Дайсці да гарызонту

№ 12 (369) 01.12.2013 - 31.12.2013 г

Тэатр
Новыя работы айчынных творцаў не заўсёды адпавядаюць запатрабаванням самай зацікаўленай і адукаванай часткі публікі. У гэтым на працягу года пастаянным наведвальнікам тэатраў, музеяў, галерэй і нават філармоніі лёгка было пераканацца.

Прынамсі, многае з таго, што потым было адрэфлексавана нашай культурнай грамадскасцю, распаўсюджана ў СМІ і выплюхнута ў інтэрнэт, гучала як прысуд ці мела адценне глыбокага ідэйнага расчаравання. Многае крытыкавалася жорстка, эмацыйна, часта па-дылетанцку і таму бясплённа. Тым не менш, творца ўсялякую праяву ўласнай няздатнасці ў глыбіні душы выдатна ўсведамляе. І таму спробы ўзняцца над праблемамі і, у рэшце рэшт, адпавядаць зацікаўленымі асобамі былі здзейсненыя. Што ў выніку? 

Сітуацыя ў сцэнічным мастацтве бадай самая красамоўная. На пачатку 2013-га прафесійная супольнасць перажывала наступствы Другой Нацыянальнай тэатральнай прэміі. Неспакойна было паўсюль. Драматычныя тэатры спазналі «культурны шок» пасля абсалютнай перамогі лялечнікаў у вызначэнні прафесійных прыярытэтаў. Нейкі час нават здавалася, што працэс пайшоў, усё зрушылася. Сцэнічныя калектывы атрымалі магутны стымул і хутка выйдуць з доўгатэрміновай спячкі. А неўзабаве высветлілася, што ў рэпертуарных тэатрах эфектна працуюць рэкламшчыкі, якія паспяхова падмяняюць «недальнабачных» загадчыкаў літаратурных частак. Бо гэта ж у рэкламшчыкаў кожная прэм’ера — абавязкова ўнікальная, узнімаецца да недасягальных сцэнічных вышынь.

Дарэчы, ад 2013-га насамрэч чакалі шмат, і не толькі падманутыя гледачы. Абяцалі — тэатры, абяцалі — тэатрам. Нацыянальнаму імя М.Горкага — год беларускай драматургіі, які павольна перацёк у «Хітрыкі Ханумы». Маладзёжнаму — адроджанага Віталя Катавіцкага. Нацыянальнаму імя Янкі Купалы — доўгачаканы пераезд, ТЮГу — заканчэнне рамонту. Усім разам — аптымізацыю. Усё было праўдай і пэўным чынам падмяніла паўнавартаснае тэатральнае жыццё-быццё. Пры гэтым на фоне стыхійных і безвыніковых тэатральных разборак (напрыклад, з нагоды нізкага ўзроўню падрыхтоўкі спецыялістаў Акадэміяй мастацтваў) уразілі некалькі спектакляў. Менавіта іх варта вылучыць асобна.

Аляксандр Янушкевіч першым ажыццявіў калектыўную мару айчынных пастаноўшчыкаў. «Дзяды» паводле Адама Міцкевіча з’явіліся на сцэне Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек. Спектакль выявіў рэдкую ў беларускім тэатры здатнасць рэжысёра да сістэмнага абагульнення. Актуальныя для розных эпох сакральныя вызначэнні, час і прастора натуральна існавалі ў агульным сцэнічным вымярэнні і былі далікатна акрэсленыя з дапамогай сучаснага рэжысёрскага інструментарыя. Гульня асацыяцыямі здзяйснялася з далікатнай дакладнасцю. Паэтычнае слова ўзнімалася на адпаведную вышыню, нас за паэтам вялі, нам нагадвалі пра неабходныя і бясспрэчныя ісціны. Шчыры і сумленны спектакль пра беларусаў, якія не ёсць частка геапалітычнай прасторы. «Дзяды» — пра кожнага з нас у штохвіліннай зямной прысутнасці, у жыцці і смерці.

У Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі Аляксандр Гарцуеў па-новаму інтэрпрэтуе Купалава «Раскіданае гняздо». Рухаецца ў бок актуалізацыі самога тэксту і ўласна рэжысуры. Пры гэтым месца дзеі, перанесенае ў заваленую кардоннымі скрынямі прастору, персанажы, якія, здаецца, апраналіся ў сэканд-хэндзе, харэаграфічныя навароты — уласна, уся андэграўндная візуалізацыя — не робяцца самамэтай. Рэжысёр, як заўсёды, шмат увагі надае ўнутранай распрацоўцы вобразаў, праз гэта выяўляе актуальны для гледачоў змест. Ён крочыць у нашу рэчаіснасць пратаптанымі сцежкамі. Датыкаецца балючых для простых людзей тэм. Сям’я, праца, каханне, звычайнае бытаванне чалавека, ягоная залежнасць і незалежнасць ад соцыуму асэнсоўваюцца ў простай паралелі з… плацежаздольнасцю кожнага. Ад гэтага робіцца жахліва.

Пільную ўвагу прыцягнуў спектакль Нацыянальнага тэатра імя М.Горкага «Аракул?..» паводле «Зацюканага апостала» Андрэя Макаёнка. Той рэдкі выпадак, калі ацэнкі публікі і прафесійнай часткі аўдыторыі шчасліва супалі. Рэжысёра Барыса Луцэнку немагчыма ўявіць па-за межамі змястоўнага драматычнага поля. Ён упарта спалучае свае постмадэрнісцкія схільнасці з маштабным мысленнем агульначалавечага значэння. Такую прафесійную здатнасць — не забіць, не вытруціць. «Аракул?..» яшчэ раз засведчыў яе запатрабаванасць.

У гэтым годзе прафесійныя вышыні па-ранейшаму ўпэўнена ўтрымлівалі лялечнікі. Ігар Казакоў у магілёўскім тэатры выбухнуў «Гамлетам». Ягоны «трагіфарш» (менавіта так вызначаны жанр гэтага спектакля) стаўся своеасаблівай споведдзю сучасных тынэйджараў, хіпстараў, проста падлеткаў, чыя інфантыльнасць становіцца неспадзяванай падставай для трагічных развязак.

Сваю новую работу паводле «Ладдзі Роспачы» Уладзіміра Караткевіча ў Беларускім дзяржаўным тэатры лялек паказаў Аляксей Ляляўскі. Блізкі да дасканаласці паводле рэжысёрскага вырашэння і візуальнага ўвасаблення спектакль парадаксальным чынам пазбаўлены тэатральнай энергетыкі. Менавіта гэта, а таксама настойлівыя спробы ўзнаўлення зусім яшчэ новага спектакля сталі галоўнымі небяспечнымі сімптомамі прамінулага тэатральнага года. Для ўсіх. Зазначу, што з верасня па снежань у Мінску фактычна не было тэатральных прэм’ер.

Асобна варта згадаць пра фестывальны рух, які па-ранейшаму застаецца «галоўным рухавіком прагрэсу» ў сцэнічным мастацтве. У сукупнасці міжнародныя фестывалі «Белая Вежа», «М.аrt. кантакт» і перадусім «Тэарт» адлюстроўваюць галоўныя падзеі, што адбываюцца ў сусветнай тэатральнай прасторы. Па вялікім рахунку, без гэтых прадстаўнічых форумаў наша ўяўленне пра сучасныя прафесійныя далягляды было б вельмі абмежаваным. Магчымасці — сумніўнымі. Плён, які яны прыносяць асобна ўзятым калектывам, відавочны. Там, дзе штогод разгортваецца шырокая панарама прафесійных дасягненняў, віруе творчае жыццё. Значыць, не ўсё страчана.