Майстры фантастычнай рэальнасці

№ 1 (370) 01.01.2014 - 31.01.2014 г

Выстава французскага наіву «Перасячэнні і пераемнасць у Маене»
Экспазіцыя стала своеасаблівым навагоднім падарункам ад Пасольства Францыі ў Рэспубліцы Беларусь аматарам наіўнага мастацтва і ўсім беларускім гледачам. Працы дзесяці аўтараў размясціліся ў невялікай зале ў пераходзе са старога будынка музея ў яго новую прыбудову.

Пры ўсёй сваёй сціпласці выстаўка давала даволі поўнае ўяўленне пра сучасны стан мастацтва самавукаў у краіне, якая лічыцца першаадкрывальніцай феномена наіўнага мастацтва. У 1886 годзе ў экспазіцыі салона Незалежных на Елісейскіх Палях упершыню былі паказаны творы мытніка Анры Русо, які не меў прафесійнай адукацыі, але жадаў удзельнічаць у мастацкім жыцці сталіцы. Архетыповая вобразнасць яго персанажаў ды фантастычныя матывы прыйшліся даспадобы маладому пакаленню творцаў, што распачалі барацьбу за абнаўленне мастацкай мовы.

Анры Русо нарадзіўся ў Маене, адкуль прывезены творы мінскай выставы, пра што і напісана ў яе каталозе і эксплікацыі. Аўтар тэксту і адначасова ўдзельнік экспазіцыі Жан-Луі Серызье згадвае ў якасці заснавальнікаў і ключавых постацей мастацтва самавукаў яшчэ і каралеўскага лекара і ілюстратара часу Рэнесансу Амбруаза Парэ (1510—1590) ды знакамітага літаратара Альфрэда Жары (1873—1907). Яны таксама паходзілі з Маена, што вельмі важна для сучасных мастакоў, якія адчуваюць сябе не проста арыгіналамі і свавольнікамі, а пераемнікамі глыбокай традыцыі. Апроч рэтраспектыўнай глебы важным для творцаў з’яўляецца разуменне сваёй повязі з мадэрнізмам і асноўнымі кірункамі развіцця яго непрафесійнай плыні — мастацтва папулярнага, ар брут (сырога, ненармаванага), сінгулярнага (мастацтва адзінак). Іх перасячэнні і ўзаемадзеянне робяць непаўторным і дынамічным жыццё Маена.

Такі досвед варты ўвагі, бо дае добры прыклад культывавання мясцовай культурнай традыцыі: у дэпартаменце Мэн і Луара дзейнічае Музей наіўнага і сінгулярнага мастацтва (горад Лаваль, 1967), музей выбітнага мастака ар брут Рабэра Татэна (Касэ-лё-Віўен, 1969), а сярод насельнікаў пашырана збіранне прыватных калекцый творчасці аўтадыдактаў. Аснову музея наіўнага мастацтва склала калекцыя твораў, сабраных Жулем Лефранкам (1887—1972), гандляром скабянымі вырабамі і адначасова мастаком-самавукам. Яго працы таксама прысутнічалі ў экспазіцыі і сведчылі пра прыналежнасць іх да традыцый Анры Русо. Карціны «Замак Маслен», «Вялікая вуліца ў Лавалі» дэманстравалі ўлюбёнасць мастака ў родны горад і характэрную для наіву манеру скрупулёзнага выпісвання дэталей, калі кожная намаляваная на палатне цагліна нібы закладаецца ў сцяну. Карціны «Тэнісны корт на пляжы» і «На борце “Ганны Сан-Мало”» нагадваюць бяскрайнія марскія краявіды знакамітага сюррэаліста самавука Іва Тангі (1900—1955), напоўненыя трывогай і таемнасцю.

Муляр Рабэр Татэн (1902—1983) пасля шматгадовых падарожжаў па краінах Лацінскай Амерыкі збудаваў з каляровага цэменту і бутавага каменю сядзібу з велічнымі манументамі на ўзор сакральных ансамбляў старажытных цывілізацый. Экспрэсія яго пластыкі трымаецца на перабольшаных геаметрызаваных формах антрапаморфных і зааморфных міфічных істот. Дадзены прыём формаўтварэння мастак пераносіў у літаграфіі з дынамічнымі сцэнамі жыцця еўрапейскай цывілізацыі, дзе архаізаваныя персанажы на разнастайнай сучаснай тэхніцы засвойваюць касмічную прастору. Яго творчыя дасягненні былі адзначаны залатым медалём на біенале ў Сан-Паулу ў 1956 годзе і першай прэміяй мастацкай крытыкі ў Парыжы ў 1961-м.

Спалучэнне стылістыкі ар брут і сюррэалізму яскрава прасочваецца ў працах 78-гадовага творцы Алена Лакоста, які ўдала скарыстоўвае прыёмы першабытнага палімпсесту. У яго творах выявы накладаюцца і праступаюць адна праз адну, фарміруюць шматзначную, адкрытую ва ўсе бакі кампазіцыю. У творы «Мой дарагі сябар, вы — леў» профіль галоўнага персанажа ўтрымлівае ў сабе постаці і твары жанчын, сілуэты птушак, вобразы льва і ягняці, якія дапамагаюць раскрыць яго глыбока інтымныя пачуцці. Работы «Камандзіроўка» і «Сінкрэтызм» выклікаюць асацыяцыі з жывапісам Поля Гагена, які некалі распачаў дыялог з нееўрапейскай культурай.

Сюррэалістычныя матывы складаюць аснову жывапісу майстра па мэблі Анры Труяра (1892—1972), які насычаў незвычайнымі вобразамі звыклыя сюжэты. На карціне «Тыя, што выклікаюць голад» мастак увасобіў на чырвоным полі тэатральнай заслоны запазычаны з пячной кафлі пейзаж вясковай сядзібы з млыном і абраміў яго ў авал даўгім пітонам, на целе якога гойдаюцца жоўтыя істоты, пэўна, прызначаныя ў якасці ахвяр. Мастак будаваў свой аповед праз супастаўленне жарту і агіды, ён імкнуўся абвастрыць успрыманне гледача. Балансаванне карабля на бурлівых хвалях на карціне «Карабель у моры № 1» таксама афарбавана драматычным пачуццём небяспекі, аднак фантастычнае святло, што прабіваецца праз хмары, нясе надзею на ўратаванне.

Жак Рэмо (1949—1987) у сваіх пастэлях праз максімальнае набліжэнне да аб’екта выяўлення імкнуўся нагадаць пра цуд жыцця ў прыродзе і віну чалавека перад ёй. Пры разглядзе прац «Свядомасць бура», «Збор нектару матыльком» глядач у першым выпадку адчувае няёмкасць ад назірання за асуджанымі на смерць рыбамі, а ў другім — навучаецца далікатным адносінам да ўсіх жывых істот.

Глыбокае веданне прыроды прадэманстравалі творы мастакоў вясковага паходжання Сенэрэ Юбэра (1910—2001) і Патрыка Шапельера (нарадзіўся ў 1953). 
Іх мастацтва трывала звязана з народнымі культурай, побытам і самім жыццём. Каваль Сенэрэ Юбэр пісаў па метале, ствараючы выявы жывёл, якімі ўпрыгожваў плот, брамку ды розныя гаспадарчыя пабудовы сваёй сядзібы. Спачатку выбіваў рэльеф выявы, а потым яго расфарбоўваў. У выніку атрымліваўся маляўніча-пластычны вобраз, які праз свой рэльефны характар нагадвае роспісы пячор эпохі палеаліту. Працы ўражваюць нагледжанай рэалістычнасцю і веданнем пластыкі жывёл. Мастак валодаў выключным адчуваннем колеру і вельмі артыстычна перадаваў рознаскіраванымі мазкамі пэндзля фактуру поўсці каровы, зебры, жырафа, пёраў чаплі або качак.

Карціны Патрыка Шапельера кранаюць сваёй непасрэднасцю, а разам з ёй набліжанасцю да першасных узораў творчасці. Мастак скарыстоўвае самыя простыя кампазіцыйныя рашэнні, уласцівыя народнаму мастацтву. Карціны «Царква і дрэвы», «Ружовае дрэва і птушкі» маюць сіметрычную, амаль геральдычную кампазіцыю, а работы «Чатыры пеўні», «Дракон» падобныя да дзіцячых малюнкаў, дзе плоскасць аркуша запаўняецца па перыметры з размяшчэннем галоўнай выявы па цэнтры.

Творы Брыжыт Марыс і Жана-Луі Серызье дэманструюць майстэрскае валоданне жывапіснай тэхнікай і арыгінальнае бачанне свету. Брыжыт Марыс распрацоўвае характэрныя для французскага жывапісу тэмы цырка, дзяцінства, камерныя вобразы сямейных адносін і сяброўства. Карціны Жана-Луі Серызье вылучаюцца рамантычнымі і адначасова іранічнымі вобразамі. Рознамаштабнасць выяў дапамагае яму аб’яднаць у адзіную кампазіцыю розныя дзеі, паказаць перспектыву не толькі прасторы, але і часу. Абодвум мастакам уласціва метафарычнасць.

Нечаканым сюрпрызам для беларускіх гледачоў стала знаёмства з серыяй прац Сержа Паяра, які стварыў надзіва вытанчаныя графічныя вобразы бульбы. Мастак спалучыў багатыя пластычныя магчымасці «бульбяной» формы з арнаментальным яе запаўненнем. Гэты падыход да раскрыцця тэмы дае магчымасці яе бясконцага вар’іравання і нараджэння разнастайных метафар.

Выстава «Перасячэнні і пераемнасць у Маене» прадэманстравала самастойны характар творчасці самавукаў, але адначасова засведчыла іх сувязь з сучасным прафесійным мастацтвам і безумоўны ўнёсак у яго развіццё.

Людміла ВАКАР