалаўцаў і вельмі хутка стаў галоўным мастаком Тэатра музычнай камедыі. Я прыйшоў у майстэрню да Барыса Герлавана і магу сказаць, што прафесіі ён навучыў мяне на сто працэнтаў, усё, што ўмею, ад яго. А Валерый Рачкоўскі нейкім цудам патрапіў да старэйшага Ляляўскага і зрабіў з ім «Цара Салтана». Не ведаю, як гэта атрымалася — амаль казачная гісторыя, ды Валерый вельмі хутка пачаў рухацца наперад і неўзабаве стаў галоўным мастаком Дзяржаўнага тэатра лялек.

Канешне, мы сябравалі, часта сустракаліся. Толькі Уладзімір Жданаў вельмі хутка пайшоў з жыцця. А Валерый Рачкоўскі стаў самадастатковым чалавекам. Памятаю, як пазнаёміўся з ягонай жонкай, Наташай. Як гулялі іх вяселле, а дзеля гэтага ў драўляным доме ягонага 
дзядзькі на Сельгаспасёлку разабралі сценкі. Атрымалася цудоўна.

Але ж цяпер я думаю вось пра што. Валерый Рачкоўскі — чалавек, які зрабіў сябе сам. У ягоным жыцці насамрэч было вельмі мала шанцаў стаць тым, кім ён стаў. Дзеля гэтага спатрэбілася каласальная ўнутраная воля — пры тым, што ён быў вельмі адораным чалавекам. Па характары — увогуле не лідар. Зусім не публічная асоба. Сын Алега Жугжды, Данііл, зняў пра Рачкоўскага фільм, які называецца «Партрэт невядомага мастака». Там самога Валеры ўвогуле няма. Ёсць толькі ягоныя рукі...

Ён заўсёды працаваў з ранку да вечара, у звады ніколі не лез. Ішла вельмі напружаная ўнутраная праца. Прастора лялечнага тэатра — і ён, чалавек гэтай прасторы, асоба вялікіх падрабязнасцей. Здаецца, я ніколі ў жыцці так працаваць бы не змог. Але яму было падуладнае ўсё, што датычылася лялькі, яе мімікі. У яго атрымліваліся цудоўныя дэкарацыі, ды тое, што Валера рабіў з лялькай, мяне захапляла і здзіўляла надзвычайна. Я ніколі не разумеў: як?! Мы ж навучаліся ўсялякай лухце. Малявалі нейкія канструкцыі... І раптам ён здолеў вось гэтак! А якім чынам яго заўважыў Анатоль Ляляўскі?! Што гэта — збег абставін? Ды толькі я не веру ў выпадковасці. Потым з Валерам шмат гадоў працаваў Аляксей Ляляўскі, запрашаў на пастаноўкі Алег Жугжда.

Увогуле, тэатр лялек — асаблівая тэрыторыя. Бедны, слаба фінансуецца і пры гэтым надзвычай выразны, дасягае рэальных поспехаў, а не ўмоўных, як драма. Беларускіх лялечнікаў ведаюць ва ўсім свеце. І Валера быў сярод іх, знаходзіўся ў вялікім трэндзе. У айчынным тэатры лялек мастакоў такога ўзроўню толькі некалькі. А Валерый Рачкоўскі незаменны, на ягонае месца нікога няма.

Ёсць людзі, з якімі пастаянна штосьці адбываецца. Валера ў гэты спіс не ўваходзіў ніколі. Здавалася, ён жыве вельмі шчыльна, учэпіста. Нічога кепскага з ім здарыцца не можа. І тое, што яго больш няма, для мяне проста ўдар пад дых. У Мінску — мінус адзін вельмі сур’ёзны маршрут.

Зіновій МАРГОЛІН