На нуль не множыцца

№ 11 (368) 01.11.2013 - 01.01.2005 г

На спектаклях Оскараса Каршуноваса
Пра тое, што нацыянальная рэжысура перажывае праблемы, неаднойчы даводзілася чуць апошнім часам ад дзеячаў літоўскага тэатра. І кожны раз гэта выклікала здзіўленне. Па-ранейшаму сягаюць за небакрай, захапляюць спектаклі Эймунтаса Някрошуса, які цяпер у сваім тэатры «Мена Фортас» засвойвае Дантэ. Цікава працуе ў Маладзёжным Альгірдас Латэнас. Імкнецца вывесці з працяглага крызісу Рускі драматычны тэатр Літвы славуты Ёнас Вайткус.

Усё большай увагай карыстаюцца маладыя рэжысёры Яна Рос, Паўлюс Ігнатавічус. Спектакль Малога драматычнага тэатра «Маці. Васа Жалязнова» паводле М.Горкага ўвосень з поспехам прайшоў на «Балтыйскім доме» ў Санкт-Пецярбурзе. Усё гэта толькі вонкавыя прыкметы штодзённага тэатральнага быцця. Але якраз яны сведчаць пра тое, што проста на нуль тут нікога не памножыш.

Тым не менш, на адмысловым тэатральным абліччы з’яўляюцца новыя рэзкія рысы. Прынамсі, спробу весці адкрыты дыялог з сучаснасцю, адрэфлексаваць праблемы і высвеціць нацыянальныя комплексы не заўважыць нельга. Сярод легендарнага пакалення рэжысёраў, што зрабілі спектаклі літоўскага тэатра набыткам сусветнай культуры, спрэс небажыхары. Ды сёння самыя крэатыўныя паглыбляюцца ў мікракосм чалавечай душы, і пра іх складаюць новыя тэатральныя легенды. Першы тут — Оскарас Каршуновас.

Беларуская публіка добра ведае большасць ягоных спектакляў, з імі знакаміты ОКТ/Вільнюскі гарадскі тэатр неаднойчы прыязджаў у Мінск. Можна сказаць, што мы нават стаміліся захапляцца: «Рамэа і Джульета», «Сон у летнюю ноч», «Майстар і Маргарыта», «Гамлет», «Міранда» («Бура»), «На дне».

Два апошнія спектаклі паказалі на мінулагоднім «Тэарце». Сёлета ОКТ у Мінску не было. Затое ў Вільнюсе тры новыя спектаклі Оскараса Каршуноваса ўзрывалі тэатральную сітуацыю. Прынамсі, патрапіць у Літоўскі нацыянальны драматычны тэатр на «Сабор» Юсцінаса Марцінкявічуса і на «Выгнаннікі» Марыуса Івашкявічуса, а ў вільнюскі ОКТ на чэхаўскую «Чайку», здаецца, за межамі магчымага. Квіткі раскуплены на два месяцы наперад.

Спектаклі Оскараса Каршуноваса «вялікай формы» становяцца для гледачоў істотнаю часткой жыцця, распаласаванага на зместавыя сегменты. У «Саборы» іх шмат. Гэта погляд праз эпохі і роздум пра сутнасць духоўнасці, якая выпрабоўваецца надзённасцю. «Сабор» некалі будавалі ўсёй грамадой. Сродкі на спектакль сёння далі мецэнаты. У пошуках існасці Каршуновас перамешвае свецкія і духоўныя погляды на рэчаіснасць, закранае палітыку, счышчае з п’есы часавыя і ідэалагічныя напластаванні. Не ўнікае «лявацкай» акцэнтацыі. Як вядома, п’еса была напісана Юсцінасам Марцінкявічусам у савецкай Літве, у 1971 годзе. І на гэта таксама адгукаецца публіка. Ды толькі на нашых вачах у рэжыме 3D узнікае, паўстае з нічога Сабор і зноў распадаецца на аскепкі. Калоны лунаюць у паветры. Ізноў спалучаюцца. Не думаць пра тое, што літаральна за сотню крокаў ад Нацыянальнага тэатра ў пачатку праспекта Гедыміна стаіць Кафедральны сабор, проста немагчыма.

