Самы звычайны трынаццаты...

№ 12 (369) 01.12.2013 - 31.12.2013 г

Выяўленчае мастацтва
Калі праз натуральную сціпласць адкінуць тыя важныя падзеі года, над якімі давялося працаваць самому, разам з сябрамі і паплечнікамі — а гэта першы беларускі ўдзел у кіеўскім «ГогальФэсце» з праграмай арт-перформансу «penAtra(C)tion-4», першы Міжнародны фестываль мастацкага шкла «GlassНавігацыя», арганізаваны ў Мінску разам з Аленай Атрашкевіч, — то не вельмі шмат пра што застаецца казаць. Жартую.

Але, сапраўды, гэты год для айчыннай мастацкай супольнасці выдаўся не самым актыўным. Цікава, чаму? Адчуваецца нейкая пустэча і фрустрацыя ад сёлетняга няўдзелу ў Венецыянскім біенале? А мо гэта быў звычайны перыяд адпачынку і назапашвання новых сіл пасля бурнага мінулагодняга мастацкага віравання? Ці папросту ў «кепскім» 2013-м не здарылася маштабных знакавых праектаў?

Свядома не кажу пра персанальныя рэпрэзентацыі асобных беларускіх мастакоў. Так, яны былі — і былі сярод іх моцныя, але дзе ж тыя этапныя для лакальнага мастацкага працэсу падзеі, якія магчыма зрабіць (і якія ў мінулым годзе рабіліся) толькі калектыўна?

Амаль няма іх, і тым не менш паспрабую адзначыць некалькі самых цікавых.

На бягучым выставачным бязрыб’і нечакана трапна прагучала экспазіцыя «Мінск: (Рэ)канструкцыя» ў галерэі «Цэх». Знайшоўшы ў сабе сілы выйсці з тусовачных рамак і рассунуць рамкі храналагічныя, куратары Ілона Дзяргач і Віталь Шчуцкі ажыццявілі амаль вычарпальнае даследаванне характэрных мастакоўскіх выказванняў/рэфлексій на тэму Мінска.

Таксама знянацку Цэнтр сучасных мастацтваў зрабіў тое, што павінен рабіць, — своечасовы і патрэбны праект. Праект, які вымусіў мінскую арт-тусоўку ўсвядоміць, што беларускае сучаснае мастацтва існуе і па-за межамі МКАД. Маю на ўвазе «Дзевяць з паловай» (куратар Мікалай Паграноўскі) — тузін найцікавейшых не-мінскіх творцаў здзейсніў сапраўдную інтэрвенцыю жывога мастацтва ў рафінаваную руціну сталічнага культурнага жыцця.

Напрыканцы года адбыліся дзве выставы Музея сучаснага выяўленчага мастацтва, абедзве паказальныя. «Дэкадзіроўка: Архетып адэкватнага часу», спецпраект Маскоўскага біенале сучаснага мастацтва, высветліў відавочнае: куратарства — не матэматыка! Бо адзін плюс адзін тут не дае два — механічнае злучэнне двух добрых мастакоў аўтаматычна не павышае ўдвая якасць куратарскага выказвання.

МСВМ «рэабілітаваўся» адразу — праектам «Russia Next Door. Сучаснае мастацтва з Калінінграда» штатнага куратара тамтэйшага ЦСМ Яўгена Уманскага. Выстава калінінградскіх мастакоў наглядна дэманструе беларускім калегам, што цалкам магчыма казаць аб нашых агульных постсавецкіх праблемах сучаснай мовай.