Вольны жэст у адкрытай прасторы

№ 11 (368) 01.11.2013 - 01.01.2005 г

Найноўшае мастацтва Літвы
11 сакавіка 1989 года мастакі Літвы выйшлі з творчай арганізацыі СССР, а праз год краіна абвясціла суверэнітэт. Першыя гады незалежнасці паспрыялі ўздыму мастацтва, пашырэнню творчых ініцыятыў, у тым ліку і ўзнікненню найноўшага арта. Пра тыя гістарычныя працэсы, а таксама пра сённяшні перыяд мы гутарым з загадчыцай Нацыянальнай мастацкай галерэі Лалітай Ябланскене.

Неяк ваш калега Кястуціс Куйзінас сказаў у адным з інтэрв’ю: у 1990-я сучаснага мастацтва ў Літве не было, і стаяла задача яго стварыць. Як жа ўсё пачыналася?

— Мы будзем гаварыць пра сучаснае мастацтва Літвы, пра тое, што ў Беларусі акрэсліваюць паняццем «актуальнае мастацтва». Фарміраванне гэтага кірунку адбывалася на пачатку 1990-х гадоў у выніку разрыву паміж новым пакаленнем і яго папярэднікамі — як творцамі афіцыйнага мастацтва савецкага часу, так і прадстаўнікамі «ціхага мадэрнізму», што ўзнік у 1960-я гады. Да гэтай плыні адносіліся мастакі, якія займаліся індывідуальнымі эксперыментамі, развіваючы ідэі мадэрнізму, і ладзілі выставы ў неафіцыйных, маргінальных прасторах. Крытыкай і публікай гэта ацэньвалася як авангард другой паловы ХХ стагоддзя (сёння шырока прадстаўлены ў амерыканскай калекцыі Нортана Доджа). Але ў 1990-х з’явіўся абсалютна новы тып творцаў: гэтыя маладыя людзі не вучыліся азбуцы сучаснага мастацтва ў Акадэміі, аднак, маючы ўсяго па дваццаць з лішнім гадоў, пачалі ўдзельнічаць у розных міжнародных выставах — у Германіі, у краінах Паўночнай і Усходняй Еўропы. Гэта генерацыя выспявала праз актыўны ўдзел у міжнародным жыцці — яна і стварыла сучаснае актуальнае мастацтва. Мастацтва, якога да таго часу ў Літве амаль не было.

Якая была рэакцыя старэйшага пакалення і публікі на гэта новае мастацтва?

— Ішло актыўнае супрацьдзеянне. Публіка не ведала, як ацэньваць такія формы, як аб’ект, інсталяцыя ці відэа-арт. Працярэбліваць шлях было няпроста, нават нягледзячы на тое, што ўжо ў 1992 годзе ў выніку рэарганізацыі былога Палаца выстаў у Вільнюсе з’явіўся Цэнтр сучаснага мастацтва. Гэта інстытуцыя прапанавала месца для праектаў маладых, а таксама стала працаваць з выставамі на міжнародным узроўні: запрашала мастакоў з іншых краін, арганізоўвала трыенале сучаснага мастацтва, дзе паказваліся самыя актуальныя тэндэнцыі. ЦСМ даў моцны імпульс для развіцця. Міністэрства культуры ў той час не магло аказваць значнай матэрыяльнай падтрымкі, фінансава дапамагалі фонды рознага кшталту, яны давалі грошы на праекты маладых творцаў, акумулявалі і перадавалі новае ноу-хау — дэманстравалі, як працаваць з актуальным мастацтвам.

Сучасныя мастакі Літвы, такія як Дэймантас Наркявічус, Гедымінас Урбонас, Эгле Ракаўскайтэ, Артурас Райла, хутка звярнулі на сябе ўвагу на сусветнай арт-сцэне. Адметнай асаблівасцю іх творчасці была праца не столькі з формай, колькі з ідэяй, канцэптам. Дзякуючы гэтым аўтарам сучаснае літоўскае мастацтва паступова зацвердзіла сваю рэпутацыю сацыяльна ангажаванага. У сваіх творах яны спрабавалі зразумець, што адбываецца ў гэтай транзітнай сітуацыі пераходу з постсавецкага часу ў іншую эпоху, як пачуваецца індывід, розныя грамадскія групы, як фарміруецца новая сацыяльная прастора, якія канфлікты ў ёй узнікаюць, што маргіналізуецца. Важна было выявіць і ўвасобіць тыя працэсы, якія, хоць грамадства і не жадала іх заўважаць, усё ж існавалі, няхай і не былі відавочнымі. Важным было тое, што на ўзроўні тэм і канцэптаў аналізавалася сувязь з мінулым: што засталося ў культуры, якія знакі можна вылучыць, як трансфармуюцца гэтыя сляды. Штосьці не жадае сыходзіць у гісторыю, выслізгвае, застаецца. Такая праблематыка была цікавая і для самой Літвы, і для іншых краін.

