«Роля», «Туфлікі», «Цяпло»…

№ 12 (369) 01.12.2013 - 31.12.2013 г

Кіно
Гэта не падзея, а толькі факт часу: у 2013 годзе на «Беларусьфільме» скончылася эра плёначнага кіно. Тэхнічны прагрэс патрабаваў, каб кінавытворчасць перайшла на лічбавыя тэхналогіі, да якіх мусяць прыстасоўвацца і кінапракатчыкі.

Апошні мастацкі фільм на цэлулоідзе — «Роля» піцерскага рэжысёра Канстанціна Лапушанскага, капрадукцыя беларускай кінастудыі з Расіяй і Фінляндыяй. Стужка ўдзельнічала ў конкурсе сёлетняга Маскоўскага міжнароднага кінафестывалю, атрымала толькі адзін дыплом — Федэрацыі расійскіх кінаклубаў. Ды і ўвогуле з гэтым фільмам усё неяк сціпла — ні спрэчак калег у інтэрнэце, ні рэкламы, якой ён заслугоўвае.

Між тым, карціну «Роля» варта разглядаць як мастацкую кульмінацыю Канстанціна Лапушанскага, вядомага рэжысёра савецкага і расійскага кіно. У сваім апошнім фільме ён бязлітасна паглыбляе гледача ў атмасферу часу, які перайначыў людское бытаванне, парушыў яго стагадовыя традыцыі, абудзіў ганебныя інстынкты. Гэта стужка далучаецца да той кінапрадукцыі, якую «Беларусьфільм» пачаў выпускаць некалькі гадоў назад не толькі з расіянамі, але і з заходнімі партнёрамі. Тэндэнцыю можна лічыць станоўчай хоць бы таму, што набываецца вопыт міжнароднага супрацоўніцтва, а грошы ідуць на годныя культурныя праекты.

На падыходзе фільм Ілмара Раага «Я не вярнуся» — пра агульныя маладзёжныя праблемы (сумесная вытворчасць з Эстоніяй, Фінляндыяй і Расіяй). Што тычыцца яго папярэдняй работы «Клас», то яна прынесла Ілмару Раагу еўрапейскую вядомасць. Таму ёсць што чакаць.

Вядома, тэндэнцыя да інтэграцыі з міжнароднай супольнасцю не вызваляе кінастудыю ад абавязку здымаць фільмы-падзеі, што адлюстроўвалі б нашу гісторыю, яе драматычныя перыпетыі і ўвасаблялі нацыянальныя тыпы. Або хоць бы выводзілі небанальных герояў сучаснасці (думаю, «Белыя Росы-2» — кінастраву 2014 года — маглі б пачаць значна раней).

Спазняемся і спазняемся. Таму, азірнуўшыся на здабыткі 2013 кінагода, адзначу: трыумфатарамі яго трэба лічыць кароткаметражны фільм «Туфлікі» Канстанціна Фама (своеасаблівае мастацкае ўвасабленне трагедыі Халакоста) і дакументальную стужку «Цяпло» Віктара Аслюка (пра рабацяг, якія ствараюць цёплы абутак для іншых, а самі ледзь не задыхаюцца ў спякоце). Карціна «Туфлікі» атрымала галоўны прыз на VIII Міжнародным кінафестывалі «Імперыя» ў Італіі і першае месца ў Расіі на кінафестывалі «Сустрэчы ў Вятцы». Другі фільм узнагароджаны прызам за лепшую рэжысуру на аўтарытэтным кінафестывалі ў Екацярынбургу. Абодва зроблены намаганнямі згаданых кінематаграфістаў і прадзюсара Юрыя Ігрушы ў «Беларускім відэацэнтры». Гэтую структуру сёлета расфарміравалі. На маю думку, гэта памылка, бо кінематаграфічная практыка даказала: чым менш канцэнтрацыі ў творчым асяроддзі і чым больш самастойных структур, тым больш аператыўна і плённа яны дзейнічаюць.