Рух па інерцыі

№ 12 (369) 01.12.2013 - 31.12.2013 г

Тэатр
Спектаклі 2013 года, шчыра кажучы, у большасці сваёй прынеслі мала радасці. Але тэатральны сезон у разгары, і ўсё яшчэ можа здарыцца.

Мы часта наракаем на сённяшні беларускі тэатр. Таму хочацца паразважаць, чаму ў апошнія гады адбыўся такі мастацкі абвал. Думаю, сярод насамрэч аб’ектыўных прычын, такіх як змена рэжысёрскіх пакаленняў, капітальная рэканструкцыя сцэнічных пляцовак, адсутнасць майстраў, рыхтуючых тэатральную змену ў ВНУ, не ўлічаны яшчэ наступныя акалічнасці. Цяпер ужо не толькі ўсімі заўважана, але і навукова даказана, што творчы ўзлёт любога тэатральнага калектыву не можа доўжыцца болей чым 10—15 гадоў. Адбываецца, кажучы тэхнічнай мовай, амартызацыя матэрыялу. Моцнае сталае пакаленне пераступае ўзроставы парог. Маладыя не паспяваюць да іх дацягнуцца. Пачынаецца рух па інерцыі. Патрабуецца ўзрушэнне.

Цікава, што ў нашай тэатральнай прасторы самыя значныя падзеі вось ужо два гады як адбываюцца не ў драматычных і музычных, а ў лялечных тэатрах. Тым, хто любіць тэатральнае мастацтва, варта забыць міф пра тэатр лялек — відовішча для дзяцей і ўзрадавацца таму, што спецыфічны лялечны цэх навучыўся па-еўрапейску чытаць сур’ёзную класіку.

Тэатры лялек становяцца значнай сілай у прасоўванні новага сучаснага погляду на сцэнічнае мастацтва. Праўда, пры гэтым церпіць традыцыйная лялечная тэхніка. Сама лялька замяняецца падобным да яе прадметам або акцёрам у «жывым плане». Магчыма, надышоў час развіваць і ўмацоўваць новую эстэтычную сістэму, у якой не толькі лялька, але і прадмет набывае асаблівую магію і падпарадкоўвае сабе чалавека. Менавіта так сёння працуюць Аляксей Ляляўскі, Алег Жугжда, Ігар Казакоў, Аляксандр Янушкевіч, Святлана Бень, для якіх рамкі пятрушачных, планшэтных, трасцявых і нават марыянетачных стварэнняў занадта цесныя. Да гэтых рэжысёраў актыўна падцягваюцца сцэнографы, выказваюць цуды вынаходлівасці і гумару.

Са сцэнографамі ў Беларусі нам пакуль шанцуе. Калі акцёрская і рэжысёрская школы церпяць значныя страты, то з маладым пакаленнем тэатральных мастакоў усё добра. Барыс Герлаван у драме і Валерый Рачкоўскі ў ляльках не толькі самі застаюцца на вышыні, але і выхоўваюць годных наступнікаў. Такога багацця сцэнаграфічных вырашэнняў, як цяпер, у нас не было раней. Натуральна, за пэўнымі выключэннямі. Сёння ж пры мностве тэхнічных магчымасцей мастакі не проста падпарадкоўваюцца задуме рэжысёра, а і ствараюць новую сцэнічную рэчаіснасць, якая часам апярэджвае, вядзе за сабой усіх астатніх стваральнікаў спектакля.

А калі канкрэтна пра тое, што ўзрадавала і засмуціла, — звярнуся да прадукцыі Рускага тэатра імя М.Горкага, які працягвае быць цікавым і прывабным. Абяцаны «год беларускай драматургіі» не прынёс важкіх перамог. Афіша фарміравалася выпадковасцямі. Лепшым спектаклем стаў «Аракул?...» — новае прачытанне макаёнкаўскага «Зацюканага апостала». Горшым — «Экзекутар», які адкінуў тэатр у правінцыйныя глыбіні мінулага стагоддзя.

Прынцыповым падалося з’яўленне прыватнага тэатра Андрэя Чорнага з пакуль што адзіным спектаклем «Дзяды». Там выдатна іграюць купалаўскія акцёры, якія, відаць, недаатрымоўваюць творчага задавальнення ў родным доме. Сыход у прыватныя праекты — небяспечнае папярэджанне.