Чым можна патлумачыць памянёную сацыяльную ангажаванасць?

— Пра гэта мяне часта пытаюць, але адназначнага адказу я не магу даць... Напрыклад, нашы калегі з Латвіі і Эстоніі ў дзевяностыя займаліся пераважна фармальнымі эксперыментамі, а літоўскае мастацтва аказалася іншым. Магчыма, пэўны ўплыў на яго аказала дакументальная, рэпартажная фатаграфія? Але варта мець на ўвазе, што ў 1990-х літоўская фатаграфія толькі пачынала з’яўляцца на выставах побач з іншымі аб’ектамі мастацтва. А можа, гэта агульная рыса літоўскага мастацтва: яно заўсёды было апавядальным. Напрыклад, жывапіс 1970—1980-х гадоў у сваіх мадэрнізаваных формах таксама быў нейкім чынам звязаны з літаратурай... Вядома, не абышлося і без уплываў звонку: у 1990-я ўсё сусветнае актуальнае мастацтва звярнулася да праблем грамадства. Сучасная праблематыка сапраўды зрабіла літоўскае мастацтва вельмі вядомым на Захадзе...

Тое, што ў Еўропе развівалася на працягу сарака гадоў, у Літве адбылося надзвычай хутка: за дзесяцігоддзе з’явілася разуменне таго, як і што можна аналізаваць праз актуальнае мастацтва.

Якія мастакі выявілі сябе асабліва ярка, якім медыям аддавалі перавагу?

— Па-першае, ніводны сучасны мастак не працаваў толькі з адным сродкам выражэння. Напрыклад, Дэймантас Наркявічус пачынаў з канцэптуальных аб’ектаў, потым стаў працаваць з фільмам, з гукам, ён уздымае ў сваіх праектах сацыяльныя праблемы і аналізуе гістарычныя сувязі.

Гедымінас Урбонас ад скульптуры перайшоў да аб’ектаў, потым — да шматпластовых мультымедыйных інсталяцый, якія змяшчаюць у сабе і мастацкае даследаванне.

Эгле Ракаўскайтэ па адукацыі жывапісец, займаецца перформансамі, фатаграфіяй і відэа.

Артурас Райла супрацоўнічае з рознымі грамадствамі, прадукуючы праекты рэляцыйнага тыпу, паводле вызначэння Нікаля Бурыё. Форма твора актуальнага мастацтва ўзнікае ў залежнасці ад пастаўленай задачы...

У 2000-я сітуацыя ў літоўскім мастацтве стала іншай...

— З пачаткам новага стагоддзя з’явілася шмат новых інстытуцый, якія паказвалі сучаснае мастацтва. У 2009 годзе адкрылася Нацыянальная мастацкая галерэя, якая збірае і сучаснае мастацтва: цяпер мы нацэлены перадусім на працы пачатку 1990-х, бо іх амаль не засталося ў краіне, але паступова пойдзем далей.

Міністэрства культуры стала выступаць раўнапраўным партнёрам у фінансаванні праектаў. Крытыкі пачалі лепш арыентавацца ў сучасным мастацтве і больш пісаць пра яго. За апошнія чатыры-пяць гадоў змянілася стаўленне да калекцыянавання. Напрыклад, нядаўна з’явіўся новы прыватны музей мастацтва другой паловы ХХ стагоддзя. Завецца ён Цэнтр мастацтва мадэрна, але збірае і актуальнае мастацтва. Так што існуюць ужо дзве музейныя інстытуцыі, якія купляюць сучаснае літоўскае мастацтва. Некаторыя з нашых творцаў прадстаўляюць мастацкія галерэі, якія дзейнічаюць у іншых краінах. Увесь час з’яўляюцца (і раз-пораз знікаюць) маленькія галерэі, што працуюць з невялікім колам творцаў. Адна з найбольш вядомых — «Tulips and Roses», што працавала спачатку ў Вільнюсе, а потым у Бруселі і паказвала самае маладое пакаленне. Галерэя «The Gardens», што размяшчаецца ў старым планетарыі, таксама прасоўвае працы юных. Існуе праект «Прыз маладога жывапісца», накіраваны на падтрымку новага пакалення літоўскіх творцаў. І літаральна нядаўна ў Вільнюсе адкрыўся новы мастацка-адукацыйны цэнтр «Руперт», які ўключыў у сябе рэзідэнцыю для мастакоў і выставачныя пляцоўкі.

