Выпрабаванне часам

№ 12 (297) 01.12.2007 - 31.12.2007 г

Бясспрэчнай падзеяй гэтай восені стала выстава Міколы Селешчука «Вяртанне дадому», якая адбылася ў кастрычніку ў Нацыянальным мастацкім музеі і была прымеркавана да 60-годдзя з дня нараджэння майстры. У экспазіцыі было прадстаўлена каля пяцідзесяці жывапісных і графічных работ, амаль палова з іх -- з прыватных калекцый. Сярод іх -- і раннія, студэнцкія аркушы, і палотны апошніх гадоў жыцця. Гэта дазволіла прасачыць эвалюцыю творчасці мастака -- ад першых, пераважна рэалістычных, графічных аркушоў да жывапісных пабудоў казачнай і фантастычнай рэальнасці.

 /i/content/pi/mast/5/128/MD-Sharangovich.jpg
Ён нарадзіўся ў 1947 годзе, памёр у 1996-м. Мікола Селяшчук -- адна з найбольш значных асоб у беларускім выяўленчым мастацтве ХХ ст. Выхаванец беларускай графічнай школы, ён здолеў даволі хутка выпрацаваць уласны стыль, знайсці адметную пластычную мову. М.Селяшчук шмат працаваў у станковай і кніжнай графіцы. Праілюстраваныя ім кнігі мелі поспех у чытачоў, былі адзначаны на прэстыжных міжнародных конкурсах. Аднак у гісторыі нацыянальнага мастацтва М.Селяшчук сцвердзіўся найперш як жывапісец. Яго творы вылучала нейкая неверагодная казачнасць, дзівоснае ўменне выбудаваць ірэальную рэальнасць. Непрадказальныя метамарфозы адбываліся з усімі жывапіснымі жанрамі, да якіх датыкаўся мастак: карціны на сацыяльную тэматыку ўспрымаліся як метафарычныя прыпавесці, жанчыны на партрэтах ператвараліся ў фантастычных прыгажунь. У пейзажах, у асноўным пазнавальных беларускіх краявідах з цэркаўкамі і вежамі, у тэматычных кампазіцыях аўтар дазваляў сабе сюррэалістычныя колеравыя ўстаўкі, змены рэальнай
 /i/content/pi/mast/5/128/MD-Sharangovich2.jpg
 Аўтапартрэт. Алей. 1980-я.
формы прадметаў, уводзіў выпадковых на першы погляд і дзіўных персанажаў. Яго «казкі» не заўжды былі лагоднымі і чароўнымі, яны часта станавіліся страшнаватымі. І тады чэрці пачыналі тапіць у вадзе русалак і самога аўтара, а з адзінай складанай фактуры вырасталі і чалавечыя, і нейкія жахлівыя твары монстраў... Менавіта гэты пластычны прыём вызначаў своеасаблівы аўтарскі стыль М.Селешчука. А яшчэ -- імкненне да пластычных і колеравых эксперыментаў. На палотнах ён рабіў калажныя ўстаўкі з тканін, фактурныя заліўкі, спалучаў розныя тэхнічныя прыёмы. Не ўсе эксперыменты вытрымалі выпрабаванне часам: некаторыя палотны маюць пашкоджанні фарбавага слоя, пацямнелі, вымагаюць
 /i/content/pi/mast/5/128/MD-Sharangovich1.jpg
 Ню. Алей. 1986.
рэстаўрацыі. Але навацыі, якія мастак прапаноўваў гледачам, сведчаць: ён узяў на сябе самае складанае -- місію першапраходцы. Ён асвойваў новую рэчаіснасць, выбудоўваў новую рэальнасць. Мець яго работу лічылі за шчасце многія. Але маюць -- далёка не ўсе. Нават бліжэйшыя сябры і музеі.

Сярод восеньскіх імпрэз хацелася б вылучыць таксама персанальную выставу вядомага мастака-манументаліста Уладзіміра Крываблоцкага, які адзначыў такім чынам сваё 55-годдзе. Станковыя карціны «Дыялог», «Песня пра зубра», «Дрэва жыцця», эскізы для вітража «Чалавек і прырода» і мазаік на жылых дамах у Брэсце і Салігорску, сабраныя разам у вялікай зале Палаца мастацтва, уражвалі ўнутранай энергетыкай, якая захоплівала гледача ў палон і трымала ў напружанні цягам усяго прагляду экспазіцыі, экспрэсіяй пабудовы вобразаў, неўтаймоўнай фантазіяй і глыбокім філасофскім асэнсаваннем рэчаіснасці. Магутны эмацыянальны выбух, які суправаджае кожную з манументальных работ, і стрыманая колеравая гама -- такое нязвыклае спалучэнне з’яўляецца характэрнай адзнакай творчасці У.Крываблоцкага.
У галерэйным комплексе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адбыўся традыцыйны ўжо міжнародны фестываль пейзажа. Экспазіцыя ўразіла разнастайнасцю: было прадстаўлена 160 твораў жывапісу, графікі і фотамастацтва майстроў з 12 краін свету. Музей сучаснага выяўленчага мастацтва прапанаваў не менш маштабную акцыю: выставу жывапісу «Экспрэсія Ніды». У экспазіцыі, арганізаванай пасольствам Літвы, прадстаўлена каля 150 палотнаў літоўскіх, беларускіх, украінскіх, латвійскіх, нямецкіх, рускіх і польскіх мастакоў, на якіх занатаваны цудоўны куток Літвы -- Куршская каса, дзе вось ужо 13 гадоў праводзяцца міжнародныя пленэры. А вось Нацыянальны мастацкі музей пайшоў на эксперымент: паказаць свае штудыі там змаглі маленькія творцы. У выставе, прысвечанай 35-годдзю Мінскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў, удзельнічалі мастак-акварэліст, майстар лірычнага краявіду, намеснік дырэктара гэтай навучальнай установы Яўген Саковіч і яго вучні.