Цэлую буру ў грамадстве выклікаў спектакль «Выгнаннікі» пра першую хвалю літоўскай эміграцыі ў Лондан на пачатку 1990-х. Шэсць гадзін запар перад гледачамі разгортваецца сучасная трагедыя, узнаўляюцца драматычныя акалічнасці, пра якія ў літоўскіх сем’ях не вельмі любяць распавядаць. З’ехаць? Куды і дзеля чаго? Цэлая куча балючых праблем. Выдатныя акцёрскія работы і шэраг эпізодаў, адпушчаныя ў свабодны палёт. Немагчыма адарвацца ад сцэны. І вельмі слушнай падаецца вядомая беларуская прымаўка: дзе радзіўся, там і згадзіўся.

Каршуноваса нельга назваць прыхільнікам таго або іншага тэатральнага стылю, накірунку. «Усе жанры добрыя, апрача сумнага» — гэта, безумоўна, пра яго. Толькі чамусьці рэжысёр пры гэтым не вызваляе гледачоў ад сардэчнай самоты, напружанай духоўнай працы, да якой, па ўсім відаць, літоўская публіка прызвычаілася.

«Чайка», пастаўленая Оскарасам Каршуновасам у ОКТ, здаецца, спачуванне ў глядзельнай зале даводзіць да магчымай мяжы. Паводле свайго вонкавага вызначэння, перад намі ўзнікае свайго роду антытэатр; паводле таго самага праславутага «жыцця чалавечага духу» ці Бог ведае чаго яшчэ — супертэатр.

Падобны спосаб акцёрскага існавання, калі ствараецца ўражанне, што выканаўцы ўвогуле нічога не іграюць, мы бачылі ў спектаклі «На дне». Сказаць, што гэта проста звычайнае, натуральнае чалавечае быццё — замала. Таму што яно мае на мэце пэўна вызначаныя ідэі, якія рэжысёр мусіць данесці да гледачоў дзеля таго, каб спектакль зрабіўся фактам мастацкага бытавання. Падаецца, у «На дне» Каршуновас толькі размінае абраны пастановачны прыём. У «Чайцы» — даводзіць яго да дасканаласці.

Спектакль сыграны без дэкарацый, без касцюмаў, без тэатральнага святла, проста ў рэпетыцыйным пакоі з вокнамі на вуліцу ў цэнтры Вільнюса. За два крокі ад Ратушы. У пакоі змяшчаецца толькі шэсцьдзясят крэслаў. Публікі набіваецца нашмат больш («“Жыведра” — не, “Чайка” — не» — упарта цэлы дзень тлумачыць па тэлефоне адміністратар), і для самых заўзятых падрыхтаваны спецыяльныя падушачкі, каб можна было размясціцца на падлозе. Ёсць і прыстаўныя крэслы, уздоўж сцяны. Тут жа сядаюць акцёры, напачатку іх немагчыма адрозніць ад гледачоў.

Апрануты ў джынсы і байку, выканаўца ролі Трэплева Марцінас Нядзінкас прамаўляе, гледзячы ў залу: «Вось вам і тэатр, вось куліса, там куліса. Не патрэбны аніякія дэкарацыі». Святло ў пакоі будзе гарэць, пакуль не распачнецца паказ п’есы Трэплева на Чараўнічым возеры. Ды толькі адразу, літаральна з першай сцэны, мы рушым у надзвычайнае неверагоднае падарожжа па лабірынтах чэхаўскіх слоў, сказаў, падтэкстаў. П’еса іграецца цалкам, і я бадай што ніколі раней у тэатры не бачыла, як прамоўленае артыстамі слова набывае амаль фізіялагічную пачуццёвасць і эратычнасць. Першае, што разумееш пра герояў, — яны ўсе прагнуць фізічнага кахання. Яны ім займаюцца штораз. Каханне свеціцца на іх тварах. Набывае бясконцую колькасць адценняў. У Машы (знакамітая Раса Самуолітэ) — зямное, трывалае, важкае. У Трэплева — балючае, як востры дотык. У Аркадзінай (Нэлі Савічэнка) — выштукаванае, як інтрыга. Пра Ніну (Гельміне Глемжайтэ) таксама зразумела ўсё адразу: думае адным месцам, але… Аніводнай пустой зоны. Менавіта праз каханне адкрываецца ўласная запаветная тэма кожнага персанажа, якая ўзмацняецца цягам дзеяння. Яшчэ адна, галоўная тэма паяднае ўсіх, а для Трэплева зробіцца сцежкай у небыццё.

