Марафон выстаў

№ 12 (369) 01.12.2013 - 31.12.2013 г

«На шляху да сучаснага музея-2013»
Конкурс маладых куратараў праходзіць у Мінску не першы год і паспеў ужо стаць адметнай пляцоўкай для дэманстрацыі актуальнага беларускага мастацтва і выяўлення яго праблемных зон.

 Адна з найважнейшых задач, якія ставяць перад сабой арганізатары, — даць магчымасць маладым людзям не толькі стаць мультыплікатарамі актуальнага арта, але і атрымаць пэўныя адукацыйныя навыкі ў сферы куратарства і менеджменту. Для таго каб зразумець, наколькі ўдалым быў конкурс куратарскіх праектаў, разгледзім выставы, якія дайшлі да яго фінальнага этапу.

Заявак на ўдзел было значна менш, чым летась, але фінальныя праекты «На шляху да сучаснага музея-2013» мелі відавочныя перавагі перад папярэднікамі — як паводле ідэйнага складніка, так і ў падыходах да яго ўвасаблення. Мабыць, самым канцэптуальна насычаным стаў «Маніфест у прысутнасці гледача» Алеся Кудрашова, рэалізаваны ў малой зале Музея-майстэрні Заіра Азгура. Сутнасць экспазіцыйнай задумы заключалася ў тым, каб прааналізаваць стаўленне гледача да выставачных праектаў і аб’ектаў мастацтва, знайсці адказ на пытанне, чым выставы прыцягваюць наведнікаў: толькі фуршэтамі, што адбываюцца падчас адкрыццяў, ці ўсё ж узаемадзеяннем з шырокай аўдыторыяй? Куратар скарыстаў вэб-спасылкі на сайты беларускіх творцаў, электронныя адрасы былі выразаны з паперы і размешчаны на сценах. Для таго каб азнаёміцца з інтэрнэт-рэсурсамі, глядач павінен быў самастойна ўводзіць адрасы, што ў прамым сэнсе змушала яго «працаваць». Праект Алеся Кудрашова насіў правакацыйны характар і па сваёй сутнасці з’яўляўся хутчэй мастацкай акцыяй, ідэя якой — выклікаць рэфлексію ў грамадстве і «асудзіць» публіку за павярхоўнае ўспрыманне мастацкіх з’яў. Аўтар праекта справакаваў публіку на «вытворчасць» смецця: усё, што засталося пасля фуршэту, стала часткай экспазіцыі.

Не менш цікавым і самым маштабным па колькасці ўдзельнікаў стаў праект Ілоны Дзяргач і Віталя Шчуцкага «Мінск. (Рэ)канструкцыя», што адбыўся ў галерэі «Цэх». Выстава прадставіла «канструкцыі» сучаснага горада, якія сталі часткай твораў беларускіх мастакоў. Рысы, уласцівыя Мінску, праявіліся ў экспазіцыі як у сучасных мастацкіх практыках, так і ў працах 1980-х. Тэма «прысваення» гарадской прасторы актуальная сёння, бо многія аўтары пераасэнсоўваюць стаўленне да горада, усё больш улучаючы яго ў мастацкі кантэкст. Члены міжнароднага журы конкурсу — дырэктар галерэі «Арсенал» у Беластоку Моніка Шэўчык і дырэктар выставачна-адукацыйнага цэнтра «Руперт» Хуандэ Ньевес, куратары Вольга Архіпава і Вольга Рыбчынская аддалі праекту «Мінск. (Рэ)канструкцыя» першае месца. Нягледзячы на тое, што ў экспазіцыю ўвайшлі працы такіх яркіх мастакоў, як Сяргей Кірушчанка, Вольга Сазыкіна, Артур Клінаў, Ігар Саўчанка, агульная задума куратараў гублялася ў разнастайнасці ўражанняў, якія пакідала пасля сябе кожная з работ.

Другое месца ў конкурсе «На шляху да сучаснага музея-2013» атрымаў праект «Becoming an Artist» Наталлі Гарачай. У экспазіцыю ўвайшлі працы чатырох маладых мастакоў, якія паспрабавалі задакументаваць вобраз свайго часу, узаемаадносіны творцы з культурай, яго дыялог з грамадствам і дзяржавай. Для гледача куратарскі праект стаў свайго роду правадніком у свет сучаснага мастацтва, прадстаўленага ў галерэйнай прасторы разнастайнымі формамі — ад жывапісу і фатаграфіі да аўдыя і рэдзі-мэйд аб’ектаў. Важным элементам стаў так званы кабінет гледача, у якім кожны мог пакінуць водгук аб праекце або адказаць у пісьмовым выглядзе на пытанні пра сучаснае мастацтва. Экспазіцыя праекта Наталлі Гарачай была, на маю думку, адной з лепшых па тэхнічным выкананні.

«Дэталізацыя вітальнасці» Аляксандры Сямак, на жаль, не ўвайшла ў лік прызёраў конкурсу. Галоўная задача, якую паставіла перад сабой куратар, — даць маладым мастакам магчымасць выказацца на вечную тэму жыцця і смерці. Гэтая экспазіцыя стала свайго кшталту адсылкай да вядомага амерыканскага праекта мастачкі Кэндзі Чанг, падставай для якога паслужыла смерць блізкага чалавека. Чанг ператварыла адну з гарадскіх сцен у Новым Арлеане ў дошку для пісьма, на якой кожны мог пакінуць свае развагі пра хуткаплыннасць часу і завяршыць фразу «Перш чым я памру, хачу, каб...». Аналаг гэтай дошкі быў прадстаўлены на выставе. Нягледзячы на абмежаванасць выставачнай прасторы Беларускага саюза дызайнераў, тут размясціліся розныя па форме мастацкія выказванні — фатаграфіі, малюнкі, плакаты, дэманстраваліся відэаінсталяцыя і перформанс. Дарэчы, самаму юнаму ўдзельніку выставы было ўсяго 5 гадоў.

Паглыбіцца ў таемны, недаступны для дарослага свет дзіцяці прапанавала куратар Ала Шарко. У праекце «Дзіцячае. Схаванае», які быў рэалізаваны ў Музеі Азгура, утоенае і невідавочнае супрацьпастаўлялася афіцыйна-статыстычнаму. Выставачная плошча падзялілася на дзве зоны: у адной была прадстаўлена «сухая» статыстыка, вытрымкі з методык навучання, у другой рэпрэзентавалася «сакральнае» дзіцячае. Апошняе было ўвасоблена ў адмысловай, створанай з фольгі прасторы, у якой можна было выявіць акуратна складзеныя дзіцячыя малюнкі, працы, а таксама некаторыя рэчы, выцягнутыя з «дарослага» свету. Аўтар праекта паспрабавала даследаваць тэрыторыю дзяцінства, аднак «дарослы» падыход да рэалізацыі тэмы так і не адчыніў нам дзверы ў гэты схаваны свет.

Кожны з праектаў мае свае асаблівасці — як у выбары ідэі, так і ў яе візуалізацыі. Патэнцыял, якім валодае сучаснае беларускае мастацтва, бясспрэчны — нягледзячы на пасіўнасць арт-супольнасці і адсутнасць неабходнай колькасці мастацкіх інстытуцый. Недастатковасць дыялога, адукацыйнай базы ў нашым мастацтве адбіваецца на выніках дзейнасці менавіта маладых куратараў, якія сёння аддаюць перавагу збітым тэмам, у той час як адна з важных задач сучаснага мастацтва — узаемадзеянне і змяненне навакольнай рэчаіснасці.

Паколькі ў Беларусі інстытут куратарства як такі, на жаль, адсутнічае, праект «На шляху да сучаснага музея-2013» можа стаць не толькі неабходным «стартам» для яго станаўлення, але і адукацыйнай платформай для пачаткоўцаў.

Вікторыя ГУЛЕВІЧ