Форма і дух

№ 12 (369) 01.12.2013 - 31.12.2013 г

Выстава Сержука Цімохава
Пасмяротныя выставы маюць асаблівы фармат. Падсумаванне творчасці, справаздача, якую ладзяць родныя і калегі, часам — паводле апошняй волі мастака. Сыход Сержука Цімохава быў дачасным, таму росквіт яго таленту прыпаў на завяршальны этап творчасці. Замкнёнае кола прац у вялікай зале Палаца мастацтва ўключыла ў сябе і яго ранні перыяд — полацкі, і апошні — мінскі. Менавіта так — геаграфічна — размеркаваўся творчы шлях Сержука Цімохава.

Па заканчэнні Акадэміі мастак паехаў у Гомель, дзе зрабіў некалькі манументальных роспісаў. Праявіў сябе як майстар кампазіцыі — адукацыя мастака-манументаліста, вучня Гаўрыіла Вашчанкі, давала цэлы арсенал выяўленчых сродкаў, але стыль адметнага творцы тады яшчэ не праявіўся. Усё вырашыў пераезд у Полацк. Гэта быў яго горад — плённы асяродак, сябры-аднадумцы, асаблівая атмасфера. Там Сяржук Цімохаў адшукаў тэму, якую распрацоўваў усё жыццё: з разнастайнымі варыяцыямі ў тэхніках і стылі ён увасабляў дахрысціянскія паганскія вераванні. Даследаваў іх і пераствараў, ладуючы свой сусвет. Вяртаўся ў творах да той арганічнай еднасці развіцця, калі хрысціянства разглядаецца не як супрацьлегласць архаічным вераванням, а як працяг досведу, назапашанага дахрысціянскай культурай. Ён вывучаў археалагічныя матэрыялы, чытаў працы філосафа Аляксандра Меня, светапогляд якога шмат у чым перасякаўся з успрыманнем сусвету самога Сержука: нябесныя і водныя бездані, камяні, зямля, агонь — вось сапраўдныя праваднікі, якія злучаюць чалавека і Бога.

У мастацтва шмат функцый, але, згадваючы Сержука Цімохава, можна асабліва вылучыць адну з іх, надзвычай важную менавіта для нашай краіны. Многія назавуць яе асветніцкай... Апошнія стагоддзі беларускай гісторыі не проста драматычныя — гэта час няздзейсненых магчымасцей. Шэраг страт. Белыя плямы, якія практычна немагчыма ліквідаваць, — прагалы ў нацыянальнай памяці. Драматычным уяўляецца і рэлігійнае пытанне. Адсутнасць адзінай рэлігіі адыграла згубную ролю, таму многія позіркі скіраваліся на паганства — як агульную светапоглядную аснову. Мастаку ў такой сітуацыі належала быць таленавітым, наноў перапісваючы гісторыю, запаўняючы яе лакуны абсалютна пераканальнымі вобразамі. Хоць Цімохаў і называў сваю тэму захапляльнай, падкрэсліваў, што яна з’яўляецца толькі інспірацыяй творчых знаходак, у яго працах гісторыя набывала сваю логіку, сваю паўнату — без страт, прабелаў... У паганстве ён знайшоў жыватворную крыніцу мастакоўскіх мрояў. І працаваў без роспачы, лёгка пераствараючы страчанае, — так асветніцкая функцыя мастацтва спалучылася з функцыяй ілюзіяністычнай, замяшчальнай.

Полацкі перыяд Сержука Цімохава — архаіка яго стылю: тэма вабіла, і пошук здаваўся бясконцым. Памятаю яго персанальную выставу ў ім жа створанай прыватнай галерэі «Рыса», месцы, што было знакавым не толькі для горада, але і для культурнага жыцця краіны. Экспазіцыя ўражвала тонкай працай з прасторай. На падлозе галерэі былі разгорнуты доўгія скруткі паперы з магічнымі пісьмёнамі, выразныя акцэнты стваралі вялізныя распісаныя валуны, як харугвы, «гучалі» творы на сценах, невялікія работы, зробленыя з дапамогай зямлі, моху, вугалю, краналі тонкімі прапрацоўкамі вобразаў.

