Ад «Капэліі» да «Чурлёніса»

№ 11 (368) 01.11.2013 - 01.01.2005 г

Літоўская харэаграфія: у пошуках канкурэнтнага асяроддзя
Нацыянальны балет мае цікавую гісторыю і трывалыя традыцыі, якія пачалі фарміравацца амаль 90 гадоў таму. Але ў гэтым артыкуле мы засяродзіліся на сучаснай дзейнасці Нацыянальнага тэатра оперы і балета, на сцэне якога галоўным чынам і разгортваюцца пошукі харэографаў.

Сучасны рэпертуар харэаграфічнага калектыву фарміраваўся на працягу двух апошніх дзесяцігоддзяў, калі мастацкім кіраўніком трупы была Таццяна Седунова. Яна надавала шмат увагі абнаўленню балетаў Чайкоўскага. Акрамя таго, менавіта пры ёй на галоўнай літоўскай сцэне з’явіўся балет Пракоф’ева «Рамэа і Джульета» (1993) у версіі Уладзіміра Васільева, ішлі пастаноўкі Барыса Эйфмана «Чырвоная Жызэль» (2001), «Рускі Гамлет» (2003), а таксама «Ганна Карэніна» (2005) у інтэрпрэтацыі Аляксея Ратманскага.

Найбольш цікавымі сярод пастановак апошняга дзесяцігоддзя сталі працы расійскага харэографа Кірыла Сіманава, створаныя спецыяльна для літоўскай трупы. Яго першы спектакль — балет «Дэздэмона» (2005) на музыку Анатоліуса Шэндэроваса. Гэта адна з нешматлікіх сучасных партытур, напісаных айчынным кампазітарам для музычнай сцэны. Сюжэт падаецца як метафарычны сон гераіні. Лібрэта сціслае, у некалькіх сказах, але балетмайстар упэўнены: публіка пазнае галоўных персанажаў. Эміль Капялюш, адзін з найбольш знакамітых сцэнографаў Пецярбурга, стварыў дастаткова ўмоўныя дэкарацыі, а Сіманаў сачыніў харэаграфію, у якой неакласічная лексіка пераплецена з вольнымі рухамі. Дэздэмона апынулася на перакрыжаванні жарсці трох мужчын — Атэла, Касіа і Яга. Апошні, на думку харэографа, стаў ці не галоўным персанажам спектакля; менавіта ён завяршае пакаранне гераіні. У фінале ў абстрактнай прасторы павольна рухаліся Дэздэмона і Атэла, якія знайшлі духоўнае суцяшэнне. Багатыя фактуры музыкі з гарачымі эмоцыямі ўдарных дазвалялі артыстам адшукаць асабісты пачуццёвы кантакт з персанажамі і перадаць напружанне зале. Галоўную партыю ў спектаклі станцавала Эгле Шпакайтэ — безумоўна, самая яркая асоба літоўскага харэаграфічнага мастацтва апошняга дваццацігоддзя.

Сіманаву прапанавалі зрабіць і новую версію «Капэліі» (2005), твора, важнага для развіцця айчыннага балета. Менавіта з гэтага спектакля, пастаўленага рускім харэографам Паўлам Пятровым у Дзяржаўным тэатры ў 1925 годзе ў Каўнасе, тагачаснай сталіцы краіны, бярэ пачатак гісторыя прафесійнай літоўскай харэаграфіі. Сіманаў ажыццявіў новую пастаноўку разам з вядомым расійскім мастаком Міхаілам Шамякіным, які прапанаваў змяніць лібрэта і сабраць новую партытуру з сачыненняў Дэліба, далучыўшы драматургію да рамантычных ідэй аўтара «Пясочнага чалавека». Такая стылістыка зрабілася ключом да фантасмагарычных вобразаў спектакля, у якім дзейнічаюць героі Гофмана. У пастаноўцы шмат яркіх харэаграфічных і візуальных рашэнняў. Велізарныя акуляры існуюць і як элемент сцэнаграфіі, і як дэталь касцюмаў. Так мастак і балетмайстар разважаюць пра зрок натуральны і ілюзорны, які змяняе і скрыўляе ўсё вакол. Алімпія стала апошняй роллю Эгле Шпакайтэ: яна развіталася са сцэнай, выконваючы партыю ў спектаклі, прысвечаным 85-годдзю літоўскага балета.

Арыгінальная айчынная харэаграфія не надта часта з’яўлялася на галоўнай балетнай сцэне краіны. Юрыюс Смарыгінас распачаў пластычныя эксперыменты ў 1980-я, праз нейкі час увасобіў цікавую партытуру літоўскага кампазітара Освальдаса Балакаўскаса «Макбет» (1988), выкарыстоўваючы яркія рэжысёрскія і харэаграфічныя рашэнні. Са спектакляў Смарыгінаса можна вылучыць пастаноўку «Ідыёт» (2007) на музыку Сяргея Рахманінава як найбольш удалую. Яна была ажыццёўлена для трупы Вільнюскага балета, дзе Юрыюс з’яўляўся кіраўніком, у ёй, аднак, удзельнічалі і салісты тэатра оперы і балета. У «Ідыёце» з яго пачуццёвай пластыкай і мінімальным дэкарацыйным рашэннем харэограф канцэнтруе ўвагу на інтэнсіўных эмацыйных стасунках герояў. Смарыгінас ставіў спектаклі і для іншых калектываў. У Клайпедскім музычным тэатры ўвасобіў «Крывавае вяселле» (2008) на музыку Астара П’яцолы, выкарыстоўваючы артыстычны патэнцыял невялікай, але па-акцёрску цікавай трупы.

Анжаліка Холіна дэбютавала ў 1995-м смелымі харэаграфічнымі мініяцюрамі. Створаныя для навучэнцаў балетнага аддзялення Нацыянальнай школы мастацтваў імя Чурлёніса, яны вылучаліся цікавымі пластычнымі знаходкамі. Першым спектаклем Холінай на галоўнай музычнай сцэне Вільнюса зрабіўся балет «Медэя» (1996) на музыку літоўскага кампазітара Антанаса Рэкашуса, творцы, які надаваў вялікую ўвагу харэаграфічнаму мастацтву. Далей задумы Холінай развіваліся не на балетнай сцэне: з акцёрамі Нацыянальнага драматычнага тэатра яна паставіла спектакль «Песні жанчын» (1998), натхнёны вобразам Марлен Дытрых, потым «Кармэн» (1998) Бізэ—Шчадрына з уражальнымі масавымі сцэнамі і эмацыйнымі, пазбаўленымі сентыментальнасці дуэтамі. З 2000 года Холіна кіруе ўласным Тэатрам танца АСН, запрашае балетных танцораў і акцёраў розных тэатраў, часам тых, хто з танцам раней не меў нічога агульнага (напрыклад, цікавы мастак, аўтар канцэптуальных прац Дайнюс Лішкявічус ці папулярны спявак Мантас Янкавічус).

Апошняя пастаноўка Холінай, ажыццёўленая з артыстамі тэатра оперы і балета, — «Барбора Радвілайтэ» (2012). Касцюмы належаць Юозасу Статкявічусу, пастаяннаму супрацоўніку Холінай, самаму вядомаму літоўскаму дызайнеру моды. У харэаграфіі акцэнт зроблены на дуэтах галоўных герояў, у масавых сцэнах больш выяўленыя пастановачныя эфекты. Гэта тычыцца эпізоду каранавання і фіналу, калі побач з труной памерлай каралевы ўзнікае цяжкі, у золата апраўлены абраз Маці Божай Вастрабрамскай, у народных паданнях ён успрымаецца як помнік легендарнага кахання.

Сярод нешматлікіх еўрапейскіх харэографаў, якія ставілі ў Літве ў апошняе дзесяцігоддзе, вылучаецца Кшыштаф Пастар. Ён доўга працаваў у Галандыі, а на сцэне Нацыянальнага тэатра оперы і балета ў вольным неакласічным стылі стварыў спектаклі «Кармэн» (1997) і «Сон у летнюю ноч» (1998). Але для літоўскай культуры важней ажыццёўленая ім пастаноўка «Acid City» (2002) на музыку сучаснага аўтара Міндоўга Урбайціса. Харэаграфія на стылізаваную клубную музыку была і строгая, і эмацыйная, каркас спектакля ўтварыла не сюжэтная лінія і не гісторыя, а пульсуючая гукавая і пластычная энергія танцавальных груп і салістаў.

Восенню 2011 года Пастар пагадзіўся стаць мастацкім кіраўніком харэаграфічнай трупы Літоўскага тэатра оперы і балета, сумясціўшы пасаду з аналагічнымі абавязкамі ў Нацыянальным балеце Варшавы. Яго першы спектакль «Трыстан і Ізольда» (2012) быў перанесены ў Вільнюс з польскай сталіцы. Музыка оперы Рыхарда Вагнера была дапоўнена песнямі па вершах Мацільды Везендонк і зрабілася драматургічна адзінай акустычнай матэрыяй, якая дапамагала стварыць паэтычную пастаноўку, прасякнутую асацыяцыямі. У ёй вылучаны асноўныя элементы сюжэта і акцэнтуецца пачуццё загадзя асуджанага кахання. Нягледзячы на шэраг ілюстрацыйных мізансцэн, спектакль напоўнены вольным паветрам асацыяцый і прыгажосцю руху.

Прыход Пастара стымуляваў ініцыятыву арыгінальнай харэаграфіі — у чэрвені 2012 года адбыўся першы паказ праекта «Творчы імпульс», удзельнікамі якога сталі артысты трупы, якія хацелі б выпрабаваць уласныя балетмайстарскія здольнасці. Майстэрні падобнага кшталту культывуюцца ў еўрапейскіх тэатрах, яны даюць магчымасць спраўдзіць творчыя амбіцыі ў розных пластычных формах — ад неакласікі да эксперыментаў з рухам і відэапраекцыямі.

Удзельнік такога праекта ў Варшаве, польскі танцор і харэограф Роберт Бандара перайшоў ад эксперыментаў да поўнаметражных балетаў: менавіта яго прапанаваў Пастар для пастаноўкі адной з апошніх прэм’ер на сцэне Нацыянальнага тэатра оперы і балета. «Чурлёніс» (2013) Гедруса Куправічуса — першы балет у біяграфіі майстра сучаснай музыкі, які працаваў над партытурай некалькі гадоў. Вольна развіваючы кароткія цытаты з твораў Чурлёніса, Куправічус стварыў эмацыйна насычаны музычны тэкст, дакрануўшыся да некаторых матываў біяграфіі літоўскага генія. У балеце дзейнічаюць гістарычныя персанажы, але яны пазбаўлены прымітыўнай вонкавай характарыстыкі і становяцца знакамі чалавечых лёсаў. Вобраз Чурлёніса дуалістычны — адна яго частка быццам сочыць за жыццёвым шляхам другой, марна спрабуючы выправіць фатальныя павароты лёсу. Харэаграфіі, якая заснавана на прынцыпах сучаснага танца і кантактнай імправізацыі, няшмат, але ў спектаклі хапае дынамічнасці. Яго сцэнаграфічнае аблічча мінімалістычнае: хоць і выкарыстана некалькі цытат з прац самога мастака, візуальныя формы пастаноўкі лёгкія, рытмічныя, не грувасткія — як і касцюмы, стылізаваныя пад эпоху пачатку ХХ стагоддзя.

Галоўныя праблемы сучаснага літоўскага балета звязаны з недахопам арыгінальнай харэаграфіі, а яна шмат у чым уплывае на нацыянальную танцавальную культуру. Балетмайстры старэйшага і сярэдняга пакаленняў рэалізуюць сябе ў іншай прасторы. Юрыюс Смарыгінас шмат увагі надае тэлепраектам. Ён імкнецца падтрымліваць пульс свайго тэатра, але мастацкая якасць апошніх яго работ няроўная. Анжаліка Холіна творчыя сілы аддае працы ў Маскве, дзе паставіла танцавальныя спектаклі «Ганна Карэніна» і «Кармэн», у якіх заняты акцёры маскоўскіх тэатраў.

На пачатку чэрвеня 2013 года на вялікай сцэне Нацыянальнага тэатра оперы і балета адбыўся другі канцэрт праекта «Творчы імпульс» — мяркуецца, ініцыятыва зробіцца штогадовай і будзе спрыяць узнікненню канкурэнтнага асяроддзя ў літоўскай харэаграфіі.

Хельмутас ШАБАСЯВІЧУС