Культурны код

№ 12 (369) 01.12.2013 - 31.12.2013 г

Міжнародны досвед
«Тэарт» расцягнуўся на месяц, захапіўшы канец верасня і амаль увесь кастрычнік. Гледачы не паспявалі асэнсоўваць новыя ўражанні. Яны струменіліся няспыннаю плынню. Здавалася, тэатральны досвед такі насычаны і каштоўны, а прагляды ніколі не скончацца.

Праз тыдзень пасля апошняга спектакля ўзнікла адчуванне пустаты. На пачатку снежня прыйшло ўсведамленне, што тэатральны сезон у Мінску скончыўся. Нашы тэатры так і не паказалі публіцы ніводнага новага спектакля. Працэс нібыта прыпыніўся. Затое «Тэарт» заняў свабодную нішу і зрабіўся галоўнай часткай актуальнага прафесійнага дыскурсу. Тут знайшліся адказы на самыя надзённыя пытанні. Нават калі не перабольшваць чужыя поспехі і не прымяншаць уласныя. 

Так атрымалася

Галоўная задача дырэктара «Тэарта» — сфарміраваць фестывальную афішу. З гэтым Анжаліка Крашэўская справілася выдатна. Стыхійна, інтуітыўна, спантанна... Магчыма, апантана. Ды толькі сёлета рэпертуарны падбор стаўся яе куратарскім поспехам. Стылістычна багатая карціна тэатральнай рэчаіснасці адлюстравалася ў спектаклях. Яны ўсталёўвалі эмацыйныя сувязі паміж мінулымі і сённяшняй эпохамі, вызначалі культурныя коды. Персанажы існавалі нібыта на скрыжаванні зямных шляхоў, у віхуры пачуццяў, з надзеяй і расчараваннямі, з адчаем і воляй да жыцця. Не думаю, што агульны кантэнт вылічваўся і падганяўся спецыяльна. Ды толькі так атрымалася. Калі атрымалася, значыць мае права быць. «Добры чалавек з Сезуана» (Маскоўскі тэатр імя Аляксандра Пушкіна), «Доўгае жыццё» (Новы рыжскі тэатр), «Шэпат сцен» (парыжская Кампанія «Маленькі гадзіннік»), 
«(А)палонія» (варшаўскі Новы тэатр), «Песня пра Маці і Айчыну» (Тэатр польскі ва Вроцлаве), «Мuck» (будапешцкая Кампанія Бэлы Пінтэра), «Лір» (санкт-пецярбургскі тэатр «Прытулак камедыянта»), «Shoot/Get Treasure/Repeat» (санкт-пецярбургскі «тэатр роst») — склалі зместавую частку міжнароднай праграмы. Яны былі трывала звязаныя між сабой рознымі аспектамі агульных тэм, сэнсавымі нюансамі, не супярэчылі адно аднаму, а ўзнаўлялі шматмерную карціну сучаснага свету. Складанага, рухомага, супярэчлівага і трагічнага. Гледачы проста вымушаны былі кожную сітуацыю прымерваць на сябе. Думаць і ўзважваць. Выбару ім не пакінулі. Уздзеянне спектакляў часта нагадвала своеасаблівы сеанс псіхатэрапіі. Тым больш, што ў нас да спавядальнасці рэжысёры практычна не схільныя. Дый весці дыялог з кожным гледачом асобна і адначасова з усімі разам — асаблівы досвед.

Спектаклі адпавядалі амбіцыям арганізатараў форуму. Магчыма, вызначэнне «сусветныя тэатральныя шэдэўры» нехта лічыць пэўным перабольшаннем, рэкламным выгукам. Тым не менш, можна сказаць і так — калі ўлічыць, што нашы тэатры называюць свае пастаноўкі спрэс «унікальнымі і непаўторнымі».

Гульня сэнсаў і кола ідэй

Самае цікавае ў сучасным тэатры — зусім не яго візуальная насычанасць. А гульня з эпохамі і гістарычнымі падзеямі, сэнсавыя трансфармацыі. Бо калі тэатр выракаецца агульначалавечых праблем — ён пачынае спяв-
аць і танчыць. Калі пачынае спяваць і танчыць, гаворка 
пра мастацкі і духоўны кантэкст болей не ідзе: гэта шоу-бізнес.

Менавіта духоўны і мастацкі кантэкст стаўся самым уражальным бокам «Тэарта». «Добры чалавек з Сезуана» Бертальда Брэхта ў інтэрпрэтацыі Юрыя Бутусава выпрабоўвае на трываласць самую старажытную маральную катэгорыю — дабро. Даследуе межы бескарыслівасці. І асацыятыўна рыфмуецца з сучаснымі грымасамі капіталізму на постсавецкай прасторы. Рэжысёр наўпрост сутыкае маральныя і матэрыяльныя каштоўнасці. Выбар паміж дабром і дабрабытам мусіць быць зроблены на карысць апошняга? Здаецца, што сёння ўжо нямногія задаюць сабе падобныя пытанні. І ў стваральнікаў спектакля пэўнага адказу таксама не існуе. Затое наша эмацыйная памяць будзе дарэшты запоўнена: пачуццёвымі выкідамі эфектных зонгаў; графічнай выявай вялізнага, нібыта выразанага ў прасторы разгалістага дрэва; чырвоным па чорным накрэсленымі словамі: «Купіце вады, сабакі». А ў акцёрскім існаванні на мяжы мы не заўважым нават грана напружанасці.

