Эгле Габрэнайтэ

№ 11 (368) 01.11.2013 - 01.01.2005 г

У садзе тэатральнай магіі
Эгле Габрэнайтэ — сярод самых адметных літоўскіх драматычных актрыс. Яе творчаму лёсу можна пазайздросціць. Іграла лепшыя ролі сусветнага рэпертуару, працавала з вялікімі рэжысёрамі і акцёрамі, шмат здымалася ў кіно. Захоўвае фенаменальную маладосць духу і валодае рэдкай на сённяшні дзень уласцівасцю: яе глыбокія і тонкія развагі пра тэатр хочацца слухаць зноў і зноў. У гэтым давялося пераканацца падчас Міжнароднага тэатральнага фестывалю «Vasara», дзе актрыса працавала ў журы.

Доўгі прафесійны шлях, які вам давялося прайсці, пралягаў праз розныя тэатры. Бадай, паўсюдна вам спадарожнічаў поспех. Ды толькі які тэатр або што ў тэатры вылучаеце як найбольш каштоўнае для сябе?

— У розных калектывах было цікава... сыграць. Але не заўсёды тое, што мы рабілі, было прасякнутае адзіным дыханнем. Таму, безумоўна, я вылучаю Малы тэатр. У ім усё было замешана на неверагоднай любові, якая доўжылася каля дзесяці гадоў. Выходзілі на сцэну і нават паветра ўдыхалі і выдыхалі ўсе разам. Канешне, гэтак вельмі рэдка ў тэатры бывае, таму я шчаслівая, што такое адбылося ў маім жыцці. Разам з намі быў Рымас Тумінас ды ягоныя вучні.

Спярша ён ставіў спектаклі ў Літоўскім нацыянальным драматычным тэатры, потым яго ўзначаліў. Але ў спектаклях Тумінаса я не была занятая, мы нават не віталіся пры сустрэчах. Ён казаў: «Не люблю зорак, не люблю. У нас тут усе аднолькавыя, і не будзе ніякіх зорак». Я таксама не была ў захапленні ад таго, што ён ставіў, пакуль Рымас не пачаў свой тэатр будаваць. Калі ён запрасіў мяне ў Малы тэатр, здзівілася — чаму? Але мне вельмі спадабалася, што ён мне нічога не абяцаў. Баюся рэжысёраў, якія шмат абяцаюць. І я фактычна пусцілася ў аванцюру. Нават Рэгімантас Адамайціс мне казаў: «Куды ты наважылася ісці з нацыянальнага? Тут маеш такія ролі! Вось сыдзеш — і ў цябе дома не будзе». У Рымаса насамрэч не было дома. Былі некаторыя акцёры, якія пайшлі за ім з акадэмічнага, і ягоныя вучні.

Наколькі ведаю, рызыка хутка апраўдалася?

— Так. Першым спектаклем быў «Вішнёвы сад», з ім мы аб’ездзілі ўвесь свет. А потым з’явіліся наступныя спектаклі, адзін лепш за другі — «Галілей», «Рэвізор», «Тры сястры», «Маскарад»...

Як працавалі над «Вішнёвым садам»? Што запомнілася?

— Ведаеце, чамусьці не любіла гэтую п’есу. Пыталася: «Рымас, а што мне іграць? Я не ведаю, што!» Ён адказваў: «Эгле, адчапіся. Я сам не ведаю. Рабі, што хочаш. Не разумею вашых жаночых штучак. Не ведаю, як іграць жанчын». Потым, перад паездкай з «Вішнёвым садам» на «Балтыйскі дом», запрасіў разам у запісе паглядзець спектакль Стрэлера. Кажу: «Калі ўбачу, што там вельмі добра, баюся, у дэпрэсію ўпаду, не сыграю ўвогуле». Паглядзела хвілін дзесяць, а ў Стрэлера сцэна — белая-белая. Тады кажу: «Рымас, у нас будзе лепш. У нас чорны спектакль, аніводнай белай кветачкі». Рымас нам тлумачыў: «Саду ўжо няма. Сад тут — у душы. Прахадны пакой — вось і ўся дэкарацыя». Неяк падчас рэпетыцый Рымасу пазванілі: «Разбураюць стары дом пад Вільнюсам, дзе некалі жыў таленавіты мастак. У гэтым доме вялікая танцавальная зала, а там падлога. Можа быць, вам дошкі патрэбныя?» А нам сапраўды была патрэбна падлога для «Вішнёвага саду», і мы паехалі паглядзець. Нам сказалі: «Дадзім вам дошкі, выпіце з намі гарэлкі». Мы з Рымасам пілі гарэлку і атрымалі гэтыя дошкі. Нават уявіць было страшна, колькі яны бачылі ўсяго, мабыць, ад пачатку ХVIII стагоддзя. Ступілі на гэтыя дошкі — і спектакль пайшоў. Містыка такая. Коды нейкія. І цяпер разбудзі ўначы — у спектакль уключуся. Гэта і ёсць цуд. А цудаў шмат не бывае.

На якіх спектаклях цуды здараліся?

— Мне здаецца, у той час — на ўсіх. Напрыклад, «Галілей». Там многае супала. Літва, 1994 год, новыя гістарычныя рэаліі. На прагляд прыйшлі ўсе тэатральныя крытыкі. Потым было абмеркаванне. Рымас кажа: «Давай сядзем разам, неяк утульней, а то я адзін». Сядаем — і раптам усе крытыкі пачынаюць гаварыць нам прыгожыя словы. Маўляў, Брэхт увасоблены па-новаму. Ды я ніколі не забуду белы твар Тумінаса. Ён глядзіць на мяне і зазначае: «Мы зноў падманулі». Пытаюся: «Чаму так?» А ён: «Заўсёды баюся, што надыдзе час, калі мяне спытаюць: “Чаму ты хлусіш?”» У мяне такое адчуванне таксама ёсць. Калі іграю — маню, у добрым сэнсе, канешне. А раптам нехта мяне выкрые: «Ах ты, ашуканка».

