Энергія колеру

№ 12 (369) 01.12.2013 - 31.12.2013 г

Выстава латвійскай мастачкі Агніі Германэ
У назве выставы — гэтай загадкавай моўнай формуле — слова «пачуцці» ключавое. Для мастака пачуцці — не проста нейкая патаемная энергія цела, але і аснова яго творчага патэнцыялу. Для Агніі Германэ — яшчэ і мова душы.

У трыццаці творах, прадстаўленых у экспазіцыі, дамінавалі партрэты і пейзажы, але нямала было і тэматычных кампазіцый. Жывапісныя працы Германэ літаральна перапоўнены жывымі і трапяткімі адчуваннямі, закаханасцю ў жыццё і мастацтва. Безумоўна, натхненне — дзівосны стан невытлумачальнай акрыленасці, усхваляванасці, душэўнага ўздыму — адчуваецца ва ўсёй творчасці Агніі. Яе палотны — то выкліканыя эмоцыямі імпульсіўныя і лёгкія жывапісныя экспрэсіі, то выбудаваныя творчым мысленнем і мастацкай інтуіцыяй складаныя вобразныя канструкцыі.

У працах адчуваецца блізкасць да стылістыкі абстрактнага экспрэсіянізму і разам з тым — грунтоўная сувязь з рэалістычным мастацтвам. Сапраўды, большасць жывапісных твораў выканана Германэ з натуры ці паводле натуры, элементы якой становяцца кампазіцыйнымі і вобразнымі дамінантамі.

У сваім жывапісе яна выкарыстоўвае то шырокія лесіровачныя заліўкі фону і плямы вольна разлітай непразрыстай фарбы, то вельмі тэмпераментна пакладзеныя пэндзлем працяглыя або адрывістыя мазкі і энергічную працу мастыхінам, ужывае прыёмы манатыпіі... Нягледзячы на прыярытэт гучных фарбаў, мастачка імкнецца да стварэння складаных згарманізаваных каларыстычных спалучэнняў, якія выдатна адпавядаюць абраным матывам і тэмам. Пры гэтым Агнія не баіцца кантрастаў, якія ўзмацняюць адчуванне напружанасці і экспрэсіі. Кантрастамі колеру і асвятлення звычайна выразна акрэслены цэнтр кампазіцыі. Нярэдка ў яго межах мастачка арганізуе даволі эфектную рытмічную гульню з увядзеннем белага і колераў лімонна-жоўтай часткі спектра, што надае яе палотнам прыцягальную жыццесцвярджальную сонечнасць. Падобная рытміка размеркавання светлавых плямаў асабліва прываблівае ў такіх кампазіцыях, як «Пасаж» (2007) і «Стужкі сонца» (2008).

У партрэтах Агніі Германэ праяўляецца майстэрства рысавальшчыка. Яна звяртае асаблівую ўвагу на выразнасць твару і, адпаведна, характару. Звычайна мастачка не заклапочана прапісваннем дэталей, але ўдала абыгрывае фоны і фарматы палотнаў. І, здаецца, ніколі не забывае пра агульны настрой. Яе партрэтным вобразам, якія ў большасці сваёй тэматычныя і нават сюжэтныя, уласцівы метафарычнасць і лёгкая іронія.

Прадстаўленыя на выставе пейзажы Германэ — «Возера ў сакавіку» (2012), «Лодкі ў Мазырбе» (2011), «У трыснягу» (2011), «Скрыпень» (2012), «Красавік» (2012), «Эцюд балота» (2012) — уражваюць складанай рытмікай кампазіцыйнай пабудовы. Мастачка асабліва ўважліва ставіцца да арганізацыі выразнага вобраза і разам з тым цалкам разняволеная ў сваіх інтэрпрэтацыях натуры. Яе жывапіс часам нагадвае вольны рух магмы, ролю якой выконваюць інтэнсіўныя колеры. Мастачка не адмаўляецца ў пейзажах ад параметраў трохмернай прасторы, але пры тым яе мадэляванне ніколі не выходзіць на першы план.

Пачуцці для Агніі Германэ — гэта не толькі своеасаблівая арыентацыя ў рэальным свеце, але і навігацыя ў свеце мастацтва, дзе сярод мноства сучасных творцаў у яе ёсць даволі выразна акрэсленыя прыярытэты.

Запазычаны з камп’ютарнай галіны тэрмін «дэфрагментацыя», выкарыстаны ў назве экспазіцыі, абазначае «працэс збірання разам раскіданых фрагментаў файлаў, працэс абнаўлення і аптымізацыі структуры дыска з мэтай паскарэння чытання і запісу інфармацыі». У кантэксце ж выставы і пачуццяў, пра якія апавядае Агнія Германэ, «дэфрагментацыя» і «перазагрузка» патрэбны для таго, каб настроіць душу на мастацтва, адчуць імпульсы энергіі, хвалі аўтарскага настрою. Бо нават самыя моцныя пачуцці прытупляюцца і перастаюць здзіўляць, калі становяцца звыклымі.

Міхась ЦЫБУЛЬСКІ