Здаецца, сучасны польскі тэатр абраў для сябе самую адмысловую тэрыторыю. Можна сказаць, у ім лепшыя рэжысёры існуюць у разломах спрасаваных эпох. А чалавек на сцэне набывае ўласцівасці пастуляванай асобы, для якой асаблівае значэнне мае наканаванне. Як вышэйшая метка. Як знак прыналежнасці зямной, якую абавязкова трэба адрэфлексаваць праз учынкі, роздум, пачуцці. Невыпадкова ў Кшыштафа Варлікоўскага, аднаго з самых крэатыўных сучасных пастаноўшчыкаў, першая адукацыя — філасофскі факультэт Ягелонскага ўніверсітэта. Спектакль «(А)палонія» таксама даследуе законы чалавечага існавання, свет, у якім мы жывем, і гранічна пашырае дзеля гэтага зоны мастакоўскага пранікнення: ад антычнасці — да нашых дзён. Сэнсавы хрыбет — творы Еўрыпіда, Эсхіла, нашай сучасніцы Ханны Краль. Тэрыторыя асобнага кантролю — падзеі Другой сусветнай вайны. Яўрэйскае пытанне ў Польшчы. Маштаб задачы адбіваецца ў сцэнаграфіі (мастак Малгажата Шчэнсняк): па гарызанталі люстра сцэны дасягае трыццаці метраў. Асобныя дэталі, цэлыя фрагменты дзеі з цяжкасцю трапляюць у поле зроку. У разграфлёнай празрыстымі прамавугольнымі пакоямі прасторы, дзе шмат паветра і эмацыйнага аб’ёму, нам пакажуць душу чалавека навыварат. Без адзнак жалю і спачування. Спагада — не пра «(А)палонію» Варлікоўскага. Як жыць нам цяпер? З пачуццём віны за тое, чаго не чынілі, пры чым не прысутнічалі? Маральныя рахункі выстаўляюцца сучаснаму чалавеку. Бязлітасна, безаглядна. Згадваецца радок з верша Андрэя Вазнясенскага: «Мы за отцов продувшихся расплата». Ды толькі — дзеля чаго мы самі?

Маральныя ісціны выпрабоўвае на трываласць расійскі тэатр. У спектаклі «Лір» Канстанціна Багамолава персанажы знакамітай трагедыі Шэкспіра распазнаны як савецкія і постмадэрнісцкія архетыпы. Гучаць тэксты Ніцшэ, Шаламава, Іаана Багаслова. Час дзеі — Другая сусветная... На думку рэжысёра, апакаліпсіс адбыўся менавіта ў гэты перыяд. Адтуль усё перакулена з ног на галаву. У якасці візуальнага пацвярджэння такой экстравагантнай высновы — жаночыя ролі, перадавераныя мужчынам, а мужчынскія — жанчынам. Ды толькі менавіта вайна ў сталінскую эпоху робіцца асноўнай зместавай скрэпай гэтага спектакля. А чырвоны пластыкавы рак — знакам хваробы, што раз’ядае чалавечую душу.

Новыя формы

Адным з самых яркіх уражанняў «Тэарта» стала работа маладых піцерскіх рэжысёраў Дзмітрыя Валкастрэлава і Сямёна Александроўскага («тэатр post»). Спектакль «Shoot/Get Treasure/Repeat» («Cтраляй/Хапай скарб/Паўтары») — музей шаснаццаці п’ес Марка Равенхіла. Паводле драматурга: «вялікая выява, складзеная з маленькіх фрагментаў, кожны з якіх названы ў гонар ужо існуючых эпасаў».

Цягам шасці гадзін п’есы па чарзе і адначасова разыгрываліся ў чатырох пазначаных лічбамі пакоях Цэнтра сучасных мастацтваў. Гледачы маглі свабодна выбіраць маршруты, тут дапускаліся любыя камбінацыі. Але блакітным быў акрэслены шлях, прапанаваны самім драматургам: ад эпізоду да эпізоду. Усе ўважліва вывучалі схему перамяшчэнняў. Але не толькі.

Актуальнае мастацтва (хочацца ўжываць менавіта такое вызначэнне) публіцы неабходна патлумачыць. Што і было зроблена добрасумленна. Самыя цікаўныя перадусім даведаліся, што гэта «адна з першых у гісторыі мастацтва спроб зафіксаваць у эпічнай форме рэфлексію сучаснага чалавека на пачатак новага веку, надышоўшага 11 верасня 2001 года». Да кожнага эпізоду была зроблена падрабязная анатацыя. Такім чынам «Траянкі» былі запаралелены са знакамітым старажытным сюжэтам. «Нецярпімасць» — з аднайменным кінаэпасам Дэвіда Грыфіта. «Страх і галеча» — са страхам і галечай «Трэцяй імперыі» Бертальда Брэхта. Былі яшчэ «Каханне», «Вайна светаў», «Злачынства і пакаранне», «Маці», праілюстраваная кадрамі са знакамітага фільма паводле рамана Горкага...

Строга кажучы, перад намі паўставаў ніякі не тэатр, а — зафіксаваныя імгненні рэчаіснасці. Быцця. Штораз — дваццаціхвілінныя маніпуляцыі з нашай свядомасцю. Бясконцымі чародамі мільгалі эпізоды, якія мелі толькі ўскосныя адносіны да сцэнічнага дзеяння і прамыя — да кожнага з нас. У цёмным пакоі шэптам нам даводзілі, што «яны вельмі, вельмі добрыя». Потым мы доўга разглядалі слоік з ёгуртам, а голас у навушніках тлумачыў, што з дапамогай яго можна вырашыць любыя праблемы. Спакваля ўзнікалі праблемы: сацыяльная несправядлівасць, тэрарызм, прымус, татальная несправядлівасць свету... Усё наўпрост спалучалася з думкамі аб сучасным прызначэнні тэатра.

І гэта «Тэарт» штораз пераконваў у ягонай неабходнасці і жыццяздольнасці.