Чым для вас з’яўляецца тэатр — у шырокім сэнсе?

— О, толькі не жыццём. Я ніколі не хацела быць актрысай. Гэта лёс такі. Дарэчы, у мяне шмат вельмі таленавітых студэнтаў, якія больш нічога не робяць. І даволі пасрэдных вучняў, якія многа іграюць. Такая латарэя. На факт, што ты актрыса, нельга глядзець надта сур’ёзна. А ў маладосці ты, канешне, глядзіш. З мяне нават пасміхаліся, казалі: «Вось прыйшла наша трагедыя». Зрэшты, у мяне ніколі не было адчування, што без тэатра памру. А цяпер гэта проста жыццё, прафесія. І я разумею, што ў ёй мне яшчэ многае трэба спасцігнуць.

Вось учора перад спектаклем на сцэну выйшаў Рэгімантас Адамайціс. Сафіты свяцілі яму ў вочы. А ён стаяў, пастарэлы, сівы, з усімі сваімі трагедыямі на твары — і з прыгожымі момантамі жыцця таксама. І я зразумела, што яму нічога іграць не трэба, усё ў яго ёсць. Нават слоў не трэба. Проста выйшаў чалавек, а за ім, як шлейф, усё ягонае жыццё. Гэта такое хараство, але, канешне, не кожнаму дадзенае.

Я па сённяшні дзень пытаюся ў сябе: ці трэба мне гэта было? І па сённяшні дзень не ведаю. Шкада асабістага жыцця, якім я вельмі мала жыла. З дваццаці гадоў у тэатры, і дзякаваць Богу, што ён мяне палюбіў. У 25 сыграла Антыгону, потым быў спектакль з Адамайцісам «Сам-насам з усімі». Потым — серыя Тумінаса. Цяпер Васа. Ролі і мае гераіні змяняліся, але мне з цягам часу не давялося шкадаваць, што я ўжо не такая маладая. Вясна, лета, зіма — усё склалася нармальна.

Якую ролю вам яшчэ хочацца сыграць?

— Разумею, што немагчыма, але хочацца сыграць цішыню.

???

— Так, цішыню. Цяпер усе некуды бягуць, мітусяцца, бывае, выбар цяжка зрабіць. Шмат грошай хочацца, мастацтва хочацца. І чамусьці ўсе баяцца цішыні. Калі чалавек застаецца сам-насам з сабою, ён не ведае, што рабіць. І на сцэне акцёры паўз баяцца, цішыні баяцца, не памятаюць, што галоўнае — быць асобай.

Так, дзеля таго, каб займацца мастацтвам. А якое месца, на ваш погляд, належыць рамяству?

— О, як я баюся гэтага слова! Не думаю, што там, дзе ёсць мастацтва, прысутнічае рамяство. Проста акцёр — гэта такі сасуд, які абавязкова чыстым трэба захоўваць. Не заўсёды атрымліваецца, канешне. Самае горшае, што бачыла ў тэатры: сыграла Джульету, а далей — нічога. Вялікі скачок, а потым дэпрэсія. А бывае, акцёр вырастае пакрысе. Як у прыродзе: спачатку з’яўляюцца падснежнікі, потым нарцысы, цюльпаны, хрызантэмы і, нарэшце, зімнія кветкі. Вось гэта магія. І потым, я заўсёды кажу сваім студэнткам: вельмі хочацца, каб ты ляжала ў басейне, а за ім быў акіян, каб побач бегалі твае кучаравыя дзеці, прыгожы мужчына падаваў табе кактэйль, а за сцяной цябе чакалі Брук і Стрэлер з п’есамі. Ды толькі чагосьці не будзе. Гэта маладому чалавеку вельмі цяжка зразумець. Маладыя хочуць усё і адразу. Але гэта дорага каштуе — здымацца ў трэцясортным серыяле і казаць сабе, што трэба навучыцца рамяству. Не набудзеш у серыялах рамяства. І прафесія ў нас манаская. Сям’я, машыны, дачы — усё гэта цудоўна. Толькі чагосьці не будзе. Чым раней зразумееш, што трэба выбіраць, тым лепш. Асцярожна з сабой, пакуль ты не геній. Сябе трэба трымаць у абцугах, інакш нічога не атрымаецца. Ды толькі гэта чалавек мусіць сам зразумець.

Тое, што яднае самых розных персанажаў, многія акцёры акрэсліваюць як уласную тэму. Пра што найчасцей распавядаеце гледачам — пра каханне, самоту, радасць, адзіноцтва?

— Адзіноцтва, канешне, пра адзіноцтва. Я вельмі рана зразумела, што чалавек у прынцыпе адзін. І гэта, бадай, самае галоўнае для мяне. Але ж яшчэ і цяпер навучаюся — быць адной. Ёсць дзеці, няма дзяцей, муж, сябры, знаёмыя — усё гэта блеф. Або ты знойдзеш спосаб размаўляць з сабой, або не. Увесь Чэхаў, увесь Гогаль, Дастаеўскі — пра адзіноцтва. І таму я штодня выходжу на сцэну, як на бой. Урэшце, або цябе глядач з’есць, або ты яго возьмеш. Ды толькі кожны дзень ты ідзеш у бой.