Алена Турава

№ 12 (369) 01.12.2013 - 31.12.2013 г

Ілюзіён быцця
Аўтар шасці анімацыйных і трох ігравых фільмаў, яна досыць часта трапляла ў становішча, калі магла разлічваць выключна на ўласную энергію, прафесійную вынаходлівасць ды трывалую любоў да кіно. Так было на пачатку 1990-х, калі амаль усе мастакі-пастаноўшчыкі сышлі з беларускай анімацыі, аднак Алена Турава ўпарта здымала мультыплікацыйныя карціны. На працягу дзесяці год.

Потым лагічна перакінула масток да чароўнай казкі «вялікага фармату». І крок за крокам пачала ўзнаўляць перарваную традыцыю беларускага кінамюзікла для дзяцей з яго адмысловай паэтыкай, увасобленай у лепшых стужках Уладзіміра Бычкова і Леаніда Нячаева. Стварыць фільм для дзяцей — усё роўна што ўхапіць празрыста-вясёлкавы мыльны пузыр. Не кожны разгадае, якім таямнічым чынам у імклівым стракатым калейдаскопе экраннага аповеду ўзнікае відавочны сэнс: дабро перамагае. Пра ілюзіён жыцця і пра тое, як адказваць на недзіцячыя выклікі дзіцячага кіно, мы гутарым з паэткай, сцэнарыстам, рэжысёрам, лаўрэатам міжнародных кінафестываляў Аленай Туравай. Нагода для сустрэчы — выхад на экран чарговага фільма «Кіндэрвілейскі прывід», сёлета ён адкрываў праграму «Лістападзіка» і нават атрымаў прыз глядацкіх сімпатый.

Якімі жанрава-стылявымі каардынатамі вызначаеце ўласныя стужкі?

— «Навагоднія прыгоды ў ліпені» — накшталт экраннага комікса, «Рыжык у Залюстроўі» — фэнтэзі, «Кіндэрвілейскі прывід» — несур’ёзны «жудасцік».

Вы не стаміліся ад аднастайных пытанняў падчас інтэрв’ю?

— Стаўлюся да гэтага як да неабходнай часткі працы. Памятаю свае пачуцці з нагоды нататкі ў газеце «Вячэрні Мінск» пра мой першы анімацыйны фільм «Ілюзіён» (ён тады называўся «Зорка»). Літаральна некалькі радкоў ды маё фота ля раскадроўкі з подпісам: «Алена Турава — малады пачынаючы рэжысёр». Адчувала сябе ледзь не на аблоках! Цяпер такіх эмоцый не атрымліваеш нават ад маштабных публікацый.

Той анімацыйны «Ілюзіён» трапіў на міжнародны фестываль у 2005-м — праз паўтара дзесяцігоддзя (!) пасля прэм’еры.

— Мультфільм быў зняты і пакладзены ў скрыню. Яго дыстрыбуцыяй ніхто не займаўся. Выпадкова даведалася пра фестываль дэбютных карцін «Зоркі Шакена» ў Казахстане, дзе не існавала рэгламенту па тэрміне стварэння стужкі. Адаслала...

І атрымалі Гран-пры!

— А таксама даволі вялікі ганарар, што здараецца рэдка.

Звычайна ўручаюць паперчыну накшталт ганаровай граматы.

— Ці каменную кветку або нешта яшчэ, што ні падняць, ні ў валізку запакаваць... Ёсць і ў мяне такі рыцар з Кіева.

Цяжар узнагароды... Дарэчы, ці не цяжка мець прозвішча класіка беларускага кіно Віктара Турава?

— Усталёўваць кантакт з бацькам пачалі даволі позна, калі я ўжо вырасла. Псіхалагічна было вельмі няпроста «ткаць павуцінне» ўзаемадачыненняў людзей блізкіх па крыві, але абсалютна аддаленых па жыцці...

Бергманаўская танальнасць... Але ж вы — чалавек мажорны, разнастайна адораны і сябе збудавалі ўласнымі рукамі. Між іншым, вы адзіная з дзяцей Віктара Турава пайшлі ў кіно... Хоць нічога такога кірунку падзей не прадвяшчала.