Калі ў пачатку 1990-х Вільнюс быў гэткім канцэнтраваным вузлом сучаснага арта, то цяпер актуальнае мастацтва ў Літве мае больш шырокую платформу. Новыя цэнтры з’яўляюцца і ў іншых гарадах, сярод якіх я б вылучыла Клайпеду. Яна мае вельмі добрае геаграфічнае становішча — ёсць магчымасці для супрацоўніцтва са скандынаўскімі краінамі, з Германіяй. Новы цэнтр культурнай камунікацыі ў Клайпедзе працуе з вельмі сучаснымі праектамі, спрабуючы пазіцыянаваць сябе не толькі на карце Літвы, але і на міжнароднай арэне. У Каўнасе ладзіцца біенале сучаснага мастацтва, якое пачынала сваю гісторыю з прэзентацыі тэкстылю, але паступова пашырыла фармат.

Якія яшчэ міжнародныя праекты вы б вылучылі?

— ЦСМ арганізуе вельмі важнае і ўжо вядомае ў Еўропе трыенале сучаснага мастацтва. У Каўнасе праводзіцца біенале фатаграфіі, а ў Вільнюсе — трыенале жывапісу, цяпер яно таксама міжнароднае.

Вельмі важна і тое, што пачынаючы з 1999 года Літва ўдзельнічае ў Венецыянскім біенале, і ўжо чатыры разы (у 2005, 2007, 2011 і 2013 гадах) яе павільён адзначаўся спецыяльнымі згадваннямі журы. Такога поспеху не меў ніводны з нашых суседзяў, уключаючы Польшчу і скандынаўскія краіны. Вядома ж, гэта сведчыць пра высокі якасны ўзровень як літоўскіх мастакоў, так і куратараў. Мне двойчы давялося быць камісарам Літоўскага павільёна: самага першага, у 1999 годзе, і ў 2005-м, калі мы атрымалі першае спецыяльнае згадванне за паказ эксперыментальнага кіно Ёнаса Мекаса.

І апошняе, што змянілася за гэта багатае на падзеі дзесяцігоддзе: Акадэмія мастацтваў цяпер таксама арыентуецца на сучасны арт, прапануе больш лекцый і практычных курсаў па актуальным мастацтве. Пасля ўступлення Літвы ў Еўрасаюз студэнты сталі выязджаць на вучобу за мяжу.

Літоўская акадэмія захавала сваю структуру? Ці з’явіліся новыя факультэты, дзе навучаюць, напрыклад, таму ж медыя-мастацтву?

— Амаль усе кафедры (акрамя кафедры новых медый) арыентаваны найперш на традыцыйныя жывапіс, скульптуру, графіку, тэкстыль і гэтак далей, але залежыць усё ад таго, якія людзі там працуюць. Вучоба ў Акадэміі ўключае і такую звычайную еўрапейскую практыку, калі па праграме «Эразмус» студэнты цягам семестра вучацца ў акадэміях іншых краін, то-бок знаёмяцца са школамі іншай структуры. Некаторыя ў Літве заканчваюць бакалаўрыят, а магістратуру — у іншай краіне. Хтосьці вяртаецца, хтосьці — не, але сувязь падтрымлівае: мы існуем у адкрытай прасторы.

У 2000-я літоўскае мастацтва стала іншым. Ад манументальнага сацыяльнага фармату, які суправаджаўся духам адкрыцця (што прывяло да вельмі арыгінальных і значных вынікаў), мастакі перайшлі да пошуку спецыфічных індывідуальных ніш, больш асобаснага асэнсавання і праблем сучаснага мастацтва, і спосабаў камунікацыі з разнастайнай публікай. Новае пакаленне меней наратыўнае, менш цікавіцца расповедам, гісторыямі, а больш — канцэптуальным асэнсаваннем рэчаіснасці і асабліва ўзаемадачыненнямі мастацтва з ёй праз розныя сімвалічныя сістэмы. Частка маладых зноў вярнулася да працы з канцэптуальнымі аб’ектамі, да фатаграфіі, новае гучанне атрымаў жывапіс.

Можна вылучыць два этапы развіцця сучаснага літоўскага мастацтва: першы звязаны з духам адкрыцця новага, другі ажыццяўляецца цяпер у абсалютна адкрытым, вольным свеце. У гэтым свеце ўжо няма той адмысловай цікавасці да ўсходнееўрапейскай парадыгмы мастацтва, як у 1990-х. Ёсць мода на штосьці іншае, можа, на беларускае, на сярэднеазіяцкае — мастацтва краін, што калісьці ўваходзілі ў Савецкі Саюз. Але Літва ўжо стала часткай еўрапейскай прасторы, і цікавасць цяпер можа выклікаць не адзінае цэлае (літоўскае мастацтва), а творчасць асоб, якія падаюцца адметнымі ў гэтай агульнай прасторы.

Так атрымалася, што гэта прастора — не балтыйская?

— У 1990-х гадах нам здавалася, што Літва немінуча апынецца ў зоне прыцягнення скандынаўскіх краін, але такі рынак не склаўся. Сувязі мы падтрымліваем, праводзім агульныя праекты, але відавочна выяўленай агульнасці няма. Нават маладыя мастакі, якія думаюць, куды паехаць вучыцца, часцей выбіраюць Вялікабрытанію, Нідэрланды, Францыю, Германію...

Ёсць дзве галоўныя інстытуцыі сучаснага мастацтва ў Літве — ЦСМ і Нацыянальная галерэя. Што агульнае і што прынцыпова рознае ў іх дзейнасці?

— Нацыянальная мастацкая галерэя — гэта адзін з аддзелаў Літоўскага мастацкага музея. Яна была адкрыта пасля рэканструкцыі былога музея рэвалюцыі ў 2009 годзе. У пачатку 1990-х мастацкі музей закрыў сваю экспазіцыю мастацтва ХХ стагоддзя, якая размяшчалася ў будынку старой ратушы, што адышоў муніцыпалітэту. І пакаленне 1990-х наогул не бачыла гэтай нацыянальнай калекцыі — яе не было дзе паказваць. Толькі ў 2002-м была зацверджана канцэпцыя, праведзены конкурс і адкрылася галерэя. Найперш мы працуем як музей: у дзесяці залах паказваем літоўскае мастацтва ад пачатку ХХ стагоддзя да цяперашняга часу. Таксама пашыраем нашу калекцыю. Нацыянальная галерэя, вядома ж, праводзіць і выставы — маленькія ці вялікія, у залежнасці ад наяўнасці фінансаў (пад кожны праект трэба шукаць сродкі). У адрозненне ад ЦСМ, які арыентаваны на актуальныя і часта эксперыментальныя куратарскія праекты, мы праводзім больш даследчай мастацтвазнаўчай працы: выставы, якія ў нас ладзяцца, спрабуем суаднесці з нашай калекцыяй. Прывяду прыклад. Летась мы працавалі над экспазіцыяй вядомага польскага мастака Тадэвуша Кантара, якую рыхтавалі разам з нашымі польскімі партнёрамі. Падчас правядзення выставы мы змянілі экспазіцыю адной залы нашай сталай калекцыі і прадставілі ў ёй літоўскі асамбляж 1960—1970-х гадоў, бо адзін з заснавальнікаў літоўскага асамбляжу Вінцас Кісараўскас яшчэ ў савецкі час сустракаўся ў Кракаве з Тадэвушам Кантарам. Мы знайшлі гэту культурную агульнасць і паказалі дзве выставы разам — сувязь з літоўскім кантэкстам пашырае разуменне і веды публікі. Кантар быў выбітным рэжысёрам-наватарам, ён вядомы літоўскім тэатралам, і мы арганізавалі шэраг лекцый і праглядаў фільмаў для публікі, звязанай з тэатрам. Усе нашы праекты мы імкнёмся рабіць комплексна.

ЦСМ паказвае тое, што актуальна ў мастацтве цяпер. Гэта інстытуцыя не мае ўласнай калекцыі, не збірае твораў. Іх моцныя бакі: дзейнасць на міжнародным узроўні, супрацоўніцтва з вядомымі сучаснымі мастакамі, установамі і куратарамі, а таксама наватарскі падыход да куратарства, актыўнае эксперыментаванне з формамі паказу. Безумоўна, яны таксама арганізуюць суправаджальную праграму да сваіх праектаў.

Якія «зоркі» запаліліся ў 2000-я?

— Я згадаю двух самых маладых мастакоў. Гінтарас Дзіджапятрыс працуе і з канцэптуальнымі аб’ектамі, і са знакавымі канцэптуальнымі сістэмамі, і з медыямі фільма. У яго творчасці па-філасофску асэнсоўваюцца пытанні: што сёння з’яўляецца мастацтвам, што робіць які-небудзь аб’ект творам мастацтва? Вядомае прозвішча ці тое, што за ім стаіць прэстыжная інстытуцыя? Колькасць паказаў на розных выставах або рэпрадукцый у часопісах?

Эгле Будвіцітэ, якая цяпер жыве за мяжой, больш за ўсё працуе з фільмам. Яна асэнсоўвае праблемы, блізкія тым, што былі цікавыя мастакам 1990-х, але падыход да іх стаў крыху іншы. У яе працах дакументальнае пераплятаецца з фіктыўным, яна смела змешвае тое, што было ёю ўбачана, так бы мовіць, звонку, і тое, што інсцэніравана па яе ж задуме.

Сутыкненне рэальнага і фіктыўнага ў мастацтве, крытычнае асэнсаванне магчымасцей таго ці іншага падыходу характэрны і для ўсяго пакалення самых маладых літоўскіх творцаў.

Аўтар: Алеся БЕЛЯВЕЦ
рэдактар аддзела выяўленчага мастацтва