Даследаванне старажытнай сістэмы вераванняў арганічна супала з прыродай яго таленту: Сяржук Цімохаў дакладна і выкшталцона выбудоўваў складаныя канструкцыі на палатне, дасягнуўшы ў гэтым незвычайнага майстэрства, працаваў серыямі і цыкламі, пашыраючы і паглыбляючы знойдзеныя прыёмы і кампазіцыйныя хады, любіў дыптыхі і трыпціхі, з дапамогай якіх галоўная тэма твора дваілася, траілася і ўскладнялася паралельнымі сюжэтнымі лініямі. Гэткі рацыянальны падыход кампенсаваўся выключным каларыстычным пачуццём: праз нюанс ці кантраст ён дасягаў магутнага ці тонкага гучання, настолькі складанага, што прачытаць адназначна яго творы немагчыма.

Цімохаў да гэтага і не імкнуўся: любіў гульню і недаказанасць. І меў свой улюбёны прыём: прывабліваў гледача яснай і выразнай канструкцыяй, а пасля пакідаў выбірацца з павуціння намёкаў і сімвалаў.

Кожны яго твор — рэч, замкнёная ў сабе: з прадуманымі метафарычнымі падтэкстамі, з нетаропкім другім планам, з не адразу заўважальнымі «графічнымі» сакрэтамі. Прачытваць гэты жывапіс няпроста. Не таму, што мастак заблытваў сюжэт ці спакушаў гледача інтэлектуальнымі загадкамі. Ён закладваў у твор шмат пластоў. Акрамя таго, з розных адлегласцей яго працы чытаюцца неаднолькава.

Яны адразу звяртаюць на сябе ўвагу напружанай кампазіцыйнай пабудовай, структурай дакладнай і выразнай. Штосьці няўлоўнае, нейкае прыцягненне малюнка змушаюць наблізіцца і разгледзець прыхаваныя ў фактуры жывапісу схемы-выявы. Накшталт ілюстрацый у кнізе, што паглыбляюць і тлумачаць асноўны тэкст. У творы зліваюцца ў адно энергетыка насценнага роспісу і выразны магутны рытм (згадаем тут яго адукацыю мастака-манументаліста), жывапіснае пражыванне свету праз колер і графічнае любаванне прыгажосцю лініі. Архітэктоніка твора выбудоўвалася як сусвет — лагічна і паслядоўна, фармальныя асаблівасці кампазіцыі нібыта выяўлялі логіку старажытных вераванняў, што набывалі ў яго працах сваё лагічнае завяршэнне.

Мінскі перыяд стаў класічным, паступова перайшоўшы ў эліністычны: лёгкія, плыткія лініі, вітражнага свячэння колеры, складаныя палімпсесты выяў. Шырокі тэматычны дыяпазон — святы, музыка, краявід, ню, рытуальныя нацюрморты. Шчодры ў тэмах і сродках выяўлення, Сяржук Цімохаў тварыў вольна, з тонкім пачуццём матэрыялу і з бясконцым захапленнем самім працэсам. «У сваіх творах, — пісаў мастак, — я імкнуся да гармоніі формы і духу, рысы і колеру, вялікіх формаў і дэталяў, рэалістычных элементаў ды прыёмаў абстрактнага мастацтва. Мне падабаецца сам працэс стварэння жывапісу, яго рукатворнасць, магчымасць адчуваць рукамі фарбу, бо мастак можа перадаць гледачу сваю энергетыку толькі такім чынам, як рабілі гэта першабытныя мастакі, у чыіх творах і сёння мы адчуваем жыватворную энергію сонца, вады і зямлі».

На выставе побач з карцінамі на сценах размясціліся графічныя аркушы Сержука Цімохава — цыкл ню, няўлоўна звязаны з яго язычніцкай тэмай. Выявы жанчын глядзяцца як загадкавая частка і нечаканы працяг краявіду, як складнікі адной стыхіі.

Былі яшчэ тэмы і творчыя задумы, што не знайшлі ўвасаблення ў гэтай экспазіцыі. Ён проста не паспеў... 

Аўтар: Алеся БЕЛЯВЕЦ
рэдактар аддзела выяўленчага мастацтва