— Калі не лічыць, што мама-актрыса выбрала для мяне ў маленстве прафесію рэжысёра-мультыплікатара. Я тады яшчэ не разумела як след, што гэта такое, але паслухмяна паўтарала, адказваючы на пытанне пра сваю будучыню...

З дзяцінства пісала вершы і малявала. Адпаведна, разважала пра журфак і пра жывапіс. У Акадэмію мастацтваў можна было паступаць пасля вучылішча, а на журналістыку патрэбны ўласныя публікацыі. Страціць год пасля школы, каб іх назапасіць? Такую перспектыву адкінула адразу. Паступіла на філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта. Праз пяць гадоў абараніла дыплом «Рытмічная арганізацыя трагедыі “Атэла” Уільяма Шэкспіра ў перакладзе Барыса Пастэрнака». Тэму прыдумала сама. Узяла тэкст на англійскай і тэкст перакладу, вызначыла некалькі пазіцый — рытм у арганізацыі радкоў, рытм у арганізацыі рэфрэну, рытм пабудовы кампазіцыі...

І вам не хацелася заняцца навукай?

— Запрашалі выкладаць на кафедру мовазнаўства... На мой погляд, філалогія патрэбна толькі вузкаму колу такіх самых лінгвістаў. Асабіста мяне заўсёды цікавіла жывая і разнастайная справа з мінімумам руціны.

Думаю, вы інтуітыўна шукалі кропку перакрыжавання ўсіх сваіх здольнасцей. Пры гэтым рухаліся па прамой — аналагічна герою «Ілюзіёна», які паслядоўна адчыняе дзверы дзяцінства, юнацтва, сталасці.

— Але ў рэшце рэшт б’ецца ў замкнёныя дзверы, бо кожны раз надта спяшаўся ўвайсці ў наступныя.

Гэтым дэбютным фільмам вы быццам застрахавалі сябе ад падобнай памылкі. Маю на ўвазе паслядоўную  траекторыю прафесійнага ўзыходжання. Вы заўсёды вучыліся з вялікай ахвотай, з энтузіязмам распачыналі новыя праекты...

— Пасля філалагічнага факультэта размеркавалася ў рэдакцыйны аддзел «Беларусьфільма». Працы для мяне там не было. Праз паўгода Алег Белавусаў, які тады ўзначальваў мультстудыю, прапанаваў пасаду асістэнта рэжысёра. Літаральна навобмацак асвойвала гэтую сферу. Паралельна пачала пісаць сцэнарыі. Аднойчы іх прачытаў Ігар Волчак і адправіў шукаць... мастака. На пачатку 1990-х на анімацыйнай студыi гэта была дэфіцытная прафесія — амаль усе разбегліся. Як кажуць, не ведаючы броду, кінулася з галавой у анімацыю. Так атрымаўся «Ілюзіён».

Потым прыдумалі адметнае навагодняе тэлешоу. А там ужо акрэсліўся на даляглядзе першы поўнаметражны фільм «Навагоднія прыгоды ў ліпені»...

— Уладзiмiр Купрыенка, які тады працаваў у Міністэрстве культуры, прапанаваў сачыніць казку, як Дзед Мароз улетку рыхтуецца да зімовага свята. Сцэнар напісала хутка, а фільм рабілі тры гады. На студыі мне казалі, што здзейсніць такое немагчыма — няма тэхналагічнай базы, спецыялістаў. Нават у бухгалтэрыі не ведалі, як разлічыць бюджэт экраннага прадукту падобнага кшталту. Вучыліся, ствараючы фільм. Ініцыятыва, напор і жаданне зрабіць кіно ў новым стылі прывялі нас да перамогі.

Сёння на «Беларусьфільме» ёсць усё неабходнае абсталяванне і спецыялісты. Але адметных беларускіх фільмаў няма. Дарэчы, лёсавызначальнае пытанне нашай сённяшняй кінаіндустрыі — продаж карцін.

— «Навагоднія прыгоды ў ліпені» і «Рыжык у Залюстроўі» прададзеныя ва Украіну, Казахстан, Расію...

Дык вы — заможны чалавек!

