Крытэрыі і прыярытэты

№ 12 (369) 01.12.2013 - 31.12.2013 г

Фатаграфічны праект «By Now»
Праект завяршыўся прэзентацыяй альбома і выставай у новай мінскай галерэі. Апроч уласна выставы зацікаўленым гледачам прапаноўвалася абмеркаваць на «круглым стале» праблемы сучаснай беларускай фатаграфіі.

Першае, на што варта звярнуць увагу, гэты праект — куратарскі. У яго аснове ляжыць конкурс сярод маладых (да 35 гадоў) фатографаў, праведзены па ініцыятыве Андрэя Лянкевіча пры падтрымцы Інстытута Гётэ. Для выніковай кнігі і выставы было прагледжана каля ста партфоліа, адабрана 16 аўтараў. Куратары Маціяс Хардэр і Ханс Пілар (Германія) зрабілі выбарку і правялі ў Мінску творчую сустрэчу, каб растлумачыць свае прыярытэты. Гэты погляд на Беларусь збоку і бачанне яе фатаграфіі звонку, нават з адсылкамі да Савецкага Саюза і ГДР, — у чымсьці прадказальны, у чымсьці новы. Калі б адбор праводзілі іншыя куратары, вынік быў бы іншым, але сумнявацца ў кампетэнцыі гэтай пары падстаў няма. Абодва маюць вялікі прафесійны досвед, Маціяс узначальвае музей фатаграфіі Хельмута Ньютана ў Берліне, правёў шмат міжнародных праектаў.

Адначасова з «By Now» праходзіла выстава маладых фатографаў студыі фотаклуба «Мінск». І тое была зусім іншая фатаграфія, іншая візуальная культура — у гэтым, напэўна, і ёсць сэнс куратарскага падыходу: ён фарміруе адмысловы сэнсавы пласт, выяўляе прыярытэтнае.

Другі прынцыповы момант — абагульненне «маладая/сучасная» беларуская фатаграфія, якое з’явілася ў прачытанні складальнікаў альбома. Мабыць, яно было зроблена падчас конкурсу і наступнага адбору, і гэта выводзіць альбом на больш адказны для аўтараў узровень.

У сваім тэксце Маціяс Хардэр тлумачыць, што ён адабраў найболей яркія здымкі, і для поўнай характарыстыкі сучаснай беларускай фатаграфіі яму не хапае толькі прац Ігара Саўчанкі і Артура Клінава. Сцвярджэнне пра рэпрэзентатыўнасць выбару выклікала шмат нараканняў у прафесійным асяроддзі. Тым не менш, куратарскі адбор мяркуе выкарыстанне фільтраў — і цэльную, зразумелую карціну ў выніку. Што і адбылося на выставе. У адрозненне ад папярэдняга пакалення фатографаў, якія даследавалі зменлівы час, новыя рэаліі і спрабавалі знайсці сябе, сёння маладыя мастакі такой задачы перад сабой не ставяць. Яны ўжо маюць справу з XXI стагоддзем, сацыяльныя катаклізмы іх не закранулі.

Яны даследуюць даступныя ім прасторы. Рэалістычным падыходам уражваюць «Тралейбуснае дэпо» Аляксандра Саенкі, «Вакацыі» Аляксандры Салдатавай. У «Архітэкстуры» Паўла Кірпікава відавочна жаданне дэкадзіраваць аб’ект — прыём, які дадае ў экспазіцыю ноту нейкай бесшабашнасці, у адрозненне ад дакументальных ці канцэптуальных падыходаў большасці аўтараў. Даніну ваеннай тэме фатографы аддаюць, але яна ўраўнаважана выявамі сучаснікаў і іх атачэння, напрыклад, у паляроідах «Беларускай фактаграфіі» Аляксея Шынкарэнкі, у «Singleuse» Вольгі Сасноўскай.

Трэцяя акалічнасць, якую нельга не прыняць у разлік, гэта эскізны характар экспазіцыі. З кожнай серыі былі адабраны працы, прымальныя для паказу на невялікай пляцоўцы. Яны, вядома, не былі паўнавартасным выказваннем, і гэта не зусім справядліва ў дачыненні да аўтараў. Тым не менш, недаказанасць уступала ў такі зразумелы рэзананс з прасторай доўгачаканага «Цэха»! Маладосць аўтараў, відавочная незашоранасць погляду — з аднаго боку, і прастора лофта — з іншага аказаліся збалансаванымі і толькі надавалі экспазіцыі дадатковы нерв, а гледачу — адчуванне памежнасці, неабходнасці працягу.

Альбом «By Now» стаў яшчэ адной цікавай версіяй беларускай фатаграфічнай рэальнасці — ужо другога дзесяцігоддзя новага стагоддзя/

Любоў ГАЎРЫЛЮК