Фатаграфія — гэта...

№ 1 (370) 01.01.2014 - 31.01.2014 г

Праект Сяргея Ждановіча «INCERTUM»
Прасторы памяці, штодзённасці, часу і месца — асноўныя семантычныя складнікі праектаў Сяргея Ждановіча. Для счытвання іх сэнсу і зместу няма неабходнасці ведаць сацыяльны ці культурны кантэкст. Гэта выказванні пра фатаграфію як такую, што выводзяць на паверхню пытанне пра сутнасць фатаграфічнай выявы, пазначэнне яе як няпэўнай.

 

«INCERTUM», праект пра «няпэўнае», у творчасці Сяргея Ждановіча з’яўляецца праектам кантэкстуальным, ён падводзіць папярэднія вынікі, аднак не з’яўляецца завяршальным у пошуку фармулёвак, дэфініцый і паняццяў фатаграфіі.

Паспрабуем адказаць, чым жа з’яўляецца фатаграфія для мастака на працягу больш як дзесяці гадоў, а галоўнае — ці змяняецца погляд аўтара на яе.

Такім чынам, фатаграфія — гэта...

Атрыманне і захаванне выявы пры дапамозе святлоадчувальнага матэрыялу ці святлоадчувальнай матрыцы ў фотакамеры.

Гэта вызначэнне містычнага працэсу артыкулюе яго лаканічна і досыць суха. У праектах «Камера абскура» (2010—2011), аб’яднаных агульнай тэхналагічна-канцэптуальнай асновай, мастак выбудоўвае варыянты рэалізацый у залежнасці ад прасторы (Музей сучаснага выяўленчага мастацтва, Мінск, 2010; Усерасійскі музей дэкаратыўна-прыкладнага мастацтва, Масква, 2011; Палац мастацтва, Мінск, 2011) па прынцыпе атракцыёна, дзе інтэрактыўная экспазіцыя з’яўляецца «жывой формай адлюстравання рэчаіснасці» (паводле інтэнцыі аўтара), а таксама — часткай зафіксаванай у мастацкім праекце гісторыі фатаграфіі і адной з яе фармулёвак.

Фатаграфічная выява дынамічная, інтэрактыўная і зменлівая ў залежнасці ад месца, у якое яна змяшчаецца.

Фатаграфія — гэта...

Сродак выразнасці, выяўлены праз «комплекс муміі» (паводле французскага тэарэтыка кіно Андрэ Базэна), здольны зафіксаваць абалонку і атрыбуты аб’екта, асуджанага знікнуць. Ён раскрывае ўзаемасувязь працэсу «натуральнай творчасці» з рэжысіраваннем глядацкага ўспрымання падзей, што прапаноўваюцца з гатовымі сэнсамі і інтэрпрэтацыямі.

У серыі «Лісты» (1997—2000) Ждановіч працуе з катэгорыямі памяці і яе індыкатарамі: візуальнымі і тэкставымі дакументамі. Сумяшчае некалькі пластоў: гістарычны і прыватны (выкарыстоўваецца матэрыял з сямейнага архіва). У выніку ствараецца зыбкае ўражанне пра нешта няўлоўнае, што мы спрабуем інтэрпрэтаваць, зыходзячы са свайго індывідуальнага досведу. Роля дакумента ў серыі «Дзённікі» (1999) нівелюецца за кошт рамантычнага і паэтычнага размывання кантэнту, ператварэння яго ў метафару.

Серыя «Знакі» мінімізуе адлюстраванае, пакідаючы «цень» выявы, яе след.

Фатаграфічны дакумент набывае метафарычнае пазначэнне, з-за чаго ўніфікуецца, ператвараючыся ў тып, стэрэатып.

Фатаграфія — гэта...

Сама выява. Перафразуючы Андрэ Базэна: бачная рэальнасць становіцца апорнай кропкай не толькі выявы, але і фатаграфічнай мовы. Выява выконвае ролю аўтарскага ідэнтыфікатара, пачынае працаваць на яго.

Эфект накладання, шматпластовасці ў «Персанальнай прасторы» (2007) змяняецца «прывязанай да пэўнага месца і часу фотавыявай, якая трансфармуецца пры дапамозе графічных выяўленчых прыёмаў»: адштурхоўваючыся ад рэальнасці дакументальнага адбітка, ствараецца «Страчаная прастора» (2008). Прыём размывання межаў фатаграфічнай выявы ў працах з серыі «INCERTUM» (2013) утварае вобраз павелічальнага шкла, што ўзмацняе эфект няпэўнасці, неканкрэтнасці і безназоўнасці — агульнай метафары праекта.

Фатаграфія набывае аўтарства, праяўляючы фармальныя прыёмы — ідэнтыфікатары мастака.

Фатаграфія — гэта...

Спосаб аповеду пра сучасны свет (Прот Ярнушкевіч, польскі мастак).

У фатаграфіі пракрэсліваецца мяжа паміж прайграваннем рэальнасці і мадэляваннем суадносін яе элементаў. Асобныя фрагменты вырываюцца з бесперапыннага часавага кантэксту: інтэнцыя да інтэрпрэтацыі рэальнасці або пасоўванне свайго персанальнага наратыву...

Фатаграфія, як найбольш міметычная з медый (настроена на перайманне рэчаіснасці), адначасова з’яўляецца адной з найбольш дэмакратычных. Гэта нясе ў сабе як станоўчы зарад: робіцца акцэнт на канцэптах, змесце — так і пагрозу: прафесійны бар’ер знікае, адбываецца своеасаблівая дэсакралізацыя тэхнічнага працэсу (фатограф ужо не алхімік), павелічэнне колькасці тых, хто фатаграфуе.

Сяргей Ждановіч не задае сабе пытання пра задачы фатаграфіі, не даследуе яе як спосаб выказвання. Ён вызначае фатаграфію як неаддзельны складнік выявы і спосабу яе трансляцыі. У серыі «У прасторы знака» (2001—2005) Ждановіч уключаў у фіксаваную прастору свой цень: «Ён выступае як пасрэднік паміж абшарам і мной, як сведчанне сапраўднасці дакумента. Мне не падыходзіла проста сфатаграфаваць, я пакінуў уласны след... Цень у дадзеным выпадку для мяне асабліва важны, бо гэта прамая праекцыя ў прастору. Зафіксаваная, яна становіцца таксама праекцыяй у часе».

Фатаграфія — гэта...

Раскрыццё значэнняў і пастаноўка пытанняў. Не фіксаванне таго, што адбылося, але пастаноўка пытання пра тое, што можа адбыцца. Апора на ўласны досвед мастака і спасылка на падзеі ў тым выглядзе, у якім яны выяўляюцца. Уласная выразная пазіцыя дае мастаку «зброю ў барацьбе з банальнасцю» (Прот Ярнушкевіч), змяшчае прадмет яго выказвання ў кантэкст, упісваючы ў вызначаную працягласць трактавання/разумення навакольнага свету.

На першы план выходзіць спосаб маўлення, важна тое, як мастак будзе распавядаць пра рэальнасць, да якой мае дачыненне. Зона маўчання, абнуленне сэнсаў, мінімалізм у выразных сродках — серыя «Tabula Rasa» (2001—2012), адно з самых моцных выказванняў Сяргея Ждановіча.

Фатаграфічнае выяўленне з’яўляецца адлюстраваннем і пазначэннем пазіцыі аўтара, яго асабістай і публічнай прасторай для прадукавання ўніверсальных тыпаў, інтэнцыяй да стэрэатыпізацыі штодзённасці — праекцыяй, звернутай у/на перспектыву.

Вольга РЫБЧЫНСКАЯ