Жыццё ёсць камедыя!

№ 12 (369) 01.12.2013 - 31.12.2013 г

«Шэсць танцаў»
Тэрыторыя камічнага ў нашым акадэмічным музычным мастацтве ніколі не была вялікай.

Гумар, іронія, яхідства, з’едлівасць і бляск парадоксаў заўсёды запатрабаваныя — гэтай прычынай можна патлумачыць доўгажыхарства оперы Моцарта «Вяселле Фігара», якая ідзе ў Мінску больш за 30 гадоў. І падобна, нікога тая акалічнасць не хвалюе. Бо ўсе хочуць слухаць Моцарта і радавацца жыццю разам з героямі Бамаршэ. Неверагоднай папулярнасцю ў інструменталістаў карыстаецца надзвычай дасціпны цыкл «Карнавал жывёл», напісаны Сен-Сансам. Да ліку камедыйных належаць балеты «Марная перасцярога» і «Дон Кіхот» (праўда, калі цікавішся балетам цягам трох з лішкам дзесяцігоддзяў, глядзець апошні са згаданых спектакляў практычна немагчыма). Што яшчэ ў нас належыць да камедый у акадэмічных жанрах? А больш і нічога!

Зварот да жанру камедыі, парадыйныя матывы тлумачаць той інтарэс, які выклікалі «Шэсць танцаў». Ажыятаж узнік і праз імя Іржы Кіліяна, культавага харэографа. Ён — жывы класік, чыя творчасць моцна паўплывала на мову, стыль, канструкцыі спектакляў, пастаўленых іншымі пасля ягоных прэм’ер. Кіліян — чэх па нацыянальнасці, вучыўся ў балетнай школе пры Пражскім нацыянальным тэатры, потым у Пражскай кансерваторыі. Танцаваў у знакамітай штутгарцкай трупе. У 1975 годзе зрабіўся кіраўніком Нідэрландскага балетнага тэатра. Паставіў больш як сто спектакляў. Ганараваны прэміямі «Benois de la dance» (1998), Лорэнса Аліўе (2000), Ніжынскага (2000). Цікавасць нашай публікі да яго асобы ўзмацняецца тым, што харэограф мае беларускія карані (ягоная маці нарадзілася недалёка ад Мінска). Так што Кіліян цяпер — «наш». Нават двойчы! І таму, што ягонае імя з’явілася на афішы, і таму што мае дачыненне да нашай зямлі.

Скептыкі з іроніяй нагадваюць, што «Шэсць танцаў» — твор не новы (сапраўды, сусветная прэм’ера адбылася ў Амстэрдаме ажно ў 1986-м). Але ж лепш позна, чым ніколі! За апошнія сезоны харэаграфію Кіліяна, так бы мовіць, «ужывую» мы бачылі толькі аднойчы, падчас гастроляў грузінскага балета на чале з Нінай Ананіяшвілі. Што да нашай прэм’еры, дык заўважу: калі на працягу аднаго вечара прасветлена-элегічная «Серэнада» з харэаграфіяй Джорджа Баланчына яднаецца з камедыйна-парадыйнымі «Шасцю танцамі», атрымліваецца дыптых. Два адметныя стылі, дзве розныя танальнасці (драматычная і камедыйная), абодва пастаноўшчыкі лічацца класікамі сусветнай харэаграфіі.

...На сцэне — «чорны кабінет». Восем танцораў. Тры пары салістаў з набеленымі тварамі, апранутыя, як гаворыцца, «у сподняе». А яшчэ двое салістаў-мужчын у пышных жаночых уборах эпохі барока. У «Шасці танцах» найбольш вабіць нечаканая пластычная мова. Так, яна мае неакласічную аснову. Але з ёй вельмі натуральна яднаюцца элементы цыркавой клаўнады, прыёмы лялечнага тэатра. Бо ўзаемаадносіны лялькі і артыста, які ёю кіруе, прасочваюцца ў стасунках балетных пар.

Уражанне, што балетмайстар і салісты ахвотна і разняволена перайначваюць, пераасэнсоўваюць класічны танец, а нярэдка смяюцца з яго ўзнёсласці і напышлівасці, з заштампаваных лебядзіных узмахаў, душэўнага трымцення. Інакш кажучы, з формы і канона, пазбаўленых сэнсу. Дарэчы, паглядзеўшы «Шэсць танцаў», пачынаеш больш глыбока разумець асаблівасці почырку харэографа Раду Паклітару, які ніколі не ўтойваў, што развівае пластычныя ідэі Кіліяна.

Пластычная дасціпнасць — матэрыя эксклюзіўная. Каштоўнасць апошняй прэм’еры і ў тым, што пастановачная група, якая працавала з нашымі салістамі (асістэнты харэографа Шырлі Эсебум, Юст Бігелар, Хенк Палмерс, мастак па святле Юп Каборт), прыехала з Нідэрландаў. Так што артысты вучылі свой танцавальны тэкст не па відэа, як здаралася раней.

Шчырая радасць, з якой публіка прымала спектакль, смех, што раз-пораз успыхваў у зале, падказваюць: падобных пастановак на нашай афішы мала. Бо глядач хоча не толькі далучацца да светлага суму па страчаным каханні (і ліха з ім!), не толькі сачыць за драматычнымі калізіямі і трагічнымі падзеямі — гэтымі настроямі наша мастацтва напоўнена і перапоўнена. Публіка, нават дасведчаная, прагне радасці, бляску, гумару. Хоча пасмяяцца з недарэчнасцей жыцця. Адчуць — менавіта праз смех — асалоду ад паўсядзённасці. Згадзіцеся, між тэзай «Жыццё ёсць трагедыя...», сфармуляванай Бетховенам, і назвай цыкла раманаў Бальзака («Чалавечая камедыя») розніца не толькі жанравая, але і светапоглядная таксама. Пераасэнсаванне класікі, наданне ёй вострай і актуальнай інтэрпрэтацыі набліжае балетны тэатр да рэальнасці. Няўзнак сцірае пыл з нерухомых музейных экспанатаў ХІХ стагоддзя. І тыя раптам аказваюцца жывымі і запатрабаванымі. Трывала знітаванымі з сучасным жыццём..

Аўтар: Таццяна МУШЫНСКАЯ
рэдактар аддзела музыкі