Яркім пункцірам тут свецяцца, доўжацца, узнікаюць зноў і зноў размовы пра тэатр. Усе разважаюць пра мастацтва. Пераважна пра мастацтва. Вось Трэплеў прамаўляе з болем: «Мая маці мяне не любіць…» Гледзячы ў вочы гледачам, дадае: «Я люблю сваю маці». І раптам, як выбух: «Патрэбны новыя формы». Дорн (Дайнюс Гавеноніс) — дагледжаны, займаецца гімнастыкай і вельмі падабаецца жанчынам. Ён усё вяртаецца і вяртаецца да размовы пра тэатр. Сцэна — нібы кропка скрыжавання для бясконцых рэфлексій чэхаўскіх персанажаў. Невыпадкова так грымнула на Чараўнічым возеры. І толькі ў гэтым эпізодзе ў глядзельнай зале, дакладней, ва ўсім пакоі, пагасла святло. Трэплеў першым сыграў уласную п’есу, даводзячы лямант да мяжы. У цемры пакоя ў промнях ліхтарыка ліхаманкава мільгалі твары. Потым распачала свой спектакль Ніна, стоячы на стале ў белым трыко, прыціскаючыся тварам да сцяны. Дзве хвіліны — таленавіта, потым — істэрыка і пошласць. Па сцяне, як хвалі па рацэ, пачалі разыходзіцца блікі. Усё ўспрымалася, як прысуд.

Гучны лямант. Выразна запахла серай. Моцна раззлавалі Аркадзіну. Далей гісторыя (у якой першы стрэл Косці быў узяты ў дужкі: ён адразу з’явіўся з забінтаванай галавой, а перадусім аб’явіў антракт) пачала імкліва рухацца да развязкі.

Але мы яшчэ ўбачылі: як магутныя выкіды эмоцый кантрапунктам праціналі эпізоды спектакля; як Аркадзіна лупцавала сына па твары і плячах, а ён рыдаў, нібы малое дзіцё — захлёбваючыся; як Сорын (Дарус Мешкаўскас) далікатнічаў і просіў у Аркадзінай грошы для Косці на касцюм, а пасля страціў прытомнасць; як Трэплеў падстрэліў чайку, змайстраваную з паперы.

Але мы яшчэ атрымалі асалоду ад тонка выбудаваных узаемаадносін персанажаў, якія жылі ўласным жыццём, акрэсліваючы кожную патаемную думку, кожны прыхаваны намер.

Мы зразумелі, што ў кантэкст спектакля ўведзены красамоўныя паралелі: Гертруда і Гамлет — Аркадзіна і Трэплеў; Сорын і Вайніцкі; Дорн і Астраў. А ў далікатным, паглыбленым у самога сябе Трыгорыне нам прымроіліся рысы Антона Чэхава.

У нас яшчэ моцна сціснулася сэрца ад спачування і жалю. Гукі несціханай музыкі ўзмацнялі адчуванне трывогі, вярэдзілі свядомасць. Змучаны дэпрэсіяй Косця акуратна заслаў канапу, зачыніў акно, азірнуўся на гледачоў і выйшаў за кулісу. Прагучаў стрэл.

І цягам некалькіх хвілін гледачы сядзелі моўчкі, нерухома, анямелыя і сшэрхлыя. Скончыўся спектакль? Скончылася жыццё. Даволі размоў пра мастацтва.