Між супрацьлеглымі полюсамі

№ 12 (369) 01.12.2013 - 31.12.2013 г

Выяўленчае мастацтва
Падсумаванне вынікаў года патрабуе вызначэння галоўнай падзеі і асноўных тэндэнцый. Парадаксальна, але якраз праз адсутнасць гэтай галоўнай падзеі — той, што з вялікай літары — і выявіліся вядучыя тэндэнцыі: мастацкае жыццё трымалася на прыватных ініцыятывах, а крытэрыі выставачнай палітыкі размыліся ўшчэнт.

Наш няўдзел у Венецыянскім біенале — а гэта і магло стаць тым, што б задало крытэрыі ўзроўню, — фатальна адбіўся на агульным клімаце. Таму напачатку мне хацелася б вызначыць праекты, якія падтрымлівалі і падвышалі прафесійны выставачны фармат. Увосень прайшоў Міжнародны фестываль мастацкага шкла — на энтузіязме двух мастакоў, Паўла Вайніцкага і Алены Атрашкевіч, якія здолелі сабраць інтэрнацыянальную каманду і прывезці ў Мінск унікальныя творы і вядомых аўтараў. Яшчэ адно адкрыццё, на гэты раз — прасторы: на выставе творчасці мастакоў з Калінінграда ўсе ўбачылі, наколькі наш мінскі Музей сучаснага выяўленчага мастацтва прыстасаваны для паказу сучаснага арту — цудоўнае шматузроўневае памяшканне для аб’ектаў, відэа, перформансаў і разгорнутых у часе праектаў... Так бы і трымаць... Яшчэ адзін важны набытак: новае выставачнае памяшканне — галерэя «Цэх», удала размешчаная ў цэнтры горада ў цудоўна трэшавым інтэр’еры, — адразу стала запатрабаваным. Падаецца, само месца выклікае з’яўленне праектаў. Новая прастора задала паралельны рух падзейнасці — з больш-менш зразумелай скіраванасцю. Выставы з ліку лепшых прайшлі там, напрыклад, «BY NOW» — вынік конкурсу сярод маладых фатографаў. Там жа дэманстравалася экспазіцыя «Мінск. (Рэ)канструкцыя». Куратары Ілона Дзяргач і Вадзім Шчуцкі — пераможцы конкурсу маладых куратараў і менеджараў у праекце «На шляху да сучаснага музея — 2013». Праект ахапіў рэгіёны і прапанаваў новыя магчымасці ўдзельнікам, якія маглі абмеркаваць свае выставы з вядучымі спецыялістамі ў сферы сучаснага мастацтва з Украіны і Літвы — Кацярынай Батанавай, Кястуцісам Куйзінасам і Лалітай Ябланскене.

У Гомелі пры падтрымцы партала TUT.BY і раённай адміністрацыі адбылася акцыя стрыт-арту «Must Act — Must Art», у рамках якой на бакавых сценах дамоў з’явіліся манументальныя роспісы.

Віцебскія творцы праяўлялі актыўнасць не толькі на ўласных пляцоўках: у мінскім Цэнтры сучасных мастацтваў адбылася выстава «Дзевяць з паловай» (куратар Мікалай Паграноўскі) — шэраг адметных аўтарскіх экспазіцый і актыўная праца з прасторай зрабілі выставу ўнікальнай падзеяй, успрыманне якой адбывалася па меры руху гледача.

У Нацыянальным мастацкім музеі была зладжана лепшая гістарычная выстава — «Партрэты ўладароў і магнатаў Вялікага Княства Літоўскага (з музеяў Львова і Луцка)». Выстава — працяг палітыкі музея па пошуку і экспанаванні мастацкіх і гістарычных каштоўнасцей, якія маюць дачыненне да беларускай гісторыі, але знаходзяцца за мяжой. У гэтым жа будынку адсвяткавалі стагадовы юбілей Віталя Канстанцінавіча Цвіркі: 80 жывапісных твораў і акварэляў творцы сабралі з калекцыі НММ, Беларускага саюза мастакоў і сям’і Цвіркі.

І напрыканцы — пра расчараванні года. Цэнтрам сучасных мастацтваў была прапанавана выстава «50». Інсталяцыя са скульптурных кампазіцый уяўляе сабой пяць прасторавых груп, што створаны з пяцідзесяці роставых скульптур і, паводле куратараў, утвараюць «мастацкае цэлае, у канцэптуальным цэнтры якога — філасофская, сацыяльная і культурная праблематыка бездухоўнасці ў сучасным свеце». Мне толькі цікава, дзе будуць захоўвацца гэтыя безгаловыя палітончыкі і застылыя ў цвёрдым рэчыве касцюмы пасля выставы. Прапаную прадаць іх у які-небудзь модны буцік для прываблівання кліентаў, бо прачытаць мастацкі месідж з такой лабавой канцэпцыяй інакш немагчыма. Выставы Аляксандра Шылава, Вячаслава Захарынскага і «Толькі вечныя каштоўнасці» Юрыя і Таццяны Рудэнкаў у Нацыянальным мастацкім… Так, гэта ўсё, безумоўна, пра вечнае, аднак жа хто, як не галоўны музей, павінен вызначаць крытэрыі, не апускаючыся да салонных твораў?

Такім чынам, тэндэнцыі сёлетняга арт-года практычна немагчыма вылучыць, хіба што — некалькі канстатацый. Прастора можа прадукаваць падзею, як гэта атрымалася з «Цэхам». Ініцыятыва і энтузіязм — галоўныя «рухальнікі прагрэсу». Наяўнасць належнага прафесійнага і інтэлектуальнага ўзроўню — надзвычай важныя чыннікі для арганізацыі любога праекта. З такіх базавых складнікаў і могуць нараджацца новыя падзеі і мастацкі драйв.

Аўтар: Алеся БЕЛЯВЕЦ
рэдактар аддзела выяўленчага мастацтва