Інвалюцыя замест эвалюцыі

№ 12 (369) 01.12.2013 - 31.12.2013 г

Музыка, харэаграфія
Назваць мінулы харэаграфічны год шчодрым на падзеі, на жаль, не даводзіцца. Засмучае не столькі нешматлікасць прэм’ер, колькі іх шараговасць і выпадковасць з пункту гледжання рэпертуарнай палітыкі.

Для Нацыянальнага акадэмічнага тэатра оперы і балета гэта стала ўжо ўстойлівай тэндэнцыяй. Сёлетнія прэм’еры — балеты «Шчаўкунок» Аляксандры Ціхаміравай, «Вітаўт» Юрыя Траяна, «Сем прыгажунь» Юрыя Пузакова — нічым новым, акрамя назваў на афішы, рэпертуар тэатра не папоўнілі. На гэтым фоне «Шэсць танцаў» класіка сучаснага балета Іржы Кіліяна выглядаюць сапраўдным прарывам. Аднак адзіны спектакль не ў стане пераадолець ізаляванасць нашага балетнага тэатра ад сусветных мастацкіх тэндэнцый.

Дэфіцыт пошуку, жаданне станцаваць прыгожа пры адсутнасці значных ідэй і арыгінальнасці аўтарскага выказвання назіраюцца і ў сучасным танцы. Працэсы эвалюцыі, якія характарызавалі развіццё беларускага contemporary dance на мяжы 1990-х — 2000-х, сёння пераўтварыліся ў інвалюцыйныя, імкненне да стварэння ўласнага пластычнага сусвету, здольнага рэзаніраваць актуаліям часу, змянілася канфармізмам і пасіўнасцю мастацкай пазіцыі. Вядома, ёсць і выключэнні, але яны застаюцца пакуль што адзінкавымі з’явамі ў агульным працэсе.

У першую чаргу тут трэба назваць Дзмітрыя Залескага, лідара танцтэатра «D.O.Z.SK.I.», чыя доўгачаканая прэм’ера — балет «Bred надзённы» — засведчыла, што харэограф па-ранейшаму імкнецца асэнсоўваць хвалюючыя і актуальныя праблемы сучаснасці, пераводзіць іх у кантэкст індывідуальнага выказвання. Нечакана новай стылістыкай, нестандартным падыходам да формаўтваральных і кампазіцыйна-пластычных сродкаў выразнасці ўразіла кіраўнік Тэатра танца «Karakuli» Вольга Лабоўкіна ў перформансах «Практыка ўтопіі» і «Была такая сацыяльная рэклама». Сапраўднымі падзеямі сталі новыя пастаноўкі вядучых беларускіх пластычных тэатраў — фантасмагарычная антыўтопія «Рамонт» Тэатра «InZhest» Вячаслава Іназемцава і спектакль «Латэнтныя мужчыны» Яўгена Карняга («КарнягТЭАТР»), у якім уздымаецца неадназначная тэма крызісу маскуліннасці ў сучасным свеце.

Акрамя прэм’ер, сярод знакавых падзей трэба назваць першы форум пластычных і тэатраў танца Беларусі «ПлаSтформа-Мінск-2013», правядзенне якога, магчыма, паспрыяе развіццю эксперыментальнага пластычнага руху. 

Святлана УЛАНОЎСКАЯ