— На жаль, не. Пра дэманстрацыю сваiх карцiн на замежным экране даведваюся выпадкова — ад сяброў цi з iнтэрнэту. Калі звярнулася аднойчы ў бухгалтэрыю з надзеяй на салідны ганарар (як сцэнарыст і рэжысёр маю права на дзесяць працэнтаў ад сумы здзелкі), мне прад’явілі дакумент, адпаведна якому права паказу кожнай стужкi было прададзена па кошце, эквівалентным усяго 150 доларам. Лёгка падлічыць, якiя «велізарныя» сумы атрымаў рэжысёр.

Як у тым анекдоце: гэта немагчыма зразумець — трэба проста запомніць.

— «Беларусьфільм» валодае прадзюсарскiм правам і можа нават падарыць карціну, калі палічыць мэтазгодным.

Дарэчы, «Рыжык у Залюстроўі» ў беларускім пракаце за 2011 год сабраў амаль удвая больш гледачоў, чым іншая ігравая карціна нашай кінастудыі. Не спрабавалі збочыць, як многія вашы калегі? Напрыклад, заняцца серыяльнай прадукцыяй у Расіі ці ў іншых суседзяў?

— На серыялах вялікая «выпрацоўка» — здымаць па 10 хвілін штодня. Усё робіцца занадта паспешліва, часта неахайна. А я ў сваіх карцінах імкнуся адшліфаваць літаральна кожны міліметр. Калі гляджу фільм праз нейкі час, раптам высоўваюцца «рогі ды капыты» — тут не дацягнуў, там не дакруціў... Таму імкнуся паказаць матэрыял свайму мужу (рэжысёру па адукацыі), які выконвае ролю жорсткага крытыка. Давяраю рэдактарскаму вопыту Ізольды Кавелашвілі. Яна таксама бязлітасна выкрывае хібы.

Складанасці дзіцячага кіно падобныя на рыфы. З аднаго боку, чароўная казка, структура якой ляжыць у аснове кожнага вашага фільма, сама па сабе патрабуе, так бы мовіць, дызайнерскага майстэрства. З другога, здымаць дзяцей — зусім не тое, што прафесійных акцёраў.

— Самы складаны і непрадказальны ўзрост — ад 3 да 5 год. Называю іх «невменяшки». Іх абсалютна не датычыць, што дарослыя марнуюць час (і бюджэт), што заканчваецца працоўная змена. У фільме «Навагоднія прыгоды ў ліпені» дэбютавала мая тады чатырохгадовая дачка ў ролі Агеньчыка. Усё рабіла выдатна... пакуль не з’явіліся астатнія чатыры «агеньчыкі» ў тых самых строях.

Пачаліся капрызы «зоркі», якая не жадала знікнуць сярод падобных выканаўцаў...

— Мама-рэжысёр толькі што па столі не бегала. Хтосьці абяцаў марожанае, хтосьці — бізун... У фільм «Кіндэрвілейскі прывід» нам быў патрэбны маленькі хлопчык з анёльскім тварыкам. Знайшлі Мікіту. Прыехалі ў Батанічны сад здымаць эпізод, як Мікіта бяжыць па сцежцы і махае ручкай. Пачалі здымкі... А Мікіта скіраваўся ў перпендыкулярны бок. За ім — асістэнты на чале з бабуляй. Потым пачалася, як я гэта называю, дрэсура ў стылі братоў Запашных. Нарэшце за дзве шакаладкі Мікіта прабег два дублі. Яшчэ горш атрымалася на здымках у Шчучыне. Нагрэлі ваду вялізнымі кіпяцільнікамі ў гарадскім фантане. Апранулі Мікіту ў гідракасцюм і паставілі ў фантан. Вады яму па калена, але хлопчык знянацку паваліўся. І на тым яго жаданне здымацца ў кіно цалкам знікла. А мне яго руку на буйным плане неабходна дазняць. Злавілі дзяўчынку ў горадзе і за шакаладку знялі яе далонь.

Класічны «эфект Куляшова» — галава аднаго плюс рука іншага: выйшаў экранны чалавечак.

— Потым смешна чуць: «Як добра ў вас сыграў маленькі хлопчык!» На ролю блізнятаў (у «Кіндэрвілейскім прывідзе») адабралі хуліганістых па натуры братоў, зрабіўшы стаўку выключна на тыпаж. Хлопцы каламуцілі ўсю здымачную пляцоўку і адкрыта мне сказалі: «Каб мы слухаліся, на нас трэба крычаць!» Выбару не было. Потым лячыла звязкі.

Падлетка Валю зацвердзілі на ролю, да якой ён абсалютна не быў здатны: не ўмеў ні спяваць, ні іграць на гітары. Аднак вельмі дакладна капіраваў паказы рэжысёра. Шасцігадовая Алексiя наадварот — прыроджаная актрыса. З вытанчаным пачуццём, выхаваная, далікатная, абаяльная. Яна фактычна сама зрабіла эпізод, дзе партнёрам выступаў анімацыйны Прывiдны кот. Ён быццам ляжаў побач, дзяўчынка засынала, «пагладжваючы» яго. Алексiя нават сваю далонь пакінула на ўзвышшы, патлумачыўшы, што рука трымаецца на спіне Прывiднага ката.

Ралан Быкаў казаў, што дзіцячае кіно здымаць нявыгадна — яно стратнае, працаёмкае, не акупляецца.

— У нас адзін кадр можа складацца з чатырох слаёў. Сцэна пад камп’ютарную графіку здымаецца тры-чатыры разы: асобна фон, асобна выканаўца, потым дэталі. Пралічваем, як яны суадносяцца ў адной кампазіцыі. Таму здымаем кожную сцэну, маючы запасны варыянт. Потым робім чарнавы мантаж, каб спачатку элементарна сумясціць усе аб’екты ў кадры.

Амаль як у знакамітага Збігнева Рыбчыньскага...

— Рыбчыньскі «апрануў» кінематограф у камп’ютарную тэхналогію. Сам прынцып камбінавання выкарыстоўваў яшчэ Жорж Мельес. Глядзела падборку яго фільмаў і дзіву давалася, як ён столькі натварыў у сваім павільёне! А савецкія фільмы-казкі? Напрыклад, тытанічны «Новы Гулівер» Аляксандра Птушко, у якім паўтары тысячы лялечных персанажаў! Ці «Снежная каралева» Генадзя Казанскага — там жа ўведзена маляваная і лялечная анімацыя.

Рукатворная праца. Бачыла чарнавы варыянт кінамюзікла «Навагоднія прыгоды ў ліпені». У пустой зялёнай студыі выканаўцы-падлеткі імітуюць плаванне па акіяне...

— Там толькі адну канструкцыю збудавалі — накшталт невялікай каруселі. Для здымак было неабходна крыху паварочваць «плыт», на якім сядзелі героі, каб у кадр траплялі твары то хлопчыка, то дзяўчынкі. Сурэжысёр Іван Паўлаў, абгорнуты зялёнай тканінай, круціў «плыт», лежачы на падлозе.

Адзінай камерай здымалі?!

— У нас і цяпер няма такой раскошы, як шматкамерная здымка. Адно выключэнне: падзенне жырандолі ў «Кіндэрвілейскім прывідзе» знялі з трох камер (і ракурсаў). Жырандоля была нятанная, складаная ў вырабе. Таму яе падзенне магло быць толькі першым і апошнім.

Атрымалася ўражальна?

— Калі правільна дадалі гук.... Дарэчы, у фільме ёсць эпізод: Нячыстая сіла адстуквае музычны сказ шкілетнымі косткамі па чатырох розных прадметах. Як у той казцы, маладыя спрабавалі і дарослыя — ніхто ў рытм не трапіў. У рэшце рэшт давялося зрабіць самой. Натуральна, потым мяне з кадра «змылі». Толькі рукі пакінулі.

Адразу склаўся неабходны рытмічны малюнак?

— Я скончыла музычную школу па класе фартэпіяна, было нескладана.

Тым не менш звонку падаецца, што кіно для дзяцей здымаць прасцей. Міністэрства культуры забяспечвае стапрацэнтнае фінансаванне. Грошы шукаць не трэба.

— Але нарматывы! Яны такія ж, як у звычайнай ігравой карціны. Можна павялічыць здымачны ці мантажны перыяд, але тады бюджэт фільма хутка лопне. Здараліся выпадкі, калі манціравала карціну запар у дзве змены — з дзевяці раніцы да дванаццаці ночы. Інжынерныя службоўцы мяняюцца, а я сяджу, бо іначай не паспею здаць матэрыял у тэрмін.

Ці ёсць этапы работы над фільмам, якія вам не даспадобы, бо неабходна сябе пераадольваць?

— У кіно важны кожны крок — распрацоўка сцэнарыя, раскадроўка, праца з выканаўцамі і мастакамі. Гэта разнастайнасць адпавядае майму характару. Да кожнага этапу стаўлюся «па-даросламу». Бо калі штосьці не дагледзеў, потым цяжка выпраўляць. І пры гэтым нельга «разрывацца», наадварот, трэба ўсё акумуляваць вакол сябе. Стамляюся на здымках да знямогі. Перыяд вельмі нервовы. Нічога немагчыма канчаткова распланаваць, шмат залежыць ад непрадказальных сітуацый — штосьці не прывезлі, хтосьці не даехаў...

А калі згадаць, што ў вашых фільмах у якасці персанажаў нярэдка выступаюць сапраўдныя, а не анімацыйныя жывёлы... Дадатковы стрэс для рэжысёра!

— Так, у іх уласны сцэнарый паводзін. Для фільма «Рыжык у Залюстроўі» паўтары гадзіны здымалі эпізод з галубамі. Усё, што патрабавалася ад птушак, — крыху пасядзець на падаконні і ўзляцець. Дык вось мы так і не здолелі іх прымусіць: ні грукатам, ні свістам, ні лямантам. Галубы літаральна «прыклеіліся». Патрацілі кіламетры стужкі: мы ж павінны схапіць момант іх узлёту! Птушкі ні з месца — яны ў шоку! А ў сумежным пакоі «адпачывае» акцёр, працоўны час якога каштуе круглую суму!

Атрымліваецца, што дзіцячае кіно — паняцце тэматычнае. У тым сэнсе, што разважаць пра яго — тое самае, што абгрунтоўваць існаванне кіно дарослага.

— Размяжоўваю фільмы з удзелам дзяцей і фільмы для дзяцей-гледачоў. Калі робіш кіно менавіта для дзіцячай аўдыторыі, трэба быць вельмі ўважлівым, улічваць узроставую псіхалогію. Хочаш узняць сур’ёзныя праблемы — знайдзі адэкватную форму. І пры напісанні сцэнарыя, і пры мантажы карціны кантралюю сябе: ці будзе зразумела і не сумна дзіцяці. Бо вярнуць увагу залы вельмі цяжка. Нават калі страціў яе на пару хвілін. Вядома, я напрацавала пэўныя прыёмы кіравання ўспрыняццем маленькіх гледачоў, але ўніверсальных рэцэптаў не існуе. Калі ты не зачапіў эмоцыю: калі герояў фільма не шкада, калі за іх не страшна, калі з імі не радасна, — дарэмныя ўсе выдумкі, гэгі, камп’ютарныя эфекты. Аднойчы на фестывалі ў Анапе «Рыжыка ў Залюстроўі» паказвалі малодшым школьнікам, што знудзіліся падчас папярэдняй дзеі. Яны не звярталі ўвагі абсалютна ні на кога, шумелі, скакалі па зале. Іх не ўразілі ні клоўны на сцэне, ні анімацыйная стужка. Пачаўся «Рыжык...». На чацвёртай хвіліне адлягло ад сэрца — зала была заваяваная. Гледачы пачалі атаясамліваць сябе з персанажамі. Я адчула сябе пераможцай!

Сёлета вы набралі курс рэжысёраў-аніматараў у Беларускай акадэміі мастацтваў. Але некалі адмовіліся ад выкладчыцкай працы ў Белдзяржуніверсітэце…

— Магчыма, не ведаю, за што бяруся.

Адчыняеце чарговыя дзверы?..