Змены пад плінтусам не схавае

№ 1 (370) 01.01.2014 - 31.01.2014 г

«Пахавайце мяне за плінтусам» паводле Паўла Санаева
З таго часу як дырэктарам — мастацкім кіраўніком Нацыянальнага тэатра імя Якуба Коласа быў прызначаны Валерый Анісенка, увага да віцебскіх служак Мельпамены значна ўзрасла. Хтосьці расцэньваў падзею як творчую высылку майстра — тым больш што ў свой час Анісенка менавіта там пачынаў сваю дзейнасць, а потым ужо стаў «сталічным».

Хтосьці рабіў стаўкі, наколькі хутка новага кіраўніка «з’ядуць» (а ў тым, што «з’ядуць», амаль ніхто не сумняваўся, бо гэта трупа і раней паспяхова «перамагала» любыя пачынанні, прыводзячы іх не толькі да нуля, але і да супрацьлеглай мінусовай адзнакі).

Але крок за крокам тэатр паступова дайшоў да «... плінтуса» — адразу ў некалькіх сэнсах гэтага слова. З аднаго боку, маецца на ўвазе трагікамедыя «Пахавайце мяне за плінтусам» паводле аднайменнай аповесці Паўла Санаева. З другога, некалькі гадоў таму тэатр, калі меркаваць па спектаклях, паказаных падчас гастроляў у Мінску, знаходзіўся на ўзроўні, як ні жорстка гэта гаварыць, ніжэйшым за плінтус. Бянтэжылі патэтычна «тэатральная» манера маўлення, пастаноўкі ў горшых традыцыях «а-ля вампука», адсутнасць узаемадзеяння паміж акцёрамі, якія папросту не звярталі ўвагі на партнёраў, дый сама атмасфера застою і нават нейкай багны, здольнай бясследна паглынуць усё, што спрабуе хоць неяк варушыцца.

Спектакль паводле Санаева стаўся не першай меткай росту. Тэатр літаральна памаладзеў — і за кошт узросту прынятых акцёраў, і, галоўнае, паводле сваёй эстэтыкі. Хочацца спадзявацца, што пахаваць-замураваць (у тым ліку за плінтусам) тут нікога не атрымаецца.

Чым жа такая цікавая чарговая прэм’ера Валерыя Анісенкі, што выклікала поўныя аншлагі і, здаецца, сапраўдны ажыятаж? Прыкольныя «мульцікі», стылізаваныя пад дзіцячую творчасць, адразу настройваюць на штосьці па меншай меры «не старэчае». Дый сам экран, на якім раз-пораз малююцца тыя «вясёлыя карцінкі», уяўляе сабой зусім не класічнае палотнішча, а незразумелай формы «льдзіну-кляксу-лужыну», побач з якой — такія ж пазлы мазаікі, што ніяк не складаюцца разам, як ні намагайся прыстасаваць іх адно да аднаго. Працягам такой сцэнаграфіі становіцца замена дызайнерскімі аскепкамі ледзь не ўсіх элементаў антуражу. З аднаго боку — сімвалізм і мінімалізм, увасабленне «няскладнага» жыцця герояў, што ніяк не прыйдуць да ўзаемаразумення. З іншага — мадэль вобразнага мыслення, уласцівага дзецям і здольнага ператварыць любы прадмет у што заўгодна.

Але гэта — толькі знешні пласт «амаладжэння» тэатральнай эстэтыкі, які дасягаецца запрашэннем адпаведнага мастака — дызайнера Андрэя Жыгуры. Больш глыбінны — у ігры акцёраў. Здавалася б, у ролі Бабулі, гэткага сямейнага монстра, можна абысціся і напрацаванымі клішэ — тым больш што ўвасабляць «моцных жанчын са скандальным характарам» Тамара Скварцова даўно прызвычаілася. Але актрыса знаходзіць у сваёй гераіні простыя чалавечыя рысы. Найперш дабрыню, але даведзеную да такога абсалюту, што тая ператвараецца ў сваю супрацьлегласць. Дастаткова паслухаць, як пранікнёна Бабуля спявае калыханку. Спевы для коласаўцаў не ў навіну. Але тое, як мякка гучыць голас Скварцовай, гаворыць пра яе гераіню куды больш, чым «суквецце» нелітаратурнай лексікі, шчодра раскіданай па ўсёй ролі. Актрыса зусім не акцэнтуе тыя выразы, вымаўляе гэтыя словы «мімаходам», быццам паказваючы, што яны — звыклая завядзёнка, а не сутнасць жанчыны, якой насамрэч страшна расслабіцца.

Раман Салаўёў, які іграе маленькага Сашу, сёлета скончыў Віцебскі дзяржаўны каледж культуры і мастацтваў. Давер да маладых, якім адразу даюцца цэнтральныя ролі, становіцца для гэтага тэатра правілам, а не выключэннем. Форма аповеду ў выглядзе ўспамінаў дае магчымасць акцёру выступаць адразу ў дзвюх іпастасях: дзіцяці, якое намагаецца спасцігнуць таямніцы быцця, і дарослага, які згадвае ўсё гэта не з настальгіяй, уласцівай старым, а з лёгкай іроніяй, прыдатнай для падлеткаў.

Тры гадзіны сцэнічнага дзеяння пралятаюць незаўважна. Сапсаваць спектакль не могуць ні некалькі рэальных сцэнаграфічных дэталяў, што побач з умоўнасцямі выглядаюць недарэчна, ні блякласць персанажаў другога плана. Музычнае афармленне служыць адно стварэнню неабходнага псіхалагічнага настрою, не прэтэндуючы на гукавую сімволіку ці драматургічную канцэпцыйнасць. Разам са сцэнаграфіяй, што застаецца цягам усяго спектаклю нязменнай, гэта яшчэ больш канцэнтруе глядацкую ўвагу на акцёрскіх працах. Атрымліваецца не што іншае, як псіхалагічны тэатр, толькі на адноўленым, ачышчаным ад псеўдавыразнасці ўзроўні. Хтосьці ўздыхне: не, не рэвалюцыя. А хтосьці выдыхне з палёгкай: шлях эвалюцыі, бадай